Псіхічныя расстройствы ў дзяцей заўсёды выклікаюць мноства пытанняў.
Напрыклад, як зразумець, што «асаблівыя» паводзіны дзіцяці не варыянт нормы, а адхіленне? Ці можа рэгулярная адмова ад ежы ў падлетка казаць пра парушэнні псіхікі? Чаму дзіця наўмысна наносіць сабе пашкоджанні? Да каго звяртацца па дапамогу ў першую чаргу: да псіхолага, псіхатэрапеўта альбо псіхіятра? У чым розніца паміж псіхолагам і псіхіятрам? Якія сацыяльныя наступствы цягне дыспансерны ўлік ў псіхіятра? Калі ў дзіцяці ёсць псіхічнае расстройства, дык гэта абавязкова «ад бацькоў» і назаўсёды?
На самыя частыя пытанні, звязаныя з псіхічнымі расстройствамі ў дзяцей, адказала псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера г.Мінска Вольга Маковіч-Праферэнка.
Псіхічнае расстройства і сацыяльныя наступствы
Чым адрозніваюцца псіхіятр, псіхатэрапеўт, псіхолаг?
Псіхіятр – урач, які лечыць таблеткамі. Гэта спецыяліст, які скончыў менавіта медыцынскую вышэйшую навучальную ўстанову. Ён выкарыстоўвае ў сваёй практыцы медыцынскія лекавыя прэпараты.
Псіхатэрапеўт таксама ўрач з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. Ён можа лячыць гутаркай, але пры неабходнасці прызначыць і лекавыя прэпараты.
Псіхолаг урачом не з'яўляецца. Як правіла, такіх спецыялістаў рыхтуюць у ВНУ педагагічнага профілю. «Лечыць» выключна гутаркай.
Пры звароце да псіхіятра дзіця аўтаматычна трапляе на ўлік?
У маёй практыцы нярэдкія выпадкі, калі бацькі прыходзяць з пэўнымі асцярогамі з нагоды псіхічных парушэнняў у дзіцяці. Але пасля праведзенай дыягностыкі аказваецца, што дзіця здаровае. Гэта значыць, не кожны зварот да псіхіятра альбо псіхатэрапеўта цягне за сабой завядзенне карткі, пастаноўку дыягназу і дыспансернае назіранне. Шмат выпадкаў, калі дзіця псіхічна здаровае, нягледзячы на дзіўныя, як лічаць навакольныя, паводзіны.
Калі дзіцяці выстаўлены псіхіятрычны дыягназ, гэта назаўсёды?
Псіхіятрычныя захворванні ў дзяцей вельмі розныя па сваёй структуры. Сапраўды, ёсць такія, якія маюць зацяжны хранічны характар (пажыццёвы, можна і так сказаць). З імі дзіця трапляе пад назіранне спачатку дзіцячага псіхіятра (на працягу ўсяго дзіцячага ўзросту), а потым ужо і дарослага. Але працэнт такіх захворванняў невялікі – прыкладна 3% у агульнай папуляцыі.
Пераважную большасць псіхічных расстройстваў у дзяцей і падлеткаў можна паспяхова карэктаваць. Асабліва, калі своечасова звярнуцца да спецыяліста па дапамогу. Як у выпадку любога захворвання, саматычнага альбо псіхічнага, чым раней вы трапілі на прыём, тым хутчэй атрымаеце дапамогу, тым большая верагоднасць таго, што расстройства будзе хутка і паспяхова скарэктаванае, не пяройдзе ў хранічную стадыю і не будзе мець ніякіх сацыяльных наступстваў у будучым.
Дзіця з расстройствам псіхікі і школа
Калі дзіця знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра, ці паведамляюць пра гэта ў школу?
Інфармацыя, якую збірае ўрач у працэсе назірання дзіцяці, з'яўляецца закрытай. У дзіцячую паліклініку па месцы жыхарства дзіцяці і ўстанову адукацыі (сад, школу) гэтая інфармацыя не паступае. Паведамляецца яна толькі ў аддзелы ўнутраных спраў (міліцыю, пракуратуру) па афіцыйным запыце.
Выключэнне складаюць выпадкі, калі ў поле зроку псіхіятра трапляюць дзеці з самапашкоджаннямі. Гэта класіфікуецца як парасуіцыд – спроба суіцыду. У такім выпадку мы можам перадаць гэтыя звесткі ў школу і ў дзіцячую паліклініку, каб забяспечыць дзіцяці павышаную ўвагу і прадухіліць паўтарэнне парасуіцыду. Але робіцца гэта толькі са згоды бацькоў. Калі бацькі супраць, звесткі застаюцца схаванымі. Пра тое, што здарылася, ведаюць толькі само дзіця, яго бацькі і ўрач, які лечыць.
Ці можа дзіця з псіхічным захворваннем наведваць агульнаадукацыйную школу? Што рабіць, калі з-за расстройства паводзінаў вучня настаўнік не ў стане арганізаваць навучальны працэс і забяспечыць бяспеку астатніх дзяцей?
Як правіла, дзеці з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі (а мы ўжо казалі, што іх усяго 3% з агульнай папуляцыі) вучацца дома, калі асаблівасці цячэння хваробы ўяўляюць пэўную пагрозу для аднакласнікаў ці педагогаў. Але трэба разумець, што дзеці без якога б там ні было псіхічнага расстройства таксама могуць наносіць шкоду і сабе, і навакольным – у сілу характару, тэмпераменту ці з прычыны імгненных псіхатраўмуючых фактараў.
А вось расстройствы паводзінаў у дашкольнікаў і школьнікаў не рэдкасць. Яны бываюць як у рамках сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (пачынаючы з дзіцячага садка да падлеткавага ўзросту), так і парушэнні канкрэтна паводзінаў у дзяцей і падлеткаў. Але гэта не падстава ізаляваць іх ад грамадства і пераводзіць на хатняе навучанне.
Калі ў дзіцяці СДУГ, дык яно няўрымслівае, няўважлівае ўсюды і заўсёды: дома, у садзе, школе... Але часам бывае так, што дома дзіця спакойнае, а ў школе яго быццам падмяняюць: яно нікога не слухае, зрывае ўрокі, грубіяніць... СДУГ і іншыя расстройствы паводзінаў – гэта і ёсць падстава прыйсці да псіхатэрапеўта, разабрацца, чым выкліканыя гэтыя парушэнні, і атрымаць дапамогу ў іх карэкцыі.
Праблемы з псіхічным здароўем і сям'я
Ці перадаюцца псіхічныя расстройствы ў спадчыну?
Тут да кожнай назалогіі трэба падыходзіць асобна. Што тычыцца шызафрэніі, біпалярнага афектыўнага расстройства, сапраўды, пэўную ролю адыгрывае генетыка, атрыманне ў спадчыну хваробы. А такія станы, як дэпрэсія, трывожнае расстройства, расстройствы паводзінаў і многія іншыя генетычнай спадчыны часцей за ўсё не маюць. У значнай ступені адыгрывае ролю характар і метад выхавання дзіцяці, атмасфера, у якой ён расце і жыве.
Ці можа бабуля адвесці ўнука на прыём да псіхіятра без ведама бацькоў?
З дзіцем на прыём да псіхіятра альбо псіхатэрапеўта прыходзяць законныя прадстаўнікі – мама ці тата. Можна разам, можна паасобку. Калі вы даручаеце гэтую справу бабулі, трэба аформіць на яе натарыяльна завераную даверанасць, што яна прадстаўляе інтарэсы вашага сына ці дачкі. Паколькі бабуля хаця і родны ды блізкі чалавек для вашай сям'і, яна не з'яўляецца законным прадстаўніком дзіцяці. Таму ў бабулі не атрымаецца асабіста, без вашага ведама і згоды, адвесці на прыём да псіхіятра ўнука, калі яна палічыла, што ў яго праблемы.
Прыкметы псіхічнага расстройства ў падлеткаў
Падлетак адмаўляецца ад ежы. Як зразумець бацькам, што гэта прыкмета псіхічнага расстройства?
Расстройствы харчовых паводзінаў у падлеткаў (адмова ад ежы ці, наадварот, пераяданне) досыць шырока распаўсюджаныя ў нашай папуляцыі. Звязана гэта, у асноўным, з трэндам на худзізну, навязваннем сацсеткамі «худых» ідэалаў прыгажосці. Таму ўжо з 12-13 гадоў дзяўчынкі, у асноўным, пачынаюць абмяжоўваць сябе ў ежы.
Калі ваш падлетак з дня ў дзень адмаўляецца есці ў коле сям'і, чаго раней не было, – гэта падстава насцярожыцца. У буднія дні адсачыць гэта складана: бацькі, як правіла, працуюць з раніцы да вечара. Ежа на дзень пакідаецца ў халадзільніку ў разліку, што дзеці самі паядуць. Але падлеткі ідуць на ўсялякія хітрыкі. Напрыклад, каб не выклікаць падазрэнні ў бацькоў, падлетак можа проста выкінуць сваю порцыю, а сказаць, што з'еў. Таму асаблівая ўвага – на выхадныя дні і час сямейнай вячэры.
Пазбяганне сумеснага прыёму ежы, рэгулярныя, частыя адмовы ад ежы без аб'ектыўных прычынаў, паход у прыбіральню адразу пасля ежы – усё гэта можа паказваць на расстройствы харчовых паводзінаў. Звяртайце увагу таксама на знешні выгляд і самаадчуванне падлетка. Сімптомы расстройства харчовых паводзінаў характарызуюцца зніжэннем вагі, частымі перападамі настрою (часцей ён дрэнны), раздражняльнасцю, хуткай стамляльнасцю і г.д.
Самапашкоджанні ў падлеткаў. Навошта яны гэта робяць і як пазбегнуць падобных паводзінаў?
Падлеткі (ды і дзеці малодшага ўзросту) могуць наносіць самапашкоджанні для зняцця ўнутранага эмацыянальнага напружання. Часам імі рухае жаданне здзейсніць суіцыд, але банальна не хапае фізічнай сілы зрабіць глыбокі парэз. Чаму гэта павінна насцярожваць? Такі спосаб зняцця напружання не з'яўляецца фізіялагічным. Калі падлетак парушае цэласнасць скурнага покрыва (рэжа, драпае, кусае да крыві), прычыняе сабе боль, дык у цэлым у папуляцыі рызыка здзяйснення ў будучым суіцыду ў яго вышэйшая.
Самапашкоджанні, як правіла, бачныя. Самае папулярнае месца – тыльная частка перадплечча. Часам дзеці рэжуць сябе ў вобласці галёнкі, сцёгнаў.
Зараз у праграму дыспансерызацыі ўваходзіць візіт да псіхіятра: для хлопчыкаў – у 14 гадоў, для дзяўчынак – у 15. Падчас прыёму ўрач, у тым ліку, просіць іх паказаць перадплеччы. Але калі дзіця рэжа сябе ў вобласці сцёгнаў, урач гэтага не ўбачыць. Таму многае залежыць ад насцярожанасці бацькоў.
Якія прыкметы паказваюць на самапашкоджвальныя паводзіны ў падлетка? Ён ходзіць пастаянна захутаны, хавае рукі, нават у спякоту ў яго кашуля з доўгім рукавом, ён з любой нагоды пазбягае сітуацый, у якіх бацькі маглі б убачыць яго рукі ці ногі. Часам падлеткі дэманструюць самапашкоджанні, бы кажучы бацькам: паглядзіце, што я з сабой раблю, вы ў гэтым вінаватыя.
Такая дэманстрацыя – сама па сабе крык аб дапамозе, які ігнараваць нельга. Неабходная праца з псіхіятрам, псіхатэрапеўтам або псіхолагам (часам з некалькімі спецыялістамі адразу). Але гэта дапаможа вярнуць падлетку душэўную раўнавагу і, магчыма, выратаваць жыццё.
І хацелася б звярнуцца да бацькоў: надавайце ўвагу свайму дзіцяці. Хаця б 15 хвілін у дзень, але стабільна, рэгулярна і не адцягваючы тую ўвагу на іншыя рэчы. Тады яно само будзе адчуваць патрэбу не рэзаць рукі, а прыйсці да вас і падзяліцца набалелым. Гэта лепшая прафілактыка самапашкоджанняў.
Псіхічнае здароўе дзяцей і падлеткаў. Фактары рызыкі, сімптомы, формы дапамогі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by