Байкаўскія крыніцы вабяць людзей са спрадвечных часоў. Раней гэта было месца пакланення сілам прыроды і паганскім багам, цяпер – месца правядзення праваслаўных абрадаў.
Раней – крыніца гаючай вады, а ў наш час большасць людзей сюды прыязджае проста па пітную ваду, хоць яе гаючыя ўласцівасці добра вядомыя мясцовым жыхарам.
Як дабрацца: да гэтага месца можна ехаць некалькімі дарогамі, кожная з якіх мае свае перавагі і хібы. Першая дарога ідзе ад вёскі Петухоўка Антонаўскага сельскага савета. Яна пачынаецца ад моста праз раку Проня, які падвешаны на тросах у некалькіх метрах над вадой. На супрацьлеглым беразе адразу пасля моста вас сустрэне лугавая сцяжынка, яна і павядзе да крыніц.
Другая і трэцяя дарогі вымагаюць пераезду ад вёскі Высокае на левы бераг Проні ў вёску Новаягораўку. Далей вы зможаце абраць цяністую лясную пясчаную дарогу або звілістую лугавую – па беразе Проні. Усе тры дарогі сыходзяцца каля Байкаўскіх крыніц.
Усяго на тэрыторыі ўрочышча Байкава паблізу вёсак Кузмічы і Петухоўка Чавускага раёна Магілёўшчыны з-пад зямлі і з-пад каранёў дрэў прабіваецца каля 20 крынічак, якія здаўна называюць Байкаўскія крыніцы. Яны раскіданы на плошчы каля паловы гектара. Некаторыя з іх маюць сталае месца, іншыя блукаюць.
Чыстая, празрыстая, сцюдзёная вада Байкаўскіх крыніц збіраецца ў два ручаі, якія затым зліваюцца ў адзін. Гэтая магутная плынь бяжыць, пятляючы паміж дрэў, і ўпадае ў прыгажуню Проню. Галоўная крыніца – адна з усіх, забраная ў драўляны зруб, бо так было спрадвеку заведзена ў нашых продкаў. Ваду можна набраць каля зруба, аднак самай гаючай лічаць тую, што выцекла адразу з сямі крыніц, куды кожная дадала частку сваёй сілы.
Людзі лічаць, каб споўнілася любое жаданне, трэба босым прайсці па ручаях. Адразу працінае невыносны холад, але пасля па ўсім целе разыходзяцца незвычайная сіла і лёгкасць. Амаль каля кожнай крынічкі тут стаіць крыж, дзе жалезны, а дзе драўляны. Тут жа – і абразы з выявай Божай Маці і маленькага Ісуса.
На Тройцу з Петухоўкі прыносяць абраз з выявай Святой Тройцы. Менавіта на гэтае свята крыніцу «адпраўляюць». Сюды збіраюцца сотні людзей з бліжэйшых вёсак і горада Чавусы, а хтосьці прыязджае і з далёкіх мясцінаў. Тут асвячаюць ваду, праходзяць малебны і народныя гулянні.
На крыжы павязваюць новыя ручнікі. Адбываюцца малебны і на іншыя святы: у Пятроў дзень (12 ліпеня), на Іллю (2 жніўня). На адной з крынічак вадасвяцце адбываецца на Уздзвіжанне. Перад святамі крыніцы чысцяць, рабіць гэта павінны менавіта жанчыны.
Людзі, якія прыходзяць да гэтага святога месца, часам павязваюць на галіны дрэў стужачкі, звяртаючыся да крыніц па дапамогу. Іншаму чалавеку чапаць гэтыя стужачкі нельга, вось і лунаюць яны на ветры доўгія гады, сімвалізуючы загаданыя жаданні, цудоўныя ацаленні і энергію, дадзеную жыватворнай крыніцай.
Байкаўскія крыніцы з’яўляюцца помнікам прыроды мясцовага значэння. Тутэйшыя людзі сцвярджаюць, што крыніцы гэтыя былі заўсёды, іх памяталі яшчэ продкі мясцовых старажылаў. З навамодных збудаванняў тут з’явілася толькі купальня.
Пра крыніцы расказваюць розныя легенды. Паводле адной з іх некалі жыў у гэтых мясцінах багаты чалавек – Архіп. Недалёка ад крыніц стаяў ягоны хутар. Лес, зямля каля крыніц і луг – усё належала яму. Таму тутэйшы лес здаўна і завецца Архіпавым. Крыніцай карыстаўся ўвесь люд, які жыў у блізкіх вёсках і сёлах.
Каля крыніц стаяла капліца. І старыя, і малыя ішлі сюды па гаючую ваду. Расказваюць, што Архіп вырашыў забараніць людзям карыстацца «сваёй» крыніцай. Ён знішчыў капліцу і паставіў там вадзяны млын. Але дарма Архіп задумаў гэтую справу. Адразу пасля гэтага ён моцна захварэў і злёг. Добрыя людзі параілі яму прыбраць млын з крыніцы, інакш неўзабаве памрэ. Неахвотна паслухаўся Архіп: прыбраў млын і аднавіў капліцу. І здароўе да яго вярнулася.
Паводле іншай легенды, цыганка ў крыніцы памыла бялізну, тая пакрыўдзілася і аб’явілася ў іншым месцы. Яшчэ па адной легендзе, аднавокі конь, які пасвіўся каля крыніцы, зваліўся ў ваду. Калі яго выцягнулі, ён стаў бачыць на два вокі. Даведаўшыся пра цуд, народ стаў прыходзіць сюды і лекавацца ад хвароб.
Старажылы прыгадваюць, як у 1960-х гадах ваяўнічыя атэісты спрабавалі знішчыць святыню: развалілі каплічку, спалілі крыжы, а самі крынічкі спрабавалі прыкрыць бетоннымі плітамі. Але тутуэйшыя жыхары не далі гэтага зрабіць, і непажаданыя госці з’ехалі. Потым усёй грамадой аднаўлялі крынічку. Мужыкі з навакольных вёсак паднялі бетонную пліту, адсунулі яе ўбок, і гаючая вада забруіла з новай сілай.
Вада з тутэйшых крынічак не толькі чыстая і смачная, а яшчэ і лекавая. Кажуць, калі пастаяць у ручаі некаторы час, то можна вылекаваць хворыя ногі. Здаўна лічаць, што вада з крынічак вылечвае ад слепаты. Бабкі-шаптухі дагэтуль выкарыстоўваюць святую ваду для лячэння дзетак ад пераляку. Асабліва карысна піць гэтую ваду раніцаю нашча.
У мінулыя часы, калі выганялі карову ў поле, яе акраплялі вадой з крынічкі. Ёй жа давалі папіць гэтай вадзічкі, калі яна ацеліцца. Галінкі алешыны, асвечаныя на крыніцах, выкарыстоўваюць супраць кратоў, а галінкі дуба і клёна закладаюць пад страху – ад навальніцы.
Набраная з Байкаўскіх крыніц вада можа гадамі заставацца чыстай, без асадку і паху, а гаючыя ўласцівасці захоўваюцца цягам года. Толькі трымаць яе трэба ў бутэльцы з цёмнага шкла ў зацішным месцы. Бабулькі раяць браць ваду менавіта з ручая, дзе змешваецца вада з некалькіх крынічак, – яна нібыта валодае большай сілай. Піць крынічную ваду трэба не з бутэлькі ці слоіка, а з конаўкі.
Апошнім часам штогод на Тройцу на Байкаўскіх крыніцах апроч рэлігійнага абраду асвячэння вады адбываецца міжрэгіянальны фэст «Зялёныя святкі». Падчас яго ладзяць кірмаш, дзе можна набыць вырабы майстроў з усіх запрошаных на свята навакольных раёнаў: з бісеру і саломкі, кашулі-вышыванкі, кераміку, плеценыя кошыкі, вязаныя рэчы, драўляныя лыжкі, разнастайныя цацкі ды ўпрыгожванні.
Таксама тут можна паглядзець канцэрт-конкурс фальклорных калектываў, якія выконваюць абрадавыя спевы і ладзяць рэканструкцыю вясновых траецкіх карагодаў паводле мясцовых звычаяў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by