28.05.2021
28.05.2021

Метэарызм: хто вінаваты і што рабіць?

logo
Хваробы ад А да Я
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У сезон шашлыкоў і моды на all inclusive нашыя суайчыннікі ўпарта наступаюць на адны і тыя ж граблі, жадаючы атрымаць ад адпачынку і шведскіх сталоў максімум. І атрымліваюць, але нярэдка ў камплекце з пякоткай, метэарызмам, болем у жываце...

Метэарызм. Пачуццё распірання ў жываце.

Як харчаванне правакуе збой у працы СКТ? Чаму ўзнікае метэарызм кішэчніка? Як аказаць сабе і блізкім першую дапамогу? Пра гэта Здаровыя людзі паразмаўлялі з экспертам, дацэнтам кафедры паліклінічнай тэрапіі БДМУ, кандыдатам мед.навук Раісай Хурса.

Што такое метэарызм?

Метэарызм – гэта залішняе назапашванне газаў у кішэчніку, якое прыводзіць да ўздуцця жывата і дыскамфорту.

Метэарызму могуць спадарожнічаць страўнікавая дыспепсія (млоснасць, адчуванне перапаўнення і цяжару ў страўніку, адрыжка), абдамінальны боль – які распірае, тупы альбо з колікамі (кішэчным спазмам), запоры альбо дыярэя. Ці трэба казаць, як гэта можа азмрочыць адпачынак...

Як з'яўляюцца газы

У норме ў кішэчніку чалавека можа ўтварацца да 20 л газу ў суткі. Каля двух літраў выходзіць з кішэчніка натуральным шляхам, астатняе ўсмоктваецца ў кроў і выдзяляецца, у тым ліку з дыханнем.

Кішэчныя газы з'яўляюцца рознымі спосабамі:

  • Пры заглынанні паветра з ежай, асабліва падчас паспешлівай ежы.
  • Выдзяляюцца з крыві, у якой раствораныя азот, кісларод і інш.
  • У выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў.

Раіса Хурса:

Раіса Хурса

– Газаўтварэнне звязанае, перш за ўсё, з дзейнасцю мікрафлоры. Яна перапрацоўвае клятчатку і іншыя харчовыя валакны, якія паступаюць з расліннай ежай, з утварэннем газаў. Само па сабе невялікае ўздуцце жывата не страшнае, гэта нармальны фізіялагічны працэс.

Але бываюць арганічныя альбо функцыянальныя парушэнні маторыкі кішэчніка – сіндром раздражнёнай кішкі, напрыклад, калі кішэчныя сімптомы робяцца навязлівымі, газы назапашваюцца ў жываце, не адыходзячы, выклікаючы боль і дыскамфорт. Іх утварэнне мала залежыць ад характару ежы. Гэта ўжо прыкмета праблемы ў стрававальнай сістэме, прычым не абавязкова ў кішэчніку.

Не варта забываць, што метэарызм можа быць адным з сімптомаў вострай страўнікава-кішэчнай інфекцыі, калі ў стрававальны тракт трапляе патагенная флора.

Чаму прадукты, багатыя на вугляводы, могуць стаць прычынай павышанага газаўтварэння? Стрававальныя ферменты чалавека не расшчапляюць цэлюлозу, лігнін і іншыя так званыя харчовыя валакны, таму яны ў тонкай кішцы не ўсмоктваюцца і, як баласт, выводзяцца.

Трапляючы ў тоўстую кішку, яны ферментуюцца бактэрыямі-сімбіёнтамі, пры гэтым выдзяляецца вялікая колькасць газу. Аднак утвараецца і монацукар, частка з якога ўсмоктваецца і спажываецца арганізмам чалавека. Таму мікрафлора выступае як памочнік для стрававання.

Малочныя прадукты, як і багатыя на клятчатку, спрыяюць метэарызму.

Ёсць таксама прадукты, якія ўплываюць на маторыку страўніка, запавольваючы яе, прымушаючы газы затрымлівацца ў стрававальным тракце і нават вяртацца ў страўнік. У выніку з'яўляюцца ўздуцце жывата і адрыжка. Праблемы са страваваннем, абумоўленыя празмернай колькасцю ежы альбо асаблівасцямі з'едзеных прадуктаў, нярэдка прыводзяць таксама да парушэння стулу – дыярэі альбо запору.

Метэарызм. Дыярэя альбо запор.

Ежа цяжкая і лёгкая

Легкатраўнасць ежы («лёгкасць» ператраўлівання) залежыць як ад саставу прадуктаў, так і ад спосабу прыгатавання.

Органам стрававання лягчэй за ўсё (і хутчэй) ператравіць вадкую, падобную да жэле ежу, а таксама пюрэ.

Прыгатаваная на пары і адварная ежа не прынясе праблемаў, але смажаная, асабліва са скарыначкай, вэнджаная, запечаная на адкрытых вуглях будзе ператраўлівацца значна даўжэй і цяжэй.

Лёгкай ежай можна назваць тую, якая аказвае найменшае механічнае, хімічнае і тэрмічнае ўздзеянне на слізістую абалонку страўніка. Аптымальная тэмпература – каля 37-38°С, што блізка да тэмпературы самога страўніка.

Цяжкай лічыцца ежа, якая раздражняе слізістую абалонку страўніка, затрымлівае эвакуацыю змесціва з яго. Павольна пакідае страўнік занадта гарачая ежа, тэмпература якой вышэйшая за 60°С, а таксама халодная, ніжэйшая за 15°С, і тлустая.

Метэарызм. Шкоднасць гарачай ежы.

Механічнае раздражненне страўніка адбываецца з-за ўжывання прадуктаў, багатых на харчовыя валокны і грубую клятчатку, дрэнна апрацаваных пры гатаванні (жорсткая, вялікія кавалкі, цвёрдыя скарыначкі і г.д.):

  • Суцэльназерневы хлеб
  • Бабовыя
  • Грыбы
  • Арэхі
  • Гародніна і садавіна
  • Перасмажаная скура птушкі і рыбы
  • Часткі мяса, дзе шмат сухажылляў, плёнак, мяса старых жывёлаў і інш.

Лета – сезон шашлыкоў. Пры сустрэчах з сябрамі, за вялікай колькасцю пачастункаў і розных напояў забываецца галоўнае: усё добра ў меру. Але, на жаль, часцяком спрацоўвае формула: «Калі нельга, але вельмі хочацца, дык можна».

Раіса Хурса:

– Калі ў звычайны дзень падчас абеду чалавек з'есць, да прыкладу, адну адбіўную, дык на прыродзе – значна больш, асабліва ў суправаджэнні алкаголю і добрай кампаніі. Пераяданне ўскладняе страваванне, паколькі патрабуе большай колькасці стрававальных сокаў і ферментаў, тармозіць рухальную актыўнасць стрававальнага тракта.

А калі ферменты дрэнна працуюць альбо іх недастаткова, тады пачынаюць працаваць мікробы з адпаведнымі праявамі. Таму заўсёды лепей есці часта, але невялікімі порцыямі, 5-6 разоў на дзень.

Да таго ж, пры смажанні на вуглях утвараюцца таксічныя рэчывы, якія (у разумнай колькасці) і зрэдку здаровы арганізм перанясе. А калі ёсць праблемы са страўнікам альбо кішэчнікам, дык можа быць абвастрэнне, ажно да панкрэатыту. Апошняму вельмі спрыяе менавіта спалучэнне тлустай, смажанай, вострай ежы з алкаголем, г.зн. традыцыйны набор прадуктаў у застоллях на прыродзе.

Метэарызм. Калі прычына – пераяданне на шашлыках.

Харчовая бяспека ў экзатычных краінах

Каб адпачынак не быў азмрочаны болем у жываце, пякоткай альбо дыярэяй, метэарызмам, ці, што больш сур'ёзна, кішэчнай інфекцыяй, варта памятаць простыя правілы.

  1. Нашыя ферменты генетычна настроеныя на пэўны від харчавання. Калі папая, манга альбо гуава ды іншыя экзатычныя прадукты не з'яўляліся нашай ежай гістарычна, дык могуць быць праблемы, асабліва пры злоўжыванні гэтымі прадуктамі. Нязвыклыя фрукты і гародніну трэба есці патроху і аналізаваць, як яны пераносяцца. Тое ж тычыцца незнаёмых раней мясных і рыбных прадуктаў і страў.
  2. Вельмі важна старанна мыць гародніну і фрукты, а дзе магчыма, дык і абліваць гатаванай вадой, бо не заўсёды вадаправодная вада ў экзатычных краінах адпавядае санітарным нормам. Піць жа трэба толькі бутыляваную ваду, ні ў якім разе не карыстайцеся адкрытымі крыніцамі і сумніўнымі вулічнымі фантанчыкамі.
  3. Харчовае атручванне часцей выкліканае не самім прадуктам, а патагеннымі мікраарганізмамі, якія трапілі з гэтым прадуктам альбо бруднымі рукамі ў арганізм чалавека. Старанна сачыце за гігіенай рук, выконвайце правілы санітарнай бяспекі.

Метэарызм. Асаблівасці харчавання ў экзатычных краінах.

Аптэчка

Збіраючыся ў адпачынак, не забудзьцеся пакласці ў аптэчку сродкі, якія дапамогуць пазбегнуць дыскамфорту і наладзіць працэсы стрававання. Добра мець пры сабе прэпараты-ферменты для палягчэння стрававання пры эксцэсе пераядання, метэарызме, адчуванні цяжару ў страўніку. Не пашкодзяць прэ- і прабіётыкі з біфіда- і лактабактэрыямі, якія дапамогуць аднавіць нармальную работу кішэчніка і пазбегнуць дыскамфорту. Дарэчы, прэбіётыкі з'яўляюцца субстратам для харчавання мікрафлоры, іх дапушчальна прымаць і да адпачынку.

Пры вострай кішэчнай інфекцыі карысныя таксама адсарбенты, якія дапамогуць прыбраць таксіны з кішэчніка (самы просты з іх – бульбяны альбо кукурузны крухмал, разведзены ў вадзе пакаёвай тэмпературы). Для зняцця ўмеранага болевага сіндрому падыдуць спазмалітыкі, але з імі трэба быць вельмі асцярожным: калі боль у жываце ўзнік востра, нарастае, суправаджаецца ванітамі, павышэннем тэмпературы цела, г.зн. малюнкам «вострага жывата», – ніякага самалячэння, тэрмінова да ўрача!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"