16.11.2023
16.11.2023

Аброчныя капліцы Беларусі як сродак ад эпідэмій

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Кожнаму, хто падарожнічаў па Беларусі, сустракаліся невялічкія культавыя збудаванні – капліцы. Часта яны знаходзяцца каля дарог, асабліва на ростанях, каля паклонных крыніц, камянёў, а таксама на могілках.

Капліцы бываюць як мураваныя, так і драўляныя, ёсць і слупавой канструкцыі пад шатровым дахам, і накшталт калон з нішамі, дзе размяшчаюцца культавыя скульптуры. Такія пабудовы ўзводзіліся ў розныя часы ў памяць пра знамянальныя падзеі.

«…Калі тутака лютавала халера»

Сярод капліц вылучаюцца так званыя «аброчныя або абетныя капліцы», пабудаваныя як сродак збаўлення ці ў памяць пра спыненне эпідэміі, асабліва халеры. Аброк ці абет – гэта абяцанне, клятва, абрадавае дзеянне, якое прымае чалавек ці калектыў людзей дзеля збаўлення ад хвароб, мору, розных бедстваў. Адной з формаў аброку было ўзвядзенне капліц. Яны спалучалі складаны комплекс хрысціянскіх і традыцыйных народных перакананняў.

Капліцы

На могілках каля вёскі Кудзінавічы Капыльскага раёна знаходзіцца драўляная капліца, пабудаваная ў 1870 годзе. Каля храма ляжыць вялікі гранітны валун з высечаным крыжам і паглыбленнем для збору вады. Даўжыня каменя дакладна невядомая, але бачна, што пэўная частка валуна ідзе пад фундамент капліцы. Паводле падання, калісьці ў гэтых мясцінах здарылася эпідэмія халеры. Людзі хадзілі да каменя і прасілі, каб ён пазбавіў іх пошасці. Але гэта не дапамагло. Тады вырашылі пабудаваць капліцу ў гонар Хрыста Збаўцы. Узвялі яе за суткі, і хвароба спынілася.

На могілках каля вёскі Паляны Ашмянскага раёна каплічку пабудавалі ў 1840 годзе, ужо пасля эпідэміі, з мэтай, каб навала не паўтарылася. Раней драўляная каплічка стаяла і на могілках вёскі Смык Асіповіцкага раёна. Пра яе старажылы доўга ўспаміналі і казалі: «Капліца была пастаўлена ў той час, калі тутака лютавала халера».

Драўляныя скульптуры

З архіўных дакументаў вядома, што ў сярэдзіне 17 стагоддзя ў Нясвіжы мор забраў велізарную колькасць жыццяў. І не толькі ў Нясвіжы, хвароба прывяла да страты амаль паловы насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму жыхары Нясвіжа на ўзгорку паблізу могілак пабудавалі ў 1766 годзе каплічку са скульптурай Святога Вінцэнта як помнік гэтай страшэннай навалы. Вядома, што Святы Вінцэнт быў на той час вельмі папулярным у Заходняй Еўропе французскім дабрачынцам, спачатку прылічаным да ліку блажэнных, а потым і кананізаваным царквой. На жаль, капліца не захавалася.

Як блізняты-аратыя вёску ўратавалі

У часы эпідэмій яшчэ не так даўно практыкавалі абрад абворвання вёскі. Даследчыца народнай культуры М. Жабінская зафіксавала цікавую гісторыю пра з’яўленне аброчнай каплічкі ў вёсцы Карані Смаргонскага раёна. У 1860 годзе тут была страшэнная эпідэмія. Каб пазбавіцца ад яе, вырашылі правесці абрад абворвання вёскі. Адшукалі мужчын-блізнят і блізнят-валоў. Мужчыны запрэглі ў сохі валоў і павялі барозны, адзін направа, а другі налева. Такім чынам, яны абворвалі вёску за гумнамі з двух бакоў. Там, дзе сышліся валы з аратымі, і ўзвялі каплічку. З таго часу ў капліцы заўсёды вісеў каталіцкі абраз. У 1990-я гады прынеслі ў капліцу свой абраз і праваслаўныя. Але здарылася святатацтва: нехта за адну ноч выкінуў з капліцы абодва абразы. Вёска абурылася. Потым і католікі, і праваслаўныя павесілі там новыя абразы. Так яны і вісяць дагэтуль як ахоўнікі паселішча ад хвароб.

Цікавая гісторыя невялічкай мураванай капліцы пасярод дарогі ў вёсцы Сялец таго ж раёна. Там эпідэмія была ў 1907 годзе. Пасля, каб яна не паўтарылася, людзі далі аброк пабудаваць каплічкі. Усёй вёскай гадавалі бычка, прадалі яго і за гэтыя грошы ўзвялі дзве каплічкі. Адна з іх і цяпер стаіць пасярод вуліцы, другая была пабудаваная пры дарозе на вёску Войстам. Яе разбурылі ў савецкія часы, але не так даўно адзін чалавек за свае грошы на тым месцы пабудаваў святыню наноў.

Каплічка каля былой вёскі Валасатка

Шатровую аброчную каплічку і сёння можна пабачыць пры дарозе каля вёскі Старына Докшыцкана раёна. Тут знаходзіцца драўляны крыж з распяццем, над ім паветка на слупах, а побач яшчэ каменны крыж. Людзі кажуць, што “гэта было зроблена ў час халеры”.

Будавалі талакою

«Змілуйся над намі, Пане, ад наглай неспадзяванай смерці і гневу твайго захавай нас, ратуй ад хваробы халеры» – гэты надпіс добра бачны на каплічцы 1848 года пабудовы. Някепска захавалася і сама каплічка. А вось ад вёскі Валасатка Докшыцкага раёна, жыхары якой некалі разам яе і пабудавалі, нічога не засталося. Апошнія жыхары выселіліся адсюль гадоў 25 таму. Па расповедах людзей, калі каплічку пабудавалі, ксёндз яе асвяціў, людзі памаліліся – і халера спынілася, не дайшла да вёскі. А людзей тады хварэла шмат, паміралі ад эпідэміі сем’ямі.

Кажуць, будавалі гэтую капліцу вяскоўцы талакой. Там стаяць драўляныя фігуры Хрыста і святых у белых «фартушках» працы мясцовага разьбяра, у народным стылі.

Жылі ў невялікай вёсцы дружна, ніколі на рэлігійнай глебе не было сварак, і капліцу ўсе аднолькава шанавалі, прыбіралі ў ёй па чарзе – і католікі, і праваслаўныя.

У імя Святога Роха

Капліцы ў Беларусі

Памерлых падчас эпідэміі халеры ў Мінску хавалі на могілках у раёне Залатой Горкі. Калі эпідэмія халеры была канчаткова пераможана, у горадзе ўсталявалі помнік у выглядзе чатырохкутнага пастамента з крыжам на высокім слупе. А на Залатай горцы на месцы капліцы на сродкі мінчукоў быў пабудаваны касцёл, названы ў гонар каталіцкага святога, абаронцы ад чумы і халеры Святога Роха. Паводле легенды, яго статую падчас адной з наймацнейшых эпідэмій у XVII стагоддзі мінчане пранеслі ўрачыстай працэсіяй па горадзе і ўстанавілі ў каплічцы на могілках. Неўзабаве пасля гэтага хвароба адступіла. Кожны раз, калі ў Мінск прыходзіла халера, гараджане ішлі да статуі святога, маліліся і прасілі заступніцтва.

Яшчэ адна легенда кажа: у сярэдзіне ХІХ стагоддзя пасля чарговай эпідэміі сотні мінчан прыйшлі на ўрачыстае богаслужэнне. Пасля яго заканчэння наперад выйшаў урач (па іншай версіі, святар). Ён разаслаў свой плашч на зямлі і кінуў жменю залатых манет. Усе, хто гэта бачыў, таксама ахвяравалі свае зберажэнні. Вырасла сапраўдная горка з розных манет. На гэтыя сродкі і ўзвялі ў 1861 годзе мураваны касцёл, які назвалі Залатагорскім.

Інтэр'ер Касцёла на Залатой горцы

У гонар Святога Роха пабудаваны шматлікія капліцы ды храмы і ў іншых месцах на тэрыторыі Беларусі (у Капылі, Грандзічах Гродзенскага, Палачанах Маладзечанскага, Шабуні Пухавічскага, Атцэда Стаўбцоўскага, Кавальцы Дзяржынскага раёнаў ды інш.). Урачыстыя службы ў іх адбываюцца 16 жніўня – у дзень памяці гэтага святога. Так, у капыльскай капліцы, якая месціцца на могілках, вісіць абраз Святога Роха, каля яго ў гэты дзень запальваюць свечкі, потым крыжовай працэсіяй тройчы злева направа абыходзяць каплічку і могілкі. Трэба адзначыць, што ў час эпідэміі каронавіруса вернікі тут таксама маліліся пра заступніцтва Святога Роха.

Шабуні. Пухавічкі раён

У 1796 годзе на ўсходняй ускраіне вёскі Шабуні Пухавіцкага раёна была пабудаваная драўляная капліца, якая была асвечаная пад тытулам Святога Роха. Па мясцовым паданні, падчас страшнай халеры, якая бушавала ў гэтых мясцінах, усе жыхары засценка Шабуні, уключаючы праваслаўных, на сабраныя грошы набылі велічную выяву Святога Роха. Пасля ўстаноўкі гэтага абраза ў алтары капліцы эпідэмія адступіла.

Вёска Кавальцы Дзяржынскага раёна таксама паўтара стагоддзя таму перажыла эпідэмію халеры. Падчас гэтай навалы мясцовая пані Свідава замовіла і прывезла ажно з Варшавы абраз Святога Роха. Яго абнеслі вакол вёскі — і страшная хвароба абмінула паселішча. З таго часу 16 жніўня гэтае ахоўнае кола робяць вакол Кавальцаў штогод. Нягледзячы на тое, што ў часы атэізму капліцу, дзе стаяў абраз, разбурылі, людзі працягвалі верыць у яго сілу і шанавалі святыню, перадавалі яе з хаты ў хату. І калі сёння працэсія з абразом Святого Роха ідзе па вёсцы, яе сустракаюць амаль каля кожнага дома. Абраз цалуюць, падлазяць пад яго, далучаюцца да працэсіі. І напрыканцы шляху за святыняй ідзе ўся вёска.

Людзі ўпэўненыя: пакуль Святы Рох ахоўвае іх, нічога кепскага у Кавальцах здарыцца не павінна.

Выратавальнікі. Расказваем пра крыжы Беларусі, якія лечаць ад хвароб

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"