Пакроў Прасвятой Багародзіцы — вялікае праваслаўнае свята. Адзначаецца штогод 14 кастрычніка. Паводле падання, вобраз Багародзіцы з’явіўся вернікам, і яна расхінула покрыва над галовамі людзей. Гэты цуд стаў знакам заступніцтва і суцяшэння. Вернікі шануюць памяць Багародзіцы, дзякуюць за абарону ад бедстваў.
Свята шануюць і ў народнай традыцыі. Раней яго называлі Покрыва дзень, Першае зазім’е, Трэцяя Прачыстая, Засідкі. Дарэчы, тэма заступніцтва (пакрывання) — ключавая ў сутнасці свята. Лічылася, што на Пакроў снег абавязкова пакрывае зямлю. Адсюль і такая прымаўка: «Бог на зіму зямлю зачыняе — няхай адпачывае».Пакроў у календары беларусаў лічыцца мяжой, якая падзяляе год на дзве палавіны — летнюю і зімнюю. Таму нашы продкі стараліся да гэтага часу ўцяпліць дом, усё прыбраць. Казалі: «Пакроў правярае ўладароў».
У сялянскім побыце слова «Пакроў» паступова аддзялілася ад царкоўнай легенды і стала ўспрымацца ў сувязі са звычаем пакрывання галавы замужніх жанчын. Верагодна, такое тлумачэнне было звязана з тым, што ў гэты дзень заключалася шмат шлюбаў.
Асаблівы каларыт святкаванне Пакрова набыло ў многіх вёсках у Падняпроўі, дзе праводзілі абрад «Свечка». Сутнасць яго заключаецца ў пераносе вялікай васковай свечкі, зробленай сваімі рукамі, і абразоў з хаты ў хату. У традыцыйнай культуры беларусаў свечка — абярэг, сродак забеспячэння здароўя і дабрабыту на наступны год.\
Свечку ўпрыгожвалі, ставілі ў посуд са збожжам. Адметнасцю падняпроўскай свечкі было тое, што для яе шылі спаднічкі і кожны год пераапраналі ў новы ўбор. Пад абразамі для яе ладзілі своеасаблівы п’едэстал. Нашы продкі верылі: калі свечка ёсць у доме — тады будзе парадак. Лічылася, калі прайсці пад свечкай у час яе пераносу, можна здабыць здароўе на доўгія гады.
Часцей за ўсё свечкі прысвячаліся розным святым — Мікалаю, шматпакутнай Варвары, архангелу Міхаілу, святой Параскеве-пятніцы. Іконы і свечкі захоўваліся па чарзе ва ўсіх жыхароў вёскі, штогод пераносіліся з хаты ў хату.
Дарогу ад дома, дзе раней стаяла свечка, да той хаты, куды яна перамяшчалася, высцілалі саломай. Гаспадыні, сустракаючы абярэг на вуліцы, браліся пад рукі, кружыліся і казалі: «Каб жыта так каласілася і вілася, як мы кружымся».
Пасля пераносу свечкі застолле ладзілі ў абедзвюх хатах: і ў той, дзе яна стаяла, і ў той, куды пераносілася. Гэта была сапраўдная ўрачыстасць: з пашанаю, танцамі і спевамі. Стравы на святочную вячэру збіралі з усёй вёскі — гэта падкрэслівала калектыўны характар абраду. Аднак сёння ён захаваўся толькі ў асобных вёсках.
Пакроў Прасвятой Багародзіцы, традыцыі
Па традыцыі, на свята прынята наведваць усяночнае трыванне ў храмах. Праваслаўныя вернікі моляцца Багародзіцы і просяць у яе дапамогі. Згодна з прыметамі, на Пакроў Божая Маці чуе маленні вернікаў. Пасля наведвання царквы збіраліся за святочным сталом, запрашалі блізкіх і сваякоў.
Як правіла, на Пакровы імкнуліся завяршыць збор ураджая. Акрамя таго, з 14 кастрычніка пачыналі гуляць вяселлі. Незамужнія маладыя дзяўчаты казалі так: «Акрый зямлю сняжком, а мяне жэнішкам». Таксама Пакроў Прасвятой Багародзіцы лічыцца першым так званым зімовым святам. Па гэтай прычыне ў некаторых рэгіёнах Беларусі кажуць так: "Зіма прыходзіць на Пакроў".
Пакроў Прасвятой Багародзіцы, што нельга рабіць
Нельга займацца цяжкай фізічнай працай. Акрамя таго, пад забаронай генеральная ўборка і іншыя бытавыя справы. Не рэкамендуецца правакаваць канфлікты, лаяцца. На свята не варта пераядаць, а таксама марнатравіць алкаголем. Не варта як браць, так і пазычаць. Бацькі верылі, што можна аддаць увесь свой дабрабыт, забраўшы сабе чужыя праблемы.
Пакроў Прасвятой Багародзіцы, што можна рабіць
Па традыцыі, на свята ў ноч з 13 на 14 кастрычніка хадзілі ў царкву на ўсяночнае трыванне і звярталіся да Божай Маці з малітвамі. А яшчэ пяклі піражкі, якімі частавалі сваіх блізкіх, сваякоў. Лічыцца, што шчодрасць, выяўленая на Пакроў, магла прыцягнуць дастатак у хату. Акрамя таго, на свята таксама пяклі бліны.
Пакроў Прасвятой Багародзіцы, народныя прыметы
Паводле прыкмет, паўднёвы вецер казаў пра мяккую зіму, у той час як паўночны паказваў на снежную. Калі ж на Пакроў выпала поўня, то гэта казала аб сухім леце. А яшчэ лічылася, якім будзе надвор'е 14 кастрычніка, такім будзе ўся зіма.
Прымаўкі
Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам.
Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок — дранічкамі, другі стажок — саломкаю, трэці стажок — белым снегам.
На Пакровы мароз — сей пад кустом авёс.
Я маці абавязаны… У Дзень матулі ўспамінаем жанчын, якія падарылі нам творцаў літаратуры
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by