Што за дзіўныя людзі – казачнікі! Нібыта небыліцы плятуць – а словы іх у думкі праўдзівыя складаюцца.
Каб упэўніцца ў гэтым, дастанем з паліцы кнігу казак Пятра Сіняўскага «Зачараваная гаспадарка» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2013. Маст. Марыя Каратаева) і прачытаем… ну няхай сабе вось гэта, пра палац ліхога Змея Гарынавіча, які людзей пад страхам трымаў:
«…быў той палац ліхам крыты, жорсткасцю збіты, падмуркам была яму хлусня, хітрыкі – дзвярыма, вокны на плётках віселі, сцены з нагавораў складзены, печы – з ленасці».
Як гучыць беларускае слова ў дзіцячых кнігах? Разглядаем «Кніжную паліцу» Алены Масла
Аднак «…не мог ён устаяць хвіліны перад праўдзівым і сумленным чалавекам». Таму перамог Змея Гарынавіча і разбурыў яго палац хлопец Алесь – «…у жыце хрышчоны, у лузе спавяданы, хлебам гадаваны, працай навучаны. У яго ж рукі ад зямлі чыстыя, душа ад неба светлая – а такім чужое шчасце вочы не засціць».
Цытаты гэтыя – з казкі, якая дала назву зборніку – «Зачараваная гаспадарка».
«Казку казаць – не снапы вязаць. Языком малоць – што моркву палоць. Калі ёсць ахвота, сядай каля плота, слухай, матай на вус… Жыў ды быў адзін беларус. Багацце меў, бо стаяў ля хаціны хлеў. Тут жа пуня для сена, на дровы павець. Што яшчэ трэба мець? Во-во, здагадлівы: карову, цялушку, курэй… ну і гэдак далей.
І гэта не ўсё. Што даражэй любой навукі? Вядома ж, здароўе і моцныя рукі. Меў Гаўрыла і тое, і другое…»
Адным словам, шмат чаго меў Гаўрыла з-пад Полацка.
«Ды якая ж казка, калі ўсё добра! У казцы, як у жыцці: добра, добра, а потым як здарыцца, хоць у бубен бі, хоць у жалейку грай, а бядзе тое, па што прыйшла, – памры, а аддай. То не ў бульбе лебяда, а бяда дык бяда».
Зачаравалі гаспадарку Гаўрылы з-пад Полацка, жыццё стала не мілым. Выправіў ён сыноў – Глеба, Ніла ды Алеся ў свет – шчасця шукаць. Чым тыя пошукі скончыліся – я, парушаючы ўсе правілы захавання інтрыгі, паведаміла ў пачатку публікацыі. Не судзіце мяне строга – у казцы Дабро заўжды перамагае ліха, дык не грэх яе задам-наперад пераказаць, з добрага пачаць, каб настрой чытачам прыўзняць.
Але ж каб адужаць гэты шлях да казачнай перамогі – варта ўзяць у рукі кнігу і прайсці шлях разам з героем. Можа, у самой дзеі не будзе нечаканых паваротаў, бо казка традыцыйная паводле сюжэта. Але ж складзеная такой мовай – чытаеш як мёдам ласуешся! Пра такія казкі лішне апавядаць, іх варта слухаць і чытаць!
«…на свята ў Гаўрылы гасцей поўна хата. Затое ж калі работа – упоцемках абуваў-разуваў боты. Сала з часнаком, з хрэнам еў, малаком запіваў – мабыць, таму на марозе пацеў і ў спёку не млеў. Ладно, калі здаровы – усё адно, ці фасолю лушчыць, ці ехаць па дровы», — вось вам і гімн здароўю і народны рэцэпт на шляху да яго.
І што ні сказ – то песня! Не здарма па гэтай казцы ў 1990 годзе Віцебскі абласны тэатр «Лялька» паставіў спектакль «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка», які трымаўся ў рэпертуары шмат гадоў, а на «Беларусьфільме» знялі мультфільм.
У зборніку «Зачараваная гаспадарка» трынаццаць казак. «Янкава крынічка», «Пра вучонага сына і мудрага бацьку», «Замова на замову», «Чарадзейная груша»…
Вось яшчэ колькі ўрыўкаў з казкі «Самабраны абрус», пасмакуем разам: «Жыў-быў Мікіта: карыта разбіта, нячэсана воўна і ў двары работы поўна—каса не кляпана, канёк не каваны, мука не пытлявана, вяроўка парвана, ніўка не ўзарана…
Выйшаў Мікіта з хаты, глянуў наўкол — работы не адбавілася. Махнуў рукою: «Зраблю зімою».
І што вы думаеце? Выправіўся Мікіта за трыдзевяць зямель, на кірмаш да караля Саса, дзе «…каралеўскія піва, хлеб і мяса», – шчасця шукаць, а хапануў гора! Пабадзяўся па свеце, перш чым зразумеў, што «…не бывае… каб віламі не махаць, на пуп не падымаць, а толькі спаць, гуляць, пальцам ківаць ды на дзевак паглядаць». Зразумеўшы гэта, вяртаецца хлопец «…з-пад каралеўства Саса, не бачыўшы год ні хлеба, ні мяса». Хапаецца за працу дома, дзе «…усім вядома, салома ядома», – каб стаць Гаспадаром, якога не абміне шчасце.
Як адна – казкі Пятра Сіняўскага што крынічная вада. Які ў вадзе цуд? Спажываем і не думаем. Адымі ж яе – само жыццё апынецца пад пагрозай. Так і ў казачніка – нібыта ўсё звыклае, традыцыйнае, але расказанае так, што вяртае да родных крыніц і тлумачыць іх каштоўнасць. А калі сказаць прасцей – то чытаю асабіста я казкі Пятра Сіняўскага, а чую галасы маіх дзядулі і бабуляў. І тады, калі яны казкі баялі, і тады, калі навучалі як паводзіцца сярод людзей. Мяркую, такі цуд шмат каго са сталых чытачоў напаткае таксама.
Пачытайце казкі з «Зачараванай гаспадаркі» – шчыра раю. Побач з кнігай кладзіце аловак і нататнік – запісваць прыказкі ды прымаўкі, смачныя слоўцы. Хаця і запісваць не справіцеся, давядзецца завучваць казкі на памяць – так густа яны замяшаныя!
Казкі Пятра Сіняўскага – пра адказнасць чалавека за свой лёс, свае ўчынкі. Яго героі не баяцца пускацца ў дарогу, часам блукаюць і памыляюцца – але ўрэшце знаходзяць сябе і сваё шчасце. Акурат як і сам казачнік — пісьменнік, драматург, журналіст Пятро Сіняўскі (10.07.1946-8.02.2008).
Ён нарадзіўся ў Полацку, пасля сям’я пераехала на Міёршчыну. Жылі ў Клётавым Двары, пасля – у Язне, дзе юнак скончыў сярэднюю школу. Вучыўся ў Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, але не закончыў яго. Паступіў у Рыжскае вучылішча сродкаў грамадзянскай авіяцыі – аднак мусіў кінуць вучобу праз праблемы са здароўем…
У Рызе Пятро Сіняўскі пачаў наведваць літаратурныя курсы, якія вёў Мікалай Задорнаў, бацька артыста Міхаіла Задорнава. Па вяртанні ў Беларусь жыў у Міёрах, тут сончыў школу рабочай моладзі, працаваў будаўніком, слесарам… Калі ж працаваў меліяратарам Браслаўскай ПМК-145, пачаў пісаць у мясцовую «раёнку». У 1979-м па запрашэнні рэдактара Артура Карэнькі стаў творчым работнікам «Браслаўскай звязды» і паступіў завочна на факультэт журналістыкі БДУ. Пасля яго заканчэння ў 1985-м перабраўся ў Віцебск, працаваў у газетах «Віцебскі рабочы», «Народнае слова», «Жыццё Прыдзвіння», стаў сябрам Саюза журналістаў БССР і СССР.
Калі галоўны рэдактар «Браслаўскай звязды» даваў характарыстыку для паступлення, напісаў: «Хаця не такія частыя выпадкі, калі чалавек дазнаецца аб сваім прызванні ў сталым узросце, затое гэта акурат той выпадак, калі прызванне вызначаецца беспамылкова».
Пагаджуся з шаноўным рэдактарам! Казкі, якія праз усё жыццё ствараў Пятро Сіняўскі, як сведчанне таго, што казачнік, як і яго героі, знайшоў сваю дарогу.
Праўда, першы і пакуль адзіны зборнік «Зачараваная гаспадарка» выйшаў, калі казачніка не было ўжо з намі. На шчасце, сям’я ў Пятра Сіняўскага аказалася такой сама казачнай, як і ў яго творах: любячая жонка Саламея і дзеці, дачка Маргарыта і сын Зміцер. Яны парупіліся, каб кніга ўрэшце пабачыла свет. Зборнік невялікі, і ў ім – амаль уся казачная спадчына Пятра Сіняўскага. Але ж хіба справа ў колькасці? Бывае, і адно слова пераверне душу. А тут – ажно трынаццаць цудоўных казак!
Рукапіс знайшоў салдат на папялішчы дома. Містычны лёс «Сярэбранай табакеркі» Змітрака Бядулі
Чытай – і адпачывай, і адукоўвайся, і разважай. «Многа яшчэ дзівосаў – пешых і на калёсах…» сустрэнецца ў казках Пятра Сіняўскага. Можа, нехта і каштоўную навуку атрымае – як не баяцца жыць і шукаць здабываць казку свайго жыцця.
Дзе ўзяць: кніга Пятра Сіняўскага «Зачараваная гаспадарка» ёсць у бібліятэках. Яна ўключаная ў праграму пазакласнага чытання ў 5 класе.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by