Калі вы ведаеце, што праз некалькі дзён будзеце ў Слоніме, альбо вам давядзецца праязджаць праз гэты горад, абавязкова патэлефануйце ў Дом-музей сям’і Салейка і замоўце экскурсію па гэтаму цікаваму месцу.
Менавіта тут жые мастачка, паэтэса Надзея Салейка, якая свой дом літаральна ператварыла ў драўлянае каралеўства. Ужо шмат гадоў творца праводзіць экскурсіі па свайму дому і расказвае пра кераміку, дрэва, жывапіс, якія яны ствараюць усёй сям’ёй.
Пры ўваходзе ў двор наведвальнікаў сустракаюць драўляныя скульптуры, арэля, альтанка, якія зроблены з дубовых лясных карчоў —гэта экалагічнае хобі гаспадыні дома. Сама ж Надзея Салейка сваё захапленне разьбой па дрэве называе справай выпадку.
На першым паверсе дома, размешчаны пакой-галерэя карцін, напісаных аўтарам у незвычайных тэхніках.
Сама майстэрня знаходзіцца на мансардзе дома. Вось у ёй і адбываюцца сапраўдныя цуды, зробленыя рукамі і фантазіяй Надзеі. З гліны і натуральных матэрыялаў яна стварае свае дзіўныя творы.
Святая святых. З печкі гаспадыня дастае кераміку, як гарачыя піражкі. Свет гліны мастачка спасцігала сама. Атрымалася адкрыць новы раздзел. Незвычайны спосаб таніроўкі імітуе метал. На пано ажываюць родныя сюжэты з бабуляй, вар'ятамі дачнікамі і нават астранаўтамі. За кожным — свая філасофія і касмічная энергія.
Драўляныя рамы для работ вырабляе муж Надзеі. Да сямейнай творчасці падключыўся і сын Пётр, які разам з маці стварае шэдэўральныя карціны, лямпы, шкатулкі з карчакоў і вялікую разнастайнасць твораў з гліны, дрэва іншых прыродных матэрыялаў.
Яшчэ адно захапленне Надзеі — вершы і музыка. Творца выпусціла два зборнікі вершаў. Таксама Надзея выдатна спявае і піша музыку на свае вершы. Свае песні Надзея выконвае падчас экскурсій, кожны наведвальнік можа пранікнуцца яе чароўным голасам і глыбокімі вершамі.
— Без нас назвалі наш дом домам-музеем, а мы толькі прыдумалі сціплы надпіс «Тутэйшая творчая майстэрня», — патлумачыла падчас экскурсіі Надзея Пятроўна.
Цуда-лэнд, як яго клічуць дом Надзеі Пятроўны мясцовыя жыхары, вельмі любяць турысты. Прыязджаюць сюды з розных куткоў Беларусі і нават іншых краін. За плячыма Надзеі — Глебаўка і дар ад Бога. Менавіта яна «заразіла» творчасцю мужа, перадала мастацкую жылку сыну. Цяпер ствараюць казку разам.
Ва ўсім Надзея прымудраецца разглядзець прыгажосць. Нават хваробы дрэў у таленавітых руках ператвараюцца ў мэблю, гузы — у свяцільні. Эксклюзіўны дызайн — вішанькі ў інтэр'еры. На другім паверсе дома-музея часта ладзяць канцэрты, літаратурныя вечарыны. Наша гераіня насамрэч чалавек-аркестр — майстрыха, паэтка, кампазітар, і ўсе гэтыя кірункі жывуць у яе душы вялікім пачуццём ўдзячнасці за магчымасць ствараць.
Цуда-печка на Слонімшчыне. Сакрэт асаблівай рэцэптуры Паўлаўскіх караваяў
У арт-гасцёўні «Высокае месца» 29 студзеня адкрыўся інклюзіўны арт-праект «Паэзія кропак…» мастака Васіля Зянько.
Тактыльнае мастацтва Васіля Зянько не мае межаў у прамым сэнсе гэтага слова. Арт-праект — інклюзіўны. Карціны выкананыя ў аўтарскай аб'ёмна-контурнай тэхніцы, дзякуючы якой людзі з парушэннямі зроку, якія слаба бачаць могуць азнаёміцца не толькі з вобразамі, але і прачытаць паэтычныя радкі з твораў Максіма Багдановіча, Алеся Разанава і Пімена Панчанкі.
Урыўкі з літаратурных твораў выкананы шрыфтам Брайля і інтэграваныя ў палотны.
У 2018 годзе Васілём Зянько быў пакладзены пачатак унікальнаму аўтарскаму інклюзіўнаму кірунку ў творчасці для невідушчых і людзей са слабым зрокам. Канцэпцыя інклюзіўных арт-праектаў аўтара будуецца вакол ідэі ўзаемадзеяння паміж мастацтвам і творамі сусветнай культурнай спадчыны – паэзіяй, літаратурай, архітэктурай, паміж культурамі розных краін, людзьмі розных нацыянальных ідэнтычнасцей і фізічных асаблівасцей.
— Работы Васіля Зянько знаходзяцца ў вельмі знакавых месцах, памяшканнях Рэспублікі Беларусь. Будучы вядомым мастаком-манументалістам у Беларусі, Васіль Зянько займаецца менавіта такімі знакавыми праектамі, — падкрэсліла на адкрыцці праекта Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Вельмі важна, што гэта праект сацыяльна-арыентаваны, гэта сацыяльны жывапіс, жывапіс, накіраваны на тое, каб прыцягнуць музейную прастору да асаблівасцей людзей, а таксама даць уяўленне аб літаратуры, мастацтве, архітэктуры асобам, якія ніколі не змаглі б гэтага ўбачыць.
Інклюзіўныя карціны Васіля Зянько выкананы ў аўтарскай аб’ёмна-контурнай тэхніцы, даступнай для тактыльнага ўспрымання і чытання жывапісных вобразаў. У дадатак да карцін створаны аўдыё-гіды з апісаннем твораў праз QR-коды. Арыгінальныя інклюзіўныя карціны дазваляюць людзям са слабым зрокам і невідушчым быць паўнапраўнымі наведвальнікамі экспазіцыі і «глядзець» карціны рукамі.
Мастак выкарыстоўвае аўтарскую і ўнікальную тэхніку ліста – фактурную, рэльефную. Чалавек з праблемамі зроку спачатку «чытае» кончыкамі пальцаў мініяцюрныя кропкі, рэльефныя контуры, якія пераплятаюцца, ліній, якія ствараюць аб'ёмны арнамент, і атрымлівае магчымасць «убачыць» работы Васіля Зянько, зачаравацца іх прыгажосцю і гармоніяй
— Я хачу падкрэсліць яшчэ адну важную асаблівасць гэтай выстаўкі — на ёй пабудаваны свет для людзей з асаблівасцямі развіцця, але ж гэты свет створаны і для нас з вамі, — патлумачыла Наталля Васільеўнаю — Ён вельмі знакавы. Серыя, прысвечаная помнікам, магчыма нам знаёмых, але, не ўсім. Падыходзячы да кожнай работы, скрозь каляровую графічнасць, ты пачынаеш адрозніваць контуры, учытвацца і ўглядацца ў іх, і раптам пачынаеш адчыняць для сябе гэтае месца. Вельмі ўражвае, што гэтыя праекты зроблены для людзей, якія іх не бачаць, але і для нас — гэта ўнікальная магчымасць — паглыбіцца ў новае.
Перш за ўсё, Васіль задумаўся над тым, каб стварыць лаканічныя вобразы, якія маглі б дастаткова лёгка «счытвацца» невідушчымі. Напрыклад, ён звярнуўся да творчасці беларускага паэта Алеся Разанава – класіка беларускага верлібра, аднаго з заснавальнікаў беларускага хайку ці «пункціраў». Гэта лірычныя мініяцюры з 3, 5-6 радкоў, у якіх заключана адна думка, зафіксавана адчуванне. Менавіта гэта і трэба было Васілю — стварыць яркія, якія выявы ў карціне, каб даць штуршок для разважанняў невідушчаму.
Дзякуючы асаблівай тэкстуры жывапісныя творы мастака добра «счытваюцца» навобмацак. Гэта значыць невідушчы чалавек спачатку «чытае» кароткі верш, а потым вывучае яго маляўніча-рэльефнае ўвасабленне. Для відушчых жа людзей творы Васіля Зянько ўяўляюць сабой гарманічныя па колеры карціны з прыпаднятай рэльефнай паверхняй плыўных ліній.
На выстаўцы Васіля Зянько «Паэзія кропак…» наведвальнікі ўбачаць работы з трох інклюзіўных арт-праектаў: «І адчуваючы, бачыць…», «Паэзія кропак…», «Спадчына муроў… кропкі…» з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і з прыватнага збора мастака.
Праект аўтара прысвечаны адраджэнню праз жывапіс страчаных помнікаў архітэктурнай спадчыны Беларусі. У аснову кожнай з 10 арыгінальных тактыльных карцін былі ўзяты выявы і апісанні твораў манументальнага дойлідства Беларусі, якія ўзводзіліся ў перыяд з 1623 па 1890 год і не захаваліся да нашых дзён.
Трэба адзначыць, што ўсе карціны мастака апроч сваёй інклюзіўнай складаючай, з’яўляюцца паўнавартаснымі, глыбокімі творамі мастацтва з цудоўнай гарманічнай каларыстыкай і рэльефна-контурнай паверхняй плаўных ліній, якія выклікаюць светлыя пачуцці і сур’ёзныя разважанні.
Своеасаблівы складаны сінтэз жывапісу і вобразаў з паэзіі і архітэктуры ў аўтарскай інтэрпрэтацыі адчыняе для кожнага наведвальніка экспазіцыі свет мастацтва, здымае межы і пашырае гарызонты пазнання.
Інклюзіўныя арт-праекты Васіля Зянько пакуль адзінае ў Беларусі пачынанне такога кшталту ў выяўленчым мастацтве, але гэта вельмі важны крок на шляху да стварэння безбар’ернага асяроддзя як у Беларусі, так і за яе межамі.
Жаноцкая вобразнасць вачыма Ганны Нічыпаровіч. Праект аўтара прадставілі ў галерэі DK
Унікальная выстаўка «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939-1957» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Прымеркавана яна да дзвюх круглых дат: 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня заснавання самой установы культуры
— Нацыянальны мастацкі музей Беларусі — флагман нацыянальнага культурнага кода. Ён дапамагае паказваць віртуознасць чалавечага майстэрства. Таксама музей — гэта транслятар выхаваўчай функцыі. І сёння мы паказваем, расказваем, як стваралася калекцыя карціннай галерэі пачынаючы з 1939 года. Вывучаем перыяд трагічных і драматычных падзей, страты не толькі матэрыяльных каштоўнасцей, але і духоўных, — адзначыла на адкрыцці праекта генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава.
Сама выстаўка размясцілася ў чатырох вялікіх залах, якія разгорнута і канцэптуальна расказваюць наведвальнікам аб станаўленні ўстановы культуры.
Экспазіцыя расказвае аб самым драматычным эпізодзе ў гісторыі музея: адкрыцці, разграбленні галерэі нацыстамі і аднаўленні ў пасляваенны час. Галерэя, якую ўзначаліў скульптар Мікалай Міхалап, была адкрыта 8 лістапада 1939 года ў былой жаночай гімназіі на вуліцы Карла Маркса. Напярэдадні пачатку вайны яе фонд налічваў больш за 3,3 тысячы экспанатаў. Аснову склалі творы беларускіх (Яўген Зайцаў, Валянцін Волкаў, Юдэль Пэн, Якаў Кругер), рускіх мастакоў (Ілья Рэпін, Васіль Сурыкаў, Валянцін Сяроў, Іван Крамской).
У 1939 году ўрадам было даручана стварыць галерэю ў кароткі тэрмін, літаральна за 9 месяцаў. Экспанаты паступалі з рэгіянальных музеяў Беларусі, Віцебска, Магілёва, Гомеля. Пасля таго, як беларускія землі ўз'ядналіся, вядома, пачалі паступаць экспанаты з магнацкіх сядзіб, палацаў у Нясвіжы і Міры. Галерэя адкрылася ў вельмі ўрачыстай абстаноўцы і займала будынак, які зараз захаваўся на Карла Маркса, 29. Цяпер на ім вісіць мемарыяльная дошка, на якой значыцца, што там у 1939-1941 гадах размяшчалася карцінная галерэя.
На жаль, з пачаткам вайны эвакуіраваць галерэю не ўдалося. Было вельмі мала часу, літаральна 6 дзён, пры гэтым Мінск няспынна бамбілі. Проста не вылучылі транспарт, таму не ўдалося вывезці экспанаты. Супрацоўнікі галерэі эвакуіраваліся, спадзяючыся, што яны вельмі хутка вернуцца. Трэба сказаць, што будынку пашанцавала, і ён уцалеў, але творы, якія там знаходзіліся, былі ў першыя ж гады вайны вывезены фашыстамі ў Германію.
Этап аднаўлення ў пасляваенны час праходзіў пад кіраўніцтвам легендарнага дырэктара Галерэі Алены Аладавай. Менавіта яна ініцыявала ў 1949 годзе пабудову новага будынка па вул. Леніна, 20. Галерэя аднавіла колькасць даваенных фондаў і атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, але вяртанне прадметаў мастацтва з розных крыніц праходзіла яшчэ каля паўстагоддзя.
Новыя творы ўпершыню купілі 9 снежня 1944 года, то бок яшчэ была вайна, але ў вызвалены Мінск пачалі паступаць ужо экспанаты. На выстаўцы паказалі першую карціну, якую купіла дырэктар галерэі Алена Аладава.
Некаторыя з страчаных экспанатаў ўсё ж вярнуліся назад. Ужо ў 1947 годзе ў Мінск прыйшлі два вагоны з Германіі з знойдзенымі на складах, у шахтах і замках экспанатамі з мінскіх музеяў. Яны апрацоўваліся і потым на працягу паўстагоддзя з фонду Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перадаваліся спачатку ў карцінную галерэю, а потым у гістарычны музей.
Так, першая зала, у якую трапляюць наведвальнікі, называецца «Стварэнне». Там размешчаны тыя творы, якія знаходзіліся ў карціннай галерэі ў першыя два гады яе існавання.ьГэта і карціны, перададзеныя цэнтральнымі рускімі музеямі, і сядзібныя партрэты, і карціны савецкіх мастакоў і творцаў Заходняй Беларусі, якія ўліліся ў шэрагі савецкіх беларускіх мастакоў.
Другая зала — інсталяцыя «Рабаванне». Адразу прыцягваюць увагу пустыя рамы на сьценах. Калі немцы ўвайшлі ў карцінную галерэю, выразалі карціны з рам, пакавалі ў валізкі і вывозілі, а рамы гэтыя заставаліся, і імі потым узімку распальвалі печы галерэі. Немцы абаграваліся менавіта імі, гэтак жа як і кнігамі багатай бібліятэкі, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў.
Трэцяя зала называецца «Адраджэнне». Там размешчаны толькі тыя творы, якія былі закуплены ў 1944 годзе, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Мінска. Гэтыя карціны набываліся без надзеі на тое, што вернецца старая спадчына. Але яна вярнулася, няхай невялікая, толькі адна восьмая частка, але вярнулася.
Апошняя зала выстаўкі прысвечана вяртанню экспанатаў. Напрыклад, два парныя партрэты паступілі ў розны час рознымі шляхамі. Нейкія мінчане прыносілі карціны, якія засталіся ў іх дома. Партрэты з Нясвіжа былі знойдзены і прывезены ў жудасным стане і доўга рэстаўраваліся.
Адмысловую навуковую каштоўнасць уяўляе створаная на аснове фатаграфій і каталогаў таго часу прэзентацыя «Засталіся толькі на фатаграфіях».
Выстаўка мае комплексны гісторыка-дакументальны і мастацкі характар. Сярод экспанатаў — рэдкія архіўныя дакументы, фатаграфіі, многія з якіх экспануюцца ўпершыню, а таксама фільм-рэпартаж з ваеннага Мінска.
Усяго на выстаўцы прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў.
Зараз у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічваецца больш за 400 экспанатаў з даваенных збораў. Па прыблізных падліках, вернутая толькі адна восьмая частка калекцыі, а лёс амаль 3000 твораў застаецца невядомым.
Перасоўны выставачны праект «Сцяг Перамогі» прэзентавалі ў Нацыянальным мастацкім музеі
У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся культурна-патрыятычны выставачны праект «Знамя Перамогі», у які ўвайшло больш за 40 унікальных работ, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Творы, прадстаўленыя на выстаўцы, дэманструюць, як падзеі Вялікай Айчыннай вайны і памяць наступных пакаленняў пра гэтую вайну адлюстроўваюцца і інтэрпрэтуюцца ў творчасці сучасных мастакоў Расіі, якія належаць да пакаленняў, што нарадзіліся ўжо ў пасляваенны час.
У экспазіцыі прадстаўлены жанравыя палотны, прысвечаныя сюжэтам ваеннага часу, партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ілюстрацыі да літаратурных твораў пра вайну, пейзажы, нацюрморты, філасофска-сімвалічныя кампазіцыі, звязаныя з ваеннай тэмай. Пры ўсёй стылістычнай разнастайнасці прадстаўленых твораў у іх праглядаецца агульнае імкненне — паказаць стаўленне да вайны як вялізнай чалавечай трагедыі, памяць пра якую захоўваецца і дагэтуль практычна ў кожнай сям’і.
Выстаўка ўжо дэманстравалася ў некаторых рэгіёнах Беларусі. У чэрвені 2024 года яна экспанавалася ў Музеі гісторыі Магілёва, у ліпені–верасні 2024 года — у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.
Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава адзначыла, што папулярны ў другой палове XIX і першай чвэрці XX стагоддзя фармат перасовачных праектаў адраджаецца з асаблівай сілай у сучасны час. «Практыка перасовачнага выставачнага праекта вельмі каштоўная, таму што адзіная асветніцкая думка аб'ядноўвае некалькі рэгіёнаў і нават краін», — адзначыла яна.
Галоўную галерэю Нацыянальнага мастацкага музея напоўнілі карціны вядомых сучасных мастакоў Расійскай Федэрацыі, якія маюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Многія з палотнаў сапраўды можна назваць сучаснымі, бо яны напісаны ў 2010, 2014 і нават 2023-2024 гадах.
Адзін з арганізатараў праекта — упаўнаважаны прадстаўнік Расійскага клуба праваслаўных мецэнатаў Вячаслаў Максіменка — расказаў, што ўсяго ў экспазіцыі больш як 40 работ, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. «Мы пачалі гэты праект яшчэ ў мінулым годзе, калі ў Рэспубліцы Беларусь святкавалася 80-годдзе вызвалення. І наша "Знамя Перамогі" прадаўжае ісці ў гэтым годзе», — адзначыў ён.
Прадставіць свае работы на выстаўку прыехаў і акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, народны мастак Расіі Пётр Стронскі. Ён расказаў, што для Мастацкага музея былі адабраны самыя дастойныя работы. Мастак прывёз на выстаўку дзве карціны, і абедзве яны маюць асаблівую значнасць для яго. «Тут ёсць партрэт майго бацькі — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. На карціне намаляваны сюжэт, калі бацька перачытвае тыя трыкутнікі, якія ён пасылаў сваёй маме з фронту. На фоне палатна сыходзяць на фронт яшчэ чатыры яго браты. Гэта гісторыя нашай сям'і, гісторыя майго бацькі і маіх дзядзькаў, якія абаранялі Радзіму ў вайне», — расказаў ён.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 40 жывапісных, графічных і скульптурных работ мастакоў некалькіх пакаленняў. Сярод аўтараў выстаўкі — народныя мастакі Расійскай Федэрацыі Пётр Стронскі, Антон Сцякольшчыкаў, Людміла Юга, заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Аляксандр Полазаў, правадзейны сябра Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксей Буртасенкаў, ганаровы сябра Расійскай акадэміі мастацтваў Барыс Сяргееў, іншыя вядомыя майстры выяўленчых мастацтваў сучаснай Расіі.
Асаблівым госцем адкрыцця выставачнага праекта стаў настаяцель парафіі ў гонар Усіх святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Фёдар Поўны. Ён адзначыў, што вялікае мастацтва заклікана захоўваць гісторыю і асаблівы духоўны стан чалавека, а таксама адлюстроўваць ва ўсім часовым вечнасць. «Інакш яно становіцца дэкаратыўным і прыкладным. Мастацтва — гэта адзін з дзейсных спосабаў для народа захоўваць гістарычную праўду разам з малітвай. Малітва часцей за ўсё праўдзівая, калі ідзе ад шчырага сэрца і па шчырай любові да Бога. І вялікае вечнае мастацтва таксама павінна быць праўдзівым. Яго цэнзарам з'яўляецца сумленне і дух мастака. Калі дух мастака чуе дух Божы, яго палатны становяцца таксама малітвай» — адзначыў ён.
Выстаўка «Знамя Перамогі» прабудзе ў сценах Мастацкага музея да канца лютага 2025 года, а потым адправіцца далей.
Беларуская мастачка Ганна Нічыпаровіч — выдатны прыклад таго, як творца вытанчана умее спалучаць талент, майстэрства і ідэю. У студзені ў галерэі DK пачала работу персанальная выстаўка аўтара «Non Satis» (лац. «недастаткова»), якая літаральна не дазваляе чалавеку проста апынуцца ў мастацкім асяроддзі, яна дазваляе задумацца і паглыбіцца ў сэнс вельмі цікавых і глыбінных кампазіцый.
З дапамогай экспрэсіўнай манеры жывапісу аўтар разважае на тэму жаночай выявы, якая стала асноўным лейтматывам праекту. У аснове канцэпцыі — адчуванне вечнага недахопу, непазбежнай супярэчнасці паміж жаданым і дасягнутым. У сваіх работах мастак выкарыстоўвае палітру, заснаваную на кантрасце двух колераў — насычанага сіняга і ярка-чырвонага. Гэтая дыхатамія становіцца метафарай душэўнага стану, у якім супакой і напруга, зварот да мэт і страта існуюць адначасова, ствараюць эфект эмацыйнага.
Ганна ўпэўнена ігнаруе пазіцую жаночай крохкасці і дэманструе жаночыя вобразы як сімвал смеласці, ўпэўненасці, мэтанакіраванасці. Яе гераіні не проста эмацыйныя, яны вельмі значныя, метафарычныя, рашучыя.
Праз прызму індывідуальнага перажывання мастак звяртаецца да ўніверсальнай тэмы — імкнення да сэнсу ва ўмовах, дзе знешнія мэты знаходзяць сваю каштоўнасць, саступаючы месца пошуку ўнутранай гармоніі.
Жаночыя вобразы дапамагаюць мастакам перадаваць прыгажосць, грацыю і глыбіню ўнутранага свету жанчыны. Уяўленне аб жаноцкасці ў мастацтве мянялася на працягу стагоддзяў. Так, розныя эпохі прапанавалі ўласныя інтэрпрэтацыі паняцця жаноцкасці. І што мы бачым сёння? Калі Ганна Нічыпаровіч паказвае нам жанчыну, мы бачым сапраўдную сілу характара, моцную энергію, невычэрпнае жаданне — ісці далей.
Цікава, што праект мастачкі буў прэзентаваны менавіта ў мастацкай галерэі DK. Сама сучаснасць аўтарскіх работ вельмі падыходзіць для інтэр’ернага раашэння мастацкай прасторы і дазваляе ўспрымаць стыль экспазіцыі вытанчаным, нават элегантным.
Улічваючы той факт, што работы Ганны Нічыпаровіч насычаны яркаім сімвалізмам, прасякнуты элементамі філасофіі, прадстаўлены праект будзе цікавы абсалютна розным людзям. Напэўна, моладзь ахарактарэзуе праект як пляцоўку для візуалізацыі, а больш дарослае пакаленне зможа ўбачыць у ім вялікія пытанні аўтара да светабудовы. У цэлым, выстаўка як задае пытанні, так і дакладна адказвае на іх, галоўнае — уважліва паназіраць за тым, як прадстаўлена экспазіцыя.
Ганна Нічыпаровіч нарадзілася ў Слуцку. Скончыла Беларусую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Аўтар з'яўляецца сябрам секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларускага саюза мастакоў. Працуе старшым выкладчыкам к БДАМ.
Кісларод у «сінім» паветры. Выстаўку Веранікі Ракашэвіч прадставілі ў Мінску
У мінскім Палацы мастацтваў адкрылі выстаўку «Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва»
У экспазіцыі прадстаўлены работы больш як 70 айчынных майстроў: жывапісцаў, скульптараў, графікаў. Гэта дзеячы мастацтва, у розныя гады ўдастоеныя дзяржаўных прэмій, чые творы так ці інакш адлюстроўваюць апошнія 30 гадоў гісторыі незалежнай Беларусі. Уваход на выстаўку бясплатны для ўсіх наведвальнікаў Рэспубліканскай мастацкай галерэі.
У межах выстаўкі прадстаўлены творчыя дасягненні ўнітарных прадпрыемстваў Беларускага саюза мастакоў – Мастацкага камбіната і Скульптурнага камбіната, а таксама работы мастакоў, якія з 1994 да 2024 года атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь. Работы для экспазіцыі прадстаўлены мастакамі-удзельнікамі выстаўкі, фондамі Саюза мастакоў, Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Музеем гісторыі горада Мінска.
На працягу ўсёй сваёй гісторыі, і асабліва за 30 апошніх гадоў, грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў» у сваёй дзейнасці было цалкам звязана з вырашэннем дзяржаўных задач у галіне развіцця, захавання і прапаганды беларускага мастацтва, умацавання маральных каштоўнасцей і ідэалагічных асноў нашага грамадства.
— Назва выстаўкі «Разам», значыць мы разам, разам з Прэзідэнтам, са сваёй краінай. Па сутнасці, гэтая выстаўка — своеасаблівы доказ таго, наколькі таленавіты наш народ, — падкрэсліў на адкрыцці праекта старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Толькі палічыце, колькі важных аб'ектаў на тэрыторыі ўсёй Беларусі ўдалося рэалізаваць нашым творцам дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы. Нагадаю, што Беларускі саюз мастакоў — адзіны на постсавецкай прасторы, які захаваў свае унітарныя прадпрыемствы, скульптурны і мастацкі камбінаты. Калі нядаўна я расказваў пра гэта калегам з Казахстана, яны захапляліся, казалі, вам добра, мы ўсё гэта даўно страцілі… А Беларусь захавала. Паглядзіце, колькі знакавых аб'ектаў рэалізавана за апошнія гады нашымі майстрамі: ад замкаў да залаў Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Незалежнасці, Вярхоўнага Суда. Дадайце да гэтага мемарыяльныя комплексы «Ала», «Трасцянец», у Чырвоным Беразе, абноўленыя аб'екты ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»… У якой яшчэ дзяржаве мастакам аказаны такі давер і падтрымка?
Творчаму калектыву Беларускага саюза мастакоў належыць мноства манументальных твораў, створаных для інтэр’ераў і экстэр’ераў значных грамадскіх будынкаў і аб’ектаў з 1994 па 2024 гады. Прыкладам можа служыць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Палац Рэспублікі, Ратуша, Палац Незалежнасці ў Мінску, Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Мірскі замак, замак у Нясвіжы, музей «Белавежская пушча», будынак Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, мемарыял у Трасцянцы, станцыі метро ў г.Мінску. Гэтыя і іншыя аб’екты створаны сіламі сяброў саюза і калектывамі Скульптурнага камбіната і Мастацкага камбіната.
З’яўляючыся грамадскай арганізацыяй, Ссаюз мастакоў працуе на выкананне шматлікіх дзяржаўных праграм у галіне эстэтычнай і маральна-ідэалагічнай асветы і выхавання грамадзян нашай краіны. Прадстаўляючы Беларусь на шматлікіх міжнародных мастацкіх форумах, мастакі ўносяць немалы ўклад у фарміраванне дастойнага іміджу нашай дзяржавы.
На выстаўцы можна ўбачыць работы многіх вядомых майстроў, у тым ліку Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага, а таксама Мая Данцыга, Валерыя Шкарубы, Георгія Паплаўскага, Уладзіміра Таўсціка, Максіма Петруля, Віктара Барабанцава і іншых вядомых жывапісцаў, графікаў і скульптараў. Прадстаўлены ў тым ліку творы, якія ў розныя гады ўдастоены нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Убачыць іх можна да 2 лютага.
— Крыху пазней мы плануем выдаць альбом з гэтымі работамі, яны сапраўды з'яўляюцца нацыянальным здабыткам. Акрамя таго, у дні выстаўкі пройдуць некалькі канферэнцый, будзе таксама арганізавана праца з дзіцячымі школамі мастацтваў, — дадае Глеб Отчык.
У сваёй дзейнасці Беларускі саюз мастакоў заўсёды адчуваў дапамогу і падтрымку з боку нашай дзяржавы. За выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Рэспублікі Беларусь сябры саюза рэгулярна вылучаюцца на атрыманне розных узнагарод і прэмій. У 2006 годзе народны мастак Беларусі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі атрымаў высокую ўзнагароду – стаў Героем Беларусі. З 1994 па 2024 год 8 чалавек атрымалі званне народных мастакоў Беларусі, 36 сяброў саюза сталі заслужанымі дзеячамі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, 24 чалавекі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Кісларод у «сінім» паветры. Выстаўку Веранікі Ракашэвіч прадставілі ў Мінску
На другім паверсе Палаца мастацтва ёсць прастора Zal #2. Там зараз працуе выстаўка абстрактнага мастацтва Веранікі Ракашэвіч «Кісларод». У экспазіцыі гледачы могуць убачыць 22 работы мастачкі, у якіх можна разгледзець усе (ці амаль усе) адценні сіняга.
У выставачным праекце Веранікі Ракашэвіч ствараецца прастора паветра і вады, патоку, які неабходны чалавеку для адчування ўласнага існавання. Мастачка, выкарыстоўваючы прыёмы абстрактнага экспрэсіянізму, апускае нас у магутную плынь, энергію свабоды, якая адначасова эфемерная. Кісларод дае нам як бясконцасць быцця, так і адчуванне страху смерці. Ён таксама супярэчыўшы, як сама прырода сіняга. Аднак, у Веранікі Ракашэвіч экспрэсіўныя каляровыя плямы сутыкаюцца ў прасторы белага, што стварае адчуванне спакою і ўспрымання «кіслароду» як паветра.
На выстаўцы самая вялікая работа даўжынёй 12 метраў. Вераніка расказвае, што на стварэнне гэтай карціны спатрэбілася 10 слоікаў фарбы і тры тыдні часу.
— Канкрэтна гэтая работа — выклік, яна не ў маёй тыповай тэхніцы. Намаляваць карціну такога памеру прапанавала куратар выстаўкі Кацярына: яна расказала, што тут ёсць вялікая сцяна незвычайнай формы, — расказвае Вераніка. — Калі глядач глядзіць на мае карціны, яму можа быць нічога не зразумела, і часта людзей гэта, вядома, бянтэжыць.
Мастачка вельмі любіць сіні колер, усе яго адценні, перад праектам яна падумала, што ў яе так мала сініх карцін. Цяпер жа іх вельмі шмат! У серыі аўтар зрабіла 30 работ, але у галерэі выстаўлены дваццаць дзве. Мастачцы хацелася, каб у зале было больш паветра, таму спыніліся на такой колькасці.
Кісларод - гэта жыццёва важны элемент, які адыгрывае ключавую ролю ў многіх працэсах на нашай планеце. Ён неабходны для дыхання і фарміруе энергію для ўсіх жывых істот. Менавіта таму ў работах Веранікі Ракашэвіч з абстрактных элементаў раптам можна ўлавіць прыродныя абрысы навакольнага асяроддзя і раслін. З беспрадметнага мастацтва і метаду спантаннай абстракцыі адбываецца пераход да рэальнасці, якая візуалізуе не толькі эмацыйны падыход, але і фізічнае ўсведамленне прыроды.
— Мой шлях да абстракцыі заняў 7 гадоў, — расказвае Вераніка. — Калі я, нарэшце, вырашылася выказаць свае пачуцці на палатне, я ўжо не магла спыніцца. Змешваючы акрылавую фарбу з вадой у тазе, выліваючы яе на палатно і робячы ўпэўненыя мазкі швабрай, я сапраўды адчуваю сябе жывой і шчаслівай.Мне падабаецца рэакцыя людзей, калі яны бачаць мае карціны. Яны выбіраюць, што ім больш падабаецца, і адгадваюць, што гэта — акіян, космас ці, можа, гара? У мяне ёсць месца для кожнай душы. Мае вялікія круглыя абстрактныя палотны поўныя жыцця. Я лічу сябе гідам. Малюнкі прыходзяць у галаву і не адпускаюць да ўсведамлення. Мая мэта — сапраўды перадаць гэтыя сігналы, эмоцыі і энергію на палатно і паказаць людзям.
Вераніка Ракашэвіч праз свае работы гаворыць аб магчымасці ўсвядомленага запаволення ў часе, аб прастаце і складанасці ўсяго існуючага, падпарадкоўваючы сабе прыроду сіняга колеру. «Кісларод» канструюе сузіральную прастору, у якой кожны можа адчуць хваляванне ці спакой, рух ці прыпынак. І ў выніку, праходзячы праз гэты паток, у цэнтры экспазіцыі адбываецца сутыкненне з энергіяй чырвонага ў рабоце «Каханне», якая з'яўляецца засяроджваннем экспрэсіі пачуццёвага пачатку.
Як бортінжэнер стаў скульптарам. Асаблівасці выстаўкі Аляксандра Наймана
Усё пачыналася з таго, што ў адным класе былі два вучні. Адзін – Скрыпка Андрэй, лянівец і выхваляка, другі – Мудроў Уладзік, працаўнік і выдатнік. Не было ніводнага дня, каб між імі не ўзнікалі спрэчкі, як і здараліся чарадзейныя і загадкавыя гісторыі, часам нават прыкрыя і абражальныя, але шчырыя і даравальныя.
Згадаць хаця б сённяшні ранак. Не паспеў Уладзік як след пранікнуцца сказаным Настаўніцай: «пра што гаманілі рамонкі», як Сонейка яму тут жа падміргнула. А праз якую хіліну і яе сынок, Зайка, які заўсёды прылятаў да свайго сябра Скрыпкі, спыніўся чамусьці на ім і пачаў казытаць яго за тварык. Сонечны Зайка зразумеў, што патрапіў у цудоўную Казку з імем Школьнае Дзяцінства. Ён і раней здагадваўся, што дарослыя ўжо забыліся на тыя свае прыгоды і дзівосы, што некалі адбываліся з імі ў такім жа ўзросце. Бо калі ён пачуў ад Настаўніцы, што цуд – побач, патрэбна толькі адкрыць душу, адразу ўляцеў у фортку.
— Напэўна, дзіўная гэта пара? – думаў Сонечны Зайка.
Ах, як яму хацелася, каб дарослыя распавялі пра свае дзіцячыя адчуванні і той час, калі самі былі вучнямі! Чамусьці здзіўляўся, чаму без вялікай ахвоты ўспамінаюць сваё маленства, калі таксама верылі ў чарадзействы і цуд. Няхай былі іншыя погляды на жыццё, але стан душы, вера ў дабро і жаданне чарадзейства і загадкавасці былі тыя ж.
— А можа палятаем, дзеці? – падумаў Зайка.
Але ж гэта ўрок! Калі ты загадваеш палётаць, і гэтага вельмі-вельмі хочаш і верыш – абавязкова збудзецца. І няхай ты пакуль хвалюешся ў чаканні нязведаннай будучыні: «А што там наперадзе?» А наперадзе – казка – пара адкрыццяў і прыгод!
Сонечны Зайка штосьці нашэптвае на вушка Мудрову, але той адмахваецца ад яго, як ад назолы, маўляў, не месца для забаў. «Да Скрыпкі, сябрука свайго, паспяшайся! Бач, ён ужо разамлеў: ці то азбуку Морзе вывучае, ці то дзюбай парту выпрабоўвае!» – паказваў вачамі ў той бок, а сам схіляўся над сшыткам.
Уладзік быў не толькі старанным вучнем, але і добрым сябрам. І раптам – дзіва-дзіўнае!
— Глядзі, які прыгожы Зайка!
Сонечны Зайка тут ні пры чым. Андрэйка Скрыпка Мудрову не сябар, але вельмі хоча ім быць.
— Адстань! – штораз чуецца незадаволены голас Уладзіка.
Хоча Андрэйка быць сябрам, але для гэтага нічога не робіць, наадварот, толькі падтруньвае і здзекуецца. Уладзік не паважае дрэнных вучняў. Скрыпка кепскі вучань не таму што дрэнны хлопец, а гарэза, якіх пашукаць, і гультай. Год мінуў, а ён як мяўкаў па-кацячы, так і працягвае вычварацца. Табліцу множання толькі на адзінку ведае. Калі Настаўніца пытае памножыць на два, ён пачынае тармасіць сваю чарадзейную Самапіску: “Адказвай, каму кажу!” Тая толькі прытанцоўвае і пасміхаецца.
А без табліцы множання і дзяленне ніяк яму не даецца. Да таго ж і з мовай прабуксоўка: літары «д» з «т» блытае. Толькі і глядзіць, каб дзе змікіціць, альбо паклікаць на дапамогу сябрука-рацыяналізатара Кузнечыка ці свае «злыя сілы чарадзейства».
— Я адзін на гэтай хвалі! – абвясціў. Круціўся за партай і бразгаў-шапацеў нейкімі прыстасаваннямі. Актыўна рыхтаваўся да дзеянняў.
І вось той час надышоў. На кантрольным спісванні з пропускам літар Скрыпка, як запраўскі радыст, усё нашэптваў сваёй ручцы, якую называў Самапіскаю, бо яна ўсё рабіла за яго. Сама думала, сама пісала, сама ж магла калі і заўпарціцца, каб Андрэй не ленаваўся.
— Думай, пластмасавае стварэнне! Думай! Дзеля чаго цябе штодня лашчу-грэю, нягледзячы на мароз і настрой!
Але Самапіска зусім не слухалася. Ён не пераставаў усчуваць яе, што не паклапацілася, каб ён, яе гаспадар, паспяхова выканаў заданне. Бо тая толькі падскоквала ў яго руцэ і прыкра смяялася:
— Напачатку ты напішы, а пасля я! Ды не круці мяне, ужо галава баліць! – пераходзіла ў наступ Самапіска.
Ды так голасна, што ўвесь клас пасміхаўся, азіраючыся на Скрыпку, які (ці паверыце?!) нават разгубіўся нечаканым самавольствам памочніцы, і выцягваў шыю то да аднаго, то да другога суседа.
Але як ні стараўся ён, сшытак пасля праверкі, быў чырвоным. Самапіска на Настаўніцу не ўздымала сваіх вачэй ад сораму за яго ўладальніка.
І тады Настаўніца сказала Мудрову, каб ён разам са Скрыпкам рабіў хатнія заданні. Чаму менавіта Уладзіку выпала такое шчасце ахвяраваць сваім вольным часам, таму што яны суседзі. Але пра гэта ён у Настаўніцы не спытаў, ведаў ўсяроўна нічога не зменіцца, бо ключ ад таямніцы душы аднакласніка не ў яе знаходзіцца.
Скрыпка Мудрову таксама з радасцю дапамагае, толькі іншым чынам: калі спеюць вішні, дык ён ніколі не праспіць і не стоміцца, каб не паабіраць. Гэта ён вельмі спрытна выконвае. І памочніка, як і драбіны не трэба. Кожная жэрдка ў плоце адчувае яго ласку. Паспрабуй зрабіць заўвагу. Таксама нахабна адказвае:
— Не падумай благога: раблю гэта з асаблівым задавальненнем і пачцівасцю, каб твая мама не мела з вішнямі шмат клопату.
— Канешне, ведаем ужо, клапатлівы ты наш! – казалі мы і асабліва не ўсчувалі за такі ўчынак.
Толькі пажаданне выказвалі:
— Лепш каб ты матылька з чмялём пераблытаў і ў якасці аэрадрома падставіў свой язык, эфект быў бы намнога гучнейшым! І паслухаў бы шапаценне лісця, і нанюхаўся б мядовага паху!
Калі ён прыходзіў да Уладзіка, дык заўсёды першым на парог ступаў мультфільмаўскі персанаж, апрануты ў выпацканую школьную форму, брудныя расшнураваныя чаравікі, але ў кальчузе старажытнага воіна і пры гэтым вясёлы і ўпэўнены.
— Ну што, настаўнік, чым гатовы абрадаваць будучую зорку? - нахабна крычаў. — І без аніякага дазволу праходзіў у пакой і садзіўся за пісьмовы стол. Пры гэтым хаваў ў кішэньку пінжачка зялёненькі дубовы лісточак, прамаўляючы: «Мой Сувязны!»
Быццам згаварыўшыся, са стала збягаюць кніжкі і сшыткі гаспадара. Уладзік дзівіцца, але сядае побач. Раскрывае дапаможнік і пытаецца: «Кажы, што табе не зразумела, будзем разбірацца?»
— Ты настаўнік – ты і разбірайся! — прамаўляла Самапіска Андрэя і скакала ад задавальнення сваёй смеласцю.
— Які ты кемлівы! –Уладзік заўсміхаўся, але стараўся растлумачыць. У гэты момант галава і вочы Андрэйкі сачылі больш за Самапіскай, якая то прыляжа, то заскача. Той паднасіў яе да вуснаў, браў у рот, сціскаў зубамі… Не мінула і паўгадзіны як руплівая памочніца запэцкала не толькі каўнерык сарочкі, але і рот свайго дабрадзея. Нібы які мысліцель Скрыпка прыстаўляў ручку да падбароддзя, а пасля раптам і задрамаў.
Калі Улад пытаўся, ці ўсё зразумела і чаму далей не піша, ускочыўшы першай Самапіска, смела адказвала:
— Маруда! Ты ж не пішаш, а што мы? Чакаем цябе! А так пакуль усё нам зразумела! Прыём!
Уладзік паглядзеў ў бакі, наструніўся:
—Прыём, чуешь! – крыкнуў Уладзік на вуха Андрэю.
—Калі ты, Андрэй, такі разумны і не хочаш навучыцца правільна пісаць, дык хай іншы хто з табой забаўляецца! Навошта, каб ў школе мяне дакаралі, што я цябе не вучу.
— Ха-ха! Настаўніца вельмі ўзрадуецца, што ты на самым узлёце падрэзаў крылы будучай зорцы не толькі школы, а можа, нават краіны!
Уладзіку заставалася толькі здзіўляцца гэткаму ўмельству аднакласніка, маўчаць і тлумачыць, як умее, прадаўжаць разам выконваць хатнія заданні.
—Зорка твая пакуль толькі на кропачку змахвае!
— О-о-о! Разважаць пачаў. Прагрэсіруеш, Мудроў!
— Вось я і кажу: ці ж я настаўнік, каб вучыць Вас, Ваша Светласць! Разам у школе адно і тое ж слухаем і вывучаем. Але спісвайце, будучая зорка, спісвайце! Хаця б вачыма працуйце, калі галава не варыць, - парыраваў Уладзік.
Трэба сказаць, што ў той час, пра які ідзе размова, мабільных тэлефонаў яшчэ не было. Увогуле. Ніхто пра іх нават не ведаў. Зараз цяжка ўявіць, што такое калісьці было. Але гэта праўда! І тады ўсе малыя часцей за ўсё карысталіся менвіта такім сродкам сувязі: гучней крыкнеш – хутчэй пачуюць.
Таму маленькі дубок, што рос у двары, каб яго голас ляцеў як мага далей, нават устаў на дыбачкі і выцягваў шыю:
— Андрэ-эй! Андрэ-эй!
Уладзік выглянуў у акно, але там нікога не ўбачыў. Ніводнай жывой душы!
Але тут ён заўважыў, як рэагуе на гэты покліч Андрэйка, але выгляд сваёй дасведчанасці не падаваў. Самапіска ўжо сядзела ў таго на плячы і зноўку нашэптвала-нашэптвала. Раптам Андрэйка сабраў свае рэчы ў партфель, нахіліўся ў бок і стаў перашэптваць свайму Сувязному паварочваючыся да Уладзіка.
— У цябе, брат, умовы невыносныя: усе перашкаджаюць, - сказаў, зрабіўшы выгляд абражанага чалавека. - Баюся нарабіць адных памылак. Так што - бывай, памагаты! Калі што-якое – пішы пісьмы! – Андрэй рагатаў, але не ў голас, каб яго часам Уладзік не пачуў. Але губы расцягваў, паказваючы тыя два свае заячыя шырокія зубы.
З вуліцы зноўку пачуўся голас:
— Андрэ-эй! Андрэ-эй!
— І там без мяне абысціся не могуць! Усюды толькі адзін Андрэй і патрэбен! – казаў ён крочыўшы да выхаду.
— Бо ты і сапраўды такі адзін! – высунуўшы свой носік з партфеля ціхутка цвердзіла і Самапіска. – Хто яшчэ так здолее сыграць!
— А гэта яшчэ хто? - спытаў Уладзік.
— Як хто? Я! – прыкрыў сваю заступніцу Андрэй.
— Я ўсё зразумеў і не буду за цябе адказваць, скрыпач! – рэзка перапыніў Уладзік, так, як неяк чуў ад Настаўніцы.
— А я і не прашу, - Андрэйка таргануў галавою, нібыта быў круглы выдатнік. А значыць, няма чаго яму, такому разумнаму, нудзіцца тут. Заскакаў і яго партфель.
— Тады ўсёй тваёй хітрай зграі – поспехаў!
І пайшоў Скрыпка, прыпяваючы, хаця нёс ў сшытках кепска напісаныя практыкаванні па беларускай мове і матэматыцы.
Пайшоў Андрэйка, а праз некаторы час, калі Уладзік чытаў Вялікую Дзіцячую Энцыклапедыю, пачуўся знаёмы голас.
Сярод невялікага гарадскога дворыка, заціснутага між высокімі дамамі стаяў хлопчык з іх класа. Як усе мужчыны яго ўзросту, ён не асабліва зважаў на сваю знешнасць, таму яго сінія шорты і жоўтая кашуля зусім не выхваляліся чысцінёй ад забаў у закінутым кар’еры.
— Дык вось хто мяне кліча! Яська Флейта! Гэты самы звычайны хлопчык стаяў перад домам, ўчыніўшы нечаканую гукавую атаку: бесперапынна і самааддана гукаў:
— Ула-аадзік! Ула-аадзік! Ула-аадзік! Выла-аа-зь са сваіх кніжа-аак!
— Чаго табе трэба? – азваўся Улад, выйшаўшы на балкон.
— Выходзь! Гуляць хадзем! Зірні, што ў мяне ёсць!
— Што гэта?
— Чарадзейная люстэрка! – на ўвесь раён крычаў Ясік. — У кар’еры знайшоў! Кажуць, што яно вельмі чарадзейнае! Княжацкае! І можа выканаць любое запаветнае жаданне! Чуеш?
Хаця сустракацца зусім не хацелася, а тым больш зараз, асабліва. Але ён усё-ткі спусціўся да сябрука. Той, убачыўшы яго, заскакаў вакол, нібы ва Уладзіка за плячамі гарэла.
— Хадзем за мной! Вунь за тым домам Юрась чакае.
Уладзік выглянуў з-за плечука. І праўда. Юрась Дубінка сядзеў на лавачцы.
Увогуле Уладзік прадчуваў, штосьці нядобрае, невядомае і, нават кепскае, быццам бы чакала яго неспакойная душа: Юрась Дубінка не з іх класа, яшчэ той жэўжык.
— Але з якой прычыны? – разважаў. — Здаецца, у мяне з ім няма ніякіх спраў. І што ён да мяне мае?
Чуецца з кустоў бузіны знаёіы голас: “Пачынаем аперацыю «Галуб!. Як чуеш, прыём!»
— Прыём!- адказаў Дубінка.
Зараз, напэўна, вынясуць штосьці іржавае, нібыта старадаўняя каштоўнасць, якую неабходна даследаваць, — думаў Уладзік. — А , мабыць, нешта кепскае падстрояць?
Раптам Юрась кліча:
— Ану, хадзі сюды, растлумач мне, якія літары пішуцца ў гэтых словах. Іншым тлумачыш.
— Словы?
Гэта штосьці загадкавае? Зараз ён мусіў быць асцярожным, як разведчык, што сядзіць у кустах бузіны. Нават яшчэ больш пільным і хітрым.
— Ну?
— Ты ж не трэццякласнік, - сказаў ён павольна.
— Усё роўна. Я хачу ведаць, што ведаюць трэццякласнікі аб правільным напісанні слоў! — выкрыў сябе Дубінка.
— Дык ты ўжо даўно павінен гэта на памяць ведаць!
Дубінка ўскочыў на лаву для пасажыраў гарадскога транспарту, каб здавацца яшчэ вышэйшым, і крыкнуў:
— Запускай! – раз’юшыўся Юрась, і Уладзіку здалося, што ён пагатоў здзейсніць штосьці неверагоднае.
І тады Улад сцяміў.
— Гэта Андрэй Скрыпка цябе на гэта падбіў. Раскусіў я вас. Скажы яму, што я яго вучыць не буду, здраднікаў не паважаю, зразумеў?
Дубінка саскочыў з лаўкі, густа пачырванеў.
У гэты момант штосьці загудзела-забзынькала ў яго над галавой. Ён ўскінуў у неба голаў, і ў гэты момант штосці мяккое і смярдзючае звалілася Юрасю на грудзі.
— Заб’ю! Разведчык чортаў!
— Прамазаў! Прабач, электроніка падвяла! Ну, прабач! – раздаваўся аддаляючы голас рассакрэчанага разведчыка.
Шапік «Белсаюздруку», што ціха стаяў за шнурком бузіны, прытуліўшыся да аўтобуснага прыпынку, раптам зашавяліўся як ад пошугу маланкі: «Няўжо яму сыйдзе ад злога слова?»І доўга яшчэ глядзеў таму ўслед.
— Дык вось, значыць, што яны супраць мяне задумалі, — разважаў Улад. – Дубінка прыкідваўся б дурнейшым, чым ёсць на самой справе. Задаваў бы ўсялякія пытанні, а пасля што-небудзь такое падсунуў бы, што я, нічога пра тое не ведаючы, стаяў бы не толькі перад ім, але і перад усім класам, як дурань.
— Я гэта табе прыпомню, — прыгразіў Дубінка сшыткам і паплёўся прэч.
— Шкада, што самалёт разбіўся, — с лагоднай усмешкай падтруньваў ужо Улад, нібы да канца выказаў усё, што пра яго падумаў. – Бачна было, што ты ўпадабаў снарады таго «Голуба!»
Здарылася страшная рэч. Андрэй Скрыпка, той самы рассакрэчаны разведчык, збягаючы ад разбушаваўшага Дубінкі, праваліўся ў закінуты катлаван. І заснуў. Толькі пад раніцу, калі ўжо пачало світаць, яго знайшлі галубы і пачалі лупцаваць. Каторы па чым – па спіне, па руках, а найбольш па галаве дубасілі.
— Будзеш ведаць як наша светлае імя ў свае брыдкія справы ўблытваць!
— Даруйце, птушачкі! Я больш ні-ні! – узмаліўся жэўжык.
І гэта адразу ж выявілася. Скрыпка пасля гэтага, здавалася, пацішэў. Хатнія заданні пачаў спісваць дзе давядзецца: на ганку перад школай, на падваконні, ды толькі тады, каля яго чарадзейная памочніца Самапіска своечасова разбудзіць. А часам, бывала, заспіць і дапісвае пад партаю. І ўсё гэта дзякуючы Самапісцы. Апошнім часам яна большую актыўнасць пачала праяўляць. Бо каб ні яе клопат і гэтага поспеху не было б! Няхай у яго сшытках адны крамзолі, але ж і яны пра нешта кажуць. Можа нават шыфр які сакрэтны?
Але пакуль яны казалі пра іншае, бо калі Настаўніца даведалася пра дзівосы Скрыпкі толькі галавою пакруціла. І заўсёды калі яна ставіла яму дрэнную адзнаку, то глядзела чамусьці на Мудрова, а не на яго. Гэта было дзіўным нават для партрэтаў, што віселі на сцяне класа і пераглядаліся між сабою.
Класны журнал Настаўніца ніколі не забірала ў настаўніцкую, але ніхто асабліва ў яго не заглядваў, бо кожны ведаў свае адзнакі. Акрамя Скрыпкі. Ён не верыў, што самы горшы ў класе вучань. Нікому не верыў! Не хацеў верыць нават самому сабе. Усё заглядваў у журнал, ці не трапілі часам выпадкова яго “добрыя” адзнакі да суседа. А што, калі?
— Я так добра ўчора адказваў, а тут – гусі галгочуць! – не сунімаўся Скрыпка.
І тут адразу выявілася, які ён вучань. У час перапынку ён паслухаў сваю адданую памочніцу Самапіску і ўлез у журнал.
— Давай смялей! – падганяла. – Вось так! Р-рраз-два! – і ты ж ужо не адстаючы вучань!
І тут Андрэйка панаставіў сабе ў журнал поўна добрых адзнак, а каб гэта не было так прыкметна Самапіска параіла паставіць добрых адзнак і сваім сябрукам Яську Флейту і нерассакрэчанаму пакуль вынаходніку і рацыяналізатару Жэніку Кузнечыку. Гэта ён зрабіў для Скрыпкі чарадзейную Самапіску..
— І не забывайся, Андрэй, што я казала: «У радасці заўжды сяброў поўна!» – пасміхалася Самапіска.
Настаўніца разгубілася адразу, як толькі раскрыла журнал: цэлая чарада сініх гусей вылецела з яго старонак і прама да форткі памчалася. Але тая была шчыльна зачынена, і яны паваляліся долу.
Кантрабандныя адзнакі, што стаялі насупраць трох герояў сарамліва апусцілі свае галовы.
— Ну што, дзеці? Ідзем далей! Хаця, прабачце, ёсць нагода на хвілінку затрымацца! Памятаеце: на пачатку тэмы мы разбіралі сказ «Пра што гаманілі рамонкі?»
— Памятаем! Канечне, памятаем! – раздаліся галасы.
— Дык вось, у нас з’явіліся новыя харашысты! Я абавязана вам назваць гэтыя таленты: Скрыпка, Дубінка, Кузнечык, Флейта! Проста малайцы! Як і не было кепскіх адзнак!
— Гэта крута! Які дзівосны гэты свет! – раздаўся чыйсьці голас.
— Значыць рамонкі гаманілі пра небяспеку? – шукаў падтрымкі дзявочы голас. – Вось чаму яны хавалі свае пялёсткі ад Скрыпкі!
— Так! – І небяспека абрынулася на нас, - пацвердзіла Настаўніца.
— Нічога, мы гэта перадолеем! – запэўніла некалькі дзявочых галасоў. - А цябе, Скрыпка, не толькі ад класа, але і дома Цудадзейны вітамін ужо чакае!
— Зашквар!* – прашаптаў хлапечы голас.
Усё выплыла наверх, і «шэрыя гусі» – двойкі маўкліва паўскоквалі на свае месцы.
Пра свае глыбокія пачуцці і Цудадзейны вітамін, што атрымаў, Андрэй Скрыпка асабліва не любіць расказваць. Саромееца. Лічыць, што сціпласць пра свой шлях да зорак не абавязкова даводзіць шырокаму колу цікаўных.
*Зашквар – (сленг ненарматыўнай лексікі падлеткаў) штосьці ганебнае, непрыемнае.
У беларускіх вёсках і дагэтуль захоўваюць традыцыі варожб на Каляды, якія пачынаюцца на куццю і доўжацца да Вадохрышча. Гавораць, менавіта ў гэты час мяжа паміж рэальным і містычным практычна знікае. Даведацца пра свой лёс, суджанага і абавязкова спытаць пра ўраджай — вось што заўсёды цікавіла нашых продкаў падчас калядных варожб. Якія таямніцы захоўваюць старажытныя абрады?
У аграгарадку Узыход Магілёўскага раёна беражліва адносіцца да традыцый. Тут не толькі захоўваюць памяць аб іх, але і перадаюць маладым пакаленням. Дзяўчаты дружна варожаць — усё па правілах, якім калісьці даўно прытрымліваліся і продкі.
Варажыць пачыналі на куццю. Дзяўчаты збіраліся ў лазнях. Абавязкова ў начных кашулях і з распушчанымі валасамі. Там расстаўлялі люстэркі і свечкі пэўным спосабам, прамаўлялі розныя змовы і разглядалі адлюстраванні ў люстэрку — кожная спадзявалася ўбачыць наканаванага.
Раней у вёсцы нават зімой у моладзі заўсёды было шмат клопатаў: бацькам дапамагчы па гаспадарцы, дагледзець малодшых братоў і сёстраў. А на калядныя святы імкнуліся ўсю работу днём перарабіць, каб увечар застаўся час на варажбу.
Распаўсюджаная ў вёсках варажба сапраўды рассмяшыць сёння многіх. Уявіце карціну: дзяўчаты бегаюць па вёсцы ад дома да дома і абдымаюць дашчаную агароджу. Імкнуліся абхапіць рукамі як мага большую колькасць дошак і верылі, што калі цотнае, то сёлета сустрэнеш сваё вялікае каханне. Увечары трэба прынесці дроў у хату. Набярэш ахапак, складзеш ля печы і давай лічыць. Зноў жа, калі цотная лічба — быць табе ў пары.
Яшчэ адна варажба на дровах: маладыя дзяўчаты падыходзяць да кастра спіной і навобмацак выбіраюць палена. Калі яно аказваецца роўным, гладкім і без сучкоў, то ў будучага мужа будзе ідэальны характар. Цяжкае і тоўстае палена — пашанцуе на заможнага мужа. Калі ж на ім шмат сучкоў, то ў будучай сям'і будзе шмат дзяцей.
У калядную ноч абавязкова трэба было падысці да чужой хаты, пастаяць пад акном і паслухаць, што адбываецца ўсярэдзіне. Калі там шум і лаянка, то тваё сямейнае жыццё будзе неспакойным. Цішыня — значыць, цябе чакае шчаслівы шлюб, з мужам будзе поўнае паразуменне.
Самай папулярнай была варажба на блінах, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яе сутнасць у наступным: дзяўчаты павінны спячы па бліне, раскласці іх у радок, паклікаць сабаку і глядзець — чый першым з'есць, таму і замуж ісці раней за ўсіх. Галоўнае перад гэтым - добра накарміць сабаку, каб ён не пахапаў за раз усе бліны.
Як прыгатаваць бліны з прыпёкам? Пакрокавы рэцэпт
Не менш распаўсюджаны спосаб — варажба на прадметах, які і цяпер карыстаецца папулярнасцю.
Быў у асноўным такі набор: кольцы, манеты, ключы, хлеб. З дапамогай гэтай варажбы можна было даведацца пра важныя падзеі, якія адбудуцца ў тваім жыцці сёлета. Удзельнікі завязвалі вочы адно аднаму і выбіралі адзін з прадметаў. Напрыклад, манета азначае багацце, цыбуля — слёзы, пярсцёнак — замужжа.
Каб даведацца, хто з дзяўчат хутчэй замуж выйдзе, палілі нітачкі. Чыя нітка першая згарыць— тая дзяўчына першай замуж і пойдзе. Яшчэ адзін спосаб даведацца, што рыхтуе лёс, — спаліць паперу. Гэта рабілі абавязкова ў лазні. На плоскую талерку клалі паперу і падпальвалі — і па граючых ценях вызначалі, чаго чакаць у будучыні.
Якія хваробы беларусы лячылі ў лазні?
Варажылі не толькі ў лазнях. Ёсць яшчэ варажба на ботах. Дзяўчына выходзіць на вуліцу і кідае бот праз агароджу. Куды ён наском ляжа, з таго боку сваё каханне чакаць трэба. Хлопцам таксама ўсё гэта было цікава. І як у мінулыя часы маладыя людзі падглядвалі за дзяўчатамі падчас варожб, так і ў сучасных рабят цікаўнасці не адабраць. Кідае паненка бот, а ён падбягае і пераварочвае яго, кажа, што толькі за яго яна замуж выйдзе.
Трохі жудасна, ну а што рабіць? Трэба ў пустым пакоі або ў лазні паставіць два люстэркі адно насупраць аднаго, асвятліўшы іх абапал свечкамі, прысесці пасярэдзіне і глядзець у канец люстранога калідора. Там павінна з'явіцца выява будучага жаніха. Аднак у яго выглядзе паўстае нячыстая сіла, таму трэба своечасова крыкнуць «Чур мяне!», каб чорт не выбраўся з люстэрка.
Не менш папулярнай была варажба на расчоске. З яе дапамогай дзяўчына магла ўбачыць, якім будзе яе жаніх. Для гэтага толькі што набыты грэбень размяшчалі пад падушкай, а перад тым, як заснуць, запрашалі будучага мужа прыйсці і расчасаць валасы варожачай.
Той, хто прысніцца дзяўчыне ў тую ноч, і стане яе мужам. Акрамя таго, важна было паглядзець на сябе ў люстэрка раніцай: калі валасы гладкія і мяккія, то і жыццё маладых будзе такім жа, а калі на галаве запар кудлаты і каўтуны — сварак з выбраннікам не пазбегнуць.
Яшчэ адна вядомая варажба —з кольцам і шклянкай. Для гэтага наліваюць у празрыстую тару ваду, ва ўпрыгожванне прапускаюць нітку, задаюць пытанне і апускаюць кольцы ў шклянку, ледзь дакранаючыся роўнядзі вады і адразу паднімаючы. Калі ўпрыгожванне, пачаўшы ход, стукнулася аб сценку адзін раз — адказ на пытанне станоўчы, калі двойчы — адмоўны.
Вельмі прыемна, што традыцыі нашых продкаў цікавыя моладзі і зараз, у стагоддзе камп'ютарных тэхналогій.
Гэта сведчыць аб тым, што самабытная беларуская культура працягвае жыць не толькі ў памяці старэйшых пакаленняў.
У нас шмат свят, якіх жыхары чакаюць з нецярпеннем. Зімой — Каляды і Масленіцу, якую асабліва любяць. Яшчэ адно свята, якога асабліва чакаюць дзеці, — Сарокі. 22 сакавіка дарослыя пякуць шмат-шмат птушачак, раздаюць іх дзецям і ідуць з песнямі праз увесь аграгарадок да возера. Там на дрэве развешваюць птушачак — сустракаюць вясну і яе першых веснікаў.
З пакалення ў пакаленне перадавалася вялікая колькасць звязаных са Калядамі прыкмет, дзякуючы якім, пагаворваюць, можна даведацца ці нават змяніць будучыню.
Калі на Каляды страціць якую-небудзь рэч, то гэта пацягне за сабой страты ў наступным годзе. А вось знайсці забытае, асабліва нейкую ювелірную цацку, — да грошай.
Таксама гэты ў перыяд нельга заганяць звяроў — нашы продкі верылі, што за гэта лясун у помсту за забойствы завядзе мужчыну са зброяй у непраходную глуш. Лічылася, што той, хто палюе на Каляды, дадому больш не патрапіць.
Каб год прайшоў добра і ў дастатку, на Каляды трэба надзець усе свае лепшыя рэчы. А каб у сям'і панавалі мір і каханне — казаць адзін аднаму ласкавыя і пяшчотныя словы.
Акрамя таго, з 8 па 19 студзеня не рэкамендуецца вымятаць смецце з хаты — зрабіць гэта можна толькі ў самым-самым канцы свят. І тое, яго неабходна сабраць, вынесці на двор і спаліць — толькі так можна пазбавіцца ад гора і трывогі ў доме.
Хварэць на Каляды — дрэнны знак: лічыцца, што чалавек будзе альбо доўга здаравець, альбо не паправіцца зусім. Прычына - усё ў той жа разгульнай нячыстай сіле, якая ў гэты час актывізуецца.
Ёсць і шмат прымет, звязаных з надвор'ем. Напрыклад, калі на небе добра відаць зоркі, або ў дні Каляд ідзе снег, або на дрэвах шмат інею - гэта гаворыць аб тым, што год будзе багатым і ўрадлівым.
Дарэчы, адна з галоўных традыцый Каляд — наведваць родных. Хадзіць на могілкі да памерлых і наведвацца ў госці да тых, хто жывы і жыве. «Лепшае, што можна зрабіць у перыяд ад Калядаў да Вадохрышча, — як мага часцей збіраць сяброў за багатым сталом! Бо лічыцца, што той, хто шмат смяецца і есць у гэтыя дні, будзе вясёлым і сытым увесь год!».
Як прынята праводзіць Масленічны тыдзень? Гісторыя і традыцыі свята
Лета толькі-толькі пачалося! Цёплае і сонечнае. Мы гулялі з авечкай Адэляй па ціхіх вуліцах. Адэля-то добра напесцілася пад ласкавым сонейкам за цэлы дзень, але ж трэба было мяне “выгуляць”.
– Ах, спадарыня Наталля! – мройна ўздыхала яна. – Прыходзьце да мяне на лужок з кампутарам і пішыце пра мяне новыя захапляльныя гісторыі…
– Ага… Памятаеш, я спрабавала прыходзіць на лужок з кампутарам. І што з гэтага выйшла? – збянтэжана нагадвала я.
Адэля толькі пырскала ў капыток.
– Такое забудзешся! Вы разамлелі на сонцы і заснулі! Ды яшчэ і сонечны ўдар атрымалі.
Так і было. Пасля таго выпадку на лужок я хадзіла толькі адпачывць, бо ў той дзень напісала хіба што паўстароначкі. Затое Адэля ўзяла на сябе клопат пра маё здароўе. Таму ўвечары авечка выводзіла мяне на шпацыр. Мы весела і бесклапотна абмяркоўвалі свае справы, дзяліліся ўражаннямі мінулага дня, як раптам…
Не! Такога відовішча я раней не бачыла ніколі! Мы з Адэляй аслупянелі. Проста перад намі ў звычайным гарадскім двары стаяла МАШЫНкА! От дзіва, скажаце вы! Такога дабра ў горадзе – процьма. Не! Гэта МАШЫНкА была адзіная і непаўторная! Яна ззяла, на сонцы, нібы само сонца. Ажно вачам было балюча! Як зачараваная, раскінуўшы ножкі нібы для абдоймаў, Адэля пайшла на гэтае ззянне. Я – за ёй. Уявіце: МАШЫНкА была ўбраная бліскучымі стразамі. Праўда – ЎСЯ! Зверху да нізу. Ад крыла да крыла. Ад капота да багажніка. Ад пярэдняга бампера да задняга бампера. Ну, акрамя шкла, люстэрак і колцаў.
Я паспрабавала ачуціць Адэлю, таргануўшы за пасмачку воўны. Дзе там! Неверагодны бліскучы цуд прыцягваў авечачку да сябе нібы магніт. Адэля наблізілася да МАШЫНкІ і пацягнулася капытоком, каб дакрануцца…
– Стой! – з грозным воклічам напярэймы Адэлі кінуўся лысы вусаты дзядзька ў цёмных акулярах. Ён быў вялізны! І засланіў сабой ледзь не ўсю цуда-машынку.– Куды лезеш? Гэта мая МАШЫНА. МАЯ прыгажунька. Мая ЛЯЛЕЧКА… -- і пяшчотна пагладзіў капот машыны.
Сваім грозным выглядам ён напужаў бы каго заўгодна. Толькі не Адэлю.
– А дзядзечка! – голасам, што перарываўся ад хвалявання, запрасілася Адэля. – Дай пакратаць! Хоць адным капытком…
– Не лезь! – дзядзька павярнуўся да нас спіной, выцягнуў з кішэні мяккую анучку і ўзяўся націраць, начышчаць і паліраваць кожны стразік. Быццам магчыма было, каб яны ззялі яшчэ больш сляпуча.
– Дзя-я-я-дзечка! – умольна склала капыткі Адэлька.
Дзядзька як не чуў! Відаць, ён заняўся ўлюбёнай справай і ніхто не зможа адцягнуць яго ўвагу. Ясна! Ён нават пальчыкам не дасць дакрануцца да сваёй машынкі. Нікому і нізавошта! Ого! Такі вялізны і самавіты чалавек, а бліскучае любіць не меньш чым мая гламурная прыяцелька.
Трэ было нешта рабіць з Адэляй. Я сілком пацягнула яе ад КАЗАЧНА ПРЫГОЖАЙ Машынкі. Адэля ўпіралася, брыкалася, сварылася.
– Пусціце! Куды вы мяне цягніце? Гвалт! – галасіла яна. З вакон выторкваліся людзі і паглядалі на мяне вельмі няўхвальна. І толькі некаторыя – са спачуваннем.
А пасля пачаліся мае штодзённыя пакуты. Адэля кожны вечар рвалася ў двор да цуда-прыгажунькі. Яна спрабавала падкрасціся бліжэй, каб хаця пакратаць… Безвынікова! Гаспадар быў заўсёды на месцы: паліраваў, націраў… Канешне, не толькі Адэля прыходзіла палюбавацца на машынку, цікаўных было мноства. Але зразумеўшы, што наблізіцца да машынкі не выпадае, перасталі ёй цікавіцца. А мы з Адэляй хадзілі ў той двор, як на дзяжурства! Я не магла кінуць прыяцельку ў стане такога душэўнага ўзрушэння. Хаця, па шчырасці, спробы былі.
– Адэля, пойдзем сёння ў парк гуляць? – прапаноўвала я змяніць маршрут.
– Які парк, спадарыня Наталля! Здзекуецеся? Трэба ж на ЛЯЛЕЧКУ хоць адным вочкам зірнуць!.. – і я зноў паныла цягнулася за Адэляй глядзець на “ЛЯЛЕЧКУ”. (Адэля падхапіла гэтае слоўца ад гаспадара МАШЫНкІ, і ўжо інакш пра яе не гаварыла).
Недзе праз тыдзень Адэля ўварвалася да мяне з ваяўнічым воклічам:
– Спадарыня Наталля! Колькі ў вас там грошай на картцы?
– Каля тысячы, – скоранька адказала я, бо не чакала ад Адэлі ніякага круцельства.
*Папярэджваю вас, мае дарагія: такія звесткі вы маеце поўнае права не давяраць нікому!
– Гэта вельмі мала, спадарыня Наталля! – катэгарычна заявіла Адэля. Я толькі плечуком паціснула: маўляў, мне досыць.
Наступным разам Адэля прыцягнула з сабой прыгожую скарбонку ў выглядзе авечкі і урачыста паставіла яе на стол.
– Ну, пані Наталля, даставайце грошы, пойдзем ЛЯЛЕЧКУ купляць!
– Што ты, Адэлю! Ты ж збірала грошы на новыя бранзалеты і кліпсачкі!
– Якая розніца, на што збірала. Цяпер мне патрэбна ЛЯЛЕЧКА і нічога больш! Нясіце інструмент!
– Адэля, у цябе не хопіць грошай, каб купіць такую цудоўную машыну.
– А мы вашых грошыкаў дабавім. Праўда, і ў вас іх не вельмі многа… То прысмакі сабе купляеце, то ўборы. Хай бы лішнюю капейчыну прыбераглі.
Ого! Адэля мяне ўжо эканоміць вучыць!
Я хацела абурыцца, але прамаўчала, глянуўшы на яе змрочную міну, і пайшла за інструментам. Падобна, Адэля дайшла да адчаю. Нават разумеючы, што гаспадар нізавошта не прадасць сваю “лялечку”, яна збіралася паспрабаваць.
Варта было мне ўзняць над прынесенай скарбонкай малаток, як Адэля віхурай падскочыла і выхапіла яе з-пад маіх рук. Удар малатка ўсё ж абрынуўся. Не на скарбонку. На мой стол. Дзінь! – жаласна дзінькнула нешта ў гадзінніку, які стаяў побач.
– Што вы тут кувалдай махаеце? Я вас за чым пасылала?
– За інструментам, – пакорліва адазвалася я, скеміўшы, што скарбонку ў выглядзе авечкі Адэля разбіць не дазволіць.
– За інструментам – гэта значыць за пінцэтам! Бачыце, адтулінка якая вузкая. Грошыкі з такой адтулінкі толькі пінцэтам і выцягнеш!
Мы цягалі і цягалі пінцэтам праз вузкую шчылінку скарбонкі грошыкі. Іх было не вельмі многа. На такую шыкоўную машыну дакладна не хопіць. Ды Адэля і слухаць пра гэта не хацела. Сабраўшы ўвесь наш скарб, мы зноў накіраваліся ў запаветны двор.
Дзядзька нават не зірнуў на грошы. Каб мы з Адэляй прыцягнулі б бочачку залатых манет, ён усё адно на нас не глянуў бы.
– Хаця б пакатацца! – галасіла Адэлька, умольна працягваючы дзядзьку грошы.
– Яшчэ чаго! Я нават сабе гэта шчасце толькі па вялікіх святах дазваляю! – адрэзаў гаспадар ЛЯЛЕЧКІ.
Сітуацыя зайшла ў тупік. Асабліва для мяне. Бо Адэля, відаць, яшчэ спадзявалася на нейкі цуд.
Вы калі-небудзь чулі пра Фартуну? У старажытным Рыме так называлі багіню ўдачы. Уяўляеце, гэта капрызлівая багіня да нас з Адэляй раптам павярнулася тварам. Ну во, хацела вам невялічкую філасофскую лекцыю падсунуць, аж зноў Адэля патрабуе, каб я ўсё кінула і ішла з ёй. Пайшлі. Вядома, зноў да ЛЯЛЕЧКІ. Скажу шчыра, мне гэта апракудзіла. Я падбірала найбольш далікатныя словы, каб растлумачыць Адэлі, што сёння мы ідзём туды апошні раз, больш я не збіраюся марнаваць сваё жыццё, штовечар назіраючы, як мая прыяцелька падрывае сваю нервовую сістэму.
– Паслухай, Адэлька, – пачала я здалёк, – табе ўжо даўно пара заказаць сабе новы партрэт, ці запісацца на якія курсы…
– Ат, спадарыня Наталля! Не тлуміце галавы! Вы ж бачыце, мне цяпер ні да чаго няма справы. Я ледзь знаходжу сілы, каб умовы кантрактаў выконваць, працаваць і на ферме, і на студыі .
– Тым больш, Адэлю! Пара нам з табой перастаць бегаць штовечар да гэтай машынкі. Усё роўна яе гаспадар…
Тут Адэля як зашыкала на мяне! Як затупала ножкамі!
– Ні слова болей, спадарыня Наталля!
Адэля пакіравалася далей ледзь не подбегам. Што было рабіць? Я – за ёй.
Машынка яшчэ здалёк асляпіла нас сваім нясцерпным ззяннем. Але нешта было не так! Гаспадар – гэты вялізны грозны дзядзька – ляжаў на капоце, абхапіўшы машынку рукамі, быццам прыціскаючы да сэрца, і галасіў так, што ажно па скуры мурашкі папаўзлі. Адэля на імгненне замёрла побач са мной, а пасля, кінуўшыся да машынкі, загаласіла яшчэ жудасней.
– А мая ты ЛЯЛЕЧКА! А мая ж ты родненькая! – выводзілі яны на два галасы. І было столькі любові і шкадобы ў іх галашэнні, што я ледзьве стрымалася, каб не падтрымаць іх.
…ЛЯЛЕЧКА была пабітая! Увесь левы бок ад пярэдняга бампера да задняга быў памяты! Напэўна, удар быў моцны, бо месцамі стразікі абсыпаліся цэлымі лапінамі. Гаспадар шчыра гараваў над пакалечанай ЛЯЛЕЧКАЙ, і нават не адганяў Адэлю, якая таксама трымала машынку ў сваіх абдоймах. Падумаць толькі: Адэля столькі дзён марыла хаця б дакрануцца да машынкі! І вось, маеш! Ніхто не ганяе, дакранайся колькі хочаш, а галосіць мая авечачка на пару з гаспадаром ад роспачы, а зусім не ад шчасця. Колькі часу прайшло, пакуль мне ўдалося ачуціць хаця б Адэлю. На дзядзьку часу пайшло разы ў два больш, але і не дзіва. Ён жа быў гаспадаром машынкі. Пасля ўсіх бясконцых абмахванняў, апрыскванняў, нашатыру пад нос і ўгавораў, з няшчаснага ўладальніка пакалечанай прыгажунькі ўрэшце ўдалося выціснуць, што за трагедыя адбылася з яго любіміцай.
Нейкі вадзіцель так спяшаўся патрапіць дамоў, што не звяртаў увагі на стому. І дарма! Ужо каля самага пад’езду, паркуючыся і засынаючы за рулём, чалавек не справіўся з кіраваннем і садануў сваёй машынай якраз у левы бок нашай красуньцы. Канешне, галасілі сігналізацыйныя сірэны. Канешне, знайшлося два-тры сведкі. Ды і сам вадзіцель не адмаўляў сваёй віны. Ён толькі збянтэжана паўтараў прадстаўнікам ДАІ, што яго моцна асляпіў бляск стразаў. А яшчэ бясконца прабачаўся перад гаспадаром пашкоджанай машыны, абяцаў усю магчымую дапамогу. Ды гаспадар быў несуцешны. Ён абзваніў усе без выключэння рамонтныя майстэрні ў горадзе. Паўсюль яго спагадліва выслухвалі, але, даведаўшыся, якой незвычайнай машыне неабходны рамонт, адказвалі: “Прабачце, мы нічым не дапаможам”.
Вось такую сумную гісторыю давялося нам з Адэляй пачуць. Дарэчы, гаспадар машынкі прызнаўся: каб набыць сваю прыгажуньку, ён патраціў усе грошы, якія пашчасціла зарабіць у вельмі складанай і працяглай камандзіроўцы. Але ні хвілінкі пра гэта не пашкадаваў. ЛЯЛЕЧКА прыносіла яму столькі радасці, была спраўджанай марай яго жыцця!
Усхліпы і галашэнні аднавіліся. Бачылі б вы Адэлю! Яна так спачувала гаспадару машыны, што села побач з ім проста на асфальт, выцягнула з маёй сумачкі маю любімую насовачку і выцірала вялізныя слёзы, што градам каціліся з яго вачэй. Авечачка і сама не забывалася шчыра аплакваць лёс ЛЯЛЕЧКІ.
– Спадарыня Наталля, нечага румзаць, – заявіла мне Адэля пасля шматгадзіннага галашэння. Хаця якраз я ні слязінкі не праліла, што, пэўна, гаворыць не на маю карысць. Затое я зноў збегала ў краму па ваду і ў аптэку за супакаяльнымі кроплямі. Мне таксама шкада было і машынку, і сплаканага дзядзьку, і няшчасную Адэльку. Але хто б іх ачуціў, каб і я далучылася да прыгалошванняў?
– Трэба нешта прыдумаць! – тузала мяне за рукаво авечачка.
– Што я магу прыдумаць, – здзівілася я. – Рамантаваць машыны не ўмею. Ды вунь нават славутыя майстэрні адмовіліся…
Адэліны вочкі, яшчэ поўныя слёз, бліснулі гнеўна і дакорліва.
– Якая вы бездапаможная! Трэба знайсці выйсце! Трэба ратаваць нашу ЛЯЛЕЧКУ!
Я ўзяла ў рукі мабільны і набрала нумар адказнай сакратаркі, з якой колісь ліставалася Адэля. Абмаляваўшы сітуацыю папрасіла, каб у Вельмі Важнай Газеце, дзе працавала гэтая дзяўчына, далі аб’яву, што патрабуюцца адмысловыя майстры, якія могуць дапамагчы. Адказная сакратарка не была б адказнай, калі не рабіла б сваю справу выдатна. Ужо ў наступным нумары патрэбная нам аб’ява выйшла. І на апублікаваныя тэлефоны пазванілі некалькі майстроў. Гаспадар машыны на кожны званок адказваў з заміраннем сэрца. Але ўсё паўтаралася. Майстры прапаноўвалі памяняць пашкоджаныя крылы, выпрастаць памятыя дэталі. І ў адзін голас падкрэслівалі, што зноў убраць машынку стразікамі не змогуць. Тады дзядзька хапаўся за сэрца, а Адэля вырывала з яго рук слухаўку і сварылася на майстроў.
– Няўмекі! Недавучкі! Халтуршчыкі! Вам такі гонар прапаноўваюць! Ды вы не здольныя нават дзіцячы ровар адрамантаваць!
Майстры гэткай нахабнасцю абураліся, на тым перамовы і заканчваліся.
Як вы ўжо заўважылі, Адэля з гаспадаром ЛЯЛЕЧКІ за гэты час паспелі стаць сябрамі. Кожны вечар яны садзіліся каля машынкі, дзядзька гартаў альбом з яе фотаздымкамі і расказваў, дзе і калі яны былі зробленыя, а Адэля толькі тужліва ўздыхала.
Прайшло некалькі дзён… Аднойчы гаспадар машынкі сустрэў нас яшчэ больш прыгнечаны. Ён урэшце атрымаў прызначэнне на пасаду, якога даўно чакаў і вымушаны ехаць працаваць за мяжу. Тут Адэля выразна ікнула. (Ад страху, патлумачыла яна мне пазней. Спужалася, што дзядзька ЛЯЛЕЧКУ забярэ, і яна ніколі больш яе не пабачыць). Для дзядзькі самая гаркота была ў тым, што ранейшы план – ехаць за мяжу на сваёй лялечцы – цяпер спраўдзіцца не мог. Даводзілася кідаць любіміцу, але на каго? Цяжка ўздыхаючы, дзядзька паведаміў, што вырашыў прадаць машынку, бо іншага выйсця няма. І нібыта ўжо пакупнік знаходзіцца.
Адэля вынесці гэтага не магла…
Але ж напачатку гэтай гісторыі я абяцала расказаць, як Фартуна павярнулася да нас тварам. Ну, і дзе той паварот Фартуны, спытаецеся вы?
– Спадарыня Наталя, – зноў і зноў тузала мяне Адэля, – Лялечка не павінна трапіць у чужыя рукі! Гэта проста немагчыма! Трэба нешта рабіць! – Адэля ўзрушана бегала па маім пакойчыку, раз-пораз заскокваючы ў кухню, каб схапіць са стала што-небудзь смачненькае.
– Так! Думайце! Каго можна далучыць да вырашэння праблемы? У вас ёсць знаёмы банкір?
Я развяла рукамі.
– Хто б сумняваўся! А сярод нафтавых магнатаў?
Я адмоўна пакруціла галавой.
– А сярод гаспадароў аўтамабільных салонаў?
– Не.
– Якая вы непрадбачлівая асоба! Не, каб займець знаёмцаў сярод паважаных і уплывовых людзей!
– Адэлю, затое мае сябры – цудоўныя і сардэчныя людзі. І паважаныя! Многія з іх маюць творчыя прафесіі.
– Так! Гэта думка! Хто ж там у вас? Мастакі? Не падыходзяць! Кнігавыдаўцы? Таксама. Паэты, пісьменнікі, настаўнікі, журналісты, рэдактары з тэлебачання… О! У вас ёсць сяброўка-рэжысёр! Званіце!
– Адэлька! – адбівалася я. – Так, сяброўка-рэжысёр ёсць, але яна займаецца толькі сацыяльна значнымі тэмамі!
– А… што гэта?
– Яна здымае дакументальныя фільмы пра выхаванне мастацтвам, пра дзяцей-сірот, пра інвалідаў, пра праблемы адукацыі. Згадзіся, што гэтыя тэмы непараўнальна важнейшыя.
– Так! Дайце мне нумар, я сама з ёй пагавару!
Адэля выхапіла мабільны з маіх рук.
Амаль паўгадзіны Адэля ўпрошвала, тлумачылы, задабрывала, падпускала лёстачкі. Але мая сяброўка-рэжысёр заставалася непадкупнай! І не думайце, што ад абыякавасці. Проста Любачка была апантаная сур’ёзнымі ідэямі і здымала толькі сапраўды важныя сюжэты. Такая праца вымагае вялікіх намаганняў. Я-то выдатна разумела, што Любачцы не да Адэліных прыгалошванняў пра абдзёртыя стразікі. Але Адэля гэтага не разумела!
– Вы чэрствая і жорсткая асоба, спадарыня Любачка! – раздражнёна заявіла яна маёй сяброўцы, калі тая наадрэз адмовілася займацца ратаваннем ЛЯЛЕЧКІ. – Дарма пані Наталля запэўнівае, што насамрэч вы чулая і працавітая! Што ж, пачакайце! Калі-небудзь захочаце зрабіць сюжэт пра мяне, славутую авечку Адэлю, а я адмоўлю вам! Вось!
Адэля вярнула мне мабільны. Яна яшчэ колькі хвілін незадаволена сапла, а пасля з жалем прамовіла:
– Эх, шкада! Пагарачылася я. Па-праўдзе, чым бы магла памагчы ваша сяброўка-рэжысёрка? Нічым. Ну вось, так неаглядна сапсавала адносіны з чалавекам, які мог бы прыдасца ў будучым. Добра, няхай здымае пра што заўгодна, але вы павінны абяцаць, што дапаможаце наладзіць з ёй нармальныя стасункі.
– І як гэта зрабіць, Адэля? Ты толькі што абвінаваціла чалавека ў тым, што ён не кінуў сваю працу дзеля тваёй прыхамаці, нагаварыла непрыемнасцяў!
– Ат, спадарыня Наталля! Што-небудзь прыдумаем! Для пачатку падарыце ёй кнігу пра мяне! Абавязкова з нашымі аўтографамі. Яна прачытае, урзіцца маёй асобай і абавязкова захоча зняць сюжэт са мной!
– Адэлю! Што ты за Любачку ўчапілся? Павінен жа нехта працаваць над сур’ёзнымі сюжэтамі. Тым больш, што ў яе гэта робіць выдатна. А ты і без Любачкіных рэпартажаў ужо зорка тэлебачання!
Адэля ажно падскочыла.
– Во! Спадарыня Наталля, нарэшце светлай думкі ад вас дачакалася! Так, дзе мой нататнік? Тэрмінова званю на сваю студыю!
Перамовы з куратарам праекта, у якім удзельнічала Адэля, доўжыліся хвілін дзесяць, не больш. Адэля запэўнівала суразмоўцу, што для тэлебачання набыццё такой прыгожай, такой казачна незвычайнай, такой брутальнай машыны – жыццёва неабходны крок. Без гэтага тэлебачанне страціць для гледачоў усялякую прыцягальнасць… Карацей, я перастала прыслухоўвацца да таго, што пляце Адэлька, бо ні на шэлег не верыла ў поспех гэтых перамоў. І дарэмна! Спадар з тэлебачання абяцаў падумаць і даць адказ раніцай. Адэля паклала трубку і з палёгкай перавяла дух.
– Ну во, спадарыняя Наталля! Сэрцам чую – будзе толк! Але ж якіх нэрваў мне гэта каштавала! Трэба падсілкавацца!
Адэля шмыгнула на кухню і вярнулася з вялізным бублікам і маленькай шакаладкай. (Большыя яна злызгала яшчэ раней).
– Усё, пані Наталля! Сёння апошні раз ем!
Я машынальна глянула на гадзіннік. Без пяці хвілін апоўначы.
– Так, Адэлька. Сёння ты і сапраўды не паспееш пад’есці яшчэ раз.
Адэля таксама зірнула на гадзіннік і згодна рассмяялася.
А вось вам і абяцаны паварот Фартуны!
Тэлебачанне выкупіла ЛЯЛЕЧКУ! Дзядзька, усцешаны тым, што яго красуню паабяцалі зняць адразу ў некалькіх модных серыялах і гламурных перадачах, з’ехаў у замежжа. Адэля ж, неверагодна задаволеная неабмежаваным доступам да машынкі, зноў і зноў нагадвала ўсім ахвотным паслухаць, што гэта яна так абачліва распарадзілася лёсам ЛЯЛЕЧКІ. І абавязкова падкрэслівала – ўжо яна-то абавязкова паўдзельнічае ў здымках разам са сваёй ЛЯЛЕЧКАЙ. Канечне, уважаючы на памяты бок машынкі, здымалі яе толькі ў пэўных ракурсах, але на гэта ніхто не наракаў.
Навуку немагчыма развіваць, ігнаруючы яе гісторыю. Гісторыя навукі — гэта не толькі гісторыя навуковых ідэй, метадаў і адкрыццяў. Галоўныя ў ёй — людзі, іх дзейнасць. Беларусь па праве ганарыцца знакамітымі навукоўцамі, якія праславілі нашу краіну.
Сёння, у Дзень беларускай навукі, успомнім тых, хто праславіў нашу краіну далека за яе мажамі.
Месца нараджэння: горад Навагрудак Гродзенскай вобласці
Беларус па паходжанні, які стаў нацыянальным героем Чылі. Чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, вучоны. Адзін з лепшых выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта. Сябра тайнага таварыства філаматаў. Пасля ўдзелу ў паўстанні 1830 - 1831-х гадоў быў вымушаны з’ехаць у Францыю. Там скончыў горную школу і атрымаў дыплом горнага інжынера, пасля чаго з'ехаў працаваць па запрашэнні ў Чылі, дзе і раскрыўся яго патэнцыял вучонага-даследчыка.
Геалогія, мінералогія, геаграфія, этналогія — па ўсіх гэтых напрамках засталіся каштоўныя работы нашага земляка. Пры жыцці ён набыў славу вучонага з сусветным імем, гэта пацверджана ўдзелам у многіх навуковых таварыствах Еўропы. Доўгія гады Ігнат Дамейка быў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта. Арганізаваў метэаралагічную службу ў Чылі.
Месца нараджэння: маёнтак Сволна на Віцебшчыне
Даследчык Сібіры родам з Беларусі. Імем вядомага вучонага названы шэраг геаграфічных аб'ектаў. Ён склаў карту возера Байкал, якая была прадстаўлена на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Венецыі і ўдастоена малога залатога медаля. Атрымаў бліскучую надомную адукацыю, яго навучаннем займалася маці. На момант паступлення ў Віленскую гімназію ведаў французскую, нямецкую, англійскую мовы і латынь, граў на фартэпіяна, маляваў. Калі Чэрскаму споўнілася 15 гадоў, паступіў ва Урадавы інстытут Вільні.
Як ён аказаўся ў Сібіры? За ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам Каліноўскага быў пажыццёва сасланы ў Сібір, пазбаўлены дваранскага тытула, а яго радавы маёнтак канфіскавалі. Ужо ў спасылцы пазнаёміўся з географамі і геолагамі, якія прывілі цікавасць да прыроды і такім чынам дапамаглі маладому вучонаму раскрыць свой талент.
Месца нараджэння: горад Магілёў
Ураджэнец Магілёўшчыны, які стаў першым прэзідэнтам сената Гавайскіх астравоў, а яшчэ і знакаміты вучоны. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях яго адлічылі. Затым паступіў на медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Так быў пакладзены пачатак медыцынскай будучыні, якая прынесла сусветную славу нашаму суайчынніку.
Пачуццё справядлівасці не дазваляла яму заставацца ў баку ад падзей, якія адбываюцца, дзе б ён ні быў. Пад псеўданімам Мікалай Русель удзельнічаў у паўстанні балгараў супраць туркаў. Прыехаўшы на Гаваі, падтрымліваў дэмакратычныя пераўтварэнні — на той момант гэтыя тэрыторыі былі каралеўствам. Паспяхова сумяшчаў грамадскую і навуковую дзейнасць. Пакінуў пасля сябе геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпін. Вядомы вучоны Беларусі стаў сябрам Амерыканскага таварыства генетыкаў.
Месца нараджэння: маёнтак Палібіна Віцебскай губерні
Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі. Цікавасць да царыцы навук яшчэ з малых гадоў перарасла ў справу ўсяго жыцця. Юная Соф'я хацела вывучаць любімую навуку ва ўніверсітэце, але правілы таго часу не дазвалялі жанчыне атрымліваць вышэйшую адукацыю. А каб паехаць вучыцца ў замежную ВНУ, трэба было дазвол бацькі ці мужа.
Бацька Соф'і не даў сваёй згоды, тады дзяўчына ў 18 гадоў уступіла ў фіктыўны шлюб з маладым вучоным Кавалеўскім. Авантура скончылася шчасліва: з часам фіктыўны шлюб перарос у сапраўдную сям'ю, а спадарыня Кавалеўская стала сусветна вядомым матэматыкам. Яна прысвяціла шмат работ матэматычнаму аналізу, механіцы, астраноміі.
У 1888 годзе Парыжская акадэмія навук прысудзіла ёй прэмію за даследаванне вярчэння цвёрдага цела каля нерухомай кропкі. Соф'я даказала існаванне аналітычнага рашэння задачы Кашы для сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў з прыватнымі вытворнымі, даследавала задачу Лапласа аб раўнавазе кальца Сатурна і многія іншыя матэматычныя задачы.
Павел Сухі (1895 - 1975)
Месца нараджэння: горад Глыбокае Віцебскай вобласці
Праславіліся віцябляне не толькі палётам мастацкага слова, але і канструктарскай думкай. Павел Сухі па праве лічыцца зоркай беларускай тэхнічнай навукі. Падчас вучобы ў Імператарскай вучэльні займаўся распрацоўкай самалёта, сустракаўся і меў зносіны з лётчыкамі, чые аповяды аб палёце бязмежна натхнялі маладога канструктара.
У гады Вялікай Айчыннай вайны пад яго кіраўніцтвам быў створаны браніраваны штурмавік Су-6. Пасля вядомы вучоны Беларусі заняўся распрацоўкамі ў галіне рэактыўнай авіяцыі.
Месца нараджэння: Гродзенская губерня
Знакаміты даследчык біялагічнага ўздзеяння Сонца і Сусвету на людзей. Вывучаў супадзенне перыядаў сонечнай актыўнасці з выбліскамі войн у гісторыі чалавецтва. Аляксандр Чыжэўскі быў рознабакова адораны: заснавальнік касмічнага прыродазнаўства і геліябіялогіі, філосаф, паэт, мастак, а таксама ганаровы прафесар універсітэтаў Еўропы, Азіі і Амерыкі.
Месца нараджэння: вёска Семежава Мінскай вобласці
Міншчына падарыла Беларусі таленавітага машынабудаўніка — Міхаіла Высоцкага. Шлях будучага вучонага і канструктара пачынаўся з працы слесара-зборшчыка на Мінскім аўтамабільным заводзе. Затым ён скончыў аўтамеханічны тэхнікум і ўжо завочна — машынабудаўнічы інстытут у Маскве. Кіраваў стварэннем найлепшых мадэляў аўтамабіля МАЗ, на працягу дзесяцігоддзяў з'яўляўся генеральным канструктарам па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. На яго рахунку 134 адкрыцці і 17 патэнтаў. У 2006 годзе ён быў ўдастоены звання Герой Беларусі.
Месца нараджэння: горад Віцебск
Ёсць сярод вядомых вучоных Беларусі і Нобелеўскі лаўрэат (званне прысвоена ў 2000 годзе). Няхай імя здасца незнаёмым, але з яго вынаходствамі ўсе мы сутыкаемся штодня. Праца кампакт-дыскаў і дыскаводаў сучасных камп’ютараў была б немагчымая без «лазера Алфёрава».
Жарэс Алфёраў займаўся даследаваннямі і распрацоўкамі, узначальваў розныя навуковыя структуры і грамадства. У свой час быў галоўным рэдактарам часопіса «Фізіка і тэхніка паўправаднікоў» і ўдзельнічаў у выпуску іншай перыёдыкі. Напісаў больш за 500 навуковых прац, тры манаграфіі і стварыў 50 вынаходстваў.
Прапануем вам цікавы варыянт рулета. Дранікі з фаршам сталі ўжо звыклай стравай. Але калі бульбу з мясам ператварыць у рулет, дадаць у яго пабольш зеляніны і адправіць у духоўку пад сырам, атрымаецца страва смачная, годная святочнага стала.
Падаваць рулет можна хоць гарачым, хоць халодным. Можна нарэзаць яго на кавалачкі і падаць як закуску на агульны стол. Можна падаць кожнаму едаку парцыённа па рулеце.
Рэцэпт стравы падрыхтавала блогер і гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.
Інгрэдыенты
Спосаб прыгатавання
Бульбу трэба пачысциць і надзерці на дробнай тарцы разам з цыбуляй. Калі ваша бульба вельмі рэдкая, можна злёгку яе адціснуць.
Дадаць яйкі, соль, муку.
Добра ўсё змяшаць.
Пергамент добра змазаць сметанковым маслам. Гэта важна.
На пергамент выкласці бульбу слоем таўшчынёй 1 см.
Смятану змяшаць з соллю, часнаком і кропам.
Цыбулю парэзаць і абсмажыць да залацістага колеру.
Дадаць да цыбулі фарш, пасаліць, прыправіць спецыямі і абсмажыць да гатоўнасці.
Сыр надзерці на тарцы.
Змазаць дранік смятанным соўсам.
Выкласьці на смятану фарш.
Зверху ўсё прысыпаць сырам.
Скруціць рулет. Запякаць яго пры 200 градусах 15 хвілін.
Падаваць са смятанай . Гэіа вельмі смачна.
One fine body…