У сярэдзіне чэрвеня звычайна святкуюць Міжнародны дзень пікніка. Занятак — не толькі прыемны, але і карысны. Свежае паветра, фізічныя нагрузкі і станоўчыя эмоцыі.
Ідэальны варыянт для такой падзеі — ціхае месца, дзе мала людзей, добрая дарога, а побач — вадаём. Марнаваць час на пошукі месца ў дзень арганізацыі пікніка, безумоўна, вельмі няўдалае рашэнне. Затое, як вам будзе ўдзячная ваша кампанія, калі вы патраціце час загадзя і знойдзеце ідэальную пляцоўку
Блогер Святлана Карніцкая прапануе свой ТОП-3 ідэальных пляцовак не толькі для смачнага, але і прыгожага пікніка.
Рака Іслач
Лакацыя побач з заапаркам «Коні-поні», Мінская вобласць, Валожынскі раён (недалёка ад Іслач-парка)
Каардынаты: 53.980424, 26.974513
Наведванне: бясплатна
Іслач — рака ў Беларусі, даўжынёй 102 км, працякае па тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай абласцей.
Маляўнічы від з ярам сярод хваёвых лясоў, дзе ёсць бясплатныя альтанкі для адпачынку, не пакіне вас абыякавым. Краявіды тут проста немагчыма апісаць словамі, побач рака, якая акружана прыродай.
Часта людзі выбіраюцца сюды з палаткамі. Можна апынуцца як у ніжняй частцы ракі, так і падняцца наверх, уладкаваць на час пікніка тэрыторыю для сябе.
Рака тут вельмі празрыстая, улетку ў некаторых месцах яна быццам ледзяная. Ёсць арэлі на якіх можна пакацца. Таксама на тэрыторыі можна ўбачыць стагі з саломай, дзе магчыма зрабіць цікавыя кадры. Многія любяць прыязджаць сюды з сям'ёй і жывёламі. Для сабак тут увогуле цэлае раздолле.
Сілічы (Лагойскі раён). «Сцежка здароўя»
Каардынаты: 54.157727, 27.838173
Наведванне экасцежкі: бясплатна.
Платна: рыбалка і арэнда альтанкі з мангаламі, катанне на вэйкбордзе.
Экасцежка знаходзіцца паралельна з гарналыжным схілам, пачынаецца каля медпункта. Спачатку вы спускаецеся па схіле па дарожцы і выходзіце да тэрыторыі, дзе знаходзіцца возера.
Там ёсць арэлі, альтанкі, зона для дзяцей, альтанкі з мангаламі, проста лаўкі каля возера, дзе і можна зладзіць сабе пікнік.
Ёсць невялікі пляж, дзе таксама можна пазагараць. Возера невялікае, але там знаходзіцца зона, дзе можна катацца на вадзе на вэйкбордзе.
Вяртаючыся назад давядзецца паднімацца ў гору па сцежцы. Гэта фізічная актыўнасць — тое, што і трэба, пасля смачнага адпачынку.
У гэтым месцы можна ўбачыць вельмі атмасферны ліставы лес з прыгожымі дрэвамі, раслінамі, пянькамі і бярвеннем.
Вяча — вадасховішча ў Мінскім раёне (19 км. ад Мінска)
Каардынаты: 54.065466, 27.585062
Наведванне: бясплатна
Тут на берагах расце хваёвы лес і хмызнякі. На возеры Вяча ёсць выдатны добраўпарадкаваны пляж, пакрыты газонам. Глыбіня вадаёма дасягае 8 метраў, таму ў мэтах бяспекі для тых, хто хоча пакупацца, у вадзе ўстаноўлены буйкі.
Ёсць некалькі зон для адпачынку і пікніка, тэрыторыя дататкова вялікая. Побач добраўпарадкаваная паркоўка.
Калі заехаць з боку ўказальніка «Вяча—пляж», патрапіце ў зоны для актыўных гульняў: тут ёсць пляцоўка для валейбола, мангалы і альтанкі для бясплатнага выкарыстання.
У другой зоне таксама ёсць альтанкі для адпачынку, доступ да вады, спартыўная пляцоўка, зона з турнікамі для і месцы для аматараў рыбнай лоўлі.
Чытайце таксама:
Водная скарбніца. Адметнасці рэк Беларусі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by