Усе дзеці любяць скакаць на батуце, а мамы і таты са спакойнай душой адпускаюць іх у батутныя цэнтры ці купляюць гэтае спартыўнае абсталяванне на дачу. Разам з тым, траўматолагі занепакоеныя ростам траўмаў у дзяцей, у прыватнасці, кампрэсійнага пералому пазваночніка, атрыманага падчас скачкоў на батуце. З-за працяглай і нязвыклай нагрузкі павялічваецца вертыкальны ціск (кампрэсія) на цела пазванкоў, а таксама на каленныя і галёнкаступнёвыя суставы.
У гутарцы з журналістам інфармацыйнага партала Здаровыя людзі траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч распавёў, што кожны тыдзень у цэнтр звяртаюцца ад 3 да 5 чалавек з кампрэсійным пераломам пазваночніка – з-за скачкоў на батуце.
Пра тое, што такое кампрэсійны пералом пазваночніка, чым ён небяспечны і чаму траўма адбываецца падчас працяглых скачкоў на батуце, чытайце ў нашым матэрыяле.
Кампрэсійны пералом пазваночніка. Дыягностыка
Кампрэсійны пералом пазваночніка – гэта не пералом у звыклым нам разуменні. Пры гэтай траўме з-за кампрэсіі (сціскання) адбываецца сплюшчванне цела аднаго або некалькіх пазванкоў. Касцяная тканка дэфармуецца. У дарослага чалавека часцей за ўсё пакутуе паяснічны аддзел пазваночніка, у дзяцей – грудны. З-за дэфармацыі, якая прыходзіць у выніку ўздзеяння сіл, накіраваных зверху ўніз, цела пазванка робіцца клінападобнай формы, тады як у норме яно нагадвае цыліндр.
Небяспека гэтай траўмы ў тым, што ў дзяцей кампрэсійны пералом пазваночніка дрэнна дыягнастуецца.
Клінападобная дэфармацыя можа быць настолькі невялікая, што на звычайных рэнтгенаўскіх здымках яна не бачная. Таму для больш дакладнай дыягностыкі выкарыстоўваецца МРТ-даследаванне, падчас якога можна таксама вызначыць, ці даўно была атрыманая траўма, ці гэта яшчэ «свежы» пералом.
Як адбываецца кампрэсійны пералом
Падчас скачкоў на батуце дзіця, як правіла, расслабленае, знаходзіцца ў стане лёгкага ўзбуджэння і не кантралюе сваю паставу, галава і рукі расслабленыя. Паяснічная вобласць больш напружаная. Пазваночнік за кошт напругі мышцаў бы стабілізуецца ў паясніцы, а расслабленая верхняя частка цела прымушае пазваночнік адхіляцца наперад, што прыводзіць да большай нагрузкі ў грудным аддзеле. У выніку адбываецца доўгае пераменнае сцісканне целаў грудных пазванкоў.
Астэахандроз і скрыўленне пазваночніка. Наступствы траўмы
Калі своечасова не дыягнаставаць і не вылечыць кампрэсійны пералом пазваночніка, у дзяцей можа адбыцца фарміраванне юнацкага астэахандрозу. Траўма ў наступным прыводзіць да скрыўлення пазваночніка. Кампрэсійны пералом не прыводзіць да інвалідызацыі, але значна абмяжоўвае магчымасці дзіцяці ў будучым.
Клінападобная дэфармацыя пазванка прыводзіць да няправільнага фарміравання паставы. Прычым змены могуць адбываецца не толькі ў пярэдне-заднім, але і ў бакавых накірунках.
Нялечаны кампрэсійны пералом пазваночніка можа прывесці ў далейшым да працяглага болевага сіндрому, а дэфармацыі могуць захоўвацца ўсё жыццё. Як вынік – паказанне для аператыўнага ўмяшання ў наступным.
Тры дні без болю. Першыя сімптомы і лячэнне
Як правіла, кампрэсійны пералом пазваночніка першыя тры дні можа ніяк сябе не праяўляць. Болю ў спіне не будзе. Дэфармацыя яшчэ невялікая, але разам з тым, калі дзіця працягвае нагружаць яго, хадзіць, у пазваночніку працягваюць адбывацца змены.
Лячэнне кампрэсійнага пералому пазваночніка ў дзяцей з-за асаблівасцяў арганізма – кансерватыўнае. Як правіла, прызначаецца пасцельны рэжым на працягу 1-1,5 месяца. Хадзіць дазваляецца толькі пры вялікай неабходнасці. Больш за палову часу – становішча лежачы на спіне. Магчыма выкананне спецыяльных практыкаванняў на карачках з прагнутаю спіной. У наступным неабходна нашэнне карэктара паставы для груднога аддзела пазваночніка. Забарона на заняткі фізкультурай на працягу 2-3 месяцаў, заняткі ЛФК на ўмацаванне мышцаў спіны. Добра дапамагае плаванне.
Не забараняць, але кантраляваць
Як і любы новы від фізічнай нагрузкі, скачкі на батуце патрабуюць захавання пэўных правілаў. Нагружаць пазваночнік і суставы дзіцяці, якія яшчэ фарміруюцца, працяглымі скачкамі не варта. Калі дзіця не падрыхтаванае да актыўных фізічных практыкаванняў, яго пазваночнік не ўмацаваны мышачным гарсэтам, адсутнічае папярэдняя натрэніраванасць, дык у дзяцей, якія не прывыклі да доўгай фізічнай нагрузкі, пакутуюць «слабыя месцы» пазваночніка, шыі, суставаў.
Спецыяліст дадаў таксама, што пры першых скаргах дзіцяці на боль у спіне пасля скачкоў на батуце абавязкова трэба звярнуцца да ўрача. Расказаць доктару, што дзіця скакала на батуце. Гэта дапаможа правільна дыягнаставаць траўму і своечасова пачаць лячэнне, якое пры ўмове выканання ўсіх рэкамендацый урача дазволіць пазбегнуць праблемаў у будучым.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by