Сярод усіх наведвальнікаў касметычных кабінетаў і салонаў у Беларусі толькі 20% мужчын.
Чаму мужчынам важна сачыць за сваёй знешнасцю. Ці існуе мужчынская касметыка і якія працэдуры прыгажосці выбірае моцная палова чалавецтва.
Журналісту Слушна распавяла заснавальніца Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў эстэтыкі і масажу, касметолаг Наталля Антановіч.
Догляд за мужчынскай скурай
Знайдзі адрозненні
Мужчынам, як і жанчынам, пры доглядзе твару неабходна ўлічваць некаторыя асаблівасці.
– Мужчынская скура выпрацоўвае больш скурнага себума. З аднаго боку, гэта з'яўляецца плюсам: скура мае ўласную ахоўную мантыю, якая перашкаджае агрэсіўнаму ўздзеянню навакольнага асяроддзя. З іншага боку, скурнае сала – спрыяльнае асяроддзе для размнажэння бактэрый, якія могуць стаць прычынай вугрыстай хваробы.
Пры гэтым у мужчын, як і ў жанчын, тып скуры фарміруецца з нараджэння і з узростам не мяняецца.
Мыла – для рук, а не для шчок
Большасць мужчын мыюцца звычайнай вадой, але ёсць і аматары памыцца шампунем, гелем для душа з серыі 3 у 1, а таксама мылам. На жаль, усе гэтыя варыянты не падыходзяць. Аднаго калагену мала, каб падтрымліваць скуру твару ў тонусе.
– Паколькі ў мужчын ярка выяўленая сасудзістая сценка капіляраў, то няправільнае ачышчэнне скуры пагражае з'яўленнем на твары чырвоных плям – сасудзістай рэакцыі.
Каб такіх непрыемнасцей не здарылася, пасля мыцця з адмысловым сродкам варта працерці твар бесспіртавым тонікам і нанесці крэм для змякчэння скуры (ідэальна зрабіць гэта пасля галення).
Па жаданні можна раз на тыдзень карыстацца скрабам, наносіць ачышчальныя маскі, а таксама купіць бальзам для вуснаў, каб абараніць іх ад лушчэння і з'яўлення трэшчынак.
Што тычыцца скрабаў, то падбіраць іх трэба па тыпе скуры. Да прыкладу, для тлустай патрэбныя з костачкамі абрыкоса, для сухой і адчувальнай – з дробнымі поліэтыленавымі грануламі.
Камфортнае галенне
Мабыць, галенне – адзіная доглядавая працэдура, якой ні цураецца ні адзін мужчына, больш за тое, лічыць сябе безумоўным экспертам у гэтай справе. Але і тут ёсць свае нюансы.
Пасля галення можна карыстацца звычайным крэмам для твару або выбраць адмысловы сродак.
Для кожнага ўзросту ён свой. Юнакі і маладыя мужчыны могуць смела выкарыстоўваць спіртавыя ласьёны, якія затым варта замяніць на змякчальныя крэмы і бальзамы.
Пах мае значэнне
Паколькі потавых залоз у мужчын больш і працуюць яны больш інтэнсіўна, варта надаваць належную ўвагу правільнаму выбару антыперспірантаў і дэзадарантаў.
Яшчэ адна «водарная» праблема мужчын звязана з патлівасцю стоп. Вырашыць яе дапамогуць спецыяльныя дэзадаранты для ног.
Калі праблема такім шляхам не вырашаецца, то лепш паказацца ўрачу.
Гіпергідроз стоп можа быць звязаны з сур'ёзнымі парушэннямі абмену рэчываў.
Прыгажосць не вартая ахвяр?
Мужчыны дзеля прыгажосці не гатовыя да балючых адчуванняў падчас працэдур. «Перажыць» ін'екцыі, да прыкладу, антыўзроставую мезатэрапію, здольныя толькі 1-2% наведвальнікаў.
– Запыты мужчын, якія прыходзяць у салон прыгажосці, значна глыбей. Такі візіт для іх – не толькі пазбаўленне ад эстэтычных праблем, але і аднаўленне сіл. Мужчыны па жыцці – ваяры, а яшчэ старажытнарымскія салдаты прымалі ванны пасля бітваў.
І ўсё ж без некаторых непрыемных па адчуваннях маніпуляцый мужчынам, калі яны хочуць выглядаць выдатна, не абысціся. Так, абавязковымі для іх з'яўляюцца гігіенічныя чысткі твару. Калі скура тлустая або камбінаваная, то іх можна рабіць раз у месяц, калі нармальная – раз у два месяцы, калі сухая – раз у паўгода.
Па што мужчыны прыходзяць у салон?
Акрамя гігіенічных чыстак, салоны прыгажосці гатовыя прапанаваць мужчынам розныя доглядавыя працэдуры, абкручванні для фарміравання сілуэту цела, масаж твару і цела для падтрымання здароўя і паляпшэння абменных працэсаў.
Цікава, што беларускія мужчыны звяртаюцца ў салоны і за карэкцыяй формы броваў, афарбоўкай павек.
Яшчэ адна цікавая працэдура, на якую згаджаюцца мужчыны, – дэпіляцыя падпахавых ямін гарачым воскам.
Ці існуе мужчынская касметыка?
Прынцыповай розніцы паміж касметыкай для мужчын і жанчын няма. Гэта хутчэй маркетынгавы ход.
Па гэтых прычынах вытворцы імкнуцца звесці да мінімуму касметычныя лінейкі для мужчын, каб не ўскладняць ім выбар. Так што, калі са скурай усё ў парадку, можна смела браць першую ўпадабаную банку.
Дарэчы, дапускаецца пазычыць патрэбны слоічак у жонкі або дзяўчыны. Пры ўмове, што ў пары адзін і той жа тып скуры.
Мужчыны любяць, каб іх даглядалі. Так што ідэальным падарункам на 23 лютага можа стаць хатні догляд твару ў выкананні каханай!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by