Лета — неверагодны час для падарожжаў, прыгод і смачнай ежы. Сезон ягад і агародніны дазваляе нам максімальна разнастаіць рацыён і зрабіць яго карысным.
Адным з самых эканамічных і смачных летніх прадуктаў можна назваць кабачок. Ён добра спалучаецца з іншымі інгрэдыентамі. Але ці ведалі вы, што з кабачка можна прыгатаваць, напрыклад, браўні ці піцу? Калі не, то блогерка з Бешанковіч Настасся Мясаедава (@family_miss) прапануе вам некалькі незвычайных, але вельмі смачных рэцэптаў.
Браўні з кабачкоў
Інгрэдыенты
- 350 гр кабачкоў у адціснутым нацёртым выглядзе
- 120 гр мукі (у аўтара рысавая)
- 2 яйкі
- 30 гр какавы
- 1 г л разрыхляльніка
- Цукар па гусце (не шкадуйце, таму што кабачок яго ў сябе возьме, будзе не вельмі салодка)
Для шакаладу:
- 100 мл малака
- 30 гр какавы
- 3 ст л цукру
Спосаб прыгатавання
Кабачок нацерці на тарцы, потым адціснуць. Дадаць у яго яйкі, муку, какава і разрыхляльнік. Усё добра здрабніць блэндэрам да аднастайнай масы. Калі блэндэра няма, то натрыце кабачок на самай дробнай тарцы, як на дранікі.
Выпякаць у разагрэтай да 180 С духоўцы 45 мін.
Гатоўнасць правярайце калыпком. На ім не павінна быць цеста.
У малако дадаць цукар і какава, варыць, увесь час памешваючы. Сумесь пачне закіпаць і гусцець на вачах! Шакалад атрымліваецца вельмі смачны.
Памятайце, што браўні — ён на тое і браўні, што ў яго вільготная тэкстура і насычаны шакаладны густ. Кабачок не адчуваецца ўвогуле! Вось паверце наслова, а яшчэ лепш — гатуйце самі! Прыемнага апетыту.
Кабачковыя палачкі ў сырнай паніроўцы
Інгрэдыенты
- Кабачок
- Сыр 50 гр
- Паніровачныя сухары 3 ст л
- 2 яйкі
- Соль
- Мука
Спосаб прыгатавання
Кабачкі пачысціць, нарэзаць брусочкамі даўжынёй 5-8 см і таўшчынёй 1,5-2 см, трохі пасаліць. Сыр нацерці на дробнай тарцы, дадаць паніровачныя сухары. У асобнай талерцы ўзбіць відэльцам 2 яйкі і соль.
Паслядоўнасць: кабачок акунуць у муку, у яйка, абсыпаць паніроўкай. Выкласці ў радок на пергамент на бляху, запякаць у духоўцы пры 180 С 25-30 хвілін. Як толькі зарумяніцца паніроўка — можна даставаць.
Кабачок усярэдзіне мяккі, а паніроўка зверху хрумсткая. Падаваць са смятанай ці іншымі соусамі.
Кабачковыя аладкі без смажання без алею ў духоўцы
Інгрэдыенты
- Кабачок 500 гр
- 2 яйкі
- 4 ст л мукі
- Соль, спецыі
Спосаб прыгатавання
Кабачок ачысціць, нацерці на буйной тарцы і адціснуць лішнюю ваду. Дадаць яйкі і муку! Змяшаць. Бляху заслаць паперай для выпечкі. Калі не ўпэўненыя ў ёй, то дадаткова змажце алеем, каб не прыліпла. Паступова размеркаваць тонкім пластом цеста. Выпякаць 20 хвілін у разагрэтай да 180 С духоўцы. Даць астыць, нарэзаць на квадрацікі.
Смачная часночная падліўка: дробна нарэжце кроп, зубчык часнаку прапусціце праз прэс, змяшайце ўсё са смятанай і пасаліце па гусце.
Кабачковыя аладкі на патэльні
Інгрэдыенты
- 1 малады кабачок
- 2 яйкі
- 1 ст л смятаны з вялікай горкай
- 4 ст л мукі
- Соль
Шынок нацерці на буйной тарцы. Даць пастаяць 10 мін, потым адціснуць лішнюю вадкасць. Дадаць муку, яйка і смятану, змяшаць. Патэльню змазаць раслінным алеем. Сфарміраваць лыжкай аладкі і пячы пад вечкам з двух бакоў да залацістага колеру.
Калі патэльня антыпрыгарная, то досыць проста змазаць яе раслінным алеем. Калі хвалюецеся, што аладкі прыліпнуць, то дадавайце больш.
Запечаныя кабачкі пад сырнай шапкай
Рэцэпт, які пакарыў усіх сваёй прастатой і неверагодным густам. Ідэальная закуска на святочны стол ці карысны варыянт вячэры.
Інгрэдыенты
- Маладыя кабачкі 2 шт
- Соль, спецыі
- Смятана 3 ст л
- Сыр 100 гр
- 2 зубчыка часныку
- Яйка сырое
Спосаб прыгатавання
Кабачок нарэзаць на кружочкі таўшчынёй не танчэй 1 см. Раскласці на паперы для выпечкі або на сіліконавым кілімку. Пасаліць. У талерцы змяшаць сыр, смятану, яйка і часнок.
Акуратна размеркаваць масу па кожным кавалачку. Запякаць у духоўцы 180 С хвілін 35-40 (да з’яўлення залацістай скарыначкі)
Піца з кабачка на патэльні
універсальная аснова пад хуткую піцу без шкоды для фігуры. Кабачок не адчуваецца.
Інгрэдыенты
Для асновы:
- кабачок 250 гр (без скуркі і семечак)
- 1 яйка
- 3 ст л мукі з горкай
- соль
- Для начыння:
- кетчуп
- каўбаса
- сыр
- памідоры
Спосаб прыгатавання
Кабачок нацерці на дробнай тарцы, пасаліць і даць пастаяць 10 хвілін. Адціснуць, дадаць да яго яйка і муку. Добра змяшаць. Патэльню змазаць раслінным алеем, раўнамерна размеркаваць цеста.
Зачыніць вечкам і даць яму схапіцца на невялікім агні. Перавярнуць. Змазаць кетчупам і выкласці начынне. Накрыць вечкам і рыхтаваць на сярэднім агні хвілін 5-10 пакуль не расплавіцца сыр.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by