Дрэва расло пад самымі вокнамі. Яно жыло сваім асабістым, непаўторным і ўсё ж самым звычайным жыццём. А за тоўстымі і надзейнымі сценамі, за блішчастымі вокнамі пачынаўся зусім іншы свет – свет людзей.
Дрэва столькі гадоў было сведкам іх радасцей і расчараванняў, што даўно прызвычаілася ўважаць сябе за частку таго зашклянога жыцця і нясмела нагадвала пра сябе: улетку ціхенька казытала лісцем шкло, узімку трывожна скрэблася ў сцены. А людзі амаль не зважалі ўвагі: яно іх не цікавіла. Нават да яго прыгажосці прызвычаіліся, як да нечага нязменнага, вечнага.
Дні ішлі за днямі. На змену ласкавай вясне прыходзіла звонкае лета. Сонца песціла дрэва цяплом, раса паіла дрыготкімі кроплямі, салаўі дарылі чароўныя песні. Неўзаметку падкрадвалася асцярожная мяккая восень, мяняючы раскошны зялёны ўбор на рэдзенькую залатую хусцінку, а за ёй – шэрыя і самотныя дні наганялі тугу бясконцым плачам дажджоў, зябкасцю раніц і непрытульнасцю вечароў.
Аднойчы (і ў каторы ўжо раз), калі зямля ператварылася са слізкага месіва ў счарсцвелую ад холаду скарынку, пачалося страшнае.
Злосны вецер цешыўся, шпурляючы ў неба смецце, здзекліва пляваўся нянавісцю, крышыў, рваў, калечыў, пагрозліва рагатаў, шалеючы ад сваёй моцы. Усё жывое хавалася ад гэтай раз’юшанай лютасці. Неба, змучанае дзікай бойкай, кінулася на зямлю і прыціснулася да яе ў знямозе. Усё нібы вымерла.
Вецер незадаволена хмыкнуў, шукаючы новую ахвяру сваім уцехам, і тут ён убачыў беднае дрэва. Імгненне – і наляціць, учэпіцца ў голле, затрасе, закалоціць. Страх перамог здранцвенне. Дрэва кінулася да светлага прамакутнічка вакна. За ім – спакой і ўтульнасць, за ім – выратаванне… Халодны стук абледзянелага галля – мальба аб паратунку – захлынуўся тужлівым лямантам. Але як было пачуць яго ў злосным завыванні і рогаце?.. І дрэва раптам зразумела – ратунку няма. Яно застагнала, задрыжала кожнай сваёй галіначкай і застыла ў чаканні непазбежнага.
Тая ноч мінула, растаяла як безліч самых страшных або неверагодна чароўных начэй. Паступова ажываючы пад цяплом сонечных промняў, дрэва забывалася пра жудасць і холад. Наперадзе было шчасце.
Яно прыйшло светлым вясновым ранкам, вітаючы сонца пяшчотнай зелянінай першых лісточкаў. Чысціня і кволая прыгажосць іх поўнілі дрэва такім замілаваннем і радасцю, што хапіла б, здаецца, на цэлы свет…
Усёй сваёй істотай, кожным лісточкам яно пацягнулася да расчыненага вакна – падзяліцца гэтым дзівам з суседзямі. Імгненна свежы і хвалюючы водар напоўніў пакой … і раптам абыякавая рука ўпэўнена зграбла голле, выпхнула яго за акно і бразнула шыбай, прыціснуўшы танюсенькую галінку з ярка-зяленым язычком на канцы. Дрэва сцялася ад болю і крыўды. Голле самотна калыхнулася ля бліскучага шкла і міжволі ўспомнілася: «Гэтак ужо было». Успамін жыў усяго хвілінку.
Дрэва так любіла жыццё, што проста не шукала сіл для доўгага смутку. А людзі, напэўна, упершыню пачалі заўважаць, што з ім дзеецца нешта дзіўнае. Вецце, што расло ад акна, стала сохнуць, лісце скруцілася і пачарнела. Дрэва не давала ім сваёй ласкі. І гэта не было помстай за абыякавасць. Хутчэй – нежаданне назаляць. Яму ўжо не патрэбна было людское шкадаванне.
Не турбавала яго і асабістая няўклюднасць: палова голля радасна шапоча сакавітым лісцем, другая мёртва шоргае сухімі галінкамі. Дрэву было ўсё адно – навучылася абыякавасці. Гэта адчуванне не непакоіла, не трывожыла. Напачатку жыў яшчэ нейкі шчымлівы ўспамін… Потым і ён прайшоў. З часам людзі спілавалі сухое голле – апошняя ласка – і зноў забыліся пра дрэва. А яно жыло, толькі ўжо моўчкі. Моўчкі змагалася. Моўчкі радавалася.
Таксама чытайце:
Пых і Пух. (Казка)
Чаму жабкі буслоў баяцца? (Казка)
Жырафа і Чарніцы. (Казка)
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by