04.12.2020
04.12.2020

Дзень абдымкаў: адзін з чатырох. Абдымаемся… віртуальна?!

logo
Думкі ўслых
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Добрых святаў многа не бывае! Чым больш, тым лепш. Гэта толькі дзень народзінаў раз на год. А Новы год, як вядома, два разы святкаваць можна: па новым стылі і па старым. Што ж тычыцца Міжнароднага дня абдымкаў (ці проста Дня абдымкаў), дык яго прапаноўваюць адзначаць ажно 4 разы на год: 21 студзеня, 15 і 22 ліпеня, а таксама сёння, 4 снежня.

Абдымкі. Міжнародны дзень абдымкаў.

Але калі напярэдадні 21 студзеня я яшчэ бестурботна заклікала: «Абдымаемся, сябры, абдымаемся!», дык зараз ужо гэтага не скажу. І зразумела, чаму. Пандэмія каранавіруса. Сацыяльная дыстанцыя. Абдымаемся толькі з тымі, хто побач, каго не баіцеся заразіць, як што, хто не ў групе рызыкі альбо перахварэў ужо і не заразны…

Па шчырасці, спіс не такі ўжо і вялікі атрымліваецца… Гэта не выпадковы ўдзел у флэшмобах. Калі ідзеш-ідзеш па вуліцы, а цябе то тут, то там у гэты дзень прапануюць абняць. Бясплатна… 🙂

Так што абдымаемся, так бы мовіць, акуратна. А лепей – віртуальна. Хаця гэта зусім не тое. Так, як нюхаць кветкі ў процівагазе. Да чаго мы, па ўсім відаць, недалёка ўжо… 🙁

Але не будзем пра сумнае! Лепей – цікавыя факты пра карысць абдымкаў узгадаем. І напачатку – тое, што ў перыяд пандэміі нам асабліва неабходнае. На думку вучоных, штодзённыя абдымкі ад 3 да 7 разоў умацоўваюць імунную сістэму і псіхіку, а больш за 8 разоў – дазваляюць чалавеку адчуць сябе цалкам шчаслівым.

Гаючым (лячэбным) эфектам валодаюць абдымкі працягласцю не меней за 20 секунд. Так што абдымаемся і пазіраем на гадзіннікі! 🙂

А цяпер – да ўвагі бацькоў! Вучонымі даказана, што абдымкі ў раннім узросце дапамагаюць сфарміраваць у чалавеку ўменне кахаць. Калі дзіця ва ўзросце да 7 гадоў пазбавіць абдымкаў, дык яно будзе не здольнае любіць іншых. З яго можа вырасці псіхічна неўраўнаважаны чалавек (псіхапат) альбо сацыяпат. Во так!

Абдыкмі. Міжнародны дзень абдымкаў. Абдымаем дзяцей, каб не выраслі псіхапатамі.

І, нарэшце, пра рэкорды. У ЗША усталяваны рэкорд – 7777 абдымкаў у дзень. У Канадзе зафіксаваныя самыя доўгія абдымкі працягласцю 24 гадзіны і 33 хвіліны, у Вялікабрытаніі – 24 гадзіны і 44 хвіліны. Дагонім Амерыку і перагонім?! 🙂

І калі з кімсьці з людзей і падчас пандэміі каранавіруса можна ўхітрыцца паабдымацца, дык тых жа птушак і вавёрак абняць не атрымаецца. Максімум – пагладзіць якую. А яшчэ лепей – пакарміць. Бо сёння, 4 снежня, да ўсяго – Дзень частавання птушак і вавёрак!

Вось слова «частаванне» падыходзіць да гэтай сітуацыі як найлепш! Бо вучоныя звяртаюць нашу ўвагу, што птушак і вавёрак варта толькі частаваць ды падкормліваць. А не карміць ды закормліваць! Апошняе для іх дужа шкоднае! Бо звяры і птушкі павінны звыкла харчавацца, знаходзіць сабе ежу ў натуральных умовах. А не залежаць ад людзей. А яшчэ яны могуць з-за закормлівання нават захварэць!

Міжнародны дзень абдымкаў. Дзень частавання птушак і вавёрак.

Таму ў лес, парк ці куды там яшчэ ідзем толькі з пачастункамі! А не з пакункамі ежы. Прычым, збіраючыся набыць пачастункі, добра памятаем пра наступнае.

Птушкам нельга есці чорны хлеб, салёнае сала, сапсаваныя прадукты з плесняй, цытрусавыя, арахіс, смажаныя і салёныя семачкі, пшано. А можна – нясмажаныя і несалёныя сланечнік і гарбузікі (семачкі), дробна парэзаны свежы яблык, несалёнае сала (вельмі ахвотныя да яго сінічкі), нацёртае яйка, зваранае ўкрутую. Вось пра апошняе не ведала. Таксама сталася адкрыццём.

Калі вы хочаце пачаставаць гарадскіх вераб’ёў, дык для гэтага падыдуць крупы (за выключэннем пшана), таксама несалёныя і нясмажаныя семачкі сланечніку.

Абдымкі. Міжнародны дзень абдымкаў.

Гарадскія галубы з задавальненнем пачастуюцца пшаніцай, пярлоўкай, ачышчаным ячменем і нават аўсянымі шматкамі (толькі не тымі, якія хутка варацца). Нясмажаны сланечнік яны таксама паважаюць. А вось белы хлеб ім можна толькі ў абмежаванай колькасці.

Для вавёрак карысным станецца наступны пачастунак: сухафрукты, свежыя альбо сушаныя яблыкі, бананы, гарбузікі (семачкі), арэшкі ў шалупінні (грэцкія, фундук, кедровыя). А вось хлеб, шакалад (у тым ліку і цукеркі), чыпсы, пячэнне, міндаль ім нельга! У сэнсе, узяць яны могуць усё. І нават з’есці. Але карысці для іх не будзе, адна толькі шкода.

І птушак, і вавёрак нельга карміць нічым салодкім, салёным альбо тлустым!

Не магу не прыгадаць, як любіла мая мілая мамачка назіраць за ляснымі жывёламі і птушкамі… З якім натхненнем распавядала яна пра сустрэчу з вавёркай альбо пра назіранні за дзятлам. І нават пісала пра гэта! Гуляла мама ў лесапарку з маім татам альбо са мной па выхадных. І шмат за чым і за кім мы назіралі разам…

Ну вось такі гэты дзень. Апошні ў пяцідзённым працоўным тыдні. А наперадзе выхадныя, калі таксама можна і трэба і абдымацца, і частаваць птушак ды вавёрак. Здароўя ўсім і прыемных уражанняў!

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".