Напісала спачатку ў загалоўку «шэрага жыцця». І лёгкім рухам рукі выдаліла. Не-не-не! Сёння мы не будзем нічым псаваць сабе настрой! Нават неасцярожнымі азначэннямі.
І што ж зараз можа прынесці радасць? Нават у самай, здавалася б, … сітуацыі?
Надвор’е. Ды гэта проста цуд, а не надвор’е! Сонца ў вокны, сонца гасцюе ў кватэры… Дакранаецца пяшчотнымі праменьчыкамі да твару, лашчыць і разгладжвае скуру… Яшчэ крыху – і я іду на балкон. Загараць! 🙂
Вокны адчыненыя ледзьве не ўвесь дзень. Пакаёвыя кветкі на падваконні так цягнуцца да сонейка! Здаецца, іх зялёныя лісточкі падаўжаюцца ну проста на вачах! Усе любяць цяпло. Усё любіць цяпло.
А на стале ля ноута лашчыць вока жоўтая мімоза. Ага, тая самая, ад 8 Сакавіка. Ёй жа стаяць у мяне – памятаеце?! – да 9 Мая! 🙂
Прагуляцца па такім надвор’і?! Якая ж гэта радасць і асалода! Асабліва там, дзе людзей няшмат. І ўсё наваколле – тваё…
Зрэшты, пабачыўшы прагноз на панядзелак і далей… Мінус-плюс і снег… Вось проста раю нагуляцца ў гэтыя два дні, пакуль яшчэ нам абяцаюць сонейка!
Стасункі. Актыўныя, але… падаленыя. Па тэлефоне, у сацсетках і месэнджарах. І радасць можа выклікаць нечаканае прывітанне ад далёкага сябра, з якім не стасавалася ўжо шмат месяцаў. Альбо віртуальныя паштоўка і падарунак. Так, у рэале, вядома ж, лепей. Але мне і віртуальныя заўсёды падабаліся і падабаюцца. Так што дасылайце, дасылайце! 🙂
Падабайкі і каменты да тваіх допісаў – гэта таксама заўсёды прыемна. Асабліва ад людзей, якіх паважаеш, любіш, цэніш. Бо журналіст, блогер заўсёды пішуць для аўдыторыі. Сваёй. І яе наяўнасць, пашырэнне, актыўнасць – таксама нагода для радасці.
Гарбата. «Фі, як банальна», – зморшчаць нос некаторыя. Ага, мастака можа пакрыўдзіць кожны. 🙂 А я проста пра той момант, калі раптам абсалютна насуперак усім правілам (у тым ліку і здаровага ладу жыцця) табе, практычна ні разу за дзень не прысеўшай, раптам а дзявятай вечара так захочацца гарбаты! Такія выпадкі магу пералічыць на пальцах адной рукі! А вось учора перайшла на другую…
І будзе прыгатаваны яшчэ зімовы варыянт гарбаты – той, які звычайна люблю піць на Каляды ды Новы год. А што?! Зімы ж у нас не было?! Не было. Уволю гарбаты не папіла. А ад апісанай вышэй дзённай цеплыні і знаку не засталося. Таму – на кухню, па гарбату. І як жа смачна! 🙂
Каляндар. Нечакана?! А чаму б і не?! У мяне на сцяне вісіць з трох частак, вельмі такія люблю. «Я каляндар перагарну…» І што там у нас у красавіку?! Вялікдзень. Радаўніца. А ў маі? Першамай… О-о-о-о, прывітанне, дача! Хаця па такім надвор’і… Усё можа адбыцца значна раней. І першы выезд, і праца на зямлі.
А далей – Дзень Перамогі. Якім ён выдасца?! На маёй памяці і плюс 25 было на 9 Мая, і снег… Галоўнае, каб мы – былі. І сустрэліся. І ўшанавалі памяць усіх жывых і ўсіх загінулых, памерлых.
Гляджу на каляндар – і разумею, што першы месяц вясны амаль прайшоў. Нябачна, неадчувальна нават. І разглядаю я ўжо два наступных. А далей – о, Божа! – лета?! Ды яшчэ ж вось толькі-толькі быў Новы год! Без снегу, затое з ёлкай! Ну куды, куды ты так імчыш, жыццё?!
Родныя. Самыя галоўныя людзі ў тваім жыцці. Яны падтрымліваюць цябе, а ты – іх. І куды, куды можна з’ехаць зараз ад узроставых бацькоў, калі ты ўсё жыццё з імі?! І калі яны цяпер больш за ўсё маюць патрэбу ў клопаце. І зусім не падаленым. І не віртуальным. І кожнае маленечкае іх штодзённае дасягненне – гэта такая радасць!
Пасядзець, пагаварыць… Проста патрымаць за руку, адчуваючы цяпло… Якія каштоўныя гэтыя хвіліны! І як жа мала мы ім надаем увагі, усё спяшаючыся і спяшаючыся… А важна вось гэтае… А не курс даляру ды навіны… Самі ведаеце, пра што…
А яшчэ нагоды для радасці – усё тыя ж, што і для пазітыву.
Таму ўсім вам, шаноўныя сябры, – бадзёрай пятніцы ды нясумных выхадных! Нават калі яны пройдуць проста дома, у коле сям’і. І, вядома ж, здароўя, аптымізму, сонейка ў рэале і пабольш прыемнасцяў! Няхай і маленькіх, але такіх важных…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by