23.07.2024
23.07.2024

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 5 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Колькі часу ні хадзілі Ягорка са сваім сябрам мурашом Грышкам, ды заўсёды радасцю і ўзнёслым настроем дарогу мералі. Вось толькі прымчаліся спытаць у пчолак, як ім новае жытло. А тыя здаля, убачыўшы іх, радуюцца сваім збавіцелям, дзякуюць. І самі і мядок для іх рыхтуюць.

— Ці ведаеш, Ягорка, што перад засухай пчолы становяцца злейшымі, часцей кусаюцца?

— Напэўна, чуў. Але я асабліва гэтым не цікаўлюся. Мой дзядуля – іншая справа.

— Ты зірні, зірні! Як яны працуюць! Да вячэрняй зары, стараюцца як бы кампенсаваць сваёй “звышурочнай” працай мінулы прастой.

— У кожнага свой клопат, дружа. І сваё прызначэнне,- адказваў Ягорка.

Не маглі і нашыя хлопцы марна час бавіць. А зараз і пагэтуль: цяпер лацвей на скутары рассякаць ранішняе паветра. Некалі размова пра скутар, як бы жартам, вялася між сябрамі. Але Мураш заўсёды памятае сказанае ім. І выконвае.

— Як гэта ў цябе ўсё ў галаве трымаецца? – іншым разам распытваў Ягорка.

— А вельмі проста: усе патрэбнае я пра сябе прашэптваю, а перад сном аналізую кожную хвіліну пражытага дня.

— Во як! А я гэта не адну гадзіну корпаўся ў розных даведніках: хацеў даведацца пра жывёлу з самымі вялікімі мазгамі.

— І што, дакорпаўся?

— Так. І я вельмі шчаслівы, што гэтая жывёліна – гэта ты, Мураш! – Мой сябра з самымі вялікімі мазгамі ў адносінах да цела!

— Гэта ты радуешся ці насміхаешся?

— Грышка, дружа, канешне ж шчыра радуюся!

— Ну і радуйся сабе на здароўе! Але калі я табе раскажу пра не менш загадкавых суродзічаў, ты што будзеш рабіць? Смяяцца ці здзіўляцца?

— Не ведаю! Калі ядуць упоравень з чалавекам – здзіўляцца, калі лепей за цябе выконваюць розныя трукі. Але давай, расказвай, — нясмела сказаў Ягорка. Сказаў, але сам неяк суцішыўся: раптам штосьці незвычайнае пачуе. І як сябе павесці перад сябрам?

— Пра мураша Кулю чуў?

— Кулю? Не!

Ягорка наструніўся.

— Дык вось, гэты від суродзічаў жыве на дрэвах. Аднак, калі чуе небяспеку тут жа саскоквае долу. І пры гэтым … крычыць немым голасам, адначасова выпускае сваё вострае джала для самаабароны. Дарэчы, джала ў таго мураша вастрэй за кап’ё, куля няйначай: лёгка прабівае жалеза. Ад яго ўкусу можна нават памерці.

— Цікава, нічога не скажаш. А што яны яшчэ там могуць?

— А цяпер ты здзівішся яшчэ больш. Гэтыя качавыя мурашы з назваю Эцытон Бурчэллі (напэўна, італьянцы)  —  адзіныя жывыя істоты на планеце, якія ствараюць  творы “арганічнай  архітэктуры”. Яны вельмі вялікіх памераў, а сківіцы маюць вельмі вострыя. І могуць не толькі лёгка адстаяць сваю тэрыторыю, але і смела знішчаюць любую жывую істоту, незалежна ад яе памераў. І вось яшчэ.  Для дабрабыту сваёй калоніі з мільёнаў асобін здольныя пабудаваць са сваіх целаў любое збудаванне – сцены, масты. – Ну, як здзіўлены?

— Вельмі здзіўлены! Але гэта ніяк не паўплывае на нашае сяброўства. Усяго толькі факты! Ды нейдзе там, далёка. А мы з табою тут і цяпер, і нясём радасць і дабро!

— Няхай сабе і так, але ж ты павінен ведаць і гэтыя факты. Не забывайся на тое, што ты вучань гімназіі і павінен ведаць больш за іншых!

— Дзякуй! Згодны. Ну, дык што там на сёння?

— Ведаеш, дружа, няхай і даўно гэта сталася, але з маёй галавы ўсё ніяк не выходзіць адзін мураш-вандроўнік. Чаму ён, убачыўшы мяне ўпершыню так абразліва дражніў, што раззлаваў мяне.

— І што?

— А тое: завошта? Здаецца, нікога не зневажаў, не крыўдзіў, і раптам пачуць такое! Ды ад каго? Ад невядомага вандроўніка, які ныраў і бульк-бульк-бульк, выпускаў з-пад вады вялізныя бурбалкі і паказваў язык.

— Ну і няхай сабе!

— Як гэта — няхай? Ты ж ведаеш: творчую асобу пакрыўдзіць на раз-два. Вось нядаўна, ты таксама павінен памятаць. Як гусяняты з качанятамі ганяліся за мною, каб з’есці. Але я не даў ім такой радасці, а ўскочыў на дрэва. І не пасміхаўся, а наадварот прапаноўваў: як убачылі – крычыце, як дагоніце – хапайце!, не маўчыце – здабывайце, смаката з мяне – клювайце!

Ягорка зразумеў, што Грышка не крыўдаваў асабліва, а толькі па-сяброўску пакепліваў з тых назалякаў. Тады вочы яго разгараліся, а яго цела яшчэ больш наструньвалася як перад самым адказным нумарам. І тут раптам такое! Вось і думаю, а што рабіў бы я ў такім выпадку? Каб у самае непрыемнае імгненне хтосьці замінаў? Напэўна, расхваляваўся б і прасіў бы дапамогі пазбавіць ад таго блазана?

А Грышка ўсяго толькі пільна і моўчкі паглядзеў у вочы таго вандроўніка. І, о дзіва! Адразу нечаканы ўдар паветра моцна прыйшоўся ў твар вандроўніка з гукам – бах-тара-рах! - і той не змог супрацьстаяць яго позірку, знік, штосьці мармычучы на развітанне.

А  калі агледзеўся: на яго пазіралі ўтаропіўшыся незнаёмыя кузуркі ды стракозы з шызымі крыламі. Глядзелі і, нібы папракалі яго за крыўду. Але Грышка і не думаў ні наракаці, ні апраўдвацца, толькі ўсміхнуўся – а дзе ж яго сябры? Але яго сябры сядзелі стаіўшыся ў траве, чакалі, каб напасці на Грышку і зрабіць штосьці такое, ад чаго знікла б цікаваць ва ўсіх сустрэчы з ім. Вядома, яго папулярнасць зацямняла іх, нават не якія-небудзь надзвычайныя здольнасці, а нават само існаванне як разумных істот.

— Аёечкі! – дзівіліся тыя, хто чуў тыя Ягоркавы разважанні. — І гэта столькі перажыванняў з-за нейкіх там дробязяў!

— Увага: каварныя дробязі! – зазначыў Ягорка. – Здаецца, самая звычайная, ну зусім невялічкая дробязь здольная часам моцна папсаваць наша жыццё. А настрой дык дакладна.

— Ды кіньце вы ўсё гэта ў самую вялікую торбу і – на сметнік! Хлопцы, Купалле на носе, а вы тут такія дробязі абмяркоўваеце! Няхай яны і жывуць са сваім жа каварным ядам! Айда, да возера!

Божая кароўка ў чырвоных маках

Божъя карощка щ чырвоных маках

Вечарэла. Зрэдку ўжо пырхалі матылькі і стракозы. І толькі конікі адно толькі і ведалі, што трашчаць. Ды высока ў небе звінела песня жаваранка.

— Хмары такія беленькія, чыстыя. Яны мусіць і мяккія, быццам пуховыя, га? – дзівіўся Ягорка. – Паўзуць марудна, як чарапахі.

— А куды ім спяшацца? Гэта нам патрэбна рупіцца! – звярнуў увагу мураш.

— Зірні, якая вясёлка павісла!

Удалечыні праплываў гурт хмар, а з-за яго  разлілося над зямлёй сонечнае святло і нарадзілася  яркая, вялізная-вялізная і шырокая арка  вясёлкі.

— Якая цяплынь! – радаваліся яны.

— Год павінны быць хлебародным, — адзначыў Ягорка. – Вунь, зірні, у кожным бусліным гняздзе малых не менш трох. Не трэба і прагнозы тыя слухаць: у цяжкія гады буслы слабейшых сваіх дзетак выкідваюць з гнёздаў. Ведаюць, што не пракормяць. Сёлета лацвей сямейству выкарміць.

— Вось якая разумная прырода! Усё прадугледзела, усім сваім насельнікам дала патрэбнае. Які цуд! – зазначыў мураш.

Аксамітная зеляніна палёў і лясоў, чыстае паветра абуджалі такі настрой, што хлопцам і самім хацелася ўзляцець у неба сінь і заспяваць песню. Ды неспадзявана сярод бязмежнага  макавага поля яны сустрэлі Божую кароўку.

— Мусіць тая самая, каторая на адным з нашых прадстаўленняў шкадавала, што не паспела падзякаваць за цудоўныя нумары?

— Так, гэта тая ж Багоўка. Я яе пазнаў. Яна тут надоўга спынілася. Так што і нам пара адпачыць, - прапанаваў Грышка.

— Давай! – пагадзіўся Ягорка.

Яны прымасціліся на мяккай траўцы. І пачалася бяседа.

— А ты ведаеш, Грышка, Божая кароўка прыносіць вялікую карысць – пазбаўляе расліны ад шкодных кляшчоў, рознай тлі.

— Няхай сабе! Але чаму гэтага, здавалася, звычайнага жучка так называюць? – цікавіўся дапытлівы мураш.

— Бачу ты ці не закахаўся ў таго чырвонага з чорнымі плямкамі жучка, а, Грышка? Няхай сабе і так! Дык вось, што я табе скажу: сама назва “кароўка” хутчэй за ўсё звязана з біялагічнай асаблівасцю жучка: ён можа даваць малачко, толькі не звычайнае белае, а рыжае, - як сапраўдны навуковец тлумачыў Ягорка. — Няўжо ты не бачыў? Такая вадкасць выдзяляецца на драпежнікаў, якія ўбачаць свой магчымы абед.

— Наколькі я ведаю: не чапаюць пацерку (так называем яе мы, мурашы) і з-за яркай афарбоўкі. Тая быццам папярэджвае: “Магу атруціць!” – І атручвала! Не чуў? Некалі адна справілася з цэлым роем чмялёў. Вось гэта дык да! Малайчына! Хаця знешне яна вельмі прываблівая і нагадвае хутчэй каравай, што сімвалізуе сонейка.

— Так, а “божая” таму што спакойная і лагодная, пры ўсіх гэтых чутках - усё хацеў давесці Ягорка, - і ўвасабляе веруючага ў Бога. – Дык вось, дружа, слухай. У славян існуе легенда. У Перуна была жонка, якую за здраду ператварылі ў божую кароўку, абпаленую караючым агнём – маланкай. Дзеці яе таксама караюцца агнём. З сямі дзяцей толькі сёмы вытрымлівае выпрабаванне. Таму богава кароўка лічыцца істотай, якая здольная ляцець да Бога і перадаваць яму розныя просьбы. Сама яе назва надае статус прыбліжацца да Бога.

— Ягорка, паслухай мяне! Выходзіць, што гэта “жывёліна” Усявышняга, якую нельга не тое што забіваць, а нават крыўдзіць?

— Так. Усё ты дакладна зразумеў. Мы, як былі меньшымі, успамінаў Ягорка, гаварылі ёй: “Божая кароўка, паляці на неба: там твае дзетачкі ядуць цукерачкі. Сама паясі і нам прынясі!” Дзьмулі на далонь, і Багоўка сапраўды адлятала ўгору, пакідаючы за сабой мора дзіцячага захаплення.

— Я тасама неаднойчы чуў, - казаў мураш, - як гэта істота выконвала ролю вестуна: у яе дзеці дапытваліся, ці добрым будзе надвор’е, старэйшыя – ці добрым будзе ўраджай і колькі засталося жыць гадоў…

— Пра жыццё нагадаў… Я дагэтуль не ведаю, Ягорка, дзе ўсё ж зімуюць гэтыя прыгажыя жучкі?  Няўжо, як і мурашы ў зямлі?

— Ды што ты, Грышка! Кароўкі-буроўкі на зімоўку адлятаюць у Вялікабрытанію. – Уяўляеш, гэта не буслы ці гусі – вялікія птушкі, а тут агромністыя чароды гэтых пунсова-чырвоных кропак пакрывае ўсё неба. Пры благім надвор’і  ці пры пералёце цераз праліў Ла-Манш апускаюцца прама на ваду, і хвалі выносяць на бераг суцэльную вогненна-чырвоную паласу. Прасохнуўшы на сонцы, яны працягваюць свой шлях.

— А як жа самалётам яны не замінаюць?

— Замінаюць! Бывала што па некалькі самалётаў за адзін узлёт збівалі. Цікава тое, што, звычайна, у тых самалётах знаходзіліся ваяўнічыя і злыя чыноўнікі.  Так што гэтыя жучкі карысныя ўдвайне, - падагуліў Ягорка.

— Яны так і вандруюць паміж зямлёй і небам?

— Пакуль так. Можа што інакшае для іх прыдумаеш?

— Смяешся? Гэта калі прырода пастараецца, - адказаў мураш і незнарок паглядзеў у бок, дзе забаўлялася Багоўка.

 

А тут такі духмяны пах стаіць! Прыгледзеліся: сярод сонечнай палянкі невялічкі чырвоны жучок з сямю чорнымі кропачкамі на спіне збірае, што б вы думалі?  Суніцы!  Ад такога смачнага паху мураш ажно ледзь не задыхнуўся. Як на сапраўднай цукерачнай фабрыцы.

— І каго гэта прыгажуня такой смакатой будзе частаваць?

— А, гэта вы! – не адрываючыся ад работы, прамовіла Багоўка. – Іду на Свята Сонца, а з пустымі рукамі сорамна з людам сустракацца. Там будзе шмат маіх знаёмых. Будзем варажыць на будучыню: вянкі плесьці ды пускаць па вадзе. Ды і папараць – кветку шукаць.

— Ну, а калі ты знойдзеш тую кветку, што будзеш рабіць?

— Па-першае, мураш. Пошукі папараць-кветкі адкрываюць звышздольнасці разумець размову звяроў і птушак, бачыць русалак і назіраць, як у лесе гуляюць дрэвы, - тлумачыла Багоўка. Мураш ажно рот прыадкрыў. – Асобны дар, - яна працягвала свой урок, — у гэтую ноч уладальнік папараці-кветкі здольны выявіць любы скарб.

— Няўжо? А дзе больш за ўсё верагодна шукаць яе, тую кветку? – не адступаўся зацікаўлены мураш.

— Гэта не так усё проста! Патрэбна багата розных абрадаў правесьці: і палявых лекавых траў-зёлак назбіраць, насушыць ды папрымаць для ачышчэння і аздараўлення. Надоечы абавязкова памыцца і папарыцца ў лазні, выкарыстаўшы пры гэтым розныя духмяныя травы ці пакупацца патрэбна, бо сёння вада валодае асаблівай ачышчальнай сілай. Паскакаць цераз вогнішча. А назаўтра яшчэ і пакачацца па расяным лузе. Яшчэ больш ачысціцца. Толькі ўсё гэта разам забяспечыць добрае здароўе на цэлы год.

— Вось ты, Багоўка, нагаварыла нам, дык нагаварыла. Я ўжо і забыўся на ўсё, а трэба ж выканаць хаця б тое-сёе. Вось ты сказала варажыць на будучыню? Як гэта па плывучаму вянку даведацца пра сваё шчасце? – зацікаўлена спытаў Ягорка.

— Вельмі проста, Ягорка! – Калі вянок заплывае далёка, гэта абяцае шмат шчасця ў жыцці. А калі вянок тоне (і такое  бывае!), то блізкіх адносін з загаданым абраннікам не атрымаецца. Таму некаторыя дзяўчаты плятуць і па два вянкі – для жаніха і нявесты.

— Цікава! – Грышка яшчэ шырэй рот адкрыў.

— А як ты думаў? Не ўсё так проста! – працягвала Божая кароўка. Калі плынь злучае два вянкі, то неўзабаве адбудзецца шчаслівае вяселле.

— Я чуў яшчэ і пра абрадавую багатую вячэру! Што з гэтым? – не сунімаўся мураш Грышка.

— Не хвалюйся, дружа, мая бабуля па вяртанні згатуе нам шыкоўную вячэру, - адказаў Ягорка. – І мажліва на траіх.

— Вось ты ўжо запрыкмеціў! Дык гэта толькі пасля забаў, а цяпер нам яшчэ колькі дабірацца да галоўнага Купальскага свята!

— А мы зараз жа бяром з сабою гэтую хадзячую сунічку і мчымся на свята. Праўда, калі яна таго пажадае, - сказаў упэўнены мураш.

— Пагодзіцца! У такіх прыгожых істот, ды ў такі дзень, калі колькасць кропачак на яе сукеначцы супадае з лічбаю календара, шчаслівае будучыня, - дружалюбна пасміхаўся Ягорка. — Высокая інтуіцыя ў такіх істот. Вось пабачыш: у табе яна бачыць шчырага паплечніка.

— Я згодная! Паехалі. Я не маю права спазняцца, таму што павінна паказаць дзяўчатам новыя ўзоры вянка ў выглядзе спелай суніцы, — адказала Багоўка. – Свята Сонца – гэта радасць сустрэцца з сябрамі, атрымаць штосьці новае для сябе, набыць новых сяброў і своеасаблівы вопыт.

Начныя прывіды па дарозе да свята сонца

І памчаліся яны за трыдзевяць земляў ад сваіх родзічаў. Скутар ехаў роўна, але даволі хутка. Ягорка, час ад часу, аглядаўся назад: ці не згубіў сваіх бязважкіх пасажыраў. Сам жа ўспамінаў, як у вольную хвіліну хадзіў да возера ці на рэчку, якія былі зусім побач з вёскаю дзядулі з бабуляю. Клаўся на мурожную траву, глядзеў на высокія яліны ды бярозы, якія ледзь варушыліся на лёгкім ветрыку, і тады да яго прыходзіла музыка.

— Ягорка, што ты там мурчыш? – пытаўся мураш.

— Ды так, проста хочацца спяваць пад мелодыю ветра, - адказваў, стараючыся перакрычаць вецер.

— На дарогу лепш глядзі, а то ўжо шарэе і начныя прывіды вось-вось павінны выходзіць! – прыстрашваў смелы мураш.

Ягорка толькі весела хмыкнуў пра сябе і лёгенька націснуў на газ.

Не паспеў уключыць фару, як высачэзныя гмахі вырасталі з цемры, нібы начныя шэрыя прывіды. “А можа гэта банда крыважэрных пачвар, якія, здаецца, хочуць нас паланіць? – думаў пра сябе Ягорка. – А можа і яны таксама крочаць на свята? А можа за намі сочаць, хаваючыся за кустамі, за стваламі дрэў? Яны, відаць, хочуць, каб мы спыніліся на безлюднай дарозе. Бач, — разважаў перапужаны хлопчык, — як у тых фільмах, свецяцца.

Разважаў, але сваімі ўраджаннямі не дзяліўся. А калі і тыя, што за імі цікуюць таксама ахвяры выпадку, пакрыўджаныя? І такім чынам захацелі выказацца. Няўжо ніводзін не празрэе, што пужаць іншых – гэта брыдка, жорстка, урэшце рэшт.

А можа гэта справа лютага і страшнога змея, што кольвечы быў у гэтых краях? А што, калі зноў панадзіўся? І ўжо на прывале за намі сачыў? Даведаўся пра наш шлях, а зараз напусціў сваіх чаляднікаў. Сам жа дзесьці сядзіць у велікапышным палацы і чакае… А чаляднікі ўжо пераследуюць, амаль усутыч падступаюць. А што, калі спыніцца ды правучыць іх: кінуцца няўцям напярэймы і добрым кіем хвоснуць з усяе сілы, каб не пужалі болей! А што, калі я, як будучая ахвяра, зрабіў іх, прывідаў, натуральнымі ў сваім уяўленні?..

Сэрца сціскалася ад страху. Здавалася, злыя чарадзеі  з прагнасцю глядзяць на іх, так і чакаюць, калі спыняцца і тады…

Кіроўца рабіўся ўсё змрачнейшым. Грышка адчуваў стан сябра, але маўчаў, ведаў, што гэта часовае і вось-вось вырашыцца станоўча.

Вось табе маеш! Хочаш вер, хочаш – не вер! Але на гэты раз прымхі яго перамаглі. Адвярнуўся Ягорка да сваіх спадарожнікаў і асцярожна націснуў на чароўны гузічак на камізэльцы прыдрамалага мураша. Ён і вохнуць не паспеў, калі ўзняў вочы: ажно па лесе ззянне разлівалася. Бралася на відно. Малочна-белае святло нясмела прабівалася скрозь кроны ўзлеску.

Абапал дарогі – дрэвы стаяць і аб нечым таемным шэпчуцца. “Можа, прачыталі мае думкі-разважанні і зараз пасміхаюцца? Добра, што думкамі тымі ні з кім не дзяліўся?” – разважаў Ягорка, весела скалануўшы плечы.

Раптам дзесьці з кустоўя пачулася бадзёрая песенька салоўкі. Гэта ён, ранішні пявун, пацяшаў вандроўнікаў.

Пасажыры-вандроўнікі прачнуліся. У паветры расплываўся  свежы водар быццам ад мільёна руж: гэта кожная сунічка ў кошычку Багоўкі зашавялілася, даючы зразумець, што чарадзейнае Свята сонца пачалося.

Ягорку, мураша Грышку і Багоўку сустракалі як ганаровых гасцей.

— Якое шчасце мець столькі сяброў! – казалі нашы героі.

Яны з радасцю паказвалі сваё ўмельства і мастацтва, спрыт і кемлівасць.

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 6 (казка) + аўдыё

Частка 1  Частка 2  Частка 3  Частка 4

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"