30.05.2018
30.05.2018

Як лепш падрыхтавацца да паездкі за мяжу

logo
Падарожжы
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Падарожжы – гэта мора новых уражанняў, яркія эмоцыі і незабыўны адпачынак. Разам з тым, у многіх краінах даволі высокая рызыка заражэння некаторымі інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі, што працякаюць цяжка і з ускладненнямі.

Пра тое, якія прафілактычныя прышчэпкі неабходна зрабіць перад выездам за мяжу, каб адпачынак не скончыўся ў бальніцы, распавяла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.

Інструкцыя на адпачынак

Пры наведванні некаторых папулярных сярод турыстаў замежных краін, напрыклад, Індыі, Тайланда або Егіпта, узрастае рызыка заражэння вірусным гепатытам А, а таксама вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Не выключаны завоз з гарачых краін малярыі і шэрагу іншых паразітарных захворванняў. Небяспечная эпідэмічная сітуацыя па адзёру захоўваецца ў тым ліку ва Украіне, Румыніі, Італіі, Сербіі, Грэцыі і Францыі.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Гэта не значыць, што такая эпідэміялагічная сітуацыя сведчыць пра тое, што ў гэтыя краіны ехаць нельга. Забароны на паездкі няма. Але трэба распачаць шэраг прафілактычных мер, каб мінімізаваць рызыку заражэння.

Памятка турысту і падарожніку

1. Перад паездкай неабходна ўдакладніць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, куды вы накіроўваецеся. Гэтую інфармацыю можна атрымаць у тураператара, на сайтах арганізацыі аховы здароўя, устаноў санітарна-эпідэміялагічнай службы, у прыватнасці, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

2. Не варта грэбаваць прафілактыкай тых інфекцыйных захворванняў, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі (напрыклад, адзёр). Для гэтага трэба ўдакладніць свой прышчэпачны статус. Гэта можна зрабіць у арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства. Калі няма звестак пра прышчэпкі або па якіх-небудзь прычынах чалавек не вакцынаваны, трэба звярнуцца да ўчастковага ўрача па кансультацыю. Усе вакцыны, па словах Ірыны Глінскай, якія рэгламентаваны Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак, ёсць у дастатковай колькасці ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.

3. Вакцынацыю, калі яна неабходная, перад паездкай трэба планаваць загадзя, а не за некалькі дзён да адпачынку.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Адзіны момант, з якім мы сутыкаемся штогод, калі гаворка пра прышчэпкі заходзіць літаральна за дзень-два да ад'езду. У гэты перыяд прышчэпку зрабіць можна. Разам з тым, адэкватная абарона пасля вакцынацыі фарміруецца ў сярэднім на працягу 3-4 тыдняў. Пасля прышчэпкі супраць клешчавога энцэфаліту імунітэт выпрацоўваецца яшчэ даўжэй.

Выключэнне толькі прышчэпка супраць віруснага гепатыту А. Пасля яе імунітэт фарміруецца хутчэй. У дадзеным выпадку мінімальны тэрмін да ад'езду складае 10 дзён. Зрабіць такую прышчэпку можна ў 19-ай цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна Мінска.  

Як патлумачыла спецыяліст, 3-4 тыдні – гэта той тэрмін, на працягу якога фарміруецца імунітэт пасля вакцынацыі. Асабліва, калі прышчэпка робіцца ўпершыню. Таму, калі прайсці вакцынацыю за пару дзён да паездкі, імунітэт не паспее цалкам сфарміравацца і не зможа абараніць пры «сустрэчы» з інфекцыяй. Калі ж гаворка ідзе пра рэвакцынацыю (паўторную прышчэпку), імунітэт, як правіла, выпрацоўваецца хутчэй - праз 10-14 дзён.

4. Падчас адпачынку, адзначыла Ірына Глінская, трэба пазбягаць кантакту з жывёламі, бо яны з'яўляюцца крыніцай шэрагу інфекцыйных і паразітарных захворванняў.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Калі ўсё ж такі кантакту пазбегнуць не ўдалося, гэта месца неабходна прамыць цёплай вадой з мылам і абавязкова звярнуцца да доктара для вырашэння пытання пра прызначэнне антырабічнай дапамогі, правядзення прышчэпак супраць шаленства і слупняку.

5. Тым, хто выязджае на так званы дзікі адпачынак (сплаў па рэках або наведванне лясоў) на Далёкі Усход ці Урал, медыкі раяць паклапаціцца пра абарону ад клешчавога энцэфаліту і зрабіць прышчэпку.

6. У шэрагу цёплых краін сапсаваць адпачынак могуць крывасмактальныя насякомыя (кляшчы, камары, маскіты), а таксама грызуны, якія пераносяць шэраг паразітарных захворванняў. У падобных выпадках Ірына Глінская параіла выкарыстоўваць спецыяльныя рэпеленты, электрычныя фумігатары, а таксама звярнуцца ў адміністрацыю для вырашэння праблемы ці прадастаўлення  бяспечных у гэтых адносінах нумароў.

7. Для прафілактыкі вострых кішэчных інфекцый і віруснага гепатыту А харчавацца трэба толькі ў месцах, рэкамендаваных тураператарамі, а прадукты выкарыстоўваць толькі гарантаванай якасці. Абавязкова варта выконваць пітны рэжым. Ужываць або бутыляваную ваду, альбо напоі прамысловай вытворчасці. Агародніну і садавіну таксама неабходна апалоскваць чыстай вадой. Мяса, рыба і морапрадукты павінны праходзіць тэрмічную апрацоўку. Пры набыцці прадуктаў варта звяртаць увагу на тэрмін прыдатнасці. У дарогу не варта браць прадукты, што хутка псуюцца (вараная каўбаса, малочныя прадукты, кулінарныя вырабы з кароткім тэрмінам прыдатнасці).

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Калі мы спрабуем нейкія экзатычныя, незнаёмыя прадукты на рынках ці ў неарганізаваных месцах гандлю, то ідзем на рызыку. У такіх месцах верагоднасць заражэння інфекцыйным захворваннем павышаецца.

8. Правілы асабістай гігіены для прафілактыкі вірусных і бактэрыяльных інфекцыйных захворванняў ніхто не адмяняў. Калі няма магчымасці памыць рукі, напрыклад, пасля вуліцы ці перад прыёмам ежы, можна выкарыстоўваць вільготныя гігіенічныя сурвэткі.

9. Спецыялісты таксама не рэкамендуюць праводзіць і наведваць экскурсіі або іншыя падобныя мерапрыемствы (рыбалка або паляванне), якія не пазначаныя экскурсійнай праграмай. Пры купанні ў басейнах і вадаёмах пажадана не глытаць ваду.

Калі вы вярнуліся з паездкі і праз нейкі час, нават праз месяц, у вас з'явіліся сімптомы інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы, боль у горле, пачырваненне, сып, вадкі стул, млоснасць, боль у жываце), варта абавязкова звярнуцца да ўрача.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Пры з'яўленні сімптомаў, якія не выключаюць інфекцыйнае захворванне, пры звароце да ўрача трэба распавесці яму з якой краіны вы вярнуліся. Гэта дазволіць спецыялісту паставіць дыягназ з улікам тых інфекцый, якія сустракаюцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Падарожжы"