Першы дэкрэт – тое яшчэ выпрабаванне як для фізічнага, так і для нервовага стану мамы. Сацыяльная ізаляцыя, раптам звалілася вялізная адказнасць, недасыпанне, стомленасць, пачуццё віны, «дзень сурка», які зацягнуўся... Працягваць гэты «адпускны» набор можна доўга.
Ці можна падрыхтавацца да дэкрэту так, каб ён прайшоў максімальна прыемна? Лайфхакамі прама з дэкрэтнага адпачынку падзялілася літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая Марыя Дуброўская.
Лайфхак 1. Забудзьцеся на перфекцыянізм.
Як толькі жанчыне, якая яшчэ 9 месяцаў таму асабліва не мела паняцця пра дзяцей, уручаюць у рукі нованароджанага, яна аўтаматычна пачынае лічыцца экспертам па ўсіх дзіцячых пытаннях. Імкненне зрабіць усё правільна, не нашкодзіць малышу, заставацца на ўзроўні і быць добрай мамай разам з вострымі пытаннямі па наладжванні груднога выкормлівання, арганізацыі побыту, гарманальнымі перабудовамі, мноствам дарадцаў вакол ды іншымі чароўнасцямі можа загнаць жанчыну ў сапраўдны неўроз. Паспрабуйце расслабіцца і паўтараць сабе як мантру: «Я дастаткова добрая маці для свайго дзіцяці».
Лайфхак 2. Перастаньце планаваць.
Ідэальная мама ў сваім правільным свеце з малюнка паспявае і немаўля даглядаць, і абед з трох страў прыгатаваць (яна ж сядзіць (!) дома), гэты самы дом ідэальна прыбраць, наведаць усе свецкія раўты і дабрадушна вышываць крыжыкам у спакоі і ўтульнасці. Жыццё мамы ў дэкрэце ў рэальнасці зусім не падобнае на гэты рамантычны малюнак.
Лайфхак 3. Забіце прадуктамі халадзільнік.
Вельмі смешнае на першы погляд правіла. Але як жа вы будзеце ўдзячныя сабе за тое, што адважыліся на гэты крок!
Лайфхак 4. Прасіце аб дапамозе адрасна.
Часта прасіць аб дапамозе кагосьці замінае гордасць ці той жа перфекцыянізм. Часам здаецца, што навакольныя ніколі не павінны здагадацца, як жанчына выматана. Насамрэч аб дапамозе проста трэба ўмець папрасіць. Для мамы ў дэкрэце – жыццёва неабходны навык.
Лайфхак 5. Знаходзьце час для сябе.
Нават пры вялікай любові да малыша мама ўсё ж такі застаецца асобным чалавекам. І гэтаму чалавеку важна клапаціцца пра сябе. Псіхолагі рэкамендуюць: паспрабуйце выкройваць хаця б гадзіну штодня на тое, каб патраціць гэты час толькі на сябе. Папесціце сябе любімай кнігай або серыялам, паклапаціцеся пра сваю скуру, валасы. Мама застаецца жанчынай і цікавым чалавекам, нават калі яе свет часова круціцца вакол падгузнікаў ды кашаў.
Лайфхак 6. Стварыце кола аднадумцаў.
Сацсеткі, вайбер-чаты – тое месца, дзе лёгка можна сустрэць аднадумцаў, падзяліцца сваімі праблемамі і перажываннямі ў любы час дня і ночы. Стасункі з тымі, хто сапраўды цябе разумее, выдатна дапамагаюць зменшыць градус напружання. Нядрэнна пакідаць сувязь і з сябрамі «з мінулага жыцця». З імі можна пагаварыць на адцягненыя тэмы.
Лайфхак 7. Збярыце карысныя кантакты.
Тыя ж чаты, стасункі на форумах і водгукі ў інтэрнэце дапамагаюць мамам загадзя сабраць спіс самых-самых патрэбных і лаяльных урачоў, парады якіх могуць спатрэбіцца. З такім спісам жывецца спакайней.
Лайфхак 8. Навучыцеся атрымліваць асалоду разам з малышом.
Уменне сыходзіць у свет дзяцінства, развіваць сваё ўяўленне, тварыць разам... Дэкрэтны адпачынак – гэта не толькі пра недасыпанне і трывогі. Гэта пра выдатную магчымасць атрымліваць асалоду ад жыцця зноўку так, як гэта ўмеюць толькі маленькія дзеці. Ваш малыш дапаможа вам прыгадаць самыя чароўныя станы дзяцінства.
Дэкрэтны адпачынак – не толькі побыт і стомленасць. Гэта выдатная магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і пражыць кожны яго момант свядома побач са сваім малышом. Пэўныя невялікія хітрыкі дапамогуць зрабіць гэты перыяд больш прыемным і запамінальным.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by