08.11.2020
08.11.2020

Апаясвальны лішай. Прычыны, сімптомы і тэрапія

logo
Хваробы ад А да Я
0 12
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вірус, які выклікае ветраную воспу, можа стаць прычынай з'яўлення яшчэ аднаго захворвання. Гэта апаясвальны лішай, ці апаясвальны герпес. Хвароба паражае, у асноўным, людзей ва ўзросце, старэйшым за 50 гадоў. Адметная рыса захворвання – сып і болевыя адчуванні, якія літаральна вымотваюць чалавека.

Апаясвальны лішай. Знешні выгляд, адчуванні.

Як распазнаць паталогію? Чым небяспечны апаясвальны лішай? Аб прычынах яго з'яўлення, сімптомах, дыягностыцы і лячэнні журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

Прычыны развіцця апаясвальнага лішая

Апаясвальны лішай выклікае вірус герпесу Varicella zoster. Ён жа з'яўляецца прычынай ветраной воспы. Шлях перадачы – паветрана-кропельны і кантактны.

Пры першым кантакце з вірусам у нас узнікае ветраная воспа, пры абуджэнні віруса ўнутры арганізма – апаясвальны лішай. Прасцей кажучы, пасля лячэння вятранкі вірус не знікае з арганізма, а пераходзіць у «спячы» стан. Затым, пры з'яўленні спрыяльных для яго фактараў, ён зноў робіцца актыўным і выклікае апаясвальны лішай.

Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Пры трапленні ў арганізм упершыню вірус Varicella zoster робіцца прычынай інфіцыравання ветраной воспай, пры актывацыі ўжо наяўнага віруса – прычынай узнікнення апаясвальнага лішая. Першае захворванне – высокакантагіёзнае (валодае высокай заразлівасцю), другое – не.

Апаясвальны лішай. Якім вірусам выклікаецца.

Што можа справакаваць з'яўленне апаясвальнага лішая? Як правіла, хвароба развіваецца на фоне аслаблення ахоўных сіл арганізма. Напрыклад:

  • у сілу узроставых змяненняў, якія адбываюцца ў арганізме сталага чалавека (менавіта таму апаясвальны лішай часцей сустракаецца сярод людзей, старэйшых за 50 гадоў);
  • з-за парушэння працы імуннай сістэмы, якая была выкліканая аўтаімуннымі і анкалагічнымі захворваннямі, (у групе рызыкі тыя, хто прайшоў прамянёвую альбо хіміятэрапію), эндакрыннымі парушэннямі (цукровы дыябет), пасля цяжкіх траўмаў;
  • зніжаюць імунітэт і хранічныя захворванні, у тым ліку сардэчная і нырачная недастатковасць, цыроз, гепатыты, сухоты;
  • не лепшым чынам на стане здароўя адбіваюцца рэгулярныя стрэсы, фізічнае ператамленне, пераахаладжэнне;
  • прыём імунасупрэсіўных прэпаратаў.

Асноўныя сімптомы хваробы

За некалькі дзён (як правіла, за 2-3) да развіцця вострай формы захворвання могуць выяўляцца прадрамальныя з'явы: млявасць, дрыжыкі, павышэнне тэмпературы, неўралгіі, парэстэзіі. Тыповым скурным сімптомам апаясвальнага лішая з'яўляюцца дробныя везікулёзныя высыпанні. Яны з'яўляюцца на азызлай гіперэмаванай скуры.

Апаясвальны лішай. Сімптомы.

Першапачаткова іх змесціва празрыстае, серознае, але затым яно мутнее, і з высыпанняў даволі хутка фарміруюцца гнайнічкі, якія затым лопаюцца, утвараюцца скарыначкі. У цяжкіх выпадках везікулы маюць цёмнае, амаль чорнае адценне, а вадкасць у пузырках – прымешку крыві. Магчымае таксама ўтварэнне язваў, пасля гаення якіх часам застаюцца рубцы.

Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Апаясвальны лішай можа высыпаць на спіне, дзе праходзяць лініі спіннамазгавых нерваў, а таксама на іншых частках цела: жываце, грудной клетцы, ілбе, руках, нагах, ягадзіцах і геніталіях, патыліцы і шыі. Часцей за ўсё пашкоджваюцца вірусам міжпазванковыя нервовыя вузлы груднога аддзела, а высыпанні размяшчаюцца па ходзе міжрэберных нерваў.

Акрамя таго, калі ў запаленчы працэс будуць уцягнутыя нервовыя канчаткі сонечнага спляцення, гэта можа стацца прычынай парушэння функцыі страўнікава-кішэчнага тракта. У гэтым выпадку хворы адчувае боль у жываце, скардзіцца на дыярэю і запор, а таксама затрымку мочаспускання.

Калі пашкоджваюцца галінкі трайніковага нерва, высыпанні размяшчаюцца на лбе, шчоках, ніжняй сківіцы. Яны суправаджаюцца галаўным болем (часцей з аднаго боку). У дадзеным выпадку могуць быць закранутыя і вочы (павекі і вочныя яблыкі).

Апаясвальны лішай. Калі пашкоджваецца твар.

У месцах, дзе з'явіліся высыпанні, чалавек адчувае сверб, смыленне і востры боль. Прычым боль (тупы і пякучы) нярэдка ўзнікае рэзка і раптоўна. Неўралгіі могуць заставацца і пасля разрашэння скурных высыпанняў, асабліва пры несвоечасовай тэрапіі.

Прыблізна ў 5% хворых апаясвальны лішай можа пачынацца з галаўнога болю, млоснасці, сімптомаў раздражнення мазгавых абалонак. Чым старэйшы ўзрост хворага, тым цяжэй працякае захворванне.

Наколькі небяспечнае захворванне

Пры з'яўленні болю ў грудной клетцы, паясніцы, галаве і наступным высыпанні пузыркоў варта абавязкова звярнуцца па кансультацыю да доктара (тэрапеўта, неўрапатолага, дэрматолага, інфекцыяніста).

Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Людзі, якія хварэюць на апаясвальны лішай, не ўяўляюць для навакольных вялікай небяспекі, няма неабходнасці ў ізаляцыі. Выпадкі заражэння ветраной воспай дзяцей ад хворых на апаясвальны лішай дарослых сустракаюцца, хаця і не часта. Заразіцца апаясвальным лішаём немагчыма, гэтае захворванне ўзнікае з-за актывацыі ўжо наяўнага віруса, праз пэўны час пасля перанесенай ветраной воспы. Больш небяспечным можа быць кантакт для цяжарнай жанчыны, якая не хварэла на ветраную воспу, – шанц заразіцца вірусам і захварэць на вятранку ёсць, а гэта нясе небяспеку для плоду.

Апаясвальны лішай і цчяжарнасць. У чым небяспека.

Апаясвальны лішай можа прывесці да ўскладненняў, асабліва ў людзей са слабым імунітэтам. Сярод іх:

  • параліч рук, ног і нерва твару, калі захворванне выклікала парушэнні працы спіннога альбо галаўнога мозгу;
  • неўрыт зрокавага нерва;
  • менінгаэнцэфаліт;
  • паталогіі мочапалавой сістэмы, лёгкіх, дванаццаціперснай кішкі, брушных мышцаў і інш.

Дыягностыка паталогіі

Як правіла, для дыягностыкі захворвання досыць агляду дэрматолага ці інфекцыяніста. Калі клінічная карціна выклікае пытанні ці змазаная, спецыяліст можа прызначыць аналіз крыві на антыцелы, ПЦР-дыягностыку.

Лячэнне апаясвальнага лішая

Тэрапія, як правіла, складаецца ў наступным:

  • прыём супрацьгерпетычных прэпаратаў у выглядзе таблетак альбо ін'екцый;
  • ін'екцыі вітамінаў групы В, якія неабходныя для таго, каб зняць запаленні і боль у нервовых канчатках;
  • нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, анальгетыкі. Іх таксама прымяняюць для абязбольвання і зняцця запалення.

Апаясвальны лішай. Лячэнне. Ін'екцыі вітамінаў групы В.

Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
У цяжкіх выпадках, калі боль не праходзіць, ён інтэнсіўны, можа прымяняцца блакада навакаіну па ходзе пашкоджаных нервовых канчаткаў. Для ўзняцця імунітэту паказаныя адпаведныя імунастымулюючыя прэпараты. Пры паўторных рэцыдывах неабходна выканаць анкапошук і абследаваць пацыента на наяўнасць ВІЧ-інфекцыі.

Каб пазбегнуць далучэння другаснай інфекцыі на месцах высыпанняў, выкарыстоўваюцца антысептычныя растворы. Неабходна выконваць асабістую гігіену і насіць мяккую вопратку, якая не раздражняе скуру.

У лёгкай форме хвароба праходзіць хутка і без рэцыдываў. Пры своечасовым звароце па медыцынскую дапамогу і адэкватным лячэнні сур'ёзных наступстваў можна пазбегнуць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 12

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».