01.12.2024
01.12.2024

Заслужаныя падарункі (казка) +аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

 


 

Дзівы-дзівосныя ў нашым жыцці не так ужо часта адбываюцца. У нашых дзяцей і ўнукаў яны часцей бываюць. У некаторых з іх занадта часта.

“А вось у нас, Эльфаў, дык калі разы са два на год. Вось і ў тую раніцу я, самы стары Эльф, прахапіўся ад нечаканасці і ажно прысеў на ложку. “Няўжо заспаў?” – мільганула маланкай трывожная думка.

У пакоі было зусім светла. Ён прынік да шыбы падвойнага акна і ўсё зразумеў: прыйшла зіма.

Навагоднія эльфы

Ішоў снег. Калыхалася белая заслона, і нячутным быў палёт махнатых сняжынак, якія пульхна клаліся, асыпаючы і мілуючы ціхай ласкай непрамерзлую зямлю. Дзе-нідзе ужо ляжалі невялічкія гурбачкі. Рэчка, дарогі, сцежкі зраўняліся з палямі. Уся зямля стала роўная і гладкая, як адпрасаваная прасціня.

Такімі зімнімі доўгімі і цёмнымі досвіткамі, добры стары Эльф  прывык раненька ўставаць і штосьці добрае для людзям рабіць.

Зімовыя забавы

Яркае святло дня яго напалохала: “ Няўжо спазніўся? Гэта ж хутка Новы год! А што такое Новы год для дзяцей? Гэта – гэта – ёлачны нарад, гэта– пацешны і шчодры Дзядуля Мароз, гэта – шумны маскарад, гэта–добрыя мары, гэта–снежная мяцеліца, гэта – лыжы і канькі, гэта – песні, серпанцін, гэта –сонечныя апельсіны, шакалад, цукеркі. Як можна іх усяго гэта пазбавіць!? Трэба зрабіць так, каб ім заўжды было добра і весела”.

Думалі пра гэта і бацькі, дзядулі і бабулі малечы. Дзядуля Іван, тайком ад эльфаў, загадзя трыногу і вядро з пяском для ёлкі-навасельніцы падрыхтаваў. І ціхенька ў куточку паставіў. Тата Святланкі і Лявонка Артур даставаў з антрэсоляў шафы ёлачныя цацкі і мішуру. А вось мама Валя з бабуляю Ленай завіхаліся на кухні – тут працы і выдумак для святочных страў і нечаканых навагодніх смакоццяў - непачаты край.

…На старога і мудрага Эльфа дыхнула зіма спакойным і прыемным халадком. Зімовая казка была побач.

Зімовая казка

Учарашнія змрочныя будынкі, маладзенькія яблынькі, рабінка ў гародчыку, кусты бэзу за хатай стаялі заснежанымі, і ў вокны ад іх лілося белае мяккае святло.

– Маё зімняе вітанне! Чаму здзівіўся, Эльф? – звярнулася стройная, быццам нявеста ў вэлюме Рабінка. – Не чакаў зімы ці што?

– Чаму не чакаў? Чакаў яшчэ з тыдзень-два таму, – адказваў  Эльф. – Здзівіўся не снегу, а таму, што ёлачку дзецям пакуль не прынёс.

– Гэта вельмі неабачліва з твайго боку! Дзеці ж, вядома, даўно радасць свята чакаюць, – казала Рабінка.

– Ужо бягу на ёлачны базар! Ужо бягу!..

Лёгкія пушынкі лёталі, кружыліся ў паветры і асядалі на дрэвы, на аголенае прыдарожнае кустоўе. Наўкола сцішылася ўсё.

Казка пра навагоднія падарункі

Гэта ж учора была яшчэ восень. А сёння ўжо зіма. Другая палова снежня. Гэта ж ніколі так не адчуеш перамену, як у гэты дзень. Як вясну лета змяняе не заўважыш, як лета восень – таксама. А вось як настае зіма – адразу відно з самага світання.

Ёлку Эльф хутка прынёс і тайком паставіў. У пакоі прыемна запахла свежай хвояй.

Паклікаў сваіх малых эльфаў і наказаў дапамагаць упрыгожваць лясную прыгажуню, але так, каб ніхто іх прысутнасці не прыкмеціў.

На вуліцы туды-сюды снавалі людзі – насілі, везлі ёлкі, пакункі з харчам і падарункамі з крамаў і рынку. Вясёлыя гутаркі, смех,  асаблівыя перадсвяточныя  клопаты.

Толькі дзятва ні аб чым не клапацілася. Яна з радасным смехам коўзалася з горак на санках і лыжах, рознакаляровых ватрушках, каторыя – на звычайнай фанеры.

Тым часам Святланка з братам Лявонкам ужо заканчвалі ўпрыгожваць сваю Ёлачку. Так спраўна яны выконвалі гэтую работу, што бабуля была прыемна здзіўлена. Бліскучыя рознакаляровыя шары і шышкі, сасулькі і фігуркі лясных жывёл развешваліся на разлапістых хваёвых галінках. А на вяршок замацавалі яркую ружова-перламутравую шкляную вершаліну. І ўсю ёлачку акуратненька абкруцілі святлодыёднымі гірляндамі. І Ёлачка засвяцілася-заіскрылася на ўсе колеры вясёлкі.

Навагоднія святы

А пад Ёлачку дзеці пасадзілі вялікага Дзеда Мароза ў кажуху з падпярэзаным шырокім вышываным поясам з кутасамі. У рукі далі посах і вялікі мяшок.

– Хутка вам, дзеткі, Дзядуля Мароз вось у гэтым мяшку прынясе падарункі, – гаварыла мама. Але толькі, калі вы…

Не паспела яна дагаварыць, як яе перабіла дачка: “Прабач, мамка, але ці не вось гэты наш пластмасавы Дзядуля і ў гэтым мяшку..?”

А хто такі наш дзед мароз

– Не, не гэты, а сапраўдны, жывы. І толькі калі вы будзеце харошымі, паслухмянымі дзецьмі падарунак вам прынясе і Дзядуля Мароз і Добрая Фея.

– А хто такая Добрая Фея? – не зразумела Святланка.

– А гэта ёсць такая справядлівая цётка, называецца яна Фея. Яна ноччу, перад самым Новым годам, да прыходу Дзядулі Мароза, наведвае харошых дзетак і прыносіць свае ўласныя падарункі.

– Прыносіць, прыносіць! – азвалася святочная Ёлачка, ззяючы рознакаляровымі агеньчыкамі.

– Адкуль Фея ведае, хто харошы, а хто кепскі?

– Ведае. Яна ўсё ведае, – казалі і мама, і тата. – Усё бачыць, усё чуе, усіх разумее і падтрымлівае. Прыходзіць Фея ноччу, калі ўсе-усе спяць. Ціхутка адчыняе дзверы, падыходзіць да ёлачкі і кладзе падарункі.

Навагоднія чараўнікі

– Няўжо праўда?! – здзівілася Святланка.

– Так. Толькі прыносіць яна падарункі таму, хто слухаецца тату і маму, старэйшых паважае і дапамагае, хто рукі чыста з мылам мые, хто зубы кожны дзень і раніцай і нанач чысціць, хто добра вучыцца ў школе, хто маме посуд мыць дапамагае, хто сочыць за сваімі рэчамі, хто.., – дадаў тата Артур.

– Ну, а хто мурза і неслух, Фея таму падарункі не прыносіць, – махнула ручніком мама Валя.

Паснедаўшы, дзеці без прынукі прыбраліся, навялі парадак ў сваім спальным пакойчыку. На пісьмовых сталах і на палічках акуратненька расставілі кніжкі і сшыткі, школьныя прылады. Для трэццякласніка Лявонкі і першакласніцы Святланкі гэта быў звычайны клопат. Яны пільнаваліся парадку, таму добра вучыліся і раслі паслухмянымі дзецьмі.

Казка Аркадзя Жураўлева 2

Увесь астатні час дзеці рабілі ўрокі, калектыўна чыталі казкі.

Затым быў вясёлы і прыгодніцкі адпачынак на вуліцы. Яны разам з ўсімі дзецьмі каталіся на санкам, весела смяяліся. Радаваліся беламу снегу, вясёламу настрою.

Але раптам Святланка з братам заўважылі, што адзін не зусім выхаваны падлетак наехаў сваімі лыжамі на малога хлопчыка, і той моцна заплакаў. Яны хуценька падбеглі да яго, каб дапамагчы. Тварык малога быў акрываўлены, ручкі ссінелыя. Лявонка са Святланкай паклалі яго на свае санкі і выклікалі хуткую дапамогу.

Дзеці на санках

Урачы падзякавалі юных выратавальнікаў, а таго хлопчыка забралі ў больнічку. Але і гэта яшчэ не ўсё. Калі яны беглі да збітага малога, узбоч горкі адзінока коўзалася такога ж узросту дзяўчынка. І калі яна пачула, што яе брацік упаў і заплакаў, падбегла і сваімі голымі ссінелымі ручкамі гладзіла яго па галоўцы, казала, што мама недзе сышла і яны адныя засталіся. І цяпер урач забраў і яе разам з брацікам…

Пра гэтае здарэнне Святланка з Лявонкам расказалі сваім тату і маме. І тыя ўхвалілі іх добры ўчынак.

– Вось гэта малайцы! – казаў тата. – Так павінен паступаць кожны. Цяпер можаце не сумнявацца, што і Дзядуля Мароз, і Добрая Фея не мінуць наш дом!

Навагоднія святы

Пасля Святланка нагадала бацькам, што ўсё ж не пакідае надзеі напісаць уласнае пісьмо Дзядулю Марозу ў Белавежскую пушчу, дзе круглы год жыве наш беларускі чараўнік сярод рэліктавага лесу. Яго бялёсая барада па пояс, кажух з нацыянальнай вышыванкай і забаўны саламяны капялюш чараўніка гавораць аб тым, што ён любіць здзіўляць. Пра прыгоды белавежскага Дзядулі Мароза  гаварылі ў школе, і цяпер яны хочуць больш даведацца пра яго добрыя ўчынкі. Ведалі дзеці і пра церам Снягуркі, бо хадзілі ў рэжыме анлайн  разам з аднагодкамі па паляне 12 месяцаў і нават перамолвалі ўсё дрэннае, што сабралася падчас вучобы за год, у Чароўным Млыне. Бачылі таксама і памочнікаў Дзядулі Мароза – беларускіх волатаў – Зуброў.

У пісьме Святланка прасіла Галоўнага Чараўніка падараваць ёй Вялікую Энцыклапедыю для дзяцей. А каб Дзядуля Мароз больш уважліва паставіўся да яе жадання, паклала ў канверт уласныя сувеніры – копію свайго дзённіка з аднымі  чырвонымі зорачкамі і цудоўным уласным малюнкам  яго чароўнай рэзідэнцыі, дзе побач з галоўнымі героямі – Дзядулем Марозам і Снягуркай  быццам жывая выява Трусіка ці Зайкі – сімвала надыходзячага 2023 года.

Навагоднія святы

Кажуць, што гэта самы шчаслівы год ідзе. Чацьвёрты год Луннага цыклу. Год пушысцікаў. Святланка ведала пра гэта. Бо яна ў класе не толькі выдатніца, але і сапраўдная мастачка. Уся – у маму. Тая ў свой час таксама вучылася на выдатна, і добра малявала.

Лявонак больш творчы і загадкавы. Ён вядзе свой уласны дзённік, куды запісвае самыя значныя падзеі ўласнага жыцця, свае думкі і меркаванні, а таксама погляды на некаторыя ўласныя і іншых учынкі. І зараз ён выказаў жаданне наведацца ў Налібокі да Дзядулі Зімніка і Бабулі Завірухі. Да герояў беларускай міфалогіі. Разам з імі жадае ўбачыць Кашчэя, Кікімару і Бабу-Ягу. І прапаноўвае разам з імі ўдзельнічаць на свяце з песнямі, пляскамі, забавамі, конкурсамі. А яшчэ, як аматар прыроды, выказаў жаданне прайсціся экалагічнымі сцежкамі ў пушчу. Пабачыць зуброў і дзікіх коней, аленяў і казуль, глушцоў і соў. Пасля ўсё ўбачанае плануе выказаць на паперы.

– Пісьмы адправім неадкладна! – сказаў тата. – Не хвалюйцеця, усё атрымаецца!

– Будзем спадзвацца! – дружна адказвалі дзеці.

А калі надышла пара вячэраць і класціся спаць дзеці рабілі тое, што казалі дарослыя.

– Нешта вы сёння рана ўправіліся?– спытаў дзядуля.

– А мы ж абяцалі, быць харошымі!

– Гэта правільна! Толькі харошым дзецям падарункі прыносяць! – дадала мама.

– Так! – дружна адказалі дзеці.

– А я ўжо і забылася, - усміхнулася бабуля. – Ну, кладзіцеся спаць, мае кветачкі.

– Дабанач! – пажадалі дзеці.

Суладна праходзілі пераднавагоднія дні.  У дзяцей пачаліся канікулы. У бацькоў прыбавілася клопатаў.

Аднаго дня дзеці ўгаварылі бацькоў звазіць іх у больнічку, куды адвезлі іх маленькіх сяброў. Яны хацелі запрасіць іх на сваё дамашняе свята. Дзетак тых урач не адпусціў, прычынай таму вялікае пераахалоджванне. Затое перадачу з падарункамі  і слодычамі абяцаў уручыць асабіста.

Юныя выратавальнікі, няхай сабе і такім чынам, былі задаволены.

У пераднавагоднюю ноч Святланка і Лявонка разам са старэйшымі вадзілі карагоды вакол  вялікай Ёлкі, што была ўсталявана сярод двара, смяяліся і з вясёлым захапленнем запускалі ракеты і свяцілі бенгальскімі агеньчыкамі. А яшчэ чыталі вершы, хадзлі ў  карагодзе і нават паспелі падправіць снежную бабу, што ўдзень з сябрамі зляпілі, а зараз нахіліўшыся была..

Калі стрэлкі гадзінніка падыходзілі ўсё бліжай да поўначы, з радасным настроем вярнуліся дахаты. Тут сям’ю чакалі і бабуля з дзядулем, і смачны стол, і розыгрышы-віктарыны.

І чуліся шчырыя віншаванні з Новым годам, і была радасць.

Навагоднія святы 3

Раніцай 1 студзеня новага года дзеці ўжо капашыліся каля ўласнай Ёлачкі, не дачакаўшыся пад’ёму: шукалі доўгачаканыя  і заслужаныя падарункі.

– Я свае падарункі знайшла! – засакатала Святланка, – трымаючы тоўстую кнігу і ладны пакунак са слодычамі.

– Я таксама! – адказваў Лявонка, трымаючы ў руках планшэт і Вялікую энцыклапедыю зямлі.

– Цудоўна! – сказала Святланка. – Пайшлі разглядаць свае кнігі. Але напачатку давай паглядзім, што за слодычы нам прынёс Дзядуля Мароз з Добрай Феяй. Ці ёсцека мандарыны ды апельсіны?

– Ёсць! – адказаў брат.

Дзеці пакруцілі ў руках свае пакункі і, задаволеныя,  пайшлі ў свой пакойчык.

– Вось як цудоўна атрамалася! - шапталіся пад ложкам маленькія Эльфы. –Свае падарункі дзеці сапраўды заслужылі. І не толькі таму, што былі паслухмянымі, але і за той добры, выратавальніцкі учынак. Няхай бы такая дабрыня панавала ва ўсім свеце! У кожнай сям’і!

Шкада, што гэтага пажадання не чулі і, відаць, не хочуць чуць тыя, ад каго гэта залежыць па-за нашымі сценамі, па-за нашымі межамі. Каб дзеці планеты Зямля жылі ў дабрабыце і радасці і дапамозе адзін аднаму.

А над ложкамі нашых герояў вісеў каляровы плакат знаёмай дзецям мастачкі. “З Новым годам, дзеці! З новым шчасцем усіх, усіх, усіх!”

Чвтайце яшчэ:

Навагодняя радасць (казка) + аўдыё

Упрыгожваем ёлку разам. Гісторыя навагодніх цацак

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"