06.07.2019
06.07.2019

Александрыя зноў збірае сяброў. У ноч з 6 на 7 ліпеня беларусы святкуюць Купалле

logo
Навiны
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Абрады Купалля – змешванне язычніцкіх і хрысціянскіх традыцый. З ім звязана шмат прыгожых і таямнічых паданняў.

Адчуць атмасферу чароўнасці, пашукаць папараць-кветку можна ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці). Тут ужо ў 10-ы раз пройдзе рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Арганізатары падрыхтавалі для гасцей фестывалю насычаную праграму і нямала сюрпрызаў. Кожны знойдзе сабе занятак па густу і інтарэсах.

Па словах намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэя Кунцэвіча, фестывальныя пляцоўкі традыцыйна разгорнуцца на маляўнічым лузе на беразе Дняпра. Як і ў папярэднія гады, арганізатары свята распрацавалі займальную і разнастайную культурную праграму.

Асноўнай тэмай свята стане працяг Года малой радзімы. Чакаецца, што ўдзел у фестывалі прымуць каля 2 тысяч прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці з 7 замежных краін.

 
Андрэй Кунцэвіч
Намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта
Акрамя рэгіёнаў Беларусі, кожны з якіх прадставіць свой найбольш вядомы фестывальны праект, мы чакаем шырокае прадстаўніцтва творчых дэлегацый з Расіі і Украіны. Свой удзел пацвердзілі нашы партнёры з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Гасцей свята чакае насычаная інтэрактыўная праграма. Любы ахвотны зможа ўзяць удзел у шматлікіх майстар-класах, тэматычных квэстах, вулічных спаборніцтвах і конкурсах. Цэнтральным мерапрыемствам фестывалю стане грандыёзнае шоу – гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» з удзелам зорак айчыннай і замежнай эстрады.

Адметнасцю гала-канцэрта, як распавяла паэт-песеннік, спявачка, салістка групы «Aura» Юлія Быкава, будзе тое, што ўсе артысты выступяць «ужывую» ў суправаджэнні музыкантаў.

 
Юлія Быкава
Паэт-песеннік, спявачка, салістка групы «Aura»
Гэта цалкам жывы канцэрт. Жывая музыка, сыграная музыкантамі, жывыя стасункі з гледачамі. Студыйныя версіі нашых кампазіцый ужо ўсе ведаюць. На канцэрце будуць і «жывыя» версіі, яны могуць адрознівацца. На сцэне заўсёды будуць прысутнічаць музыканты. Мне здаецца, атрымаецца цікава.

У аснову канцэпцыі гала-канцэрта ўзятыя песні з альбома «Куточак Беларусі» лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка.

У музычным свяце возьмуць удзел Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, група «Дразды», Вольга Сацюк ды іншыя. У праграме – выступленне народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі і народнай артысткі Украіны Ціны Караль. Шоу будуць суправаджаць музыканты групы «Aura».

Пасля завяршэння гала-канцэрта ўсіх чакае яркае піратэхнічнае шоу і начная моладзевая дыскатэка з удзелам гуртоў «Лепрыконсы» і «Nuteki», лепшых ды-джэяў Магілёва. Працягнецца танцавальнае свята да 3 гадзін раніцы.

Упершыню тут будзе арганізавана цыркавое прадстаўленне артыстаў цырка-шапіто «Sirius». Зноў адбудзецца конкурс купальскіх касцюмаў «Міс Купалінка». Як адзначыў Андрэй Кунцэвіч, любы жадаючы можа падаць сваю заяўку на ўдзел у гэтым спаборніцтве і пазмагацца за галоўны прыз.

Акрамя культурных пляцовак на тэрыторыі фестывалю будзе разгорнуты актыўны гандаль. Многія з арганізацый таксама рыхтуюць свае сюрпрызы. Напрыклад, падзяліўся адной з інтрыг Андрэй Кунцэвіч, Магілёўская булачна-кандытарская кампанія «Домачай» распрацавала новы напой – квас «Александрыйскі святочны», які плануе прэзентаваць на фэсце.

Як запэўніў Андрэй Кунцэвіч, на свяце будуць усе купальскія атрыбуты: вогнішча, карагоды, вялікая колькасць вянкоў, не абыдзецца і без пошуку папараць-кветкі. Дарэчы, адзін з квэстаў фестывалю так і называецца – «У пошуках папараць-кветкі».

У сваю чаргу дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Дзяніс Шаблінскі адзначыў, што акрамя асноўнай пляцоўкі будуць працаваць яшчэ дзве вялікія спецыялізаваныя, на якіх пройдуць выступленні народных калектываў.

Дзяніс Шаблінскі
Дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі
Госці фестывалю змогуць наведаць горад майстроў, пабываць у гандлёвых радах, адпачыць у парку атракцыёнаў, размяцца на сілавых трэнажорах, паслухаць спакойную бардаўскую музыку і выправіцца дадому пасля начной дыскатэкі. Праграма настолькі насычаная, што трэба падрыхтавацца, каб усё абысці, усюды паспрабаваць свае сілы.

Для зручнасці гасцей свята Магілёўскае і Віцебскае аддзяленні Беларускай чыгункі, акрамя рэгулярных рэйсаў, арганізавалі 21 дадатковы цягнік эканом-класа.

Прадугледжаныя і дадатковыя аўтобусныя рэйсы. Для тых, хто прыедзе на фестываль на асабістым аўтатранспарце, арганізавалі ўмяшчальныя аўтамабільныя стаянкі. Прадугледжана дастаўка гледачоў непасрэдна ў аграгарадок Александрыя.

Арганізатары зладзілі часовую інфраструктуру для кемпераў. Таксама прадугледжана магчымасць паставіць сваю палатку каля асабістага аўтамабіля.

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».