13.12.2020
13.12.2020

«Думкі ўслых» і водгукі: ёсць што пачытаць! :)

logo
Думкі ўслых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У чарговы раз шчыра дзякую ўсім, хто не толькі не лянуецца ставіць падабайкі напісанаму ў блогу «Думкі ўслых», але і пісаць каменты. Кароткія і пашыраныя, шчырыя, цёплыя, адметныя і арыгінальныя… Нават з фотаздымкамі! Яны сапраўды саграваюць! Вось яшчэ і паўмесяца не прамінула, а ўжо ёсць што пачытаць… 🙂 Да вашай увагі!

Водгукі на блог. Цікава пачытаць

Аўдзей-заступнік: гонім з хаты нячыстую сілу!

Наталля Бучынская:

Вітаю, Святлана! Задалі задачу – сякеру знайсці ў гарадской хаце... Не, дакладна няма ні сякеры, ні сярпа. Давядзецца нажом спраўляцца. Вялікім! Ён аднойчы замест сякеры ўжо паслужыў. Летась ставілі ялінку, дык муж тым нажом камель падсякаў, каб у пасудзіну ўлез.

Дарэчы, ад нячысцікаў хатніх у мяне з’явілася яшчэ адна помач: адмысловыя бабы з Японіі. Мы 03.02.2020 у Токіё трапілі ў храм якраз на свята сустрэчы вясны. У гэты дзень японцам раскідаюць бабы, каб яны пасля ў сваім жытле парассыпалі па куточках, а затым сабралі ды высадзілі. Такім чынам выганяюць з жылля дэманаў. Мне тыя бабы проста ў рукі прыляцелі. А паколькі ў маёй хаце галоўная абарона ад нячысцікаў і дэманаў – крыж, свянцоная вада і малітва, дык пакуначак з бабамі я пакінула ў якасці сувеніра.

Пра камп'ютарную граматнасць, а больш пра яе недахоп для сябе, згадваю ледзь не кожны дзень. Відаць, давядзецца нешта новае сёння засвоіць, не чакаючы яшчэ 10 гадоў.

Водгукі на блог. Займаемся камп'ютарнай пісьменнасцю.

Я яшчэ ўчора ўвечары падазравала, што давядзецца сёння пячы аладкі! Бачыце, не памылілася. Можа, адважуся на Ваш рэцэпт. Хаця мужчыны ў мяне не вельмі ахвочыя да эксперыментаў кулінарных. Асабліва сын. Ён звычайна на вока вызначае, уежная для яго страва ці не. Але хаця б дзеля ўспаміну бабулі Амілі, аладкі якой былі найсмачнейшымі ў маім жыцці, паспрабую новы рэцэпт.

Святлана Адамовіч:

Прывітанне, Наталля! Дык гэта ж не я задала, а Аўдзей-заступнік! J Я ведаю, што задачка такая... Невырашальная... У якасці падказкі: а сякеркі для адбівання мяса няма?! 🙂 Ух, як цікава пра Японію! Праўда, адразу прачытала «бАбы». 🙂 Пасля зразумела, што штосьці не тое... БабЫ!!!

А мяркуючы па тым, колькі Вы напісалі... Думаю, што з Вашай камп'ютарнай пісьменнасцю ўсё ў парадку! 🙂 А рэцэпт аладак... Мо, і праўда, лепей традыцыйны? Гэты і сама яшчэ не абкатала.... Каб раіць пэўна. У любым выпадку – удачы! І дзякуй, што так зацікаўлена адгукаецеся! 🙂

Водгукі на блог. Актыўныя чытачы пішуць...

Наталля Бучынская:

Дзякуй за падказкі! Але дакладаю: сякерку для мяса ўжо страйбісавалі, выкарыстоўваючы не па прызначэнні. Так што ножычкам будзем адбівацца! Бачылі б вы той нож! Не раўнуючы – сякера! 🙂 Я і рада была б падтакнуць наконт камп'ютарнай граматнасці, але мана маной будзе. А пра аладкі яшчэ падумаю. Абы смачныя ўдаліся! 🙂

Таццяна Шчарбакова:

Дзякуй, даражэнькая за рэцэпт аладак! Толькi чытала – i ўжо смачна было. А вось з сякерай i сярпом – як кажуць, засада… 🙂

Наталля Бучынская:

Адразу прызнаюся: пякла сёння, памятаючы пра абяцанне. Ці аладкі гэта – не ведаю. Нешта фантазійнае. Але на выгляд рыхтык аладкі. Ну, абяцанні лепш выконваць. Нават тыя, што даеш сабе. Гэта не значыць, што заўсёды ўдаецца... Не скарысталася ніякім рэцэптам. Замуціла нешта, што ў галаву ўзбрыло. Не скажу, што надта смачна. Але з хурмой – цалкам прыстойна. Хурма дужа смачная!

Жанна Рышкевіч (Будніцкая):

Хаця ўчора не дабралася, але ж сёння прачытала з вялікім задавальненнем. Света, мова ў цябе такая смачная!!! А што да аладак, дык я адразу ўзгадала маміны аладкі з печы, такія... Асабліва гарачыя са смятанкай… А як прастынуць, дык мама робіць смачненікі, як казала даўней мая каляжанка. Маленькія аладкі абмаквалі ў смятану, пасыпалі цукрам, не шкадуючы яго, і ўкладвалі слаямі. Гэты быў, ды і зараз застаецца, самы смачны пачастунак ад бабулечкі! 🙂

Святлана Кісялёва:

Дзякуй, Светачка. Лёгкае ў цябе пяро. Я чытаю і маме, ёй таксама падабаецца. Здароўя табе і радасці. Абдымаю!

Наталля Лугоўская:

Добрай раніцы! 🙂 Дзякуй за рэцэпт, а то я думала, што на вячэру прыгатаваць! 🙂 Вырашана: будуць такія вось аладкі! Сказана – зроблена! 🙂

Я баялася, што яны будуць падобныя да аўсянага печыва. Для аладак цеста трохі шчыльнае атрымалася, але я малака крыху больш дадала. Вядома, тут і ад яблыкаў залежыць кансістэнцыя.

А яшчэ не падумала, што яблыкі ў мяне больш салодкія, чым кіслыя, і сыпанула цукру «на вочка». Для мяне саладкавыя аладкі. Можна было і без цукру. Малому спадабаліся. Думаю, у суботу для ўнучак прыгатую (яны любяць любую выпечку). Так, сытныя! У мяне сёння аўсяны дзень! На сняданак аўсяныя шматкі з маслам, на вячэру – аладкі! 🙂

Аўсянка (шматкі) – круты прадукт. І ў мясныя катлеты нават дадаць можна (быў такі рэцэпт). Мае мужчыны звычайна з асцярожнасцю новыя стравы каштуюць. Саму аўсянку ядуць, але без энтузіязму. Але яе перавага ў тым, што не відаць у гатовым прадукце, калі дадаваць куды-небудзь. Чакаю мужа з працы, каб пакаштаваў аладкі. Стаўлю 98% на тое, што ён не здагадаецца пра састаў! 🙂

Дзень абдымкаў: адзін з чатырох. Абдымаемся… віртуальна?!

Водгукі на блог. Дзень абдымкаў. Абдымаемся віртуальна.

Жанна Рышкевіч (Будніцкая):

Добры дзень. Я ўжо паабдымалася. А гэта табе (смайлік)…

А вось за птушак і іншую істоту ў мяне адказвае муж – чалавек, які мае нейкую асаблівую патрэбу пра некага турбавацца…

Таццяна Шчарбакова:

Якi ж сёння цудоўны дзень! 🙂

Ад аўтара: І шмат смайлікаў з абдымкамі ад розных людзей…

Мітрафан крыху спазняецца? А снег прыйшоў своечасова…

Таццяна Шчарбакова:

Ну якое ж мiлае свята – Дзень ёлкі з рукавічкамі! 🙂 Дзень рыжых думак таксама, як кажуць, зайшоў! 🙂

От хацелася б даведацца пра думкi у гэтай рыжай галаве! 🙂

6 паверх, вось так на прагулку i ходзiм... Ой, ты не ўяўляеш, як мне страшна! Аж ногi млеюць! А яму – па барабане, як кажуць.

Святлана Кісялёва:

Свецік, дзякуй за настрой!

Ірына Змачынская:

Як заўсёды, выдатна! Яскрава! Я сама нават не ведала пра Дзень ёлкі з рукавічкамі! Каб крышачку раней! Такое б мерапрыемства зладзілі! Але яшчэ ёсць час для падарункаў! 🙂

Таццяна Даньшына:

Светачка, ты разумніца! Вельмі цікава чытаць!

Наталля Лугоўская:

Прывітанне! 🙂 Спадабалася інфармацыя пра дзень рыжых думак. Зараз сяджу і думаю: што б нагарэзнічаць па-рыжаму! 🙂

Водгукі на блог. Дзень рыжых думак.

Прывітанне, Максім! Прывітанне, Марыля! Памятаем і ганарымся…

Чэрвеньскі лясгас:

А ноты песні ёсць? Словы якія пранікнёныя…

Жанна Рышкевіч (Будніцкая):

Светачка, дзякуй за нарыс. Крануў да слёз. Менавіта для мяне асоба Максіма Багдановіча да гэтай пары застаецца да канца не спазнанай. А сам Максім – любімым беларускім паэтам, і не толькі паэтам. Яго творчасць – увогуле новы этап развіцця беларускай культуры.

Святлана Кісялёва:

Свецiк, дзякуй за шчырую цiкавую споведзь. Якая чулая у цябе душа…

Сябры, пішыце! Выказвайце і свае думкі, уражанні ды меркаванні. Рэцэпты, карысныя парады – усё для вас. Не праходзьце міма! Заўсёды чакаю…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".