10.05.2022
10.05.2022

Прыгоды на цукерачнай планеце (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Аднойчы я сабраўся ў космас. Сеў ля вакна, паставіў побач талерку — а раптам яна лятаючая? — і стаў глядзець на зорнае неба.        

Талерка сапраўды паляцела! Рынулася да зор так імкліва, што я ледзь паспеў на яе ўскочыць. Імгненне – і мой касмічны апарат апусціўся на невядомую планету.

Тут жа мяне абкружылі іншапланецяне.

— Вітаем цябе, незнаёмец! Адкуль ты?

— З Зямлі!

— Там існуе жыццё? – здзівіліся яны. – Значыць, прафесар Мармелад казаў праўду? Мы не адзіныя ў Сусвеце? А яго асудзілі і збіраюцца пакараць! Хутчэй бяжым да замка!

Прыгоды на цукерачнай планеце 1

Пакуль мы беглі, іншапланецяне расказалі, што трапіў я на Цукерачную планету. Яна была з зефіру, рэкі і азёры – поўныя салодкім сіропам, дажджы тут ішлі ліманадныя, дрэвы былі з пасцілы, а жыхары планеты — карамельныя, ледзянцовыя і мармеладныя. Усе жылі дружна, пакуль уладу не захапіў род Чорнага Шакаладу.

Гэтыя лічылі сябе найлепшымі! Правіцель планеты, Батончык Горкі Першы, даў загад расправіцца з усімі не шакаладнымі жыхарамі! Прафесара Мармелада пастанавілі знішчыць першым – мала таго, што ў ім ні граму шакаладу не было, дык ён яшчэ і разумнічаў! Сумны прафесар стаяў ля вогнішча перад замкам – яго вось-вось кінуць у агонь...

Прафесар Шакалад

— Іменем закона караецца прафесар Мармелад за тое, што падманваў пра жыццё на іншых планетах!.. – абвяшчала прыгавор суддзя — Малочная Шакаладка. Але я не даў ёй скончыць:

— Вы памыляецеся! – крыкнуў я гучна. – Я прыляцеў з Зямлі! Значыць, прафесар Мармелад кажа праўду!

Як перапалохаліся ўсе Шакаладкі – з некаторых ажно арэшкі пасыпаліся! Раз-раз-раз! – склаліся яны ў штабялі, са злосных заваёўнікаў імгненна ператварыўшыся ў звычайныя ласункі.

Цукерачная планета

 

Жыхары планеты радваліся нечаканай перамозе, дзяквалі мне за вызваленне і прапаноўвалі стаць іх правіцелем. Але ж дома мяне чакалі мама з татам, баба з дзедам, сястрычка і кот. Я не мог застацца.

Тады мне нагрузілі поўную талерку цукерак і выправілі дадому. Каб салодкае не выклікала алергіі, прафесар Мармелад навучыў мяне чароўнаму закляццю:

«Алергія, чу-чу-чу!

Цябе ведаць не хачу!»

Цукерачная планета 3

Яшчэ прафесар паабяцаў асабіста наведацца на Зямлю, як толькі ў нас складуцца спрыяльныя ўмовы – пойдуць ліманадныя дажды, альбо зямля пакрыецца зефірам.

Таксама чытайце казкі аўтара:
Ганарысты Каромысел
Мяне завуць Лахнэска
Музыка крыштальнага саду (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"