У 21-м стагоддзі пры дасягненнях сучаснай медыцыны лячэнне раку народнымі сродкамі, здавалася б, назаўсёды страціла сваю актуальнасць. Аднак, вопыт практыкуючых анколагаў паказвае, што стыгма ў дачыненні да раку як смяротнага захворвання цалкам не знікла. І чалавек, змагаючыся за жыццё, гатовы хапацца за любую саломінку.
Тое, што вера ў народную медыцыну яшчэ жывая, пацвердзілі, напрыклад, вынікі апытання, праведзенага сярод 300 расійскіх жанчын з ракам малочнай залозы. Больш за 90% з іх прызналіся, што ўвесь час шукаюць у інтэрнэце дадатковую інфармацыю пра метады лячэння анкалагічных захворванняў, нават калі атрымліваюць вычарпальныя адказы на свае пытанні ад урача і задаволеныя тэрапіяй, якая праводзіцца. Столькі ж анкапацыентаў хаця б раз выкарыстоўвалі народныя сродкі і/альбо гатовыя прымяняць іх для ўзмацнення эфекту традыцыйнага лячэння.
Пра тое, чаму нетрадыцыйныя, у тым ліку народныя, сродкі ў лепшым выпадку не дапамогуць у лячэнні раку, у горшым – нашкодзяць, а таксама што такое камплементарная (дадатковая) медыцына, распавёў падчас прамога эфіру расійскі анколаг-мамолаг Уладзімір Варатнікоў.
Народная медыцына дапамагае, калі раку няма
Народныя метады лячэння раку – актуальная тэма сярод анкапацыентаў, але яна ўвесь час знаходзіцца «пад сталом». Пацыенты баяцца размаўляць пра гэта з урачамі, урачы часцяком – не хочуць ці адказваюць коратка і катэгарычна, не асабліва ўдаючыся ў падрабязнасці і тлумачэнні. Нават пацыенцкія чаты ў сацсетках і інтэрнэце звычайна забараняюць правіламі абмяркоўваць альтэрнатыўную медыцыну. Разам з тым, невядомасць і недаказанасць – тая глеба, на якой да гэтага часу ўзнікаюць пытанні з нагоды нетрадыцыйных метадаў лячэння раку і нібыта іх эфектах.
– Аднак, уся тая народная медыцына, якая даказала сваю эфектыўнасць, даўно зрабілася традыцыйнай, – кажа Уладзімір Варатнікоў. – На жаль, пакуль няма ніводнага прыкладу выкарыстання сродкаў народнай медыцыны пры лячэнні анкалагічных захворванняў, якія б абнадзейвалі. Такога, каб, прымяняючы народныя сродкі, пацыент дасягнуў устойлівай рэмісіі альбо поўнага вылячэння. Наадварот, тыя пацыенты, якія адмаўляліся ад доказнай тэрапіі на карысць альтэрнатыўнай, рана ці позна аказваліся на лячэнні ў анкалагічнай клініцы.
Па словах доктара, ёсць сапраўды вялікая колькасць захворванняў, якія можна паспяхова лячыць, не звяртаючыся да традыцыйнай медыцыны і практычна не выкарыстоўваючы лекавыя прэпараты. Напрыклад, папярэдзіць далейшае развіццё гастрыту і не дапусціць ускладненняў можна строгай дыетай. І пры адсутнасці дадатковых абцяжарвальных фактараў (напрыклад, бактэрыі хелікабактэр пілоры), поспех такога лячэння нават без прымянення сур'ёзных лекавых прэпаратаў вельмі высокі.
У прыродзе анказахворванняў ёсць вялікі падводны камень, тлумачыць урач. У аснове раку ляжыць пэўная генетычная паломка, спадчынная альбо спантанная, набытая на працягу жыцця мутацыя. Таму абысціся паўмерамі ў лячэнні анкалагічных захворванняў, на жаль, не атрымаецца ні ў кога і ніколі.
Такім чынам, чаму не працуе народная медыцына? Бо рак – гэта заўсёды генетычныя змены на ўзроўні ДНК. Ні сода, ні абліванне халоднай вадой, ні чайны грыб, мухамор, праполіс, сок буракоў і яшчэ тысяча іншых народных спосабаў ні пры якіх умовах не могуць уплываць на геном. Калі пры выкарыстанні народных метадаў лячэння раку падаецца, што надыходзіць паляпшэнне, – гэта толькі падаецца.
Камплементарная медыцына ў анкалогіі не тоесная з народнай
Традыцыйнае лячэнне анкалагічных захворванняў уключае хірургічнае лячэнне, хіміятэрапію, гарманальную, прамянёвую тэрапію, таргетную тэрапію, імуналагічнае лячэнне. Гэта арсенал, які знаходзіцца ў руках урача доказнай медыцыны. Усё тое, што выходзіць за гэтыя рамкі, адносіцца да нетрадыцыйнай медыцыны. І тут можна выдзеліць два асноўныя напрамкі:
- альтэрнатыўная (часцей пад ёй маюць на ўвазе менавіта народныя сродкі лячэння);
- камплементарная (дадатковая). Метады камплементарнай медыцыны не лечаць самі па сабе, але павышаюць эфектыўнасць традыцыйнай тэрапіі, дазваляюць знізіць таксічную нагрузку, паменшыць пабочныя эфекты. Такія метады не толькі могуць, але і павінны выкарыстоўвацца ў комплексным лячэнні анкалагічных захворванняў, лічыць Уладзімір Варатнікоў.
Вось толькі некаторыя з метадаў камплементарнай медыцыны:
- Фізічныя нагрузкі, лячэбная фізкультура. Нагрузкі павінны быць рацыянальнымі і адэкватнымі стану пацыента. Іх можна выконваць нават у перыяд актыўнай фазы лячэння, але захоўваючы ва ўсім меру і баланс. Часам дастаткова прагулак на свежым паветры, павялічыўшы іх частату і працягласць. Калі дазваляе самаадчуванне, можна займацца ёгай альбо танцамі, папярэдне абмеркаваўшы з урачом фармат і ступень фізічных нагрузак.
Лічыцца, што ўмераныя фізічныя нагрузкі зніжаюць верагоднасць рэцыдыву анкалагічнага захворвання.
2. Правільная дыетатэрапія. Гэта таксама частка лячэння. Пры хіміятэрапіі выкарыстоўваюцца высокатаксічныя лекавыя прэпараты. Па словах Уладзіміра Варатнікова, стан арганізма ў гэты перыяд можна параўнаць са станам пры атручванні. Гэта трэба ўлічваць пры складанні рацыёну – ён павінен складацца з лёгказасваяльнай ашчаджальнай ежы, багатай на бялок. Правільная дыетатэрапія забяспечвае арганізму неабходную нутрытыўную падтрымку з мінімальнай нагрузкай на печань.
3. Фізіятэрапія. Прызначаюць у залежнасці ад таго, якія з'яўляюцца спадарожныя праблемы ў працэсе актыўнага лячэння раку. Напрыклад, практычна 80% пацыентаў з ракам малочнай залозы схільныя да розных відаў полінейрапатыі (на фоне тэрапіі пашкоджваюцца перыферычныя нервы – знікае адчувальнасць на кончыках пальцаў). Такі стан пагражае тым, што можна выпадкова нанесці сабе траўму (парэзацца, апячыся), і гэта можа выклікаць каскад дадатковых праблемаў і ўскладненняў. У дадзеным выпадку фізіятэрапеўтычныя метады (акупунктура, іголкаўколванне і інш.) паляпшаюць мясцовыя метабалічныя працэсы, адпаведна, вяртаюць адчувальнасць.
4. Псіхатэрапія – абавязкова!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by