… з сумам думаю штодня, калі альбо даводзіцца літаральна праходзіць скрозь строй курцоў, альбо ў чаканні сваёй маршруткі намотваць кругі вакол аўтобуснага прыпынку, на якім тыя зручна ўладкаваліся з цыгарэтамі. І кажы-не кажы, што гэта ўвогуле-то забаронена – паліць на аўтобусных прыпынках і не толькі… Рэакцыі – нуль. А маска, якую нашу зараз, у перыяд пандэміі каранавіруса, на жаль, выдатна прапускае тытунёвы дым…
Памятаеце, як марыла гераіня Надзеі Румянцавай Тося Кісліцына ў фільме «Дзяўчаты»?! «Вось іду я прыгожая па вуліцы, а ўсе сустрэчныя хлопцы так і слупянеюць, а якія слабейшыя – так і падаюць, падаюць, падаюць і самі па сабе ў штабелі ўкладваюцца!» Вось і ў мяне ёсць мара, толькі крыху іншая…
Як іду я ў звычайнай тканевай масцы па вуліцы, а ўсе курцы яшчэ здалёк, метраў за 10-20 да мяне, так і выкідваюць цыгарэты, так і выкідваюць… 🙂 Папярэдне іх затушыўшы і не пад ногі, вядома ж…
Жарты жартамі, але ж надакучыла той дым глытаць і рабіцца пасіўным курцом мімаволі – ну проста сіл няма!!!
Той, хто больш-менш культурны, скажам так, сам адыходзіць падалей ад людзей на аўтобусным прыпынку. Іншы, заўважыўшы, як я дэманстратыўна закочваю вочы пад лоб і махаю перад маскай рукой, можа таксама адысціся.
Але большасць робяць выгляд, што яны тут адны і вакол ну зусім нікога няма… А тытунёвы дым – абсалютна бясшкодная і прыемная рэч… Як водар ваніліну. Не, не і яшчэ раз – не! Для ўсіх, каму незразумела… 🙁
«Няўжо ты ўсё роўна дым адчуваеш?! У цябе ж – маска…» Ну дык маска ж… Якая прапускае паветра. Інакш як мне дыхаць?! Не процівагаз, на жаль. Які тое ж паветра фільтруе… А было б, мусіць, нядрэнна. Але толькі ў гэтым плане. У плане ж эстэтычнага выгляду і зручнасці… Бр-р-р-р-р-рр!
Прыгадваю нашу школу, дзе яшчэ за савецкім часам на занятках па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы (ПВП) мы павінны былі надзець процівагаз на час.
Звычайна, калі штосьці не ладзілася, напрыклад, на ўроках фізкультуры, ты пры жаданні прыходзіш у спартыўную залу і трэніруешся, пакуль ні пачне атрымоўвацца. Так, напрыклад, падчас вучобы ў Магілёўскім педвучылішчы ў мяне было з практыкаваннямі на брусах. Таму з сяброўкамі хадзілі ўвечары ў спартыўную залу і змаглі-такі навучыцца! Затым наша выкладчыца фізкультуры нават на спаборніцтвы настойліва запрашала! 🙂
Што ж тычыцца процівагазу… Нават жадання не было – патрэніравацца дадаткова, каб усё ж укласціся ў той час. І не памятаю, выканала ў рэшце рэшт нарматыў ці не… 🙂 Але нелюбоў да процівагаза ў мяне дакладна са школьных часоў. Таму няхай лепей яго… курцы самі носяць, а не я!
Таксама ўсмешку выклікаюць і тыя таварышы, якія быццам і носяць ахоўную маску ў перыяд пандэміі, але пры гэтым выходзяць пакурыць. Значыць, узяліся бруднымі рукамі за маску, ссунулі з твару, пакурылі, яшчэ больш бруднымі рукамі нацягнулі на нос (а то і так пайшлі)…
А цяпер адгадайце, колькі за гэты час вірусаў да вас прыляцела?! І маска ваша ў такім выпадку – камуфляж, і не болей. А тады – «маскі не дапамагаюць, не абараняюць». Вядома ж!
«Ды што табе ўсё карціць, каб усе паліць кінулі?!» – бывае, пытаюцца ў мяне. Дык вось карціць, бо гэта і для мяне шкодна, тлумачу. А калі б толькі шкода самому курцу… Дык труцьцеся, калі сябе не шкада…
Гэтак і з каранавірусам, між іншым. Чаму засцерагаемся? Чаму не хочам перахварэць, хаця нам так часта нагадваюць пра неабходнасць выпрацоўкі калектыўнага імунітэту? Бо невядома, як гэта адаб’ецца на арганізме. І асабліва – на арганізме родных з групы рызыкі, калі жывем разам… І ніхто зараз прадбачыць гэтага не можа – ні сам чалавек, ні медыкі, ні навукоўцы.
Вось і ходзім у масках, вось і мыем рукі з мылам альбо апрацоўваем антысептыкам. Трымаем сацыяльную дыстанцыю… І былі б не супраць падаленай працы…
Не маніякальна. Не! Бо якраз-такі тыя, хто маніякальна, і хварэюць. Вось такі парадокс. Усяго павінна быць у меру. Нават страху. Калі атрымліваецца. І ўсё ж пры паведамленні пра новых захварэлых з бліжэйшага акружэння робіцца ніякавата. А можа і стрэс бабахнуць па галаве… Бо толькі збярэшся адэкватна зрэагаваць, у меру, а арганізм ужо – ба-бах! Лавіце рэакцыю дрыжыкаў па целе…
Дык вось да чаго я ўсё гэта пішу? Давайце ўсё ж паважаць адно аднаго. Асабліва там, дзе хтосьці хоча засцерагчыся – ад пасіўнага курэння, ад заражэння каранавірусам… Кожны з нас, таварышы курцы, мае права на чыстае паветра! Хіба ж не?! І асабіста ў мяне гэта – проста чарговы крык душы…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by