Гэта казка — сапраўдная машына часу, бо яна здольная адправіць сваіх чытачоў у глыб стагоддзяў. Той, хто хоча здзейсніць дзівоснае падарожжа, павінны ўважліва чытаць і ўяўляць тое, пра што я распавяду.
Добрая фантазія прама цяпер пераносіць вас у раскошны каралеўскі палац. У вялікіх залах мітусяцца слугі, усе рыхтуюцца да Дня народзінаў юнай прынцэсы Агнэсы. Гасцей чакаецца шмат! З’едуцца розныя каралі, прынцы, імператары, цары… А ўсё таму, што адбудзецца не толькі Дзень народзінаў прынцэсы, але і агледзіны. Тата-кароль задумаў аддаць адзіную дачушку замуж. Маўляў, ён старэе, а так хоча ўнукаў дачакацца, каб ведаць, хто пасля будзе дзяржавай кіраваць. А дзяржава яго магутная, вялікая і багатая. Нават калі б так здарылася, што ў караля зусім непрыгожая дачка, то жаніхі б усё адно ў вялізную чаргу сталі, абы такія валоданні прыдбаць. Але прынцэса была прыўкраснай, стройнай, разумнай. Хто ж не захоча мець такую жонку ды яшчэ з багатым пасагам? Вось і з’язджаліся ў госці ўсе-ўсе халастыя каралі, прынцы, імператары, цары…
— Сумна мне, Праменьчык! — уздыхала Агнэса, гладзячы свайго любімага белага каня. — І чаму ў прынцэс такі лёс? Я хачу, каб мой жаніх кахаў мяне, а не мой пасаг, каб марыў мець вялікую сям’ю, а не вялікую дзяржаву, каб ён быў разумны, вясёлы, шчыры. Як знайсці яго, адзінага, сярод мноства прэтэндэнтаў? Хіба такую складаную загадку ім загадаць, каб толькі самы-самы і змог яе разгадаць.
Конь радасна фыркнуў і заківаў галавой.
— Што, Праменьчык, добра я прыдумала? — усміхнулася Агнэса.
Конь зноў зафыркаў і заківаў, быццам менавіта гэта і хацеў сказаць сваёй гаспадыні.
— Паедзем катацца! — ласкава сказала прынцэса каню і гучна загадала слугам: — Рыхтуйце збрую! Мы з Праменьчыкам пагуляць надумалі.
У той жа момант з’явіўся грум[1]. Юнак пачціва пакланіўся прынцэсе і выканаў яе загад. А калі яна паскакала на сваім улюбёнцы праз квяцісты луг, грум суправаджаў яе, едучы на буланым кані паводдаль.
Хоць і не ўмеў Праменьчык размаўляць, але падказаў сваёй гаспадыні загадку, якая была б па сілах толькі разумнаму і кемліваму чалавеку.
Назаўтра ў палац з’ехалася шмат гасцей. І кожны з іх імкнуўся з прынцэсай пагаварыць, на танец запрасіць, побач пастаяць, падарункамі здзівіць. У Агнэсы аж галава закружылася ад такой увагі. Баль быў раскошны. Госці частаваліся, танчылі, спявалі і як маглі імкнуліся запомніцца і спадабацца прынцэсе. А напрыканцы ўсе чакалі, каго яна абвесціць сваім выбраннікам. Кароль падзякаваў гасцям за ўвагу і даў слова любімай дачушцы. З заміраннем сэрцаў усе чакалі, чыё імя вымавіць прыгожы голас прынцэсы.
— Дзякую ўсім за віншаванні, танцы, падарункі! — пачала гаварыць Агнэса. — Я хацела б і парадаваць тату, і назваць аднаго з вас сваім жаніхом, але зрабіць выбар вельмі няпроста. Абяцаю выйсці замуж за таго, хто выканае маё заданне. Я асоба рамантычная, таму хачу, каб мой жаніх заваяваў маё сэрца. Для гэтага яму неабходна… выйграць вайну!
Усхваляваны шэпт пранёсся па зале. Каралі, прынцы, імператары і цары ўстрывожыліся такой прапановай.
— Маім жаніхом стане той, хто пераможа ў вайне. Распачаць яе давядзецца заўтра на досвітку.
— З кім ваяваць? — гучалі галасы самых адважных прэтэндэнтаў у жаніхі.
— З варожым войскам, — адказала прынцэса. — Ваяваць вам давядзецца седзячы і моўчкі. Няхай у вашых салдат не будзе ні штыкоў, ні стрэльбаў, а біць яны будуць наўскасяк.
— На што здатныя такія салдаты? — зашумелі каралі, прынцы, імператары і цары. — Так ваяваць немагчыма!
— Там, дзе адбудзецца гэты бой, — магчыма! — упэўнена сказала Агнэса.
— І дзе ж гэта? — запыталіся ахвочыя стаць жаніхом прынцэсы.
— Бой пройдзе на полі, дзе ў клетках томяцца дзіўныя жывёлы — коні без капытоў і сланы без хобатаў.
— Якое страхоцце! — гучала з натоўпу. — І што з гэтымі калекамі рабіць?
— Той, хто захоча перамагчы, павінен будзе з’есці варожага каня і закусіць сланом, — патлумачыла прынцэса.
Каралі, прынцы, імператары і цары моўчкі лыпалі круглымі ад здзіўлення вачыма.
— Яшчэ ў вашым узбраенні будзе ладдзя, — падказала Агнэса.
— Ладдзя на полі? Ваша Вялікасць, вы нічога не пераблыталі? — запытаўся стары сусед-імператар, які таксама вельмі хацеў ажаніцца з юнай прынцэсай і атрымаць магутную дзяржаву ў дадатак.
— Не пераблытала, гэта ладдзя даволі хутка рухаецца па полі, хаця нават вёслаў не мае, — запэўніла Агнэса.
— Такая незвычайная вайна, што нельга не спытацца: «А што трэба зрабіць, каб перамагчы?» — выгукнуў касавокі прынц далёкай краіны.
— Прабіць абарону і захапіць чужога караля! Але бойцеся яго каралевы, яна магутная і дужая! — гучна абвясціла прынцэса і дадала: — Як толькі вы здолееце ўзяць у пастку чужога караля, над полем прагучыць: «Кароль загінуў!» На гэтым вайна скончыцца, за пераможцу я і выйду замуж!
Зноў загаманілі разгубленыя каралі, прынцы, імператары і цары. Некаторыя з іх напружана разважалі над пачутым, некаторыя чухалі патыліцы і думалі, дзе шукаць тое поле, некаторыя вырашылі, што нават дзеля прыўкраснай прынцэсы разам з багатым пасагам не гатовыя яны пайсці ў такі жудасны бой.
— Вар’ятка! На полі бітвы сланы з адарванымі хобатамі і коні без капытоў… Каня з’есці, сланом закусіць! Сухапутная ладдзя… Прынцэса з глузду з’ехала! Я такую жонку браць перадумаў! — паціснуў плячыма стары сусед-імператар і адразу выправіўся дадому.
Прынцэса Агнэса з палёгкай уздыхнула, бо ніяк не хацела замуж за такога жаніха. А астатнім абвясціла:
— Заўтра на досвітку чакаю таго, хто ведае, дзе згаданае мной поле бітвы і войска. Дабранач, дарагія госці!
Раніцай у каралеўскі палац ніхто не прыйшоў, бо так і не здагадаліся, з кім ваяваць і на якім полі біцца. Каралі, прынцы, імператары і цары сабраліся каля палаца, каб паглядзець, ці знойдзецца той, хто выканае дзіўнае заданне прынцэсы.
— Бачыш, татачка, няма сярод гэтых прэтэндэнтаў ніводнага разумнага і кемлівага жаніха! — уздыхнула Агнэса.
— Занадта цяжкае заданне ты задала! — усміхнуўся кароль.
— Але ты, тата, адразу зразумеў, што я загадала? — прыжмурылася прынцэса.
— Я, вядома, здагадаўся. Але як жа мы цяпер мужа табе абяром? Сярод каралёў, прынцаў, імператараў і цароў не знайшлося такога ж кемлівага, як ты, мая разумнічка.
— Можа, пашукаць у народзе? — прапанавала Агнэса.
— Простага чалавека? — здзівіўся кароль. — Калі высакародныя жаніхі не рашылі тваю задачу, хіба простыя людзі здагадаюцца?
— Вось і праверым! — сказала прынцэса.
І кароль адправіў вяшчальнікаў з заданнем Агнэсы да простага народу. Не паспелі каралі, прынцы, імператары і цары здзівіцца такому загаду, як да ганка каралеўскага палаца падышоў юнак і пастукаў у цяжкія дзверы. Высакародныя жаніхі скасавурыліся на яго, зашапталіся. На балкон, які быў прама над ганкам, выйшла Агнэса.
— Чаго стукаешся? — запыталася яна.
— Гатовы змагацца за вас у вайне, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак.
— У той самай вайне, пра якую я гаварыла? — удакладніла прынцэса.
— Так, Ваша Вялікасць! — запэўніў ён.
— З кім будзеш ваяваць? Выбірай! — сказала Агнэса.
— Пэўна, не змагу знайсці саперніка больш сур’ёзнага за вас, мая прынцэса! — пакланіўся юнак.
— Ён збіраецца ваяваць з прынцэсай! Вар’ят! Кароль зараз жа зніме з плячэй яго бязглуздую галаву! — зашапталіся каралі, прынцы, імператары і цары.
Як жа яны здзівіліся, калі кароль у адказ на такую дзёрзкую прапанову толькі ўсміхнуўся і згодна кіўнуў галавой. І прынцэса Агнэса ў суправаджэнні бацькі тут жа спусцілася на ганак. Не міргаючы ўсе сачылі за тым, што тут зараз адбудзецца.
— Пачнём бітву? — усміхнулася прынцэса. — Якое войска выбіраеш? Чорнае ці белае?
— Няхай гэта вызначыць спадар Рандом! — адказаў юнак.
Усе каралі, прынцы, імператары і цары азіраліся па баках, шукаючы вачыма таго спадара Рандома. А тым часам юнак працягнуў прынцэсе рукі, заціскаючы нешта ў далонях. Без аніякага здзіўлення Агнэса паказала пальчыкам на правую руку хлопца-дзівака.
— У вас войска белае, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак, зазірнуўшы ў сваю далонь.
— Пачынаем бітву! Выводзім войскі! — абвясціла прынцэса.
Юнак расхінуў торбу, што вісела на яго плячы, і дастаў адтуль драўляную скрыню. І як толькі пабачылі яе каралі, прынцы, імператары і цары, то адразу зразумелі, што за загадку задала ім прынцэса. Полем бітвы, на якім меўся адбыцца бой, была шахматная дошка. На яе клетках з’явіліся сланы без хобатаў і коні без капытоў, роўным радам сталі салдаты-пешкі, якія сапраўды не маюць зброі і б’юць наўскасяк. Тут жа была і ладдзя без вёслаў, ну і, вядома, кароль з каралевай.
Прынцэса і хлопец-дзівак распачалі гульню. Ваявалі яны насамрэч моўчкі і седзячы. Па дошцы рухаліся фігуры. Каралі, прынцы, імператары і цары толькі і чакалі, хто ж скажа запаветнае: «Кароль загінуў!», ці, як належыць у шахматнай партыі, «шах і мат!»
Доўга працягваўся гэты бой, сапернікі былі аднолькава дужыя. Не ўдалося каралям, прынцам, імператарам і царам пабачыць здалёк, хто чыйго каня з’еў і сланом закусіў. Не прагучала і «шах і мат!» У гэтай партыі была нічыя.
— Хто ты, юнак, якога не здолела абыграць мая дачка? — запытаўся кароль.
— Ян, грум з вашай стайні, Ваша Вялікасць! — пакланіўся хлопец.
— Дзе навучыўся ты так гуляць у шахматы, Ян? — запыталася Агнэса.
— З маленства з татам за дошкай з чорна-белымі фігурамі вечары бавіў, — патлумачыў грум.
— Як і мы! — ласкава ўсміхнулася прынцэса, тулячыся да свайго бацькі.
— Калі спадабаўся ты маёй дачцэ, то я дам згоду на шлюб! — гучна сказаў кароль.
Зараз усе позіркі скіраваліся на Агнэсу. Яе шчокі заірдзеліся, доўгія вейкі апусціліся, хаваючы вочы.
Насамрэч яна адразу пазнала грума са стайні. З дзяцінства бачыла яго, непрыкметна назірала, як хлопец скакаў за ёй паводдаль падчас яе конных прагулак. І яе любімага Праменьчыка Ян сумленна даглядаў, конь давяраў яму. А так бывае толькі тады, калі чалавек добры — жывёлы гэта адчуваюць.
— Разумны, кемлівы… спадабаўся… — прашаптала бацьку Агнэса.
— Прынцэса выходзіць замуж! — абвясціў кароль. — Рыхтуемся да вяселля!
Ян стаў на адно калена і пацалаваў руку сваёй нявесты.
— Просты грум атрымаў у жонкі прынцэсу, багацце і вялікую дзяржаву! — нягучна сказала Агнэса. — Ты, пэўна, вельмі рады такой удачы!
— Мая нявеста падабаецца мне даўно. Яе пасаг не мае для мяне значэння, я буду шчаслівы мець вялікую сям’ю, а не дзяржаву, — адказаў Ян.
І прынцэса Агнэса зразумела, што сустрэла жаніха, пра якога марыла.
На іх шыкоўным вяселлі гуляла ўсё каралеўства. Гасцямі сталі і ўсе каралі, прынцы, імператары і цары, якія толькі ўздыхалі, зайздросцячы простаму груму. Апроч таго, усе яны захацелі навучыцца гуляць у шахматы, бо даведаліся, што гэта гульня робіць чалавека разумным і кемлівым. І ўвогуле, у жыцці такое ўменне можа спатрэбіцца.
[1] Грум — слуга, які суправаджае вершніка ці экіпаж.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by