Кожную гадзіну ў Еўрапейскім рэгіёне СААЗ дыягнастуецца 30 новых выпадкаў туберкулёзу. Разам з тым, дзякуючы своечасовай дыягностыцы і адэкватнаму лячэнню, з 2000 па 2017 год было папярэджана 54 млн.смерцяў ад гэтага захворвання, распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Гранькоў.
Паводле яго слоў, захворванне на туберкулёз у свеце ў сярэднім зніжаецца на 2% у год. Прычым у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ гэты паказчык лепшы – колькасць хворых памяншаецца прыкладна на 5% у год. Беларусь – не выключэнне. За апошнія пяць гадоў у нашай краіне сярэдняе зніжэнне захворвання на туберкулёз складае 11,9%.
Штогод 24 сакавіка па рашэнні СААЗ адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам (сухотамі), які быў зацверджаны ў 1982 годзе. Гэтая дата прымеркаваная да 100-гадовага юбілею адкрыцця ўзбуджальніка туберкулёзу – палачкі Коха. Менавіта 24 сакавіка ў 1882 годзе нямецкі мікрабіёлаг Роберт Кох паведаміў пра сваё адкрыццё. У 1905 годзе вучоны атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне медыцыны.
Пра эфектыўныя стратэгіі і прафілактыку туберкулёзу ішла гаворка ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Спікерамі выступілі:
- Вячаслаў Гранькоў – каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ Рэспублікі Беларусь;
- Генадзь Гурэвіч – галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі.
Важныя дасягненні ў барацьбе супраць туберкулёзу
З моманту, калі СААЗ аб'явіла туберкулёз глабальнай эпідэміяй, а гэта здарылася ў 1993 годзе, адбылося шмат важных падзей. У прыватнасці, былі прынятыя некалькі стратэгій СААЗ. Адна з іх («Стратэгія па кантраляваным лячэнні туберкулёзу») была накіравана на тое, каб пацыент прымаў прэпараты ў прысутнасці медыцынскага работніка, што дало значныя станоўчыя вынікі.
Яшчэ адной важнай падзеяй апошніх гадоў, адзначыў эксперт, стала з'яўленне новых прэпаратаў для лячэння туберкулёзу. Справа ў тым, што на працягу 40 гадоў не было распрацавана ніводнага новага супрацьтуберкулёзнага лекавага сродку.
Разам з тым, нягледзячы на поспехі фтызіятрычнай службы, дагэтуль актуальнай з'яўляецца праблема мультырэзістэнтнага туберкулёзу.
Спецыяліст дадаў, што зараз сумесна з нацыянальнай супрацьтуберкулёзнай службай і Міністэрствам аховы здароўя рэспублікі пралічваецца кошт лячэння, бо ўсе пацыенты ў рэспубліцы з гэтымі формамі захворвання павінны быць забяспечаны такімі прэпаратамі.
Сітуацыя ў Беларусі
У сваю чаргу Генадзь Гурэвіч адзначыў, што ў нашай краіне працягваецца ўстойлівае зніжэнне захваральнасці і смяротнасці ад туберкулёзу (за 2018 год – на 17-19%).
Дырэктар РНПЦ падкрэсліў высокую эфектыўнасць дыягностыкі захворвання. Практычна ў 90% выпадкаў ва ўсіх хворых на сухоты ўдаецца атрымаць узбуджальнік інфекцыі і ўдакладніць лекавую ўстойлівасць.
Так, у РНПЦ распрацавана тэхналогія верыфікацыі дыягназу з выкарыстаннем відэаасістыраванай таракаскапіі (ВАТС) (у міжрэбернай прасторы робяць невялікія разрэзы і бяруць на даследаванне кавалачкі тканкі лёгкага, плеўры і г.д.). Затым з дапамогай малекулярна-генетычных і бактэрыялагічных метадаў вызначаецца ўзбуджальнік туберкулёзу, і літаральна на працягу некалькіх дзён устанаўліваецца дакладны дыягназ і тактыка лячэння.
У 2018 годзе ў Брэсцкай вобласці быў рэалізаваны пілотны праект па ўкараненні новых метадаў фінансавання супрацьтуберкулёзнай службы. Ён накіраваны на скарачэнне часу знаходжання ў стацыянары хворых на туберкулёз. Пасля таго, як пацыент перастае ўяўляць небяспеку для навакольных (не з'яўляецца бактэрыявылучальнікам), яго выпісваюць на амбулаторны этап, дзе працягваецца лячэнне пад кантролем медыцынскіх работнікаў. Сёлета, падкрэсліў Генадзь Гурэвіч, падобная мадэль будзе ўзятая на ўзбраенне ва ўсіх абласцях рэспублікі.
Туберкулёз – не грып, і разавы кантакт з хворым чалавекам не прывядзе да захворвання. Для таго, каб заразіцца, патрэбны цэлы шэраг умоў, напрыклад, замкнёнае памяшканне без вентыляцыі і працяглы кантакт, аслаблены імунітэт. На вуліцы, на адкрытым паветры кантакт з хворым на сухоты практычна не ўяўляе небяспекі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by