У галерэі «Арт Фабрыка» адкрылі персанальную выстаўку маладой беларускай мастачкі Марыі Богдан «Кветкі.Сонца».
У межах выстаўкі «Кветкі.Сонца» прадстаўлены новыя работы аўтара, у якіх Марыя захавала прыгажосць прыроды, якая толькі пачала абуджацца.
Ідэя стварыць серыю работ за адзін сезон зрэла ў душы даўно — адлюстраваць першае ўражанне, эмоцыю, пачуццё лёгкасці. Мастачка склала сюжэтную лінію, падрыхтавала эскізы.
Першыя напаўпразрыстыя рысы, паветраныя мазкі, нанесеныя шырокім флейцавым пэндзлем, і ў завяршэнне тонкая лінія або сакавіты мазок. Менавіта такі настрой, каларыт пачуццяў апісваюць прадстаўленую выставачную экспазіцыю.
— З 5-ці гадоў я не ўяўляю сябе без пэндзлікаў і фарбаў. Жывапіс — гэта мая аддушына!, — тлумачыць Марыя Богдан. — Менавіта рукамі я адлюстроўваю ўсё маё жыццё, усё тое, што мяне натхняе. А натхняе мяне з самага дзяцінства прырода: бясконцыя палі, птушкі, лясы. Таму мае работы напоўнены цяплом, сонечнымі кветкамі, каляровымі лініямі і рознымі фактурамі.
Шэпт прыроды, ранішняе шчабятанне птушак, светлая раніца, калі яркія промні слізгаюць па траве, і меладычна зіготкая раса стварае покрыва з бліскавак. На палі пачынаюць выходзіць насельнікі лесу, у небе з'яўляюцца рытмічныя ўзоры клінаў птушак, а паветра прасякнута асаблівай свежасцю. Усё ажывае, квітнее. Застаецца толькі быць назіральнікам і з дзіцячай цікаўнасцю здзяйсняць новыя адкрыцці. Кожны знойдзе для сябе нешта асаблівае, каштоўнае для душы, бо прырода невычэрпная крыніца натхнення.
Палотны Марыі Богдан напоўнены святлом, цяплом, шчырасцю, яны расказваюць пра шматграннасць прыроды, пра дзіцячыя ўспаміны, пра любоў да родных мясцін. Карціны, якія паглыбляююць у асаблівы свет — у просты, у такі чысты і лёгкі, працяты патаемнымі пачуццямі. Работы напоўнены сакавітымі кветкамі.
Перавагу Марыя аддае алейным фарбам, піша акварэллю, акрылавымі фарбамі, малюе графічныя работы, распісвае сцены.
— Творчасць — гэта мая мара, праз яе я магу пабыць сам-насам з сабой, адчуваць, пражываць моманты, сканцэнтравацца і ў той жа час расслабіцца, панастальгіраваць, — тлумачыць аўтар. — У маіх работах спалучаецца жвавасць і прыгажосць моманту, гармонія. Яны напоўнены сакавітымі кветкамі, каляровымі лініямі і рознымі фактурамі. Натхненне я знаходжу у беларускай прыродзе, у вёсцы, у цёплых успамінах, у людзях.
Мастачка не проста ўражвае сваім жывапісам, творчымі канцэпцыямі, яна натхняе гледача на шчырасць і цёплую камунікацыю. Вельмі складана, гледзячы на яе работы, не адчуць тую вялікую энергію добрага чалавека, якую калісьці заклала ў Марыі бабуля. Гэтая выстаўка стала не проста падарункам для ўсёй сям’і мастачкі, яна стала адкрыццём для кожнага гледача. Многія наведвальнікі, пабываўшы на адкрыцці, так і гаварылі: «Вельмі хочацца на вёску».
Кранальныя ўспаміны. Мастачка Марыя Богдан прэзентавала персанальную выстаўку
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by