У айчыннай музычнай культуры XIX стагоддзя вылучаецца асоба цудоўнага музыканта і дырыжора, найбуйнейшага кампазітара свайго часу Станіслава Манюшкі.
Яго род паходзіў з этнічных беларускіх тэрыторый Падляшша і належаў да той часткі насельніцтва, якая спавядала каталіцкую веру і карысталася польскай мовай. Аднак многія творы Манюшкі былі створаны і ўпершыню пастаўлены на беларускай зямлі, напоўнены беларускім каларытам. Імя гэтага кампазітара мае глыбінную сувязь з беларускай культурай.
Сёлета ў маі спаўняецца 205 гадоў з дня нараджэння знакамітага кампазітара. Мы вырашылі расказць цікавыя факты, зняваныя з яго жыццём і творчасцю.
Нарадзіўся Станіслаў Манюшка 5 мая 1819 года ў былым маёнтку Убель Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Там, сярод цудоўнай прыроды Міншчыны, прайшло яго дзяцінства. Падлеткам ён адчуў прыгажосць і прывабнасць беларускага фальклору. Станіслаў з захапленнем слухаў і запамінаў песні сялян. Дом Манюшкі быў напоўнены творчай атмасферай: тут збіраліся літаратары, музыканты, артысты, ладзіліся музычныя вечарыны, якімі кіравала маці Станіслава — яна была выдатнай спявачкай, бліскуча грала на фартэпіяна.
І таму натуральна, што беларускі каларыт дамінуе ва ўсіх творах Станіслава Манюшкі, асабліва ранніх. У далейшай сваёй творчасці кампазітар чэрпаў натхненне ў беларускіх народных вытоках.
Рыгор Раманавіч Шырма, напрыклад, быў проста зачараваны яго операй «Сплаўшчыкі лесу», ён пісаў: «Такое багацце песенных і народных інтанацый, што часам ствараецца ўражанне, што ты недзе пад Слуцкам ці каля Мінска прысутнічаеш на народным свяце».
Першапачатковую музычную адукацыю Станіслаў атрымаў ад маці, якая вучылася пад кіраўніцтвам вядомага мінскага музыканта і кампазітара Францішка Карафы-Корбута. Калі прыйшоў час вучобы хлопчыка, сям'я пераехала ў Мінск, дзе Станіслаў Манюшка пачаў займацца музыкай пад кіраўніцтвам дырыжора і цудоўнага музычнага педагога Дамініка Стэфановіча.
У сямнаццацігадовым узросце юнак два гады займаўся ў Берлінскай пеўчай акадэміі пад кіраўніцтвам Карла Фрыдрыха Рунгенхагена. У Берліне былі напісаны і выдадзены першыя творы Манюшкі: «Тры песні», песня «Размова», балада «Тры Будрысы» на тэксты Адама Міцкевіча і Першы струнны квартэт. Да гэтага ж часу адносіцца і стварэнне ім першых музычна-сцэнічных твораў і рэлігійнай музыкі. У 1840 годзе, завяршыўшы адукацыю, кампазітар пераехаў у Вільню, дзе ажаніўся з Аляксандрай Мюлер. Там ён служыў арганістам у касцёле святых Іаанаў. Яго гадавое жалаванне складала 100 рублёў срэбрам. Акрамя таго, Манюшка даваў урокі фартэпіяна і кампазіцыі (сярод яго вучняў быў і будучы вядомы кампазітар Цэзар Кюі).
Атрыманая серыя зборнікаў здабыла агульную назву «Хатні песеннік». У сваіх даследаваннях спецыялісты адзначаюць, што песні Станіслава Манюшкі ў значнай ступені змянілі музычны бытавы і канцэртны кантэкст Беларусі і Польшчы, перш за ўсё арыентаваны на італьянскія, французскія і нямецкія рамансы.
Усе 18 гадоў, якія Манюшка пражыў у Вільні, толькі зрэдку пакідаючы горад дзеля Пецярбурга ці Варшавы, ён змагаўся не толькі з беднасцю, але і з культурнай пустэчай навокал. Па словах самога кампазітара, менавіта ў гэты перыяд Вільня ператварылася ў сапраўдную глухмень. Ужо не было ні акадэміі, ні медыцынскага ўніверсітэта, ні тэатра, а мясцовы аркестр быў зусім непрафесійны.
Нягледзячы на пастаянныя пошукі дадатковага заробку (а ў сям'і на той момант было ўжо сямёра дзяцей), Станіслаў тварыў, не спыняючыся ні на хвіліну. У 1846, падчас паездкі ў Варшаву, звязанай з пастаноўкай яго аперэты «Латарэя», кампазітар пазнаёміўся з паэтам Уладзімежам Вольскім. Гэтая сустрэча стала лёсавызначальнай для абодвух, бо ў тандэме яны здолелі стварыць легендарную оперу «Галька». Прэм'ера скарочанай версіі адбылася ў Вільні 1 студзеня 1848, а поўнай — роўна праз дзесяць гадоў у Варшаве. Гаворачы аб поспеху оперы, варта адзначыць хаця б тое, што яна да гэтага часу ўваходзіць у пастаянны рэпертуар адразу некалькіх сусветных тэатраў. Для Манюшкі ж менавіта з гэтага твора пачаўся шлях да славы. Пачуўшы «Гальку» жонка папячыцеля варшаўскіх тэатраў Марыя Калергіс (Муханава) паспрыяла атрыманню Станіславам пасады дырыжора Варшаўскай оперы.
У канцы 1858 года сям'я Станіслава Манюшкі перабралася ў Варшаву. Новая работа дазволіла больш не баяцца спусташэння і не збіраць даўгі, аднак, на змену клопату аб хлебе надзённым, прыйшлі інтрыгі. Цяпер, па словах самога кампазітара, асноўную частку сіл ён марнаваў не на працу, творчасць або выкладанне ў Варшаўскім музычным інстытуце, а на барацьбу з «закуліснымі інтрыгамі і падкопамі». Оперы і аперэты Манюшкі ставілі ў Пецярбургу, Кіеве, Кракаве, Празе і іншых буйных гарадах.
Цягам усяго жыцця ён падтрымліваў цесную сувязь з беларускімі музыкамі, аказваў ім самую рознабаковую дапамогу ў творчай дзейнасці. Доўгі час ён сам быў настаўнікам ігры на фартэпіяна мінскай піяністкі Горват, пасылаў розным выдаўцам, у тым ліку Ферэнцу Лісту, творы таленавітага кампазітара і піяніста з Мінска Фларыяна Міладоўскага, пісаў артыкулы пра сваіх суайчыннікаў — мінскага фартэпіянскага і арганнага майстра, рэцэнзаваў іх работы, у прыватнасці кнігу Напалеона Орды «Граматыка музыкі», дапамог атрымаць музычную адукацыю Каміле Марцінкевіч, скрыпачцы Крыгер і іншым маладым талентам, арганізоўваў іх канцэрты.
Бесперапынная праца падарвала і без таго далікатнае здароўе музыкі і 4 чэрвеня 1872 гады ён памёр ад сардэчнага прыступу. За 53 гады жыцця гэты неверагодна дзейны чалавек стварыў сем опер, музыку да балетаў, звыш 400 вакальных твораў, дзясяткі аркестравых і фартэпіянных твораў.
У дзень 150-годдзя кампазітара, 5 мая 1969 года, у пасёлку Азёрны Чэрвеньскага раёна быў адкрыты музей Станіслава Манюшкі, які з'яўляецца філіялам Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея. Сярод экспанатаў 1-й залы — фатаграфіі, копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, на якіх адлюстраваны мясцовыя пейзажы, партрэты. Тут знаходзяцца тэатральныя касцюмы. Экспазіцыя 2-й залы распавядае пра вучобу маладога Манюшкі ў Берлінскай музычнай школе, яго працу дырыжорам у Вільні і Варшаве. Тут прадстаўлены фатаграфіі і копіі дакументаў. Трэцяя зала знаёміць непасрэдна з опернай творчасцю кампазітара. Сярод экспанатаў: ноты, запісы твораў на шматлікіх кружэлках і касетах, фатаграфіі пастановак опер «Галька» і «Страшны двор» у Беларусі, сцэнічныя касцюмы з Варшаўскага опернага тэатра, кнігі з аўтографамі вядомых дзеячаў культуры.
У гонар Станіслава Манюшкі названы вуліцы ў многіх гарадах Польшчы, а таксама ў Мінску, Гродне, Крывым Рогу і Харкаве.
Публіка называла яе «беларускім салаўём». Якой была ў жыцці артыстка Ларыса Александроўская?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by