19.05.2021
19.05.2021

Забаўляемся з карысцю! А ў вас ёсць свой кубік Рубіка? :)

logo
Думкі ўслых
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну вы ж памятаеце, вядома, гэтую забаўку дзяцінства?! Хаця і не ўсе заспелі яе на самым пачатку, але яна і дагэтуль займае, так бы мовіць, і розум, і рукі. Галаваломка яшчэ тая… Хтосьці практычна адразу разгадаў яе таямніцу, але ад гэтага яна не сталася менш захапляльнай. А ў кагосьці і да гэтага часу не атрымліваецца, каб усе бакі – ды ў зададзеных колерах… Сустракайма і віншуйма! Кубік Рубіка ўласнай персонай! Яму – 47!

І перш чым прыгадаць пра яго відавочную карысць для здароўя і не толькі, прыгадаем, каму мы абавязаныя з’яўленнем такой забаўлянкі. Відаць, гэта вельмі прыемна, калі вынаходніцтва носіць імя альбо прозвішча вынаходніка. А ўжо калі ім зацікавіліся мільёны людзей…

Але ж тады, у сярэдзіне 1970-х, венг Эрнё (Эрно) Рубік зусім не думаў ні пра славу, ні пра мільёны прыбытку, ні пра тое, ШТО ж ён вынайшаў насамрэч. Яго задача была больш простай: зрабіць наглядны дапаможнік для сваіх студэнтаў. А ўжо затым…

Затым ён убачыў, што гэта штосьці большае. І ўзяўся за дапрацоўку і вынаходніцтва рашэння. Між іншым, на гэта сышоў цэлы месяц. А патэнт Рубік атрымаў у 1975 годзе. І называлася гэтая цікавая рэч «Магічны куб». Масавая яго вытворчасць распачалася ў 1977-ым. І напачатку куб прадаваўся як… навагодняя цацка!

Кубік Рубіка. Эрнё Рубік.

Сваю цяперашнюю назву – «кубік Рубіка» – вынаходніцва атрымала ў 1980-м годзе. Тады ж пачаліся і актыўныя распродажы магічнага куба. Толькі ў першыя гады было прададзена каля 100 мільёнаў кубікаў!

Я ўжо дакладна не памятаю, адкуль у нашай сям’і з’явіўся кубік Рубіка. Відаць, нам з братам яго купілі бацькі – для агульнага развіцця. Памятаю, што зацягвала не горш за шахматы, якімі мы з братам дзякуючы тату захапляліся з маленства. І таксама не памятаю, ці той самы кубік, ці пазней ужо набыты, але ён зараз захоўваецца ў мяне.

… Я трымаю яго ў руках – і без усялякіх намаганняў вяртаюся ў дзяцінства. У той час, калі больш у пашане былі разнастайныя рухомыя гульні на свежым паветры. Але разам з імі развіваліся і настольны тэніс, і шахматы з шашкамі… І вось над чым маглі яшчэ пасядзець школьнікі (але гэта і блізка не параўнаецца з заліпаннем у смартфонах!), дык гэта над збіраннем кубіка Рубіка. І не толькі дзеці! Дарослыя – таксама!

Кубік Рубіка. Захапленне дзяцей і дарослых.

Што ж дае нам збіранне галаваломкі? Развіваецца памяць і логіка, прасторавае ўяўленне, уседлівасць, дробная маторыка рук. Мы імкнемся дасягаць пастаўленых мэтаў, вучымся за кароткі прамежак часу прымаць правільнае рашэнне. А ўжо калі атрымліваецца сабраць… Ды за непрацяглы час… Колькі радасці і станоўчых эмоцый! І аптымізму праз край…

А ці памятаеце вы, з якой хуткасцю збіралі кубік Рубіка? І ці атрымлівалася ўвогуле? Можа, самы час прыгадаць дзяцінства?! 🙂

А гісторыя нагадвае нам пра розныя рэкорды. Так, пераможцам першага чэмпіянату свету па збіранні кубіка Рубіка, які адбыўся ў Будапешце ў 1982 годзе, стаў 16-гадовы студэнт з Лос-Анджэлеса Мінх Тхай. Яго асабісты рэкорд – 23 секунды.

Кубік Рубіка. Рэкорды па збіранні.

Але не спяшайцеся выгукваць: «Ого!» 🙂 У 2015-ым амерыканскі падлетак Колін Бернс сабраў кубік Рубіка за… 5,25 секунды. А вось гэта ўжо «Ого!», ды яшчэ якое! Вы можаце сабе ўявіць тую хуткасць?! Я – не. Кібарг якісьці… 🙂

Дык вось пра кібаргаў. Дакладней – пра штучны механічны розум. У 2014-ым робат сабраў кубік Рубіка за 3,253 секунды. Як кажуць, без каметароў…

Але ж самы цікавы рэкорд належыць брытанцу Грэму Паркеру. Ён вырашыў сабраць галаваломку без усялякай старонняй дапамогі. І сабраў. За 26 гадоў! Вось гэта ўпартасць!

А на наступнай інфе я проста заліпла. Гэта сапраўды так??? Калі браць стандартны кубік 3х3х3 (а ў мяне такі), дык можна ведаеце колькі камбінацый скласці?! 43 252 003 274 489 856 000! А гэта, прабачце, як увогуле чытаецца?! 🙂 Да чаго дадумаўся людскі розум!

А зусім нядаўна ў адной з сацсетак я ўбачыла відэа, дзе хлопец пэўным чынам складае кубікі Рубіка і выкладвае з іх… Мону Лізу! Во гэта відовішча!

Так што сёння добрая нагода, каб прыгадаць даўняга сябра, узяць яго ў рукі, пазабаўляцца і… паразумнець! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".