Гэтым летам кожны беларус (нават той, хто жыве ў іншай краіне) можа дапамагчы пацыентам Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям.
Для гэтага трэба ўсяго толькі займацца фізічнай актыўнасцю ў меру сваіх сіл. Кампанія А1 і Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь запусцілі дабрачынную акцыю «100 гадзін з А1: Падтрымай TEAM BY!».
У праекта некалькі вялікіх мэтаў: паклапаціцца пра ўразлівую групу дзяцей-інвалідаў, натхніць як мага больш людзей для заняткаў фізічнай актыўнасцю і дабрачыннасцю, падтрымаць спартсменаў-алімпійцаў, якія сёлета не змаглі паехаць на Алімпіяду з-за пандэміі каранавіруса. Стартавала акцыя сімвалічна – 23 чэрвеня, у Міжнародны алімпійскі дзень. Ну, а далей магія лічбаў працягнецца. Мерапрыемства будзе доўжыцца роўна 50 дзён (па 11 жніўня ўключна). Кожнаму ўдзельніку прапануецца набраць за гэты час 100 гадзін у любімым відзе фізічнай актыўнасці: бегу, хадзе, плаванні альбо веласпорце. Агульная мэта – 50 000 гадзін. Пасля дасягнення гэтага выніку Рэспубліканскаму клінічнаму цэнтру паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям будзе пералічана 50 000 рублёў.
Для таго, каб стаць удзельнікам акцыі, трэба зарэгістравацца на сайце 100.А1.by. Ён, дарэчы, мае беларускамоўную і рускамоўную версіі. Тут у кожнага будзе свой акаунт. Штодня можна дадаваць гадзіны актыўнасці па тым ці іншым накірунку, прымацаваўшы да інфармацыі скрыншот дадзеных, якія зафіксаваў фітнэс-бранзалет альбо праграма на тэлефоне.
На сайце можна сачыць за актыўнасцю іншых удзельнікаў, агульным вынікам, запрашаць сяброў, удзельнічаць у анлайн-трэніроўках і чытаць інфармацыю ад прафесіяналаў пра здаровы лад жыцця. Правіла такое: чым больш гадзін вы набіраеце, тым большы кантэнт вам робіцца даступным. Сапраўдная супольнасць аматараў руху і здаровага ладу жыцця!
Падтрымалі дабрачынную акцыю і нашы алімпійцы. Гульні XXXII Алімпіяды, якія павінны былі адбыцца ў сёлета ў Токіа, у сувязі з пандэміяй COVID-19 перанесеныя на наступнае лета. Але спартсмены не губляюць прысутнасці духу, працягваюць трэніравацца і з радасцю падключаюцца да ініцыятывы дапамогі дзецям.
Тварамі акцыі «100 гадзін з А1: Падтрымай TEAM BY!» сталі ўдзельнікі дзеючай нацыянальнай алімпійскай каманды. Гэта чэмпіёнка еўрапейскага першынства па плаванні 2019 года Анастасія Шкурдай, чэмпіён свету 2020 года ў веласпорце на трэку Яўген Каралёк, сярэбраны прызёр Кубка Еўропы 2019 года ў спартыўнай хадзе Дзмітрый Дзюбін і чэмпіёнка еўрапейскага першынства 2018 года па марафону Вольга Мазуронак.
Людміла Бомберава, дырэктар Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям:
– Безумоўна, для нас і нашых дзяцей вельмі каштоўная дапамога і падтрымка. Але яшчэ больш важка тое, што гэтая акцыя дапаможа данесці да як мага больш шырокай аўдыторыі ўсю важнасць і неабходнасць справы, якой нашы спецыялісты прысвяцілі сваё жыццё. Мы ўпэўненыя, што дзякуючы дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1: Падтрымай TEAM BY!» пашырыцца кола нашых сяброў – чулых, неабыякавых да чужога болю людзей, шчыра гатовых дапамагчы.
Акцыя будзе суправаджацца анлайн-актыўнасцямі: трэніроўкамі пад кіраўніцтвам вопытных спартсменаў, анлайн-чэленджамі, стрымамі вядомых атлетаў.
Па завяршэнні ініцыятывы будуць падведзеныя вынікі: у агульным заліку і асобна ў кожным відзе спорту.
Удзельнікі, якія дасягнулі найбольшай колькасці гадзін трэніровак у кожнай з чатырох дысцыплін, атрымаюць камплекты медалёў, а абсалютны пераможца – кубак.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by