20.01.2019
20.01.2019

Напярэдадні «пасяўной»

logo
Думкі ўслых
0 66
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як спяшаецца гэты студзень прабегчыся-праляцець па нашым жыцці! Азірнуцца не паспеем, як на парозе ўжо люты і... «пасяўная» для дачнікаў-агароднікаў! Пакуль на падваконні, вядома ж. Памідоры ды перац на расаду. Каб мець хаця б збольшага экалагічна чыстую гародніну-садавіну. Калі дакладна вядома, як і на чым яе вырошчваеш...

Паколькі наша сям’я – дачнікі з вялікім стажам, дык, вядома ж, даўным-даўно забыліся на пакупную бульбу, капусту розных гатункаў, моркву, буракі, яблыкі, грушы ды іншае... Ну, толькі калі на нешта здараецца масавы неўраджай. Тады дзесьці штосьці імкнешся прыкупіць. Але найчасцей бывае вось так...

А калі прыкупіць, дык найперш у фермераў. З надзеяй, што яны, вырошчваючы ўсё гэта не толькі на продаж, але і для ўласнага карыстання, таксама захоўваюць пэўную, скажам так, экалагічнасць. У тым ліку і ў падкормках.

Але, па шчырасці, пакупное і блізка не ідзе ў параўнанне з вырашчаным уласнымі рукамі! Ні па якасці, ні па смаку. Таму і стараемся ўсё ж па магчымасці мець сваё. Асабліва ў сезон.

А не ў сезон... Некалькі разоў, памятаю, мне ўсё хацелася пэўнай экзотыкі. Як камусьці там падснежнікаў узімку, так мне – свежых агуркоў на Новы год ці 8 Сакавіка! Але тое, што прадаецца ў крамах... Няхай сабе і беларускае... Не кажучы пра замежнае... Гэта што заўгодна, толькі не карысны вітамінны прадукт! Вось сапраўды – зусім не сезон!

«Ды гэты агурок і агурком-то не пахне!» – абураліся мае сямейнікі. І настойліва прасілі больш «несезоннікаў» не купляць. Эх, якая ж мара вырасціць агуркі зімой у кватэры! Але...

Таму і чакаем лета з нецярплівасцю... І першых свежых хрумсткіх агурочкаў з такім цудоўным водарам! І рознакаляровых памідораў. Вырашчаных з выкарыстаннем перагною, а не свежага гною, з няшкоднымі, як сцвярджаюць беларускія (!) вытворцы падкормкамі. Аднойчы адкрыўшы іх для сябе, карыстаемся не першы год. І вельмі задаволены!

І хіба могуць параўнацца свае яблыкі – вунь яны, у скрынях у падвале! – з пакупнымі?! Няхай сабе прыгожымі, без плямак і пашкоджанняў... І смачных, трэба прызнацца. Але ці карысных?!

Прачытаўшы матэрыялы на гэтую тэму на нашым сайце «Здаровыя людзі», усё часцей цяпер задумваюся. Сапраўды, чым патлумачыць такі супертаварны выгляд, як не апрацоўкамі?! Таму цяпер у краме – міма-міма гэтага...

Не, вядома ж, калі б не было ўласнай дачы, куплялі б і мы ўсё запар у крамах. Мабыць. Але паколькі яна ёсць... Ніколі не падлічваю: выгадна-нявыгадна па грашах... Пытанне смакавых якасцяў пераважае ўсё!

Таму ўчора на Камароўцы ўжо была закуплена першая партыя цыбулі-сяўку чырвонага (барвовага) колеру. У нашай сям’і ўсе любяць такую, саладзенькую. Яна, дарэчы, і не настолькі «ядавітая», як звычайная, пры рэзанні. А звычайная штосьці такая ўжо «злая» сёлета! Калі рэжу, слёзы градам! Нягледзячы на розныя хітрыкі... Але, кажуць, такія слёзы таксама карысныя...

А народ на рынку ўжо закупляецца насеннем! Адразу бачна, што актыўная падрыхтоўка да «пасяўной» пачалася ўжо. І што даволі вялікая колькасць аматараў працы на зямлі таксама падабае менавіта вырашчаныя сваімі рукамі гародніну ды садавіну, чым набытыя тут жа, на Камароўцы.

Вядома ж, размова ідзе не пра экзотыку накшталт мандарынаў ды бананаў. Хаця хтосьці, кажуць, у цяпліцы ці зімовым садзе ўхітраецца вырасціць і іх у нашых умовах. Пра цалкам звычайнае, але тое, што карысна менавіта для нас.

Таму ўсім аматарам працы на зямлі – поспехаў у падрыхтоўцы да сёлетняй «пасяўной»! Якаснага вам насення і стопрацэнтнага яго ўзыходжання!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 66

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".