Колькі розных парад мы чуем з усіх бакоў! Прычым такіх... даволі настойлівых. Дапамажы сабе сам. Будзь чараўніком – стварай цуды. Зрабіце свята самі. Зрэшты, калі пачаць разважаць, дык штосьці ў гэтым ёсць, ці не так?!
І сапраўды, таго свята ці цуду, прынца на белым кані, пярсцёнка з дыяментам чакаць можна до-о-о-оўга... Але нічога не спраўдзіцца. А як вынік – крыўды, раздражнёнасць з-за дробязяў, панылы настрой... Няспраўджаныя чаканні – яны такія, зусім не аптымістычныя.
Але не будзем больш пра сумнае! А пра стварэнне свята пагаворым бліжэй да Калядаў, добра?! Я ж сёння пра тое, што настрой таксама можна сабе стварыць – з дапамогай улюбёных колераў.
Уплыў колеру на настрой
Калі прыгадваць іх у дачыненні да вопраткі, дык мой любімы – зялёны. Бо пасуе рыжым валасам. Не, не рудым – рыжым! Праўда, прызнаюся, але па сакрэту: ён не мой натуральны!
Апошнім часам штосьці палюбіла чырвоны. Кажуць, дадае агрэсіўнасці. Ну-у-уу... Можа, у добрым сэнсе. А ўпэўненасці – дык дакладна! Усяго гэтага мне сапраўды не хапала ажно цэлы год! І не верце таму, што ў пакоі, дзе шмат што – усіх адценняў чырвонага, госці адчуваюць агрэсію. Ёсць у нашай кватэры такі. І яшчэ ніхто мяне там не пабіў!
Калі гаварыць пра колер кветак, прадметаў, дык мой улюбёны – сонечны! Жоўты! І пры гэтым я б зусім не назвала б сябе стопрацэнтнай аптымісткай... Вось так неадназначна.
Вельмі люблю жоўтыя кветкі. Хаця як там у добра ўжо прызабытай песні? Пра жоўтыя цюльпаны... Вестуны расстання? Ніколі не глядзела на іх з гэтага боку.
Люблю, калі дораць жоўтыя хрызантэмы, вырошчваю шмат гатункаў кветак на дачы менавіта сонечнага колеру. Зірну на іх – і настрой узнімаецца!
Менавіта з-за сонечнасці, а не толькі з-за водару і смаку, люблю плады айвы японскай. Адзін яе шарык ляжыць ля настольнай лямпы... Ага... І яна таго ж колеру. Прыемна карыстацца жоўтай туркай для кавы, якая зроблена пад мармур.
Цікава, што псіхолагі пра жоўты колер таксама кажуць неадназначна.
Маўляў, людзі, якія яго абіраюць, валодаюць як станоўчымі, так і адмоўнымі якасцямі. Прачытала. Прымерала на сябе. Не-а... Далёка не ўсё супала. Насамрэч усё індывідуальна.
Да таго ж, жоўтых рэчаў у мяне ў гардэробе зусім мала. Праўда, памятаю, як аднойчы літаральна завісла ля ярка-жоўтага вязанага швэдара. Можна сказаць, зрабіла на яго стойку, як паляўнічы сабака! Але адразу ж пачула свой унутраны голас: “А ну-ка, адыдзіся ад яго! Ты ж сама можаш такі звязаць! Яшчэ і лепшы!” Ага, магу... Ну, не сварыся на мяне, пайшла!
А які ваш любімы колер па жыцці? І чаму?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by