22.08.2017
22.08.2017

Радзімыя плямы: бомба запаволенага дзеяння

logo
Хваробы ад А да Я
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Радзімым плямам прыпісваюць містычныя ўласцівасці, аналізуюць іх размяшчэнне на целе для таго, каб даведацца больш пра характар і лёс чалавека. Але для ўрача гэта, у першую чаргу, фактар рызыкі развіцця такога небяспечнага захворвання, як меланома.

Пра тое, што ж насамрэч уяўляюць сабой радзімыя плямы і чаго чакаць ад іх, мы і пагаворым у гэтым артыкуле.

Эксперт Слушна: урач-дэрматавенеролаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчык дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Генадзь Драгун.

Што такое радзімыя плямы і ў чым іх небяспека?

Што такое радзімыя плямы і ў чым іх небяспека?

Радзімыя плямы (радзімкі) ці невусы – гэта дабраякасныя ўтварэнні скуры, у тым ліку валасістай часткі галавы, далоняў і падэшваў.Існуе мноства разнавіднасцей невусаў, што ўзнікаюць з розных тканін, але сёння нас будуць цікавіць меланацытарныя ўтварэнні, якія звычайны чалавек успрымае часцей за ўсё як плямы ці вузельчыкі (ўзвышэнні над скурай) карычневага колеру розных адценняў, хоць гэта не заўсёды так.

У аснове ўзнікнення «радзімак» ляжаць заганы развіцця меланацытаў - клетак, што сінтэзуюць меланін, які абараняе арганізм чалавека ад залішняга ўльтрафіялетавага апрамянення.

Нас цікавіць два тыпы меланіну.

Фотатып чалавека – колер скуры, валасоў і радужнай абалонкі вока – залежыць ад таго, які з іх пераважае:

  • эўмеланін ўласцівы людзям з цёмнай скурай (тыповы прыклад – прадстаўнікі экватарыяльнай расы);
  • феамеланін пераважае ў людзей з першым і другім фотатыпам (рудыя ці светлыя валасы, блакітныя, шэрыя, зялёныя вочы, светлая скура з вялікай колькасцю вяснушак), г.зн. у большасці людзей еўрапеоіднай расы. Гэтая катэгорыя людзей схільная да сонечных апёкаў і ўваходзіць у групу рызыкі па меланоме скуры.

Вылучаюць прыроджаныя і набытыя меланацытарныя невусы:

  • прыроджаныя існуюць з нараджэння ці з'яўляюцца на працягу года пасля нараджэння;
  • набытыя ўзнікаюць у раннім дзіцячым узросце, дасягаючы максімальнай колькасці ў юнацтве.

Небяспека «радзімак» заключаецца ў рызыцы ўзнікнення меланомы. Лічыцца, што большасць меланацытарных невусаў – патэнцыйныя папярэднікі меланомы скуры.

Правілы паводзінаў на сонцы

девушка на солнце

Трэба адзначыць, што меланома можа ўзнікаць не толькі на фоне «радзімкі», але і на вонкава нязмененай скуры (de novo). Таму выконваць правілы знаходжання на сонцы трэба ўсім людзям незалежна ад тыпу скуры.

Асобам, схільным да сонечных апёкаў, незалежна ад колькасці радзімак, не рэкамендуецца не толькі загараць, але і наведваць салярый.

Дастаткова ў дзіцячым узросце два-тры разы атрымаць сонечныя апёкі (асабліва асобам з першым і другім фотатыпам скуры), каб увайсці ў групу рызыкі па меланоме.

Своечасовае і правільнае прымяненне «сонцаахоўных экранаў», мабыць, самы верны шлях да прафілактыкі злаякасных новаўтварэнняў скуры.

Перш за ўсё, неабходна правільна падабраць адзенне. І справа не ў колеры тканіны, а ў шчыльнасці яе валокнаў. Чым вышэй шчыльнасць валокнаў, тым менш трапляюць сонечныя прамяні. Ну і, вядома, правільны падбор і выкарыстанне фотаахоўных крэмаў.

У пагоні за прывабнай скурай многія наведваюць салярый і «згараюць» на пляжы, без думкі пра тое, што і сонечнае выпраменьванне, і штучныя прамяні дрэнна ўздзейнічаюць на валокны дэрмы. У выніку змяняецца тургор, парушаецца пругкасць і эластычнасць скуры, што прыводзіць да хуткага яе старэння.

Ці можна выдаляць невусы і якія метады сёння існуюць?

Ці можна выдаляць невусы і якія метады сёння існуюць?

Калі пацыент настойвае на выдаленні «радзімкі» па эстэтычных меркаваннях, так, ён мае на гэта права. Але кожную сітуацыю неабходна разглядаць індывідуальна.

Вось толькі ўявіце сабе, ці магчыма выдаліць усе невусы, калі іх колькасць налічваецца дзясяткамі? З вялікай упэўненасцю скажу, што ні ўрач-дэрматаанколаг, ні ўрач-хірург тэрытарыяльнай паліклінікі, ні ўрач-касметолаг не возьмецца за выдаленне вялікай колькасці невусаў, тым больш, калі яны не маюць атыповых прыкмет.

Іншая справа, калі сярод шматлікіх «нармальных радзімак» ёсць адна атыповая.

Пільную ўвагу трэба звярнуць на невусы, якія:

Пільную ўвагу трэба звярнуць на невусы, якія:

  • адрозніваюцца ад астатніх няправільнымі абрысамі;
  • характарызуюцца нераўнамерным ростам:
  • маюць нераўнамернае размеркаванне колеру;
  • кроватачаць, баляць, свярбяць.

Такі невус ў медыцынскім асяроддзі называюць «брыдкім качанём». І ў гэтым выпадку выдаленне гэтага меланацытарнага ўтварэння апраўдана. У выпадках, калі невусы размяшчаюцца ў зоне падвышанай траўматызацыі, пазбаўленне ад іх таксама апраўдана.

Метады лячэння залежаць ад лакалізацыі ўтварэння, глыбіні яго залягання, плошчы пашкоджання. Іх вызначае ўрач.

Ідэальным метадам сёння застаецца хірургічнае выдаленне, паколькі яно дазваляе знізіць рызыку рэцыдываў невусаў і, у першую чаргу, захаваць зрэзаны матэрыял для паўнавартаснага гісталагічнага даследавання. Бо кожная «радзімка» пасля выдалення, нават калі яна першапачаткова выглядае нармальнай, павінна прайсці гісталагічнае даследаванне!!!

Існуюць і іншыя метады лячэння (напрыклад, электракаагуляцыя, лазератэрапія і г.д.).

Памятайце, што толькі пасля кансультацыі з урачом можна штосьці рабіць ў дачыненні да радзімых плям. Не выдаляйце іх у касметычных кабінетах! Аперацыю такога кшталту павінен выконваць толькі кваліфікаваны ўрач-хірург. Беражыце невусы ад адкрытых пякучых прамянёў і траўматызацыі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Урач-дэрматавенеролаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчык дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера