28.08.2020
28.08.2020

«Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае». А заўтра – Трэці Спас!

logo
Беларускі код
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заканчваючы апошні месяц гэтага лета, вельмі-вельмі няпростага і трывожнага, да нас прыходзяць адразу некалькі народных святаў. Працягваючы традыцыі сваіх продкаў, сёння мы сустракаем Першую Прачыстую, а заўтра – Хлебны (Арэхавы) Спас.

Прачыстая. Трэці Спас. Хлебны.

Традыцыйна яднаючы народнае і царкоўнае, Першая Прачыстая (Вялікая Прачыстая, Успенне, Багародзіца, Гаспажа, Зялёная, Зельная) нагадвае нам пра ўшанаванне Боскай Маці, Царыцы Нябеснай, якую ў гэты дзень напаткаў вечны сон, а таксама пра тое, што летні сезон збору ўраджаю завяршаецца. І добра было б за гэта падзякаваць і людзям, і вышэйшым сілам – усім, хто паспрыяў вырошчванню неабходнага.

Вернікі 28 жніўня, на Прачыстую, звычайна асвячаюць у храме збожжа новага ўраджаю (змолатае альбо ў каласах), лекавыя расліны, садавіну, агародніну ды іншае. Прынята таксама ў гэты дзень пячы хлеб ці каравай з новага ўраджаю зерня. У некаторых мясцовасцях так рабілі напярэдадні, каб асвяціць хлеб у царкве, а дома ім разгавецца.

А што ж кажа нам народная мудрасць пра гэтае свята? Што павінен быў паспець зрабіць селянін даўней і да чаго варта прыслухацца зараз?  «Да Пятра ўзараць, да Іллі – паскародзіць, да Спаса – пасеяць», «Да Прачыстай пахаць – яшчэ капну нажаць», «Свята Прачыста – поле ўрачыста», «Гаспажа – хлеба дзяжа», «Прачыста жыта сеіць, пчолак ладзіць, кадкі мёдам наліваець».

Прачыстая. Першая Прачыстая. Адкатка мёду.

З апошняга бачна, што яшчэ 28 жніўня пчаляры ды бортнікі маглі адкатваць мёд з вулляў ды борцяў. І гэта не было запознена. А мне чамусьці падавалася, што ў дваццатых чыслах позна... Але гэтым разам мы яшчэ толькі нядаўна займелі рамку з сотамі і мёдам. Царскі пачастунак! J

Вы любіце мёд у сотах? Вельмі раю! Калі можна спажываць і няма алергіі… Нават з каваю цяпер!

Незамужнім дзяўчатам у гэты дзень здаўна казалі: «На Прачыстую не нагледзеш – зіму дзеўкай і праседзеш». Так што, дзяўчаты, звяртайце ўвагу на кавалераў побач. Ну, ці, робячы папраўку на наш дзівосны час, – у сацсетках ды месэнджарах. 🙂

На заканчэнне гэтага святочнага дня нашыя продкі часцяком наладжвалі своеасаблівае свята свечкі. Яе неслі з хаты ў хату і ў кожнай запальвалі свой агонь. Не ведаю, па якіх прыкметах абіралі таго, хто хадзіў са свечкай, але яму было дык і вельмі добра: у кожнай хаце чакаў падарунак і пачастунак! 🙂

Трэцяя Прачыстая. Свята свечкі.

Ну, і калі яшчэ засталіся пытанні, чаму Прачыстая – першая, і колькі іх яшчэ... Як і святаў Спасу – тры. Другая Прачыстая – 21 верасня, калі святкуецца Раство Прасвятой Багародзіцы, а трэцяя – 14 кастрычніка, на Пакроў (Пакроў Прасвятой Багародзіцы).

А мы рыхтуемся да дня заўтрашняга, калі да нас прыходзіць Трэці Спас – Арэхавы, Хлебны, Палатняны.

У некаторых мясцовасцях менавіта ў гэты дзень, а не ў папярэдні, пяклі хлеб альбо каравай з новага ўраджаю, якім абавязкова частавалі і жабракоў. Шмат народнай мудрасці прысвечана менавіта хлебу: «Трэці Спас хлеба прыпас», «Добра, калі Спас на палатне – хлебушак на гумне», «Першы Спас – на вадзе стаіць; Другі Спас – яблыкі свецяць; Трэці Спас – імянінны сноп сустракае», «Добры трэці Спас – узімку будзе квас».

А што тычыцца арэхаў, дык добры ўраджай іх, лясных, ляшчынных, прадказваў добры ўраджай жыта на наступны год. Нашыя продкі стараліся назбіраць арэхаў на Арэхавы Спас, каб таксама асвяціць іх 29 жніўня ў царкве.

Трэці Спас. Хлебны Спас. Арэхавы Спас. Збор лясных арэхаў.

Дарэчы, фундук – сапраўды мой любімы від арэхаў. А які ваш?! 🙂

Для незамужніх дзяўчатаў таксама ёсць на сёння цікавостка! І тычыцца яна менавіта збору арэхаў. Калі першым патрапіцца спарыш (здвоены), і абодва арэшкі будуць поўнымі, значыць, дзяўчына будзе ў пары, каханне будзе моцным, а сям’я – трывалай.

І, уласна кажучы, гэтымі важнымі народна-царкоўнымі святамі ў нас і заканчваецца месяц жнівень. Апошні месяц гэтага лета. Вам верыцца?! Мне – не…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама