Так склалася, што і Міжнародны дзень музеяў, які штогод адзначаецца 18 мая, лічу сваім прафесійным святам, бо пэўны час працавала ў нашым – Чэрвеньскім раённым краязнаўчым. За амаль паўгода паспела навучыцца складаць навуковыя пашпарты экспанатаў па пэўнай форме. Паўдзельнічала ў падрыхтоўцы матэрыялаў да кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён». Распрацавала экскурсію для малодшых школьнікаў «Беларуская хата». Выпрабавала сябе ў ролі экскурсавода… Словам, музеі ў мяне выклікаюць самыя цёплыя пачуцці.
Цікава... А што адбываецца ў гэтых культурных установах уначы? Мо, калі дзесьці схавацца пасля закрыцця, дык можна ўбачыць, як ажываюць экспанаты?! Як паны і паненкі (спадары і спадарыні) ў старадаўніх строях шпацыруюць па залах, кружацца ў вальсе?! І даўніна, таемная і загадкавая, раптам наблізіцца на адлегласць выцягнутай рукі... Сапраўды, музейная рамантыка – катэгорыя асаблівая.
Спрабую падлічыць, колькі музеяў, а таксама старажытных палацаў, комплексаў наведала за апошніх гадоў дваццаць. Калі браць самыя значныя і рознапланавыя, беларускія і замежныя, лік падбіраецца пад трыццаць!
З пабачанага падчас вандровак па Беларусі прыгадваецца музей-сядзіба майго любімага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча ў Завоссі і яго Дом-музей у Наваградку.
Музей у гонар Якуба Коласа ў Верхменскай школе Смалявіцкага раёна. Палацава-паркавы комплекс Агінскіх у Залессі. А якім запамінальным сталася наведванне музея старажытных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы (раней арыентырам служылі Строчыцы)!
Усім раю! Тут мімаволі адчуваеш дзівосную еднасць з продкамі. Мне пашчасціла пабываць у Мірскім і Нясвіжскім палацах яшчэ да іх рэстаўрацыі, калі ўся старажытнасць, няхай сабе і не параднага выгляду, была навідавоку.
Вельмі ўразілі ў свой час саляны музей у польскай Вялічцы на добрай такой глыбіні, піцерскія Эрмітаж і казематы Петрапаўлаўскай крэпасці, своеасаблівы музей на вадзе – крэйсер Аўрора, Пецяргоф.
Вежа Гедэмінаса ў Вільнюсе… Музей бурштыну ў літоўскай Паланзе… Парыжскія Луўр і Версаль, суперсучасны «Крыштальны свет Свароўскі» каля Інсбрука ў Аўстрыі… Італьянскія музей у Ватыкане і галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі… Па колькасці арыгіналаў у двух апошніх, пра якія ў школьным і студэнцкім узростах толькі чула і чытала, яны пераўзышлі ўсе іншыя, бачаныя мной дагэтуль!
Падчас працы ўласным карэспандэнтам абласной газеты адкрыла для сябе Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей з яго заламі-ўшанаваннямі старадаўняй паштовай станцыі і быту беларусаў-сакуноў. І тут стае таемнасці ды загадкавасці.
Яшчэ адна цікавая мясціна, якая запала ў душу ды так і вабіць да сябе, – сядзібна-паркавы турыстычны комплекс «Дукорскі маёнтак», размешчаны ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, дзе ўдала паядналіся старажытнасць і сучаснасць. А яшчэ тут можна пачуцца шляхціцам ці шляхцянкай! І захапіцца далёкай гісторыяй, якая ўладна нагадвае пра сябе нават пошумам лістоты дрэў – вялізных, у некалькі абхватаў.
Што тычыцца Мінска, дык памятным сталася адно з наведванняў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дзе досыць даўнавата ўжо адкрывалася выстава народнага мастака Уладзіміра Стальмашонка. Мы, супрацоўнікі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, паехалі туды ў суправаджэнні яго дзядзькі, Сямёна Майсеевіча Стальмашонка (светлая яму памяць!) – легендарнага чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, персанальнага пенсіянера рэспубліканскага значэння, вядомага старшыні калгаса, ардэнаносца, выдатніка сельскай гаспадаркі БССР. Столькі год прайшло, а сэрца памятае цеплыню таго мерапрыемства…
Падчас курсаў павышэння кваліфікацыі ў сярэдзіне 2000-х разам з новымі знаёмцамі – каляжанкамі Варварай Чаркоўскай з Салігорска і Ірынай Каваленкай са Случчыны – наведалі музей Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці Мінска. У адной з яго залаў мне давялося нават стаць для маіх спадарожніц экскурсаводам, паколькі падчас працы ў раённым музеі цікавілася радаводам паэта. А як жа інакш, калі яго маці, Марыля Мякота, родам з нашага Ігумена, сучаснага Чэрвеня?!
А вось пра што шкадую, дык гэта пра тое, што не давялося папрацаваць у рэспубліканскіх архівах. Уяўляю сабе, колькі таямніцаў яны захоўваюць! А так хочацца адшукаць пабольш звестак з гісторыі Ігуменшчыны-Чэрвеньшчыны, з уласнага радаводу.
І няхай сабе аплата працы музейных работнікаў сваім памерам далёкая ад ідэалу, але затое якой цікавай справай яны займаюцца! У большасці сваёй гэта апантаныя (у самым добрым сэнсе!) людзі.Таму ўсіх супрацоўнікаў музеяў і музейных пакояў, комплексаў, палацаў і замкаў – з прафесійным святам! Пабольш вам цікаўных і ўдзячных наведвальнікаў, годных заробкаў, новых адмысловых экспанатаў і яшчэ шмат сапраўдных гістарычных адкрыццяў!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by