Насуперак усім стэрэатыпам пра тое, што на апошняй парце сядзяць толькі гультаі і двоечнікі, прыклад майго ўласнага класа гэта цалкам абвяргае.
На задніх партах нашага гуманітарнага «А» сядзелі выключна разумныя і цікаўныя юнакі, якія трапілі «на галёрку» толькі па прычыне высокага росту. А адзін з іх, Саша Талкачоў (Саша, прывітанне!), быў прызнаны лепшым вучнем школы.
Думаем і эксперыментуем
Рассадка вучняў у класе – сапраўднае мастацтва. Выконвае яна 3 асноўныя функцыі:
- Спрыяе найлепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу;
- Дапамагае школьнікам захоўваць здароўе з улікам іх фізічных даных (напрыклад, росту) і асаблівасцей арганізма;
- Дапамагае стварыць спрыяльны і прыязны псіхалагічны клімат, які не робіць з працэсу навучання балаган і не зрывае вучобу дзякуючы ўмеламу размеркаванню ў межах класа дзяцей з рознымі тыпамі тэмпераментаў.
Хоць навучанне ў школе і асацыюецца ў нас з шэрагамі парт і дзецьмі, якія сядзяць строга адзін за адным, насамрэч размяшчаць вучняў у класе настаўнік можа па-рознаму. Усё залежыць ад мэты заняткаў: проста расказаць нешта новае ці заахвоціць да дыскусіі. Творчасць і крэатыўны падыход выкладчыка сёння вітаюцца як ніколі. Вядомы педагог і аўтар кніг «Педагогіка як любоў», «Педагогіка зносін», «Культура педагагічных зносін», «Гульні ў саміх сябе» і інш. Алег Казанскі прапаноўваў вар'іраваць 6 асноўных форм рассадкі.
- Аўтарытарная рассадка.
Настаўнік дзеліцца новай інфармацыяй. Класічная форма, калі вучні сядзяць у некалькі шэрагаў. Каб пабалбатаць з суседам, трэба напружыцца і пакруціцца. Таму тут галоўная задача вучня – слухаць. Педагог выступае ў ролі лідара.
- Дэмакратычная рассадка, творчае паўкола.
Дзеці адчуваюць сябе ў калектыве, добра бачаць кожнага чалавека. Дзякуючы чаму арганізоўваецца крэатыўная атмасфера. Настаўнік выступае кіраўніком.
- «Круглы стол».
Кола замкнёнае, колькасць удзельнікаў абмежаваная. У такім становішчы добра ладзіць абмеркаванне, мазгавыя штурмы. Пазіцыя педагога тут нейтральная, «як усе».
- Дыскусійная, канкурыруючая рассадка.
Вучні сядзяць шэрагамі адзін насупраць аднаго. Так прасцей выказваць розныя пункты гледжання, спрачацца. Пазіцыя выкладчыка – арбітр.
- Прамянёвая, рассадка для спаборніцтваў.
Асноўны цымус тут – наяўнасць двух педагогаў з рознымі падыходамі да падачы матэрыялу. Іх пазіцыя – настаўнікі, дарадцы.
- Групавая, калектыўна-творчая.
Добра падыходзіць для працы ў малых групах. Настаўнік тут выступае як арганізатар.
Стаміўся сядзець на ўроку – пастой
Большая частка урокаў, як правіла, усё ж праходзіць ва ўмовах звычайнай рассадкі па шэрагах. І тут настаўніку неабходна ўлічыць як нюансы здароўя сваіх падапечных, так і іх псіхалагічнай сумяшчальнасці.
На падставе штогадовых медаглядаў урачы-педыятры ў паліклініках па месцы жыхарства запісваюць рэкамендацыі па харчаванні, фізічнай актыўнасці, рассаджванні ў класе. Гэтыя звесткі заносяць у індывідуальную «старонку здароўя», якую вядуць у школе для кожнага вучня.
Алена Маркаўцова
Урач-рэабілітолаг дзіцячага падраздзялення аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10 гарадской паліклінікі Мінска:
Звычайна мы рэкамендуем мяняць месцамі дзяцей кожную чвэрць (у гімназіях – кожны семестр). Гэта важна для прафілактыкі парушэнняў паставы, скрыўлення пазваночніка, касавокасці. Калі праблемы ёсць, урач-спецыяліст з паліклінікі абавязкова адзначае гэта ў даведцы аб стане здароўя і дае свае рэкамендацыі. Напрыклад, школьніку з правабаковым скаліёзам параяць сядзець у левым ці сярэднім шэрагу, каб не правакаваць развіццё захворвання. Строга ў сярэднім шэрагу сядзяць, як правіла, дзеці па рэкамендацыі афтальмолага (напрыклад, з міапіяй сярэдняй ступені) ці хірурга-артапеда.
Вучні пачатковай школы зараз могуць вучыцца не толькі седзячы, але і стоячы. Непаседам складана часам вытрываць на адным месцы цэлы ўрок. Таму спецыяльна для малодшых школьнікаў у школы Мінска набываюць канторкі. Іх можа быць ад 2 да 4 у кожным класе. Стамілася дзіця сядзець, можа крыху размяцца і пастаяць. Ды і ўрок будзе не такі фармальны.
Меланхолікі, сангвінікі, халерыкі, флегматыкі. Квэст на спалучальнасць для настаўніка
Псіхалагічны клімат у класе – адна з краевугольных тэм. Калі не ўдаецца наладзіць гэты складнік, нават у самых здольных дзяцей могуць выявіцца праблемы ў навучанні. І наадварот. Як правільна падабраць суседа па парце?
Пра гэта «Слушна» спыталі ў Аксаны Якубені.
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага Таварыства псіхалогіі:
Рэкамендую класнаму кіраўніку ўлічваць пры рассадцы асабістыя якасці і тып тэмпераменту дзяцей.
Так, для дзіцяці-сангвініка лепшым суседам па парце будзе меланхолік. У гэтым выпадку лідарства застанецца за сангвінікам і ён зможа падтрымаць суседа. З улікам складанасцей у зносінах і збліжэння з людзьмі, што ўзнікаюць у меланхоліка, такі тандэм стане добрым.
Калі за адной партай будуць сядзець два меланхоліка, у далейшым яны стануць узаемадзейнічаць толькі адзін з адным (прычым даволі паспяхова). Аднак на фоне ўсяго класа яны могуць быць адасобленыя, іх прыйдзецца ўвесь час далучаць да жыцця ўсяго калектыву.
Для дзіцяці-халерыка, нястрыманага і запальчывага, выдатнай парай стане флегматык. Ён, у сваю чаргу, будзе супакойваць халерыка. Гэтая пара, як агонь і вада ці плюс і мінус, яны дапаўняюць адзін аднаго, іх узаемаадносіны заўсёды развіваюцца цалкам гарманічна.
А вось два халерыкі за адной партай – гэта практычна заўсёды вельмі лютая барацьба. Вучыцца пры ўсёй іх кіпучай дзейнасці практычна немагчыма.
Флегматык будзе спакойна сядзець за адной партай з меланхолікам. Крыўдлівасць і ранімасць суседа ён успрыме спакойна.
Два флегматыкі, якія трымаюць свае эмоцыі пры сабе, будуць вельмі ураўнаважанай парай. Аднак, на мой погляд, гэта не спрыяе самараскрыццю дзяцей у калектыве.
Для дзіця-флегматыка плённым будзе ўзаемадзеянне з сангвінікам, паколькі апошні здольны дапамагчы яму ў працэсе навучання. Сангвініку трэба менш часу на выкананне якога-небудзь задання, таму ён зможа нешта падказаць флегматыку і паскорыць яго.
Рассадка дзяцей у класе – цэлае мастацтва. Улічыць трэба ўсё: наколькі добра будзе засвоены навучальны матэрыял, за якой партай дазваляе сядзець дзіцяці стан здароўя і нават, ці сумяшчальны ён псіхалагічна са сваім суседам па парце. Такія калянавучальныя нюансы могуць выдатна паўплываць на паспяховасць. А значыць, правільная іх карэкціроўка дапаможа і ў лепшым засваенні ведаў...
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by