Усё ў гэтай гісторыі праўда і ўсё – казка.
Частка першая. Ялінка
«Жыла-была ялінка-красуня».
Расла яна ў Брэсце, на вуліцы Максіма Багдановіча, у двары прыватнага дома. Шмат гадоў цешыла дрэўца гаспадароў сваёй пышнасцю, крэпасцю, раўнюткім ствалом і бухматымі лапкамі.
Каляднай парой яе ўбіралі па-святочнаму – тады ялінка зіхацела агеньчыкамі рознакаляровых гірляндаў, фарсіла ва ўбранстве цацак, абдымалася з бязважкім дожджыкам…
Пасля святаў, калі з суседніх дамоў людзі выносілі ялінкі на двор і кідалі іх дажываць век на сметніках, з гэтай ялінкі проста здымалі ўкрасы – і яна красавала сабе далей.
Ад такога шчаслівага ды бесклапотнага жыцця ялінка расла як на дрожжах! Пакуль аднойчы не ўвабралася ў такую сілу, што пачала захінаць святло ў вокнах, а карэньчыкамі падточваць падмурак.
Вось тады гаспадары і надумалі ялінку спілаваць – каб яна не нашкодзіла дому. Пара была перадкалядная, людзі пачыналі рыхтавацца да свята, і гаспадары вывесілі аб’яву аб продажы жывой ялінкі.
Частка другая. Пераезд
Ялінка толькі ціха ўздыхнула – не абмінуў яе лёс іншых сястрыц.
Што праўда, тое праўда!
Але ж не ведала яна, што ёй ўсё адно не наканавана гібець на сметніку!
Аб’ява аб продажы незвычайна прыгожай жывой ялінкі, якая, да таго ж, расла ля дома на вуліцы Максіма Багдановіча, трапілася на вочы спадарыні Ларысе – Ларысе Быцко, работніку культуры, аўтарцы шматлікіх культурніцкіх праектаў, вядомых па ўсёй Беларусі, гаспадыні аграсядзібы “Стулы”. Як і ўсе людзі перад Калядамі, яна была заклапочаная пошукамі прыгожай лясной красуні.
Ялінка з вуліцы Максіма Багдановіча! Гэта быў чароўны заклён, які дадаваў і без таго прыгожаму пухнатаму дрэву казачнай прыгажосці. Натхніўся і гаспадар “Стулаў”, спадар Аляксандр. Не раздумваючы, яны намовілі гаспадароў дрэўца пачакаць іх, ускочылі ў машыну – і ў хуткім часе грузілі ялінку на машыну.
Ялінка не дужа паддавалася, бо мела належныя вагу і пухнатасць. Але ж яе уклалі, увязалі – і павезлі!
О, якім вялікім выявіўся свет! Спачатку мільгацелі агні вялікага горада, пасля ехалі па шашы, тады – праз большыя і меньшыя вёсачкі, пакуль праз семдзесят кіламетраў не апынуліся ў вёсцы Стойлы на самым краёчку Белавежскай пушчы. Сядзіба “Стулы” акурат тут і была.
Ялінку занеслі ў раскошную зашклёную альтанку і паставілі ў прыгожай залі сярод размаляваных куфраў, саламяных птушак, жывапісных карціны…
Проста перад ялінкаю цепліў вогнішча камін, а побач з ёй стаяла батлейка!
Ялінка ўжо ў дарозе забылася на сум – столькі цікавага пабачыла яна. Але тут, у альтанцы, было жыццё такое незвычайнае, што дрэўца ўстрапянулася.
«Няхай пасля мяне нават спаляць!» – падумалася яму.
На Каляды ў Стулы ехалі і ехалі дзеці і дарослыя. Гаспадары паказвалі ім розныя батлеечныя спектаклі. Ялінка ўпадабала ўсе, але ж каляднай парой пра цара Ірада глядзець было найцікавей…
У альтанцы ялінцы было добра. Досыць прахалодна, каб з яе не сыпаліся голкі. Досыць цяпла ад агню ў каміне – каб радвалася сэрца. І невымерна многа радасці і святла, якое жыло ў Стулах і якое развозілі адсюль па белым свеце госці.
Частка трэцяя. Вандроўка
Калядная пара кожнаму дорыць цуды. Гаспадары “Стулаў” таксама дужа да іх ахвочыя. Адно што ў адрозненні ад многіх з нас, яны не чакаюць, каб цуды ім стварыў нехта – яны іх ствараюць самі.
Вырашылі зрабіць сабе чарговы падарунак – праехаць па мясцінах, звязаных з Максімам Багдановічам: ялінка натхніла!
Задумана – зроблена. І вось Ларыса і Аляксандр ужо ў Ракуцёўшчыне, непадалёк ад Маладзечна. Тут у 1994 годзе створаны «Фальварак Ракуцёўшчына», філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, бо ў Доме арандатара ўлетку 1911 г. жыў Максім Багдановіч. Як сцвярджаў сам паэт, яму ў Ракуцёўшчыне добра пісалася.
Супрацоўнікі правялі гасцей з Брэста па музейнай экспазіцыі, у якой цэнтральнае месца займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма Багдановіча і яго адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок” (1913 г.)
Падрабязна пра славутасці Брэста і Брэсцкай вобласці
Натхнёныя экскурсіяй, рушылі далей – на Мінск. Канешне ж, гэтым разам дарога вяла ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Ірына Вітальеўна Мышкавец, навуковы супрацоўнік музея і проста закаханы ў Паэта чалавек, расказвала пра жыццёвы і творчы шлях паэта, чытала вершы Багдановіча – нібы іскры з сэрца высякала. Нібыта ўсё вядомае яшчэ са школьных часоў набывала новыя фарбы і сэнсы.
Частка чацвёртая. З днём народзінаў!
Доўга ці коратка калясілі нашыя вандроўнікі па свеце, але мінулі Каляды, сплыў у нябыт стары Новы год. Трэба вяртацца дамоў.
Прыехалі ў Стулы – ялінка стаіць і ні голачкі не скінула. Што ж, красуй да Вадохрышча!
Пасля гэтага свята – ялінка добра памятала – у горадзе і пачыналі выносіць на сметнік яе сястрыц. Але і пасля Вадохрышча наша красуня стаяла такая прыгожая, дужая – што гаспадары і не думалі чапаць яе! Так Каляды ў Стулах датрывалі ажно да вясны.
Ужо птушкі пачалі славіць сонца песнямі – а ялінка ўсё адно не здаецца. У гаспадароў рука не падымаецца выносіць красуню з альтанкі. Дык што прыдумалі: ехала да іх святкаваць народзіны адна госця. Яны з ялінкі навагоднія ўкрасы паздымалі, убралі яе віншаваннямі з народзінамі – такога букета імянінніца ніколі ў жыцці яшчэ не атрымлівала…
Ялінка зноў цешылася і жыла сабе ў альтанцы далей.
Частка пятая. Нарэшце – жырандоля!
Але ж колькі не красуй, час бярэ сваё. Так сталася і з ялінкай.
На сядзібе гукалі вясну – а з ялінкі нарэшце пачалі асыпацца голкі. Выглядала, што ялінка то ціха плачы, застаўшыся на самоце, то ліе слёзы ручаём – калі нехта кранаўся яе.
Трэба было нешта рабіць.
– Мо, варта спаліць ялінку на вогнішчы? – казалі адны. – Ад яе столькі жарынак у неба паляціць, будзе выглядаць на сапраўдны салют.
– Можа, папілаваць яе на дровы і паціху цепліць камін? – прапаноўвалі іншыя.
Што ж! Ялінка слухала і не баялася. Ёй выпаў такі незвычайны лёс, што рассыпацца жарынкамі ці даць жыццё агню з каміна было зусім не страшна.
Магчыма, на гэтым і скончылася б гісторыя жыцця ялінкі з вуліцы Максіма Багдановіча ў Брэсце.
Але!
– Калі яе перавярнуць дагары нагамі, пачысціць частку ствала ад галінак – атрымаецца жырандоля… Жырандоля Багдановіча! – аднойчы натхнёна абвесціла гаспадыня сядзібы.
Зноў ялінка зазнала руху! Яе вынеслі на двор, абцерабілі лішнія галіны і, сапраўды, падчапілі ўніз галавой. Ды не на абы-якую перакладзіну, а за вугал ад старой разбуранай хаты, які на сядзібу прывезлі з вандровак гаспадары.
Спачатку ад нязвыклага становішча круцілася галва. Але ж ялінка падумала, што так і мае быць, бо цяпер яна служыць паэзіі!
Макаўкай, на якой раней красавала калядная зорка, ялінка абаперлася на круглы драўляны стол. Нагой крэпка ўхапілася за кут старога дома. Зараз жа на яе усклалі Вянок Максіма, створаны з лістоў і шышак, а на стале расставілі шляхетныя філіжанкі і ўбралі іх кветкамі канюшыны.
Ля стала прытулілася крэсла. Кожны ахвотны мог сесці ў яго і пачытаць вершы Багдановіча – у сіняй скрыні на яблыні красавала бібліятэка адзінай кнігі. Было гэта факсімільнае перавыданне “Вянка” Максіма Багдановіча, які пабачыў свет напярэдадні Купалля сёлета.
Вось так ялінка ператварылася ў арт-а’бект “Жырандоля Багдановіча” і пачала нястомна асвятляць шлях кожнаму, хто жадаў больш даведацца пра Паэта і яго лёс.
Частка шостая. На Яна з Максімам
Шостага ліпеня на сядзібу “Стулы” з’ехаліся госці здалёк і зблізку. Яны віталі ялінку ў яе новым жыцці, слухалі гісторыю з’яўлення дрэўца ў Стойлах, дзівіліся фантазіі ды імпэту гаспадароў – Ларысы і Аляксандра Быцко.
А пасля бралі ў рукі “Вянок” і чыталі з яго – ці па памяці – цудоўныя вершы. Ажно чувалася, як у Белавежскай пушчы адгукаюцца на іх і лопаюцца набрынялыя хараством пупышкі папараць-кветак, а іх насенне разносіць па свету вецер.
Алена Масла і Ларыса Мятлеўская прэзентавалі новую кнігу ў Мінску.
Алена Масла і Ларыса Мятлеўская прэзентавалі новую кнігу ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by