Прыйшла Лыжка ў госці да Міскі.
– Дзень добры, суседачка! Учора, як гаспадар еў суп, на вашым донцы, на ніжняй спаднічцы, я пабачыла адмысловыя карункі. Але гаспадыня так хутка пасля абеду прыбрала посуд, што я не запомніла ўзор. Ці не дасце вы мне паглядзець на карункі сёння?
– Карункі і праўда адмысловыя, не дзіва, што вы заўважылі. Я і рада б з вамі, суседачка, фасонам падзяліцца, але ж гляньце – з-за кашы да карункаў не дабрацца!
– А давайце гаспадара паклічам, ён кашу хутка з’есць.
– Гаспадар на працы. Спяшаўся так, што нават не паснедаў.
– Ну, тады гаспадыня няхай есць. Ёй не зашкодзіць – вунь якая тоненькая!
– Што вы! Сама сябе яна лічыць таўставатай і ўвесь час сядзіць на дыеце. Кашу яна есці не будзе!
– Што ж рабіць, суседачка? Мяне паклікалі на вяселле Апалонік і Патэльня. Да нядзелі хацела новы строй аздобіць такімі ж карункамі, як у вас. А калі кашу не прыбраць, усе мае планы парушацца. Я і на вяселле тады не хачу ісці!
Змоўклі Лыжка з Міскай, думаюць, што рабіць. Ажно чуюць – па калідоры ножкі тупаюць: Альжбэтка прачнулася.
– Хуценька мыйся, коскі запляцём – і снедаць, – кажа ёй мама.
Села Альжбэтка за стол. Лыжка кашы – за маму, лыжка – за тату, лыжка – за бабу з дзедам, лыжка – за браціка Уладзіка, лыжка – за ляльку Карусю, лыжка – за ляльку Марусю. Вось і краёчак ніжняй спаднічкі на донцы Міскі паказаўся. Вось і ўся спаднічка з карункамі!
Лыжка пільна ўглядаецца, пакуль падбірае рэшткі кашы з донца. Каб ні кропелькі не засталося, бо ўсе карункі разгледзець хочацца.
Ах, малайчынка, Альжбэтка! Усю кашу з’ела! Давядзе Лыжка да ладу новы строй, пойдзе на вяселле да Апалоніка і Патэльні, будзе самай прыгожай шаферкай!
Альжбэтка паела – і табе, дружа, смачна есці! Усё чыста з’ядай! Можа, на дне тваёй талеркі таксама хаваецца казка.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by