А вы ведаеце, што таматным сокам, разведзеным з вадой, раяць... паласкаць горла пры танзіліце? Ды яшчэ 4-6 разоў на дзень! І яго ж з пэўнымі дадаткамі піць пры грыпе – дапамагае?! Прызнацца, сама ўпершыню пачула пра пэўнае, так бы мовіць, нямэтавае яго выкарыстанне.
Так атрымалася, што таматны сок у мяне з братам – самы любімы з дзяцінства. Зрэшты, гэта і зразумела: у 70-80-ыя гады мінулага ўжо стагоддзя разам з бярозавікам гэта былі самыя даступныя напоі ў нашых простых савецкіх крамах. Экзатычныя апельсіны з мандарынамі сапраўды з’яўляліся на стале пераважна на Новы год. Зразумела, ніхто сок з іх не ціснуў! Не тое, што зараз!
Ужо некалькі гадоў запар мы робім уласны таматны сок – з памідораў, вырашчаных на дачы. Мама падабрала такі рэцэпт... Ну вось ні дадаць, ні прыбраць – цалкам гарманічны смак! Куды да яго куплёнаму!
І вось у мінулым сезоне мне асабліва спадабалася яго гатаваць самой. Нягледзячы на тое, што праца цалкам ручная. Неяк даспадобы прыйшлася менавіта яго самая занудлівая, з пункту гледжання знаёмых, яго частка. Нават тры... часткі! Гэта калі памідоры спачатку трэба нарэзаць (шмат). Затым пэўны час патрымаць іх на агні, увесь час памешваючы (спраўлялася адразу з двума-трыма каструлямі!). А тады працерці праз друшляк. Чамусьці захапіў сам працэс...
І няўжо я такім экалагічна чыстым прадуктам, нават па вялікай патрэбе, буду горла паласкаць?! Ды ніколі ў жыцці!!! Таму гэтую прапанову – міма-міма! А вось другая парада падалася слушнай і карыснай. Бо сок там – п’юць!
Значыць, рэцэпт для тых, хто хварэе на грып (але думаю, што і пры прастудзе спатрэбіцца). У шклянку таматнага соку дадаць 0,5 чайнай лыжкі парашку куркумы (люблю гэтую прыправу!), 2 сталовыя лыжкі лімоннага соку, востры перац на кончыку нажа і 2-3 здробненыя зубкі часнаку. Усё добра размешваецца, крыху падаграваецца і п’ецца, як гарбата, адзін альбо два разы на дзень.
Уважліва чытайце склад, сябры! Ці ўсё пералічанае асабіста вам падыходзіць, ці няма на што алергіі ці непераноснасці?! А можа, хтосьці проста не любіць вострае?!
Самае цікавае, што нават урачы прызнаюць карысць такога народнага сродку. Толькі прапануюць удасканаліць рэцэпт, дадаўшы ў напой яшчэ 0,5 чайнай лыжкі аліўкавага альбо сланечнікавага алею. Для чаго?! А для лепшага засваення мінералаў, вітамінаў і натуральнага антыаксіданту з памідораў – лікапіну!
Што ж датычыць, так бы мовіць, навуковага абгрунтавання карысці таматнага напою з пералічанымі дадаткамі, дык памідоры, апрача антыаксідантнага дзеяння, яшчэ садзейнічаюць вывядзенню з арганізма таксінаў, што выдзяляюць вірусы. Сам сок таматны – антымікробны. А пра карысць часнаку, куркумы і лімону, думаю, распавядаць не трэба. І так усё навідавоку.
А, яшчэ ў нас крыху перцу ў складзе! І абавязкова – вострага! Бо ён, апрача іншага, паляпшае кровазварот і садзейнічае памяншэнню хваравітых адчуванняў у суставах і мышцах.
Па шчырасці, дужа не хачу, каб з’явілася нагода выпрабаваць гэты рэцэпт на практыцы. Проста зафіксавала яго на ўсялякі выпадак. Раптам яшчэ каму параіць са знаёмых... А так мы проста з задавальненнем п’ём таматны сок уласнага прыгатавання, які і без дадаткаў вельмі смачны і карысны!
А з рэцэптам яго прыгатавання я абавязкова вас пазнаёмлю! Толькі ў сезон! Дамовіліся?! А на заканчэнне – традыцыйнае пажаданне здароўя ўсім! І соку вам любімага – калі не штодня, дык часта!
https://bel.24health.by/zhyvy-napoj-pryrodny-lekar/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by