Усе чулі пра карысныя ўласцівасці мяса труса, але вось у свой рацыён насельніцтва яго ўключае рэдка. У дыетычным харчаванні выкарыстоўваюць часцей ялавічыну, мяса птушкі. Мы паспрабуем разабрацца ў асаблівасцях мяса труса. Высветлім, наколькі дыетычным з'яўляецца гэты прадукт, ацэнім харчовую каштоўнасць і каларыйнасць, а таксама асаблівасці прыгатавання страў з мяса «вушасціка».
Цікава ведаць
Гістарычнай радзімай труса з'яўляецца Апенінскі паўвостраў (сучасная Італія). Менавіта таму яго стагоддзямі вырошчваюць у Еўропе, а мяса вельмі папулярнае сярод насельніцтва. У 1976 годзе ў Парыжы нават была арганізаваная Сусветная асацыяцыя навуковай трусагадоўлі (World Rabbit Science Association – WRSA). Зараз такія еўрапейскія краіны, як Іспанія, Францыя і Італія, з'яўляюцца прызнанымі сусветнымі навуковымі і тэхналагічнымі лідарамі па вырошчванні трусоў.
Да вялікага здзіўлення, па аб'ёме вырабленай прадукцыі лідарам у свеце з'яўляецца... Кітай! Яшчэ дзесяць гадоў таму першае месца ў экспарце гэтай краіны займала не машынабудаванне або тэкстыльная вытворчасць, і нават не электроніка, а менавіта вытворчасць мяса труса! Кожны трэці трусік, які прадаецца ў свеце, кітайскі.
На жаль, у Беларусі, як і ў нашай суседкі Расіі, у прамысловым аб'ёме трусоў практычна не вырошчваюць. Займаюцца гэтым, у асноўным, трусаводы-аматары. У Расіі адзінкавыя трусагадоўчыя фермы задавальняюць толькі 1% ад патрэбы рынку ў мясе труса.
Збалансаваны састаў
Мяса труса з'яўляецца паўнавартасным пажыўным прадуктам для чалавека. Яно выгадна адрозніваецца ад іншых відаў мяса і змяшчае ўсе асноўныя кампаненты, неабходныя арганізму ў працэсе яго жыццядзейнасці.
- Так, трусяціна змяшчае велізарную колькасць паўнавартаснага бялку – яго ўтрыманне складае больш за 20%. Гэта больш, чым у бараніне, ялавічыне або свініне. У мясе труса меней злучальнай тканкі, таму непаўнавартасных бялкоў у 2-3 разы менш, чым у ялавічыне, што набліжае яго па гэтым паказчыку да мяса птушкі.
- У складзе трусяціны прысутнічае вялікая колькасць амінакіслот, вітамінаў і мікраэлементаў. Пры хімічным аналізе выяўлена каля 19 амінакіслот, уключаючы і незаменныя, як метыянін і лізін.
- Асаблівасцю трусінага мяса з'яўляецца яго мінеральны склад, які мае кіслую рэакцыю. Гэта тлумачыцца высокай колькасцю соляў фосфару (246 мг%) і калію (364 мг%). Варта адзначыць такія карысныя рэчывы, як аскарбінавая і нікацінавая кіслоты, марганец, фтор, жалеза. Такія каштоўныя кампаненты для нашага арганізма прадстаўленыя ў гэтым прадукце лепей, чым у іншых відах мяса.
- Нізкая каларыйнасць (140-180 ккал на 100 г) абумоўлена невялікім утрыманнем тлушчу – 7-11%. Дзякуючы гэтаму яго можна смела ўключаць у склад дыетаў для пахудзення. Варта памятаць, што каларыйнасць дарослай жывёліны можа павышацца да 20%, складаючы 300 ккал. Адпаведна, такое мяса дыетычным лічыць нельга.
- Тлушч труса, у параўнанні з іншымі жывёльнымі тлушчамі, біялагічна больш каштоўны, бо суаднесенасць утрымання ў ім ненасычаных і насычаных тлустых кіслот – самая высокая. Таксама трусіны тлушч адрозніваецца найбольшым утрыманнем поліненасычаных тлустых кіслот.
- Лёгкае і практычна поўнае засваенне. Гэты паказчык дасягае 90-95%, а сам працэс пераварвання аказвае мінімальную нагрузку на стрававальную сістэму. Таму трусяціну часта можна ўбачыць у складзе дыетычных меню.
- Нізкае ўтрыманне халестэрыну – каля 20 г на 100 г прадукту. Дзякуючы гэтаму яго ўключаюць у дыетычнае харчаванне пры атэрасклерозе або з мэтай прафілактыкі гэтага захворвання. Таксама рэкамендуецца выкарыстоўваць у харчаванні людзям з залішняй вагой і сталага веку.
- Мяса «вушасціка» можна смела аднесці да гіпаалергенных прадуктаў і рэкамендаваць для харчавання малышоў нават у якасці прыкорму. Небяспека з'яўлення алергіі вельмі нізкая.
Разгледжаныя перавагі адносяцца менавіта да свежай і маладой трусяціны, а гэта трусы, не старэйшыя за 6 месяцаў. З узростам у іх змяняецца хімічны склад мышачнай тканкі: памяншаецца колькасць вады і ўзрастае працэнтнае ўтрыманне тлушчу. Менавіта таму перавагу варта аддаваць трусам, не старэйшым за 6 месяцаў: у такім прадукце карысных кампанентаў будзе максімальная колькасць.
Як жа выбраць свежае мяса?
Перш за ўсё, неабходна агледзець тушку труса. Колер павінен быць светлым з ружовым адценнем, а паверхня не ліпкай. Свежае мяса не павінна мець непрыемнага паху. Таксама можна правесці хуткі эксперымент. Неабходна пальцам націснуць на паверхню мяса. Калі яно свежае, тое месца націскання хутка выраўнуецца, а гэта значыць, што такое мяса прынясе толькі карысць.
Гаспадыні на заметку
Каб прыгатаваная страва з труса была смачнай, мяккай і карыснай, ёсць некалькі парадаў.
- Сустракаюцца выпадкі, калі мяса труса можа злёгку гарчыць, асабліва калі жывёла вырашчана ў хатніх умовах. Гэта лёгка можна выправіць, папярэдне замачыўшы мяса ў вадзе на пару гадзін. Можна выкарыстоўваць замест вады малако, гэта толькі палепшыць смак будучай стравы.
- Тушку труса рэдка выкарыстоўваюць цалкам. Як правіла, гаспадыні рэжуць яе на асобныя часткі. Так страва будзе больш прывабнай.
- Мяса труса можна запячы, зварыць, пасмажыць і патушыць. Варта адзначыць, што для смажання лепей падыдзе задняя частка тушкі, а для супу – больш жорсткая пярэдняя частка.
- Запякаць мяса труса варта пры тэмпературы не больш за 170 градусаў. Так страва атрымаецца сакавітай і мяккай.
- Трусяціну, з-за значнага ўтрымання кіслых соляў, рэкамендуецца ўжываць з агародніннымі гарнірамі.
Высокая біялагічная каштоўнасць трусінага мяса робіць яго выдатным дыетычным прадуктам. Мабыць, адзіным недахопам з'яўляецца тое, што высокая харчовая каштоўнасць адлюстроўваецца і ў яго высокай цане. Гэта і вызначае вялікую яго папулярнасць, у асноўным, у Еўропе, у краінах з забяспечаным насельніцтвам, гатовым заплаціць за якасны дыетычны прадукт.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by