Вырашыла неяк набыць у аптэцы траву багуну. Па рэцэпту з газеты з яго і святаянніку можна гатаваць такую смачную і карысную гарбату! Даўно не рабіла, захацелася чамусьці... Папіўшы гарбаты са скрыпеню (іван-чаю), падвяленага-сферментаванага-высушанага ўласнаручна па ўсіх правілах.
І што? Няма багуну, адказалі мне ў нашай аптэцы. А заказаць?! Заказвалі, няма на базе... Эх, хоць ты зараз, нягледзячы на мокры снег і дождж, бяжы на тое балота за багуном! Можа, і з'ездзіла б насамрэч, гэта непадалёк. Але... Тэрмін збору прайшоў, на жаль.
Лекавыя расліны
У мінскіх аптэках, якія трапляюцца на шляху, таксама багуну няма. Больш за тое! У адной мне сказалі, што расліна адносіцца да ядавітых, таму яе і не бывае. Але пра асцярожнае абыходжанне з дозай я ведаю. І раней усё ж багун быў нават у нашай аптэцы – у правінцыйным горадзе. Бо столькі згаданай гарбаты з яго папілі! А яшчэ ў адной з мінскіх у мяне спыталіся яго… назву! Э-э-э-э… А я не ведаю іншай. Багун і багун…
Багун
І што ж мне прыгадалася?! Правільна, фрагменты ўласнага дзяцінства. Калі дрэвы былі вялікімі, а травы – экалагічна чыстымі.
…Не памятаю, каб у маленстве бацькі дужа прымушалі нас да працы кшталту мыцця посуду, падлогі. Да таго ж, калі мне споўнілася тры гады, а брату сем, да нас у вёску Клінок, дзе мы тады жылі, прыехала бабуля Ксенія – маміна маці са Смаленшчыны. Змалку прывучаная не толькі да цяжкай сялянскай працы, але і да вядзення хатняй гаспадаркі, яна і тут займалася гэтым, добра-такі палегчыўшы жыццё нашым бацькам-настаўнікам і забяспечыўшы нам бестурботнае дзяцінства.
Затое з якой цікавасцю мы з братам вучыліся ад мамы з татам збіраць грыбы і ягады! Тыя звычкі, спрактыкаванасць, патрэба нікуды не зніклі і праз дзесяцігоддзі. А яшчэ з вясковага дзяцінства памятаецца захапленне, якое асабіста я адчувала пры зборы лекавых траў. Бацькі набывалі кнігі, у якіх распавядалася пра іх карысць, змяшчаліся малюнкі. І як жа прыемна рабілася на душы, калі на лузе, на полі атрымлівалася тыя расліны знайсці самастойна!
Cвятаяннік
Падбел, крываўнік, трыпутнік, піжма, святаяннік... І праз столькі гадоў яны – як добрыя сябры. Тады, у вёсцы, мы збіралі іх і іншыя лекавыя расліны: так, як патрэбна, і там, дзе патрэбна. Сушылі ў зацішку, але не на сонцы. А затым надыходзіла самае захапляльнае: мы неслі здаваць гатовую сыравіну ў нарыхтоўчы пункт, размешчаны прама ў вёсцы!
Цікавілі, вядома, не грошы, а тагачасныя дэфіцытныя тавары. Гэта зараз купіць можна літаральна ўсё і ў любой колькасці, абы грошы. А тады быццам апошнія і меліся, але патрэбнага – не дастаць. Крыху лепшае забеспячэнне было ў Мінску. Але дзе ж туды наездзішся.
З дэфіцытных тавараў, выдадзеных у абмен на лекавыя травы, мне запомніліся чамусьці толькі два. Першы – накрыўкі для хатніх нарыхтовак. Так, яны былі ў дэфіцыце! А другі – падкоўдранік. Вельмі прыгожы: ярка-сіні ў рознакаляровыя парасончыкі з кропелькамі вады. Не паверыце: ён і да гэтага часу яшчэ ёсць у нас на дачы! Во гэта якасць тавару!
У першы ж год пераезду ў горад, улетку, далёка ад дарог мы адшукалі некалькі плантацый знаёмых лекавых раслін. Вельмі ўзрадаваліся. І з тым жа вясковым энтузіязмам узяліся за іх нарыхтоўку. Зразалі, сушылі, пакавалі. Нарэшце надышоў дзень, калі ўрачыста панеслі якасныя (!) лекавыя расліны ў нарыхтоўчую кантору. Канешне ж, было цікава: а што тут прапануюць на абмен?!
Чабор
Сказаць, што на нас паглядзелі, як на дзівакоў, – гэта не сказаць нічога. Чамусьці непатрэбным тут аказалася наша шчыраванне. І настолькі выразна нам далі гэта зразумець, што больш мы нават і спробаў не рабілі.
З цягам часу травы спатрэбіліся самім. І зараз мы іх зноў нарыхтоўваем, хаця і не ў прамысловых маштабах: для лекаў і карыснай гарбаты. А бывае, трэба такія, якія не растуць у нашай мясцовасці. Альбо растуць, толькі мы іх не збіраем. Тады даводзіцца ісці ў аптэку. І часцяком проста дзіву даешся, наколькі непрывабнымі выглядаюць спакаваныя ў каробачкі не парэзаныя нават, а патрушчаныя, відавочна перасушаныя расліны. Ды і думкі мімаволі ўзнікаюць: а дзе іх збіралі? І як сушылі? Ці далёка ад трасы? Не праверыш жа.
Таму памяць не-не ды вяртае ў маленства. Калі травы былі сапраўды чыстымі і духмянымі. Калі нарыхтоўвалі іх з такім задавальненнем. І калі звыклы сёння падкоўдранік здаваўся дзівам дзіўным, быў нагодай для шчырай радасці.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by