31.08.2022
31.08.2022

Раман Заслонаў: «Жаночыя вобразы — мая візітная картка»

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларускага мастака Рамана Заслонава ведаюць ва ўсім свеце, яго карціны знаходзяцца ў прыватных і музейных калекцыях практычна на ўсіх кантынэнтах планеты. У Беларусі да яго ставяцца з павагай за любоў да радзімы, якую, дарэчы, мастак ніколі не хавае, і вельмі любяць творы — яркія, рамантычныя, якія захоўваюць у сабе асобны свет чалавечых мар і жаданняў.

Аўтар працуе ў самых розных напрамках творчасці і ўсё часцей здзіўляе аматараў мастацтва смелымі ідэямі. Раман Заслонаў расказаў нашаму карэспандэнту, як адносіцца да крытыкі і чаму не жадае рэгістравацца ў сацыальных сетках, а таксама падзяліўся асаблівасцямі жыцця на дзве краіны.

Раман Заслонаў

— Нядаўна  гартала ленту інстаграма і затрымала позірк на меркаванні сваёй знаёмай, якая напісала, што ёй вельмі падабаюцца вашы карціны, аднак людзі старэйшага пакалення даволі часта іх крытыкуюць. Ці згодны вы з гэтым?

— Мне, безумоўна, прыемна, што маладому пакаленню падабаюцца мае работы. Але я не магу сказаць, што іх крытыкуюе менавіта старэйшае пакаленне.  Вядома, бываюць людзі, якім яны нецікавыя, бывае і наадварот, але нельга абагульняць.

Калі некалькі гадоў таму адкрывалася мая выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, я прачытаў кнігу водгукаў, з негатыўных было толькі некалькі, усе астатнія былі цёплыя, станоўчыя. Я лічу, што мастак у прынцыпе не можа падабацца ўсім. У мяне ёсць меркаванне наконт крытычных выказванняў.

Раней, калі людзям, штосьці не падабалася, яны пісалі сваё меркаванне на платах, цяпер жа людзі таксама пішуць, толькі ў сацыяльных сетках, ці ў кнізе водгукаў, але заўсёды  ананімна. А пасля спакойна вітаюцца з табой, як лепшыя сябры.  З гэтай пазіцыі я не зарэгістраваны ні ў воднай з сацыяльных сетак. Мне здаецца, што меркаванне трэба выказваць асабіста, гледзячы ў вочы свайму апаненту.

Вы прыйшлі да фігуратыўнага жывапісу ў дзевяностых гадах, і з таго часу ваш стыль стаў вельмі пазнавальны. На ваш погляд, дасягнуць індывідуальнага аўтарскага  стылю — гэта і ёсць поспех для творцы?

— На мой погляд, у мастацтве немагчыма існаваць без аўтарскага стылю. Мастака павінны пазнаваць, але пошукі стылю не з'яўляюцца, асабіста ў мяне, самамэтай. Галоўнае, каб мастаку было, што сказаць людзям або разабрацца самому з сабой, са сваімі ўнутранымі супярэчнасцямі і канфліктамі. Унікальны выпадак Пабла Пікаса, які ўсё жыццё знаходзіў розныя стылі і сам жа іх вынаходзіў. Гэта быў чалавек, у якім жыла творчасць, які сам сябе пастаянна перакройваў, і яго немагчыма было спыніць

Мне таксама было складана. Спачатку мастацкая школа — чатыры гады, пасля шэсць год Академіі мастацтва, а пасля яшчэ тры гады творчых майстэрняў Акадэміі мастацтваў СССР пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага, якія вельмі запомніліся атмасферай.

Як у вас асабіста складваліся адносіны з Міхаілам Савіцкім? Ёсць падазрэнні, што ваша падача творчасці, верагодна, была яму не блізкая?

— Чалавек ён быў складаны, але вялікі мастак, які ўвайшоў у гісторыю беларускага, савецкага і сусветнага мастацтва. Так, крытыка з яго боку была, але я ўсё роўна імкнуўся рабіць тое, што хацеў. Пасля навучання мы сустракаліся некалькі разоў у горадзе. Гэтыя сустрэчы я добра памятаю. Я і Міхаіл Андрэевіч у размове прыйшлі да высновы, што час змяніўся, і змяніліся таксама адносіны паміж мастакамі. Сустракаючыся праз многія гады, мы размаўлялі адзін з адным менавіта як мастакі. Ён свае заўвагі ў дачыненні да мастакоў майго пакалення праз прызму гадоў успрымаў таксама па-іншаму.

Карціны Рамана Заслонава

— Некалькі гадоў таму ў інтэрв'ю аднаму выданню вы сказалі, што пакуль займаецеся жывапісам, але можа калісьці прыйдзеце да інсталяцыі. У выніку прыйшлі, і на сённяшні дзень у вас шмат праектаў, звязаных з рознымі напрамкамі творчасці ...

Напэўна, можа здацца, што ў маёй творчасці адбываюцца рэзкія павароты. На самай справе ў мяне ніколі не было спантанных праектаў. Напрыклад, дыпломная праца мая — гэта серыя пейзажаў, прычым напісаных з натуры. Да гэтага часу адзін з пейзажаў знаходзіцца ў кабінеце ў рэктара Акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны. У той час у акадэміі было актуальна ствараць сюжэтныя карціны, я сабе шчыра прызнаўся, што ў кампазіцыі не моцны, а вось у пейзажы я нешта мог сказаць. Дарэчы, магчыма, я калі-небудзь зраблю выстаўку сваіх пейзажаў, пакажу тое, што даўно забылася.

Часта спрабую сябе ў канцэптуальных праектах. Той жа даўні праект «Стол», у якога тры аўтары — я, Віктар Лабковіч и Сяргей Талыбаў. Мне вельмі спадабалася працаваць з відэа-артам, аб’ядноўваць яго разам з інсталяцыяй.

— Паколькі больш дваццаці гадоў вы жывеце і выстаўляецеся ў двух краінах — у Беларусі і ў Францыі, у якой з краін вам усё ж такі камфортней?

Насамрэч, камфортна мне і тут, і там. Але пытанне ў тым, што пэўны перыяд жыцця большую частку я знаходзіўся ў Францыі, і ў мяне ніколі не было адчування, што я перамясціўся ў іншую прастору. Проста цэнтр інтарэсаў быў не ў Мінску, а ў іншай краіне. Але сутнасць чалавека памяняць немагчыма. Захоўваецца гістарычная памяць, якая аб'ядноўвае людзей. Я на практыцы гэта правяраў, калі ў іншай краіне сустракаеш чалавека нават не абавязкова з Беларусі, а з любой краіны былога Савецкага Саюза, дзякуючы таму, што мы ўспрымалі адны і тыя ж фільмы, кнігі, літаратуру, з гэтым чалавекам не трэба ніякіх падрыхтоўчых размоў, з ім можна размаўляць адразу пра многае, і ён цябе будзе разумець. Напрыклад, я не хадзіў у французскую школу ў дзяцінстве і не слухаў іх папулярныя музычныя хіты. Я выдатна ведаю французскую мову, добра на ёй размаўляю, але я не стаў сапраўдным французам ад гэтага.

Мне здаецца цяпер такі час, калі мастак не можа быць толькі мастаком ў межах сваёй краіны. Глабалізацыя ў мастацтве вельмі моцная. У канцы дзевяностых мне таксама было цікавей выстаўляцца ў Францыі, чым у нас. Бо стаўленне там да мастакоў было іншае. У сваёй краіне мы былі нікому не патрэбнымі маладымі аўтарамі, якія проста выжывалі, а там я мог выстаўляцца, да мяне ставіліся сур'ёзна, пра мяне пісалі французскія газеты.

Да Беларусі ў мяне асаблівае стаўленне. Я вельмі люблю сваю краіну. І заўсёды стаўлюся сур'ёзна да арганізацыі тут сваіх праектаў. Калі рабіў выстаўку некалькі гадоў таму, у мяне была вялікая цікавасць да рэакцыі гледача. І я не чакаў, што на яе прыйдзе такая вялікая колькасць людзей.

Карціны Рамана Заслонава

— У вашых работах часцяком прысутнічае жаночы вобраз. Ёсць адчуванне, што вы малюеце аднаго чалавека, трансфармуючы яго з карціны ў карціну

На самай справе — гэта не адзін вобраз. Рысы кожнай з намаляваных жанчын фарміраваліся на працягу доўгага часу. Рудавалосыя, русыя прыгажуні дапамагаюць мне адлюстраваць настрой. Жаночы вобраз — мая візітная картка. З дапамогай іх мне атрымоўваецца ствараць патрэбную атмасферу карціны. Цікава і характэрна тое, што мае творы выклікаюць у гледача не заўсёды адназначную і падобную рэакцыю. Глыбіня мастака і яго значнасць залежыць ад таго, ці выклікаюць яго работы адназначнае бачанне. Не хочацца ствараць плакаты, сэнс якіх проста счытваецца. Мне здаецца, сёння гэта нікому не цікава.

У мяне былі выпадкі, калі я пісаў карціну, і яна мне здавалася настолькі зразумелай і яснай, што я не мог у прынцыпе прадставіць нейкага іншага меркавання гледача, але людзі прымудраліся прачытаць і ўбачыць у іх абсалютна іншую тэму. Такія сітуацыі мяне заўсёды натхняюць, таму што гэта значыць, што ў работах ёсць не адно дно, яны шматузроўневыя. І ў гэтым мая задача як мастака.

Раман Заслонаў

— Ваш праект «Стол» прымаў удзел у 57-ай Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва, і прадстаўляў там нашу краіну. Раскажыце, як ён быў ацэнены міжнароднай мастацкай супольнасцю?

— Першая станоўчая адзнака нашага павільёна прагучала з вуснаў членаў прэстыжнага міжнароднага журы яшчэ да афіцыйнага адкрыцця біенале. У першыя ж дні працы біенале найстарэйшы італьянскі часопіс па мастацтве «Kyos» надрукаваў артыкул пра маю творчасць.

Дорага каштуюць словы пра глыбіню праекта такіх прызнаных ва ўсім свеце яркіх прадстаўнікоў сучаснага мастацтва як Yee Sookyung з Паўднёвай Карэі і Dawn Kasper з ЗША. Надоўга запомніліся  цёплыя размовы і абмеркаванне праекта з Ernesto Neto (Бразілія).

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.