05.05.2019
05.05.2019

Анемія. Калі жалеза можа нашкодзіць

logo
Хваробы ад А да Я
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць выпадкаў нізкага гемаглабіну звязана з жалезадэфіцытам, не кожная анемія ўзнікае менавіта па гэтай прычыне. Таму тэндэнцыя адразу ж прымаць прэпараты жалеза няправільная. Спачатку трэба здаць іншы, менш распаўсюджаны аналіз – на ферытын. Ён можа выявіць, што жалеза ў дадзеным выпадку абсалютна не дапаможа. І нават можа нашкодзіць.

Працягваем гутарку пра анемію з Людмілай Смірновай, заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктарам медыцынскіх навук.

Групуем анемію

Групуем анемію

Калі гемаглабін апусціўся ніжэй за ўзровень 120 г/л, гаворка ідзе пра анемію.

Аднак да якой групы яна адносіцца, вызначыць можна толькі па аналізе на ферытын сыроваткі крыві.

Дарэчы, яго ўзровень бывае зніжаным задоўга да з'яўлення сімптомаў жалезадэфіцыту і дазваляе своечасова дыягнаставаць анемію. Аналіз на ферытын сыроваткі крыві робяць у кожным горадзе Беларусі.

Паводле яго вынікаў анемія можа быць:

  • Жалезадэфіцытная

Пры ўзроўні ферытыну меней за 20 мкг/л. У гэтым выпадку патрабуецца прызначэнне прэпаратаў жалеза, даследаванне прычыны ўзнікнення дэфіцыту жалеза.

  • Хранічнага захворвання

Пры ўзроўні ферытыну меней або роўнага 100 мкг/л. У гэтым выпадку анемію магло справакаваць хранічнае запаленне, захворванне (напрыклад, жаночай палавой сферы). Неабходны анкапошук і кансультацыя гематолага.

  • Гемалітычная

Пры ўзроўні ферытыну больш альбо роўнага 700 мкг/л. Гэта цяжкія анеміі, часта спадчынныя, аднак яны складаюць усяго некалькі працэнтаў ад агульнай колькасці.

 
Людміла Смірнова
Заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук
Жалезадэфіцытная анемія сярод жанчын фертыльнага ўзросту – самая частая. Аднак не ўсякая анемія патрабуе прызначэння прэпаратаў жалеза. Разабрацца дапаможа аналіз на ферытын сыроваткі крыві. Калі паказчык яго нармальны або павышаны, дык прэпараты жалеза могуць толькі адцягваць час для правільнай дыягностыкі прычыны анеміі. Бывае, што чалавек атрымаў прадпісанне ад урача піць таблеткі жалеза па пэўнай схеме. Ён сыходзіць супакоеным. П'е месяц-два. І толькі потым вяртаецца да доктара і кажа: «Мне ўсё роўна дрэнна». Робяць аналіз крыві, а гемаглабін за гэты час яшчэ ніжэйшым зрабіўся. Каштоўны час страчаны.

— Тады ўрач павінен насцярожыцца. Абавязкова накіраваць пацыента здаць аналіз на ферытын. Неадкладна трэба правесці анкапошук. Накіраваць чалавека на фібрагастраскапію, калонаскапію. Жанчыну – да гінеколага, мужчыну – да ўролага.
Кажучы пра лячэнне анеміі, мы павінны дакладна ведаць яе прычыну і характар: жалезадэфіцытная, хранічнага захворвання, гемалітычная. У пажылой групе бывае анемія, звязаная з дэфіцытам вітаміна В-12. Але ў жанчын фертыльнага ўзросту яна не сустракаецца амаль ніколі.

Як правільна здаць аналіз на ферытын?

Аналіз крыві (біяхімічны) бяруць з вены.

  • Здаваць аналіз трэба нашча. Апошні прыём ежы павінен быць мінімум за 8 гадзін да забору крыві. Палегчыць працэдуру дапаможа пітво. Дазваляецца піць чыстую несалодкую ваду;
  • за 3-е сутак да аналізу трэба спыніць прыём любых прэпаратаў, якія могуць утрымліваць жалеза (перад адменай пракансультуйцеся з урачом, які лечыць);
  • прыкладна за паўгадзіны да аналізу паспрабуйце захоўваць максімальны спакой, не перанапружвайцеся фізічна. Стрэсы стымулююць працу эндакрыннай сістэмы. Гэта можа паўплываць на біяхімічны склад крыві.

Анемія цяжарных

Анемія цяжарных/

Анемія нярэдка сустракаецца ў жанчын у становішчы, паколькі запасы жалеза ў арганізме ў гэты перыяд выдаткоўваюцца не толькі для патрэбаў маці, але і дзіцяці.

А калі ў жанчыны і да цяжарнасці быў дэфіцыт жалеза, дык наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі:

  • гестоз;
  • заўчаснае адслаенне плацэнты;
  • нізкі артэрыяльны ціск;
  • пагроза перапынення цяжарнасці;
  • заўчасныя роды;
  • затрымка развіцця плоду;
  • анемія ў немаўляці пры нараджэнні і на працягу першага года жыцця.

— Жанчына прыходзіць у цяжарнасць з жыцця, дзе яна дрэнна харчавалася, у яе былі шчодрыя месячныя, неадэкватная кантрацэпцыя (напрыклад, спіралі, якія ўзмацняюць крывацёк) і г.д. Калі перад зачаццем малыша будучая мама праходзіць падрыхтоўку да цяжарнасці, дык трэба здаць агульны аналіз крыві і аналіз на ферытын.

Калі анеміі няма, патрэбныя толькі прафілактычныя курсы: 1 таблетка жалеза ў тыдзень да наступлення цяжарнасці. Часам пры неабходнасці праводзяць курс лячэння прэпаратамі жалеза ў 2-3 трыместрах на працягу 6-8 тыдняў. Да родаў трэба прыйсці з гемаглабінам, вышэйшым за 110 г/л, і ферытынам, вышэйшым за 40 мкг/л.

Калі цяжарнасць была незапланаванай і падрыхтоўка не праводзілася, дзейнічаем, зыходзячы з вынікаў аналізаў: агульнага аналізу крыві і на ферытын.  У выпадку, калі ўсё ў парадку, ніякіх мераў прымаць не трэба.

Калі цяжарнасць здарылася на фоне анеміі, адкладваць лячэнне нельга. Жалезадэфіцытную анемію трэба пралячыць прэпаратамі жалеза.

Калі гаворка ідзе пра анемію хранічнага захворвання, пастарацца выявіць запаленне і лячыць тыя паталогіі, з якімі можна справіцца падчас цяжарнасці. Пры гэтым кампенсаваць анемію.

Нягледзячы на тое, што існуе каля 50 відаў розных анемій, асноўную іх частку можна падзяліць на тры групы.

Самая распаўсюджаная анемія – жалезадэфіцытная. Аднак спяшацца піць прэпараты жалеза варта не заўсёды.

Магчыма, нізкі гемаглабін звязаны з наяўнасцю запаленчага працэсу ў арганізме. Тады няправільнае лячэнне толькі адцягне ўстаноўку дыягназу. Высветліць сітуацыю дапаможа аналіз на ферытын сыроваткі крыві.

Анемія. Калі жалеза вяртае маладосць і жаданне жыць

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.