Грудное малако – мабыць, самая ўнікальная біялагічная вадкасць у арганізме жанчыны. Як бы далёка ні пайшла навука, у дакладнасці ўзнавіць штучны аналаг мацярынскага малака пакуль нікому не ўдалося.
У чым яго ўнікальнасць? Чаму грудное выкормліванне мае фундаментальнае значэнне не толькі для адэкватнага росту і развіцця немаўляці, але і ў цэлым вызначае працягласць яго здаровага жыцця ў будучым? Што рабіць, калі кармленне грудзьмі па пэўных прычынах немагчымае?
Дацэнт кафедры прапедэўтыкі дзіцячых хваробаў БДМУ, к.м.н. Вольга Назаранка ў рамках рэспубліканскага семінара па дзіцячай нутрыцыялогіі адказала на галоўныя пытанні.
Жывое грудное малако
Першыя 1000 дзён жыцця дзіцяці, уключаючы ўнутрычэраўнае развіццё ад моманту зачацця і першыя два гады пасля нараджэння, з'яўляюцца базісам для выжывання, росту, фізічнага і інтэлектуальнага развіцця і працягласці здаровага жыцця ў будучым. Адной з галоўных умоў для рэалізацыі аптымальных працэсаў выступае адэкватнае харчаванне маці падчас цяжарнасці і дзіцяці ў першыя гады жыцця.
Асаблівая ўвага надаецца важнасці груднога выкормлівання. Яго карысць і ўклад у гарманічнае развіццё немаўляці, уплыў на здароўе і працягласць жыцця не выклікаюць сумневу. Чым менавіта абумоўленая неаспрэчная карысць жаночага груднога малака – пытанне, якое застаецца прадметам пастаяннай навуковай цікаўнасці.
Па словах Вольгі Назаранкі, вядома, што ў састаў груднога малака ўваходзяць 494 складнікі! Далёка не ўсе з іх цалкам вывучаныя. Новыя «знаходкі» дазваляюць не толькі падкрэсліваць унікальнасць біялагічнай вадкасці, але і распрацоўваць, удасканальваць заменнікі ў тых выпадках, калі кармленне грудзьмі немагчымае.
Між тым, у самай лепшай штучнай адаптаванай малочнай сумесі, якая распрацаваная і прымяняецца зараз, прысутнічае не больш за 50 кампанентаў з саставу груднога жаночага малака.
Вольга Назаранка:
– Варта звярнуць увагу на яшчэ адну ўнікальную асаблівасць: малочныя залозы ў перыяд груднога выкормлівання «падладжваюцца» пад патрэбы немаўляці, забяспечваючы яго ў большай ступені тымі рэчывамі, якія неабходныя ў дадзены момант. Састаў груднога малака змяняецца ў залежнасці ад перыяду выкормлівання, узроставых і імунных патрэбаў дзіцяці, на працягу сутак і нават падчас аднаго кармлення.
Як змяняецца састаў малака ў залежнасці ад патрэбаў дзіцяці:
- Падчас хваробы маці альбо дзіцяці малако змяшчае антыцелы, якія абараняюць ад гэтай хваробы.
- Пры нараджэнні неданошанага дзіцяці перыяд выдзялення малодзіва павялічваецца з 3-4 дзён да 2-х тыдняў. На гэты факт важна звярнуць увагу, каб не імкнуцца адразу пераводзіць неданошанае немаўля на штучнае выкормліванне.
- Калі жанчына корміць двойню і дае кожнаму дзіцяці адну са строга вызначаных грудзей, састаў малака ў кожнай будзе адрознівацца.
- Падчас інтэнсіўнага росту дзіцяці (скачок росту), які пачынаецца пасля 3-месячнага ўзросту, грудное малако робіцца больш тлустым.
Як змяняецца састаў малака ў залежнасці ад узросту дзіцяці:
- Змена тлустасці груднога малака пры нязначным росце аб'ёму (іншымі словамі, размова не пра колькасць, а пра якасць) мае прамую залежнасць ад узросту дзіцяці: пасля 3-х месяцаў энергетычныя патрэбы немаўляці ўзрастаюць, іх неабходна кампенсаваць.
- У спелым малацэ, якое выдзяляецца з грудзей праз 2 тыдні пасля родаў і захоўваецца на працягу ўсяго перыяду лактацыі, узровень імунаглабулінаў і антыцелаў на працягу першых 6 месяцаў паступова зніжаецца, але затым пачынае зноў павялічвацца.
Вольга Назаранка:
– Таму існуюць рэкамендацыі пра тое, што пажадана карміць дзіця грудзьмі хаця б першыя 6 месяцаў. На працягу гэтага часу імунная сістэма немаўляці мае магчымасць наладзіць выпрацоўку ўласных антыцелаў, у тым ліку на фоне яшчэ досыць высокага ўзроўню антыцелаў маці, атрыманых у перыяд унутрычэраўнага развіцця. Але ў апошні час большасць спецыялістаў лічаць аптымальным захаванне лактацыі да дасягнення дзіцем узросту 1 года. Даказана, што колькасць імунных фактараў у грудным малацэ не зніжаецца канчаткова і беззваротна праз 6 месяцаў. Узровень імунаглабулінаў зноў павышаецца да ўзросту 9-15 месяцаў, калі сацыяльныя кантакты дзіцяці пашыраюцца і ўзрастае рызыка інфікавання.
Акрамя таго, састаў жаночага груднога малака змяняецца:
- Падчас кармлення. На пачатку кармлення выдзяляецца так званае «пярэдняе» малако, багатае на лактозу, водараспушчальныя вітаміны і бялкі. Да заканчэння кармлення з'яўляецца «задняе» малако, багатае на тлушчы і тлушчараспушчальныя вітаміны.
- На працягу сутак. Максімальна тлустым матчына малако робіцца праз 30 хвілін... пасля заканчэння кармлення. Даказана, што частае прыкладванне дзіцяці да грудзей (па патрабаванні, а не рэжыме) забяспечвае пастаянную больш высокую тлустасць малака (= энергетычную каштоўнасць). У той жа час частата кармленняў ніяк не адбіваецца на ўзроўні бялку і вугляводаў у малацэ.
- У залежнасці ад харчавання маці. Утрыманне ў грудным малацэ водарастваральных вітамінаў, поліненасычаных тлустых кіслотаў, ёду і селену сапраўды можа змяняцца ў залежнасці ад таго, што ўваходзіць у рацыён маці, якая корміць.
Вольга Назаранка:
– Калі ў меню жанчыны, якая корміць, уваходзіць дастатковая колькасць гародніны і садавіны, гэта павышае ўтрыманне ў грудным малацэ мінеральных рэчываў, мікраэлементаў і вітамінаў. Дзіця іх, адпаведна, атрымлівае ў патрэбнай колькасці. І наадварот, калі рацыён жанчыны бедны, аднастайны, у ім мала гародніны, садавіны, клятчаткі, можа ўтварыцца дэфіцыт неабходных рэчываў, якія ў канчатковым выніку недаатрымае і дзіця. А вось тлушчавы, бялковы састаў груднога малака не залежыць ад харчавання жанчыны.
Састаў груднога малака
Нагадаем, вядома, што ў састаў груднога малака ўваходзяць 494 кампаненты: бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны, мінеральныя рэчывы і многае іншае. Вывучэнне ўласцівасці кампанентаў груднога малака ў першую чаргу мае значэнне для распрацоўкі і стварэння заменнікаў груднога малака, максімальна блізкіх да яго па саставе. Давайце разбярэмся, што можна папоўніць штучнымі адаптаванымі сумесямі, а што – не.
Бялкі
Утрыманне бялку ў грудным жаночым малацэ, прадстаўленага казеінам і сыроватачнымі альбумінамі ў суадносінах 40/60, вагаецца ад 0,9 да 1,2 г/100 мл. Гэтае ўтрыманне лічыцца аптымальным.
А вось малочныя адаптаваныя сумесі павінны ўтрымліваць большую колькасць бялку, паколькі мяркуецца, што не ўсе бялковыя кампаненты будуць засвойвацца дзіцем. Пры грудным выкормліванні такой праблемы няма: у састаў груднога малака ўваходзяць пратэялітычныя ферменты, якія забяспечваюць максімальнае ўсмоктванне бялку.
Акрамя бялку, у матчыным малацэ прысутнічаюць свабодныя амінакіслоты, такія, напрыклад, як таўрын, які адыгрывае адну з асноўных роляў для аптымальнага развіцця цэнтральнай нервовай сістэмы. Лічыцца, што наяўнасць свабодных амінакіслотаў у малацэ абумоўленае высокай патрэбай у іх нованароджанага, якая не забяспечваецца толькі адным бялком.
Вольга Назаранка:
– Колькасць бялку, суадносіны казеін/сыроватачныя альбуміны, абавязковая наяўнасць таўрыну ва ўсіх замяняльніках улічваецца, бо гэтыя фактары ўваходзяць у так званыя крытэрыі адаптацыі малочных сумесяў і максімальнага іх набліжэння да жаночага груднога малака.
Тлушчы
Тлустасць малака не залежыць ад дыеты маці, якая корміць. Утрыманне тлушчаў змяняецца ў бок павелічэння ад «пярэдняга» малака да «задняга» ў перыяд кармлення і ад малодзіва да спелага.
Тлушч жаночага малака, як і большасць прыродных тлушчаў, мае ў сваім саставе трыгліцерыды, фосфаліпіды, стэрыны.
- Будова трыгліцэрыдаў жаночага малака адрозніваецца ад трыгліцэрыдаў іншых тлушчаў становішчам (бэта-пазіцыяй) пальміцынавай кіслаты, што забяспечвае яе поўнае засваенне арганізмам дзіцяці. А таксама перавагай поліненасычаных тлустых кіслотаў (ПНТК) над насычанымі тлустымі кіслотамі.
- ПНТК з'яўляюцца незаменнымі. Асаблівае месца сярод іх займаюць лінолевая і α-ліноленовая кіслата, якія выконваюць шэраг важных функцый: спрыяюць аптымальнаму росту; удзельнічаюць у фарміраванні імуннага адказу; неабходныя для нармальнага фарміравання галаўнога мозгу і нейрасятчаткі вока; задзейнічаныя ў механізмах, якія актывізуюць страваванне і спрыяюць выспяванню клетак кішэчніка ды інш.
Вольга Назаранка:
– У малочных сумесях прысутнасць поліненасычаных тлустых кіслотаў дасягаецца за кошт дадання раслінных тлушчаў. Але ў апошні час намецілася тэндэнцыя, што ўсё ж такі ў састаў тлушчавага кампанента заменнікаў груднога малака павінны ўваходзіць таксама жывёльныя тлушчы, паколькі раслінныя тлушчы не з'яўляюцца крыніцай ні стэрынаў, якія нармалізуюць абмен халестэрыну і забяспечваюць адэкватны абмен вітаміну D, ні фосфаліпідаў, якія забяспечваюць у тым ліку прафілактыку метабалічнага сіндрому ў дзяцей.
Вугляводы
Грудное малако мае дастаткова складаны вугляводны састаў, хаця асноўную частку яго складае β-лактоза (малочны цукар), якая адказвае за разумовае развіццё немаўляці, забяспечвае адэкватную працу нервовай сістэмы.
40% вугляводаў з груднога малака ідзе на забеспячэнне рухальнай актыўнасці малыша і яго энергетычныя патрэбы, астатнія 60% стымулююць развіццё нейронаў, забяспечваюць нервовую дзейнасць і фарміраванне мікрафлоры кішэчніка.
Акрамя таго, у грудным малацэ маці ўтрымліваюцца алігацукрыды. Вядома каля 130 відаў алігацукрыдаў, біялагічная роля большасці якіх да гэтага часу мала вывучаная.
Усе алігацукрыды з'яўляюцца прэбіётыкамі і спрыяюць фарміраванню карыснай мікрафлоры кішэчніка немаўляці.
Вітаміны і мікраэлементы
Мінеральны састаў груднога малака напрамую залежыць ад рацыёну маці. Калі ў ежы няма дастатковай колькасці вітамінаў, дзіця іх не атрымае.
Прымяняць штучныя дабаўкі і полівітамінныя комплексы трэба толькі па прадпісанні ўрача, паколькі высокая рызыка развіцця алергіі і праблемаў са страваваннем у нованароджанага.
Элементы, якія абараняюць немаўля
Абарону ад знешняга асяроддзя і бактэрыяльных заражэнняў забяспечваюць мноства фактараў, у тым ліку імунаглабуліны трох відаў: A, M, G.
Асаблівыя фракцыі бялкоў:
- Лактаферын – глікапратэін, які ўтрымлівае жалеза. За кошт сваёй здольнасці звязваць жалеза можа блакаваць гэты элемент у саставе бактэрыяльных клетак патагенных мікраарганізмаў, тым самым прыгнятаючы іх рост.
- Імунаглабуліны – гэта група сыроватачных бялкоў. Іх разнавіднасцю з'яўляецца імунаглабулін IgA, здольны ахінаць слізістую кішэчніка, горла, тым самым перашкаджаючы пранікненню праз яе вірусаў і бактэрый.
- Лізацым – як і лактаферын валодае бактэрыцыднай актыўнасцю, парушаючы цэласнасць абалонкі бактэрый. У жаночым малацэ канцэнтрацыя лізацыму ў 300 разоў вышэйшая, чым у малацэ каровы.
- Альфа-лактальбумін – спрыяе ўтварэнню пептыдаў з імунарэгулюючымі і антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі, падтрымлівае рост біфідафлоры ў кішэчніку дзіцяці. Пры яго расшчапленні ў СКТ утвараюцца біяактыўныя ліпіды, так званы комплекс HAMLET, які спрыяе знішчэнню ракавых клетак. Альфа-лактальбумін ёсць толькі ў жаночым грудным малацэ.
Вольга Назаранка:
– Гэта тыя рэчывы, якія дадаць у малочныя сумесі – заменнікі груднога малака – проста немагчыма. Таксама даволі складана забяспечыць у штучных сумесях наяўнасць усіх неабходных ферментаў і гармонаў росту і развіцця (аксітацыну, пралактыну, інсуліну). Таму нягледзячы на тое, што за апошнія 20 гадоў заменнікі груднога малака змяніліся да непазнавальнасці, зведалі значнае «эвалюцыйнае развіццё» ад сухога малака да «разумнага» прадукта з вітамінамі, бактэрыямі і нуклеатыдамі ў саставе, спецыялісты па-ранейшаму схіляюцца да меркавання, што паўнавартаснага заменніка для груднога малака няма.
https://bel.24health.by/doglyad-maloga-u-pershyya-tydni-i-mesyacy-zhyccya/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by