Кожная трэцяя жанчына ў свеце хаця б раз у жыцці хварэла на цыстыт, кожная другая зведала розныя балючыя адчуванні, звязаныя з мочаспусканнем, падобныя да сімптомаў гэтага захворвання. Існуе меркаванне, што частата выпадкаў цыстыту перавышае распаўсюджанасць прастудных захворванняў.
Пра сімптомы, прычыны, фактары рызыкі і лячэнне цыстыту журналісту Слушна распавёў загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, уролаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый Тарэндзь.
да зместуЖаночая хвароба
Цыстыт, ці, як яго яшчэ называюць, няўскладненая інфекцыя ніжніх мачавых шляхоў, – «прэрагатыва» жанчын. У мужчын падобнае захворванне сустракаецца вельмі рэдка, і прычына таму – анатамічныя асаблівасці мужчынскага арганізма. Мочаспускальны канал у мужчын больш доўгі і вузкі, размешчаны ўдалечыні ад кішэчніка, які можа стаць крыніцай інфекцыі. У жанчын урэтра шырокая і кароткая, яе даўжыня не перавышае 34 см. Гэтая асаблівасць жаночага арганізма і з'яўляецца адным з фактараў, які спрыяе захворванню. Менавіта таму 99% пацыентаў з цыстытам – жанчыны.
Асноўным узбуджальнікам інфекцыі ў мачавым пузыры з'яўляецца кішэчная палачка (Escherichia coli) і яе ўрапатагенныя штамы.
Гэты мікраарганізм з'яўляецца нармальным насельнікам тоўстага кішэчніка і ў норме не выклікае ніякіх запаленчых змяненняў у страўнікава-кішэчным тракце. Цыстыт правакуюць урапатагенныя штамы Escherichia coli (віды кішэчнай палачкі, якія здольныя выклікаць запаленне мачавых шляхоў).
Першыя прыкметы цыстыту
Болевыя адчуванні ўнізе жывата ў вобласці мочаспускальнага канала, звязаныя непасрэдна з актам мочаспускання, – першая прыкмета цыстыту. Прычым боль можа турбаваць на працягу ўсяго акта мочаспускання, альбо ўзмацненне болевых адчуванняў можа адбывацца напрыканцы. У некаторых выпадках жанчына можа адзначаць, што ў мачы з'явілася прымешка крыві. Гэта сведчыць пра тое, што слізістая мачавога пузыра запалёная настолькі, што апошняе яго скарачэнне прыводзіць да яе надрыву і пашкоджанню дробных сасудаў.
да зместуФактары рызыкі развіцця цыстыту
Развіццю цыстыту спрыяе шэраг фактараў. Сярод іх:
- пераахаладжэнне (звязана са зніжэннем імунітэту);
- аслабленне арганізма іншымі інфекцыямі;
- празмерная сэксуальная актыўнасць, у тым ліку частая змена партнёраў;
- выкарыстанне прэзерватываў са сперміцыдамі;
- постменапаўза;
- анамаліі развіцця мочапалавых шляхоў;
- моцны эмацыянальны стрэс;
- спадчыннасць.
У некаторых выпадках жанчына на наступны дзень або праз дзень пасля палавога акта мае балючыя адчуванні пры мочаспусканні, і гэта «вельмі падобна да цыстыту».
Магчыма, у гэтай сітуацыі мае месца анатамічная асаблівасць размяшчэння вонкавай адтуліны ўрэтры.
Востры і хранічны цыстыт. Дыягностыка і лячэнне
Вострым цыстыт лічыцца, калі запаленне ў мачавым пузыры ўзнікае не часцей за 1 раз на год або ў некалькі гадоў. Прыкладна ў 80-85% выпадкаў прычынай захворвання з'яўляецца кішэчная палачка. Пацыентцы прызначаюцца адпаведныя антыбактэрыяльныя прэпараты. Часам тэрапія можа быць дапоўненая супрацьзапаленчымі лекавымі сродкамі, прэпаратамі на расліннай аснове. Як правіла, курс лячэння доўжыцца тры дні.
Хранічны цыстыт – хранічная рэцыдывіруючая інфекцыя ніжніх мачавых шляхоў. Захворванне ўзнікала 2 разы за апошнія 6 месяцаў альбо 3 разы за апошні год.
На падставе гэтага аналізу, растлумачыў эксперт, урачы змогуць высветліць, які ўзбуджальнік выклікае захворванне і да якіх антыбіётыкаў ён адчувальны. Часцяком узбуджальнік хранічнай інфекцыі ўстойлівы да пэўных антыбактэрыяльных прэпаратаў. Менавіта таму важна падабраць «правільны» антыбіётык. Курс лячэння хранічнага цыстыту – прыкладна 7 дзён.
Жанчыны, у якіх дыягнаставаны хранічны цыстыт, павінны таксама прайсці абследаванне ў гінеколага. Часта сімптомы іншых захворванняў, у тым ліку інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, падобныя да праяў цыстыту.
У большасці выпадкаў цыстыт добра паддаецца тэрапіі антыбіётыкамі і ў 90% жанчын сыходзяць практычна ўсе сімптомы. Аднак ёсць адзін нюанс. Нават пасля прыёму ўсяго курсу антыбіётыкаў яшчэ нейкі час могуць заставацца сімптомы цыстыту, бо змены, якія адбыліся ў мачавым пузыры, хутка не праходзяць. Разам з тым, гэта не павінна з'яўляцца падставай для таго, каб самастойна працягваць антыбактэрыяльную тэрапію.
Калі, нягледзячы на поўны курс лячэння, сімптомы захоўваюцца больш за 4-5 сутак, – гэта падстава яшчэ раз наведаць урача. Магчыма, варта правесці дадатковыя аналізы і змяніць тактыку лячэння.
да зместуУскладненні цыстыту
Часам інфекцыя набывае працяглы і вялацякучы характар. Ёсць такія формы цыстыту, калі слізістая ў мачавым пузыры набывае ўласцівасці арагавелага эпітэлію.
У некаторых выпадках у выніку паўторных інфекцый слой спецыяльнага рэчыва (гліказамінагліканы), які пакрывае слізістую мачавога пузыра, парушаецца і гэта можа прывесці да таго, што праз некаторы час мачавы пузыр паменшыцца ў памерах.
У выніку частых цыстытаў інфекцыя можа стаць прычынай піяланефрыту – запалення ныркі.
Асноўнай прычынай ускладненняў цыстыту з'яўляецца адмова або адтэрміноўка звароту па кансультацыю да спецыяліста – уролага. Самастойнае лячэнне ў большасці выпадкаў прыводзіць да павелічэння частаты рэцыдываў і, як следства, да развіцця вышэйзгаданых ускладненняў.
да зместуЯк папярэдзіць цыстыт
Асноўныя меры прафілактыкі зводзяцца да таго, каб:
- не пераахалоджвацца;
- насіць бялізну з натуральных тканін;
- старацца ўжываць шмат вадкасці, напоі з высокім утрыманнем кафеіну пажадана выключыць;
- варта мачыцца пры першых пазывах, а не цярпець;
- старайцеся падмываць прамежнасць пасля апаражнення кішэчніка;
- гігіенічныя працэдуры рабіце па кірунку ад вульвы да анусу;
- перад палавым актам старайцеся падмыць геніталіі;
- калі ёсць магчымасць, не карыстайцеся бар'ернымі сродкамі кантрацэпцыі (прэзерватывы, похвавыя дыяфрагмы), аддайце перавагу аральным кантрацэптывам;
- калі ў вас менапаўза, то можна карыстацца мясцовымі гарманальнымі сродкамі (крэмы, гелі з эстрагенамі) пасля кансультацыі з гінеколагам, бо яны зніжаюць частату рэцыдываў інфекцыі;
- знайдзіце сабе надзейнага ўролага.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by