У Беларусі з 2014 па 2017 год значна знізілася спажыванне алкагольнай прадукцыі. Паводле апошніх дадзеных СААЗ, у год на душу насельніцтва прыпадае 11,2 літра абсалютнага алкаголю.
Нягледзячы на тое, што гэты паказчык перавышае сярэдні ў краінах еўрапейскага рэгіёну (9,8 літра), ён дазволіў Беларусі з лідзіруючых пазіцый у сумным рэйтынгу апусціцца на 23-е месца ў Еўропе і 27-е месца ў свеце. Самымі пітушчымі краінамі Еўропы прызнаныя Малдова, Літва, Чэхія. Расія размясцілася на 14-й пазіцыі.
Пра гэта на сустрэчы з журналістамі паведамілі вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук і кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь Батыр Бердыклычаў.
Ніжэй доза
У Беларусі адзначана і іншая станоўчая дынаміка. Так, у 2017 годзе амаль на 8% скарацілася колькасць людзей, якія знаходзяцца пад наглядам нарколагаў. Гэта 13 620 чалавек, якія не ўжываюць алкаголь на працягу года і даўжэй, а таму знятыя з дыспансернага ўліку.
Акрамя таго, па словах Уладзіміра Максімчука, за апошнія 5 гадоў у Беларусі ўдвая скарацілася колькасць смерцяў ад выпадковага атручэння алкаголем. Варта мець на ўвазе, што гэты паказчык уключае трагічныя зыходы не толькі пасля ўжывання сурагатаў, але і вялікіх доз якаснага алкаголю. Напрыклад, толькі са студзеня па май гэтага года ў Беларусі смяротнае атручэнне атрымалі 600 чалавек, але ўсяго 50 з іх ужывалі сурагатныя спіртазмяшчальныя напоі.
Апошняя кропля
Зрэшты, нягледзячы на відавочную станоўчую дынаміку, праблема алкагольнай залежнасці не губляе вастрыні. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і ўсёй сусветнай супольнасці.
Калі звярнуцца да «сухой» статыстыкі, алкагалізм мае жахлівыя праявы ў рэальным жыцці:
- з алкаголем звязана звыш за палову смяротных выпадкаў і цяжкіх траўмаў пры ДТЗ;
- 50% усіх забойстваў;
- 40% разбойных нападаў;
- 35% згвалтаванняў;
- прыкладна 80% пажараў у жылым сектары – ад «п'янага» курэння.
Вельмі часта за хваравітую прыхільнасць да алкаголю чалавек расплачваецца жыццём. Трэцюю частку самагубстваў у Беларусі здзяйсняюць людзі пад уздзеяннем спіртных напояў, часта ў стане цяжкай алкагольнай дэпрэсіі.
Акрамя таго, па ацэначных дадзеных, штогод ад хвароб і станаў, справакаваных празмерным ужываннем алкаголю, у краіне паміраюць каля 20 тысяч чалавек. З іх:
- ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў – амаль 11,5 тысячы чалавек;
- рознага роду траўмаў – амаль 6 тысяч;
- цырозу печані – 1,1 тысячы;
- злаякасных пухлін – 1,1 тысячы.
Абмежаваць не значыць забараніць
Алкагалізм - хвароба шматфактарная і закранае ўсе сферы жыцця чалавека. Пакутуе не толькі ён сам і яго найбліжэйшае асяроддзе. У канчатковым выніку наступствы хваравітай прыхільнасці так ці інакш адбіваюцца на стане грамадства і дзяржавы.
Нездарма Сусветная арганізацыя аховы здароўя адышла ад такіх паняццяў, як «дазволеная доза» або «бяспечная доза». Іх няма! Ёсць рызыкі – меншых і вялікіх наступстваў.
Вялікія наступствы пералічаныя ў статыстыцы вышэй. Таму відавочна імкненне ўсёй сусветнай супольнасці не дапусціць развіцця паталагічнай залежнасці.
На думку эксперта, да іх адносяцца:
– павышэнне акцызных падаткаў на прадукцыю, якая ўтрымлівае спірт. Прычым сума збору павінна павялічвацца прапарцыянальна павышэнню градуса напою. Між іншым, у структуры алкагольнай прадукцыі, якую спажываюць беларусы, амаль палову (49%) займаюць моцныя спіртазмяшчальныя напоі;
– забарона на рэкламу і спонсарства;
– абмежаванне фізічнай даступнасці алкаголю па ўзросту, месцы і часе.
Усведамленне праблемы – палова поспеху
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by