За апошнія два стагоддзі чалавецтва перажыло 7 пандэмій халеры, агульная працягласць якіх склала 103 гады. Самая доўгая доўжылася 24 гады — з 1899 па 1923-ці. На жаль, не абмінула хвароба і Беларусь: успыхвалі эпідэміі, выміралі цэлыя вёскі, будаваліся халерныя баракі…

Карціна Роберта Сеймура "Халера топчыцца па людзях" (1831).
З гісторыі…
Першыя вядомыя выпадкі халеры зафіксаваныя ў медыцынскіх запісах V стагоддзі да н.э., і з тых часоў халера не раз наносіла масавыя смяротныя ўдары па чалавецтву. Калі чуму і воспу людзі адолелі, то гэтая хвароба і па сёння нішчыць насельніцтва Зямлі.
Першыя эпідэміі халеры пачыналіся ў Індыі і далей распаўсюджваліся па кантынентах разам з развіццём гандлю. Упершыню ў Еўропе эпідэмія халеры з’явілася ў пачатку 19 стагоддзя з Ірана праз Турцыю. Спачатку яе не адрознівалі ад сярэднявечнай чумы.
Самая першая пандэмія халеры Беларусь, ды і Еўропу ў цэлым, абмінула. З 1816 па 1824 гады яна лютавала ў Азіі і дайшла да Астрахані. Затое другая, што распачалася ў 1829-м годзе, распаўсюдзілася на ўсе кантыненты. Прыйшла яна і ў нашу краіну. Па беларускіх землях моцныя хвалі халеры прайшліся ў 1831, 1848, 1855, 1893 і 1910 гадах. У Гродзенскай губерні, напрыклад, з красавіка па кастрычнік 1831 захварэлі 1942 чалавекі, з якіх амаль палова (48,7 %) памерлі. Высокая лятальнасць тлумачылася адсутнасцю як ведаў аб прыродзе хваробы, так і эфектыўных метадаў лячэння.
Наступныя эпідэміі — у 1848, 1853 і 1855 гадах — таксама закранулі гэты рэгіён. Напрыклад, у 1853 годзе ў Гродзенскай губерні зарэгістравалі 727 выпадкаў з лятальнасцю 32 %. У Лідзе ў тым самым годзе халера з'явілася з-за рэкрутаў, якія праходзілі праз горад.
Кожная ўспышка суправаджалася панікай, чуткамі і недаверам да ўладаў.
У Мінску у 1848-м годзе халера «выкасіла» 1100 чалавек. На гэты раз хваробу завезлі з Турцыі. А брамай, праз якую яна ў 1865 годзе пракралася ў Расійскую імперыю, стала Адэса, адкуль халера пайшла па ўсёй краіне. Да 1866 года эпідэміяй было ахоплена 49 абласцей і губерняў, у тым ліку Мінская і Магілёўская.
Пошасць 1893 года на беларускія землі была занесена параходамі праз Кіеў — найперш у Пінск. У той час у Пінскім павеце павыміралі цэлыя вёскі. Затым хвароба распаўсюдзілася па Бабруйшчыне і Навагрудчыне. У Любчы захварэла 14 чалавек на вуліцы ўздоўж Нёмана, і 9 з іх памерла.
Такія гарады, як Мінск, Гродна, Віцебск і Магілёў, пакутавалі мацней з-за шчыльнага насельніцтва і дрэннай санітарыі.

Вобраз смерці, якая выкашвае с хворых халерай. Вокладка часопіса пач. XX века.
Народныя ўяўленні і метады лячэння
Беларусы даўней халеру ўяўлялі як жанчыну ў белым адзенні з распушчанымі валасамі і палаючымі вачыма, якая раскідвае нейкае шкоднае зерне, з хуткасцю маланкі лётае па гарадах і вёсках, пазначае дамы, дзе потым памруць людзі. Таксама халера магла з’яўляцца ў вобразе дзяўчыны, якая атручвае паветра, махаючы чорнай або чырвонай хусткай. Вядомыя персаніфікацыі халеры і ў выглядзе чорнай каровы або белага сабакі.
Калі хвароба прабіралася ў вёску і пачынала там лютаваць, то на дарогах раскладалі жывы агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Такі агонь павінен быў гарэць дзень і ноч. Таксама па абодвух канцах вёскі закопвалі ручнік-абыдзённік, папярэдне напрадзены і вытканы за адну ноч. А на гэтых месцах ставілі ахоўныя драўляныя крыжы. Бывала вёску абводзілі ніткай, спрадзенай за адну ноч. Вядомыя і выпадкі, калі на хатах, варотах і дзвярах дзёгцем рабілі надпісы накшталт: “Дома нікога няма”. Дзейснымі ад хваробы лічылі амулеты з костак і сківіц шчупака, якія таксама замацоўвалі на хатах.
Шырока быў распаўсюджаны абрад абворвання вескі — правядзення вакол паселішча магічнай баразны. У розных раёнах абрад праводзіўся па-рознаму. У ім звычайна ўдзельнічалі цнатлівыя дзяўчаткі-падлеткі, удовы, салдаткі. Яны збіраліся разам, распраналіся дагала, распускалі валасы, упрагаліся ў саху і праводзілі магічную баразну вакол вёскі, на месцы злучэння ставілі крыж. Рабілі гэта апоўначы ці да ўзыходу сонца. Уся працэсія паднімала неймаверны шум і крык, каб напалохаць і выгнаць халеру з паселішча.Часам для гэтага нават забівалі котку ці сабаку, якія выпадкова сустрэліся на шляху шэсця, бо лічылі, што ў іх ператварылася хвароба.

Рытуальнае абворванне.
Калі аднавяскоўцы ведалі пра выкананне абраду, то зачынялі свае вароты, дзверы і вокны. Калі ж гэта рабілі таемна, то выпадкова сустрэтага мужчыну маглі і пабіць. Месцамі абрад выконвалі браты-блізняты на валах-блізнятах ці запрагалі двух аднагодкаў-цёзак з аднолькавым колерам валасоў.
Шматлікія звесткі захаваліся пра тое, што пасля таго, як эпідэмія мінала, у памяць збаўлення ад яе ладзілі хрэсныя працэсіі, ставілі каплічкі, калоны, крыжы і камяні, на якіх выбівалася памятная дата.
Жахлівыя абрады і забабоны
У 19 стагоддзі існавала павер’е, што калі разам з нябожчыкам закапаць жывымі чорную котку, сабаку ці курыцу, то хвароба знікне. Так, у сяле Бронным Рэчыцкага павета падчас эпідэміі халеры жывымі закапалі ката і шчупака. У вёсцы Каменка на Навагрудчыне адзін селянін разам з памерлым сынам закапаў восем жывых катоў.
Зафіксаваныя выпадкі, калі раскопвалі магілу памерлага ад халеры, адсякалі яму галаву, клалі яе паміж ног і зноў засыпалі. У этнаграфічнай літаратуры сустракаюцца звесткі, што пасля раскопвання магілы першага памерлага ад халеры, у яе ўбівалі асінавы кол і былі ўпэўнены, што пошасць пасля гэтага спыніцца. У 1848 годзе святар з вёскі Вялікія Жухавічы (цяпер на тэрыторыі Карэліцкага раёна) паведамляў ў Навагрудскую паліцэйскую ўправу, што па парадзе фельчара Афанасія Рубцова сяляне сабраліся на могілках, раскапалі магілу Юстыны Юшковай і ўбілі туды асінавы кол. Потым засыпалі пахаванне і разышліся ў спадзяванні, што халера знікне. Але эпідэмія працягвалася яшчэ два тыдні. Разам з іншымі памёр і ініцыятар падзей фельчар Рубцоў.
Па судзебных справах вядомыя і чалавечыя ахвярапрынашэнні. У некаторых вёсках ў сярэдзіне 19 стагоддзя існавала жудаснае павер’е: калі жыўцом закапаць першага хворага, то знікне і сама халера. Урадавы часопіс “Журнал Министерства Юстиции” і газета “Неделя” паведамляюць пра шэраг такіх выпадкаў. Так, у 1831 годзе ў вёсцы Любішчыцы Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён Брэстчыны) паклалі ў яму і жывой закапалі жанчыну з пеўнем і варонай. Потым сяляне, якія ўдзельнічалі ў такім абрадзе, былі пакараныя ўдарамі бізуна і сасланыя на катаржныя работы.
У гэтым жа годзе ў адной з вёсак на Гродзеншчыне жыўцом сабраліся пахаваць нават святара. Ён выратаваўся тым, што ўпрасіў сваіх прыхаджан даць яму магчымасць падрыхтавацца да смерці.

У пасцелі хворага.
У 1855 годзе ў вёсцы Аканавічы (цяпер гэта тэрыторыя Карэліцкага раёна) фельчар Андрэй Казакевіч зацягнуў на могілкі 70-цігадовую Лукію Манькаву і ў час пахавання памерлых ад халеры дзяцей кінуў яе ў яму. Потым усе прысутныя засыпалі магілу. У Навагрудскім земскім судзе па гэтым здарэнні была ўзбуджана крымінальная справа. Потым справу з-за яе незвычайнасці перадалі ў Мінскі губернскі крымінальны суд, а затым у Санкт-Пецярбург на разгляд Урадавага Сената. Вінаватых у Навагрудку публічна пакаралі 70 ударамі і на 12 год саслалі на катаржныя работы ў руднікі.
У 1872 годзе газета “Неделя” ў артыкуле пад назвай “Варварство народного суеверия”, падпісанага крыптонімам А. С., прыводзіла выпадкі з вёскі Таркачы (цяпер на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна Гродзеншчыны). Аўтар паведамляе, што гэтую гісторыю яму ў 1860-я гады расказала сялянка Марцэля Майсейчыкава, якая выпадкова выратавалася ад смерці.
Разам з трохгадовай дачкой Аленай яна захварэла на халеру. Аднаго дня раніцай да яе прыйшла павітуха і сказала па сакрэце, што аднавяскоўцы вырашылі яе пахаваць жыўцом дзеля спынення халеры і параіла рыхтавацца да смерці. Марцэля пачала плакаць і кленчыць, што не хоча паміраць, што ў яе малыя дзеці. Хутка ў хату прыйшлі п’яныя сяляне, а з імі нават дзясяцкі. Яны заяўлялі, што святар дазволіў правесці з ёй такі абрад. Выратавала тое, што неўзабаве прыйшоў кум жанчыны і, даведаўшыся пра сітуацыю, запатрабаваў спытаць дазволу ў валасным праўленні. Неўзабаве прыбеглі брат і муж Марцэлі ды выгналі сялян з хаты.
Але тыя не супакоіліся і праз дзён пяць пахавалі іншую жанчыну – Соф’ю Майсейчыкаву. У яе не было родных, якія маглі б абараніць яе…
Ліхаманка — дух небяспечнай хваробы Як спраўляліся з ёй даўней беларусы?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by