21.10.2024
21.10.2024

Ім моляцца аб ацаленні. Расказваем пра святых лекараў — Касьму і Даміяна

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У народным календары адзначаны імёны святых пакутнікаў і бяссрэбранікаў братоў Касьмы і Даміяна. Іх шануюць як сваіх апекуноў медыкі, ім моляцца аб ацаленні — бо браты былі знакамітымі лекарамі, да іх жа звяртаюцца з малітвай пра настаўленне і навучанне дзяцей. Яны часта ўзгадваюцца ў нашым фальклоры і лічацца апекунамі кавалёў ды вяселляў.

Святыя Касьма і Даміян — апекуны хірургаў і аптэкараў. Паводле царкоўнай традыцыі, яны нарадзіліся ў 3 стагоддзі нашай эры ў правінцыі Асія. Так у старажытнасці называлася мясцовасць Лідзіі на беразе Эгейскага мора.

Лекары

Іх бацька-язычнік памёр, калі яны былі малыя, і іх выхоўвала маці-хрысціянка Феадоція. Калі браты падраслі, Феадоція аддала іх на навучанне. Так упершыню яны і пазнаёміліся з медыцынай, даведаліся пра гаючыя ўласцівасці зёлак і мінералаў. З часам яны з'ехалі ў Сірыю завяршыць адукацыю. Потым браты жылі ў Рыме. Бог узнагародзіў іх здольнасцямі лекавання. Яны лячылі людзей і жывёл. З хворых, якіх лячылі святыя, яны ніколі не бралі платы, выконваючы запавет Ісуса Хрыста: «Дарам атрымалі, дарма давайце». Слава аб Касьме і Даміяне прайшла па ўсёй акрузе, і людзі назвалі іх бяссрэбранікамі.

У легендзе расказваецца, што адзін селянін у час жніва размарыўся ад паўдзённай спякоты, прылёг і заснуў. Падчас сну яму праз адкрыты рот запаўзла змяя. Абудзіўшыся, земляроб адразу не адчуў ніякага болю, так што зноў узяўся шчыраваць на сваёй ніве. З надыходам жа вечара, калі земляроб прыйшоў дадому і пасля вячэры прылёг, то адчуў страшэнны боль ад таго, што змяя пачала круціць яго вантробы. Хворы ад пакут стаў крычаць, чым абудзіў ад сну ўсіх сямейнікаў. Апошнія, падышоўшы да хворага і бачачы яго страшныя пакуты, нічым, аднак, не маглі дапамагчы. Яны нават не маглі зразумець, што гэта за хвароба. Тады хворы, не атрымаўшы ніякай дапамогі ад сваіх, звярнуўся да святых Касьмы і Даміяна, выгукнуў: «Святыя лекары, Касьма і Даміян, дапамажыце мне!» Святыя адразу паспяшаліся на дапамогу: хворы моцна заснуў, і ў час сну з рота выпаўзла змяя. Людзі, якія бачылі гэты цуд, жахнуліся і ўславілі святых угоднікаў. Калі змяя выпаўзла, мужчына адразу абудзіўся і, з дапамогай святых бяссрэбранікаў, канчаткова ачуняў.

Ікона

У сваім родным горадзе Эгеі (сучасная Вяргіна ў Грэцыі) браты адкрылі шпіталь. Яны самі выраблялі лекі і праводзілі хірургічныя аперацыі. Пабудаваўшы шпіталь, яны лячылі не толькі ў ім, але, пераходзячы з горада ў горад, шукалі тых, каму асабліва патрэбна была дапамога. А калі па дарозе яны сустракалі хворую жывёліну, то і яе лячылі.

У 4 – 5 стагоддзях Касьма і Даміяна ўжо шанавалі як апекуноў дактароў, асабліва хірургаў і аптэкараў. Адна з самых вядомых дзеяў святых — аперацыя па замене ампутаванай язвавай нагі аднаго з пацыентаў нагой нядаўна памерлага маўра. Адзін чалавек з хворай нагой ад празмерных пакут быў блізкі да смерці. У сне ён убачыў святых з хірургічнымі прыладамі ў руках. Ён пачуў, як яны пыталіся адзін у аднаго, дзе ж узяць нагу наўзамен хворай, казалі пра тое, што зусім нядаўна пахавалі «маўра», які меў здаровую нагу. Калі чалавек прачнуўся, болю не было, нага стала здаровая, аднак, як бы не належала яму. Па ўказанні вылечанага, адкрылі труну нядаўна пахаванага маўра, і сапраўды ў ім знайшлі адрэзаную нагу. Гэты сюжэт знайшоў сваё адлюстраванне ў шматлікіх творах сярэднявечнага мастацтва.

Ад рук свайго настаўніка, які зайздросціў братам, яны прынялі пакутлівую смерць і пахаваны ў Кірасе, сёння гэта горад Кіліс на паўднёвай мяжы Турцыі з Сірыяй. Пасля смерці пакутнікаў каля іх грабніцы сталі адбывацца цудадзейныя ацаленні.

Лікі святых змяшчалі на медыцынскіх эмблемах, а крыху пазней у іх гонар пачалі будаваць храмы. У Рыме была ўзведзена культавае збудаванне — базіліка, у Канстанцінопалі царква Касьмы і Даміяна. Потым прысвечаныя ім храмы ўзводзілі ў Іерусаліме, Месапатаміі, Егіпце. Затым шанаванне гэты святых пашырылася далёка на поўнач. Яны з’яўляюцца апекунамі нямецкага горада Эссена, дзе ў скарбніцы каталіцкага сабора знаходзіцца частка іх мошчаў.

У час археалагічных раскопак гарадзішча на рацэ Менка каля Мінска ў пластах 9 – 12 стагоддзяў выяўлены бронзавы нагрудны абразок з выявамі святых лекараў, якіх благаслаўляе Спас-Эмануіл. У іканаграфіі Касьма і Даміян трымаюць у руках скрыначкі для захавання лекавых зёлак. На некаторых абразах Божай Маці лікі гэтых святых змяшчаюцца па баках.

На тэрыторыі Беларусі ў наш час дзейнічае шэраг Касьма-Даміянаўскіх храмаў. Гэта касцёл 18 стагоддзя у г.п. Астравец на Гродзеншчыне, праваслаўныя храмы ў Вішневе Валожынскага (1865), вёсак Гарадок Глускага (1866), Сноў Нясвіжскага (1-ая пал. 19 ст.), Драчкава Смалявіцкага (1850) раёнаў. У Магілёве храм ў гонар гэтых святых пісьмовыя крыніцы згадваюць у 16 стагоддзі. Раней такія храмы былі ў Зборску Асіповіцкага, Лямніцы Віцебскага, Лядах Дубровенскага раёнаў і інш.

Свята Касьмы і Даміяна адзначаецца ва ўсім хрысціянскім свеце. Католікі адзначаюць яго 26 верасня, а праваслаўныя 30 кастрычніка.

У народным календары існуюць яшчэ два прысвяткі, якія ў беларускай традыцыі называюць Кузьма і Дзям’ян ці Летнія Кузьмінкі і Восеньскія Кузьмінкі. З  апошнімі звязана народная традыцыя распачынаць навучанне грамаце і маліцца святым братам аб дапамозе ў вучобе і настаўленні да дзяцей.

У асобах гэтых святых народ бачыў апекуноў сваім справам: улетку  —  14 ліпеня — сенакосу і падрыхтоўцы да жніва, а ўвосень -- 14 лістапада – малацьбе. 14 лістапада яшчэ адзначаецца і дзень каваля. Кузьма і Дзям’ян значацца Божымі кавалямі. Для беларускага фальклору характэрны паданні, дзе гэтыя кавалі змагаюцца са Змеем.

«Некалі вельмі даўно, калі яшчэ мала было людзей, павадзіўся ў адну краіну лётаць страшны Змей і браў сабе па чарзе на з’ядзенне якога чалавека. Дайшла чарга і да княскай дачкі. Бегла яна паўз кузню, дзе працавалі Кузьма і Дзям’ян. Кавалі схавалі яе за дванаццаццю жалезнымі дзвярыма. Калі жахлівая пачвара прыляцела і пачала патрабаваць княскую дачку, кавалі прапанавалі Змею пралізаць языком жалезныя дзверы. Пасля таго, як Змей зрабіў гэта, Кузьма схапіў яго распаленымі абцугамі за язык, а Дзям’ян запрог пачвару ў спецыяльна выкаваны плуг і абодва яны пачалі на ім узорваць зямлю. У выніку па баках Дняпра з’явіліся горы пад назвай Змеевы валы. Калі Змей дарваўся да мора, то пачаў піць да той пары, пакуль не лопнуў».

Храм Касьмы і Даміяна

З тых часоў Кузьму і Дзям’яна ўшаноўваюць за тое. што яны знішчылі Змея. Пазней народ уяўляў Кузьму і Дзям’яна кавалямі Бога і Зімы, якія закоўваюць зямлю і ваду ў лёд, ствараюць мароз і сцюжу – «Кузьма-Дзям’ян – Божы каваль, дарогі і рэкі куе». Ёсць легенды пра тое, як яны выкоўваюць сохі і ралы, раздаюць іх людзям, а ў некаторых казаннях боскія кавалі навучаюць, як трэба апрацоўваць зямлю.

Як Божым кавалям святым Кузьму і Дзям’яну народная фантазія прыпісвала ў выглядзе атрыбута адну з найважнейшых кавальскіх прылад молат і ў залежнасці ад гэтага здольнасць дапамагаць у заключэнні шлюбных саюзаў. Такім чынам, скаваць вяселле значыць  злучыць тыя нябачныя маральныя ланцугі, якія накладаюць на сябе тыя пары, якія бяруцца шлюбам. Нашы продкі верылі, што гэтыя святыя дапамагаюць маладым скаваць сваё сямейнае шчасце, зрабіць шлюбную сувязь моцнай і трывалай.

Таму нездарма Кузьма і Дзям’ян значацца і як апекуны непарушнасці хрысціянскага шлюбу, лічацца наладжвальнікамі шлюбнага жыцця і захавальнікамі хатняга агменю. У вясельных песнях да Кузьмы і Дзям’на звярталіся з просьбай «скаваць свадзьбу крэпкую, даўгавечную, на вякі неразлучную».

Так з часам святыя лекары былі пераасэнсаваны у нас як памагатыя наогул ва ўсякай справе. Нават на памінках было прыслоўе: «Еш куццю - памінай Кузьму!»

Як пры жыцці, так і цяпер святыя Касьма і Даміян не пакідаюць тых, хто звяртаецца да іх па дапамогу без суцяшэння і ацаленьня. І пасля сваёй смерці яны застаюцца апекунамі жывых і добрымі лекарамі нашых душэўных і цялесных хвароб.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"