11.10.2024
11.10.2024

Народны каляндар на кастрычнік

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю беліць, а лес дык залоціць.

Кастрычнік – дзясяты месяц года. Стараславянскія назвы яго – листапад, риень, паздерник, брудень; у сербаў –паздзернік, у палякаў – pazdziernik, ва ўкраінцаў – жовтень. Беларускае найменне месяца паходзіць ад слова «кастрыца»: у гэты час сяляне трапалі, часалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастрыцы.

Кастрычнік – сярэдні месяц восені, характарызуецца зменлівым надвор`ем: бываюць густыя туманы, слата, частыя замаразкі, а часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птушкі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх ацяпленне. Народны каляндар месяца небагаты. Яго асноўнае свята – Пакровы. У скарбніцы сялянскай мудрасці маюцца прыкметы, па якіх вызначаецца надвор`е як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін – зіму і вясну.

да зместу

1 кастрычніка

У гэты дзень нашы продкі збіралі і сушылі шыпшыну. У вусных календарах дзень называлі «жураўліны лёт».

Была такая прыкмета: калі на Арыну жураўлі паляцяць, то на Пакровы трэба чакаць першага марозу; якое сёння надвор'е, такое будзе і 1 кастрычніка.

2 кастрычніка

З гэтага дня пачыналася так званая «пчалiная дзевяцiна», якая доўжылася з 2 па 10 кастрычнiка. У гэты час збіралі мёд, ставілі вуллі ў склеп і кожны дзень стараліся з'ядаць па маленькай лыжцы гэтага карыснага прадукту.

Прыкмячалі: калі вецер з поўдня – будзе добры ўраджай зімовага хлеба на наступны год.

3 кастрычніка

У гэты дзень у нашых продкаў адзначалася свята млынароў. Людзі адносілі ім розныя прысмакі: хлеб, гародніну, мёд.

3 кастрычніка нашы продкі назіралі за ветрам. Былі такія прыкметы: дзьме паўночны вецер – да сцюжы; паўднёвы – да цяпла; заходні – да макроцця; усходні – да добрага, але халаднаватага надвор'я.

4 кастрычніка

У гэты дзень па вуліцах хадзілі свацці, зазіралі праз платы, глядзелі, ці ўсё там дагледжана – шукалі добрых гаспадынь для жаніхоў.

Лічылася, што надвор'е гэтага дня пратрымаецца без змен чатыры тыдні. Калі ж дзьмуць моцныя паўночна-ўсходнія вятры, а дзень ясны – зіма будзе халодная.

Кастрычнік

да зместу

5 кастрычніка

На Іону забаранялася лавіць і есці рыбу. У гэты дзень таксама загаворвалі ліхаманку і зубны боль.

Нашы продкі прыкмецілі: калі да 5 кастрычніка з бярозы ліст не апаў, снег ляжа позна.

6 кастырчніка

У гэты дзень у гонар печнікоў пяклі абрадавыя пірагі-налівушкі – аладкі з жытняй мукі з бульбай. Адварвалі бульбу, таўклі яе, змешвалі з яйкам і малаком, а потым налівалі таўчонку на сырую аладку. Такія пірагі сімвалізавалі працу печніка.

Былі такія прыкметы: калі шмат жалудоў упала з дуба, то налета будзе добры ўраджай зерня; калі дзень туманны, то наступны год будзе ўраджайным.

7 кастрычніка

У некаторых рэгіёнах Беларусі ў гэты дзень праводзілі абрад варажбы «на шчаслівую бабулю», каб вызначыць каторая будзе прымаць роды ўдала. У ранейшыя часы 7 кастрычніка пачыналі малаціць хлеб.

Былі такія прыкметы: калі грыміць гром, то зіма будзе яснай і бясснежнай; калі птушкі ляцяць нізка да зямлі, то зіма будзе ранняй і марознай.

8 кастрычніка

У гэты дзень нашы продкі секлі і квасілі капусту. Пяклі капусныя піражкі, а таксама хлебныя аладкі на капусных лістах. Білі курэй на продаж, таму гэты дзень часам называўся Сяргей-куратнік.

Капуста, рэпа, хрэн - Сіла крыжакветных. Кіраўніцтва па самай здаровай гародніне

Былі такія прыкметы: калі першы снег на Сяргея, то зіма ўсталюецца на Міхайлаў дзень (21 лістапада); калі вецер паўночны, то зіма будзе сцюдзёнай, калі паўднёвы, то зіма будзе цёплай.

да зместу

9 кастрычніка

Да гэтага дня належала завяршыць пасеў азімых і іншыя палявыя работы: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». Дзень быў асаблівым таксама для сваццяў – яны «сакрэтна шапталіся» з жаніхамі, дамаўляліся, каб на Пакровы згуляць вяселлі.

Былі такія прыкметы: моцны лістапад у гэты дзень прадказваў раннюю зіму; а дождж азначаў, што яшчэ тры тыдні будзе дажджлівае надвор'е.

Грыбы

да зместу

10 кастрычніка

У вусных календарах – бортнікі. У гэты дзень завяршалася «пчаліная дзевяціна» – восеньскае свята пчалы. Вуллі падрыхтоўвалі да зімоўкі. У некаторых месцах лічылася вялікім грахом працаваць 10 кастрычніка – «усё зробленае на карысць не пойдзе».

Былі такія прыкметы: навальніца 10 кастрычніка – зіма будзе кароткай і бясснежнай; сухое надвор'е ў гэты дзень азначае, што маразы надыдуць не хутка.

11 кастрычніка

Былі такія прыкметы: калі дрэвы заінелі, то зіма будзе халоднай і зацяжной; калі куры паднялі пер'е і нахохліліся, то ў бліжэйшыя дні будуць халады; калі зайцы да гэтага часу не пабялелі, то зіма будзе цёплай.

12 кастрычніка

У гэты дзень святкавалі «Пакроўцы» – паміналі памерлых сваякоў. У некаторых рэгіёнах паляўнічыя здабывалі «імяннога» зайца і сканчалі дзень паляўнічымі апавяданнямі на бяседах.

Нашы продкі прыкмецілі: на Феафана шмат зорак – да сухога восеньскага надвор'я; вячэрні туман абяцае хуткае пацяпленне.

13 кастрычніка

Раней у гэты дзень нашы продкі чысцілі гароды ад бульбоўніку, набівалі пярыны свежай саломай, а старую палілі ў печах. Салому ў сялянскай гаспадарцы вельмі шанавалі. Маці праводзілі на парозе хаты абрад купання дзяцей з рэшата, каб яны меней хварэлі.

Былі такія прыкметы: калі першы снег выпадзе ў гэты дзень, то зіма надыдзе не хутка; калі ўжо ўсе жоравы ўляцелі ў вырай, то зіма будзе ранняй і халоднай.

да зместу

14 кастрычніка

У народзе пра гэты дзень казалі: «Прыйшлі Пакровы і пытаюць: "Ці да зімы гатовыя?"»; «Пакровы – пастухоўскія кіі на дровы»; «Прыйшлі Пакровы – раве дзеўка бы карова». Ад 14 кастрычніка пачынаўся час вяселляў. Моладзь ладзіла вячоркі, дзе хатняя праца спалучалася з песнямі, гульнямі і танцамі.

Была такая прыкмета: якое надвор'е на Пакровы, такое яно будзе ўсю зіму да вясны; калі на Пакровы яшчэ не выпаў снег, то яго яшчэ доўга не будзе.

да зместу

15 кастрычніка

У некаторых месцах Беларусі з гэтага дня адзначалі «дзявоцкае лета», якое доўжылася тыдзень. Усе дні размяркоўвалі паміж дзеўкамі і дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі «у дзеўкі», варажылі пра характар будучых маладух.

Была такая прыкмета на 15 кастрычніка: моцны дождж і вецер – зіма будзе халоднай.

16 кастрычніка

Раней у гэты час сялян наведвалі розныя майстры, шылі кажухі, паўкажушкі, боты, каталі валёнкі, фарбавалі прадзіва.

Людзі прыкмячалі, што дзень усё больш памяншаўся, і казалі так: «Дзяніс пацягнуў дзень уніз».

17 кастрычніка

Продкі прыкмецілі, што халады становяцца мацнейшымі, адчуваецца набліжэнне зімы. Лічылі, што не варта было ў гэты дзень хадзіць у лес, бо там гаспадараць лесуны і рознае ліха.

Былі такія прыкметы: калі выпаў снег, то сапраўдная зіма будзе роўна праз 40 дзён; калі па небе вечарам плывуць чырвоныя аблокі, то наступны дзень будзе ветраны.

18 кастрычніка

У гэты дзень раней пачыналі ткаць. У хатах адбываліся доўгія вячоркі, на якіх дзяўчаты сядзелі за працай: пралі, каб пасля наткаць і нашыць на ўсю сям'ю. Праца суправаджалася песнямі і ціхімі гульнямі.

Былі такія прыкметы: калі вароны і галкі віліся ў паветры, то хутка будзе снег; калі стаіць бязветранае надвор'е, то хутка пахаладае.

19 кастрычніка

Сяляне ў гэты дзень падводзілі вынікі гаспадарчага году. Напаўнялі свірны харчамі. Верылі, што чым больш прызапасіць да 19 кастрычніка, тым прасцей будзе перажыць зіму – тады ежы хопіць да надыходу цёплых дзён.

Былі такія прыкметы: калі сённяшні дзень бязветраны, то хутка пахаладае; калі ў лесе шмат буйных грыбоў, то зіма будзе марознай; калі вароны збіраюцца ў вялікія чароды, то маразы ўдараць хутка.

Лес

да зместу

20 кастрычніка

У гэты дзень сяляне раніцай перш за ўсё кармілі быдла і толькі пасля гэтага садзіліся снедаць. Печ належала падпаліць самаму малодшаму ў сям'і – верылі, што ў гэтым выпадку ўсю зіму ў хаце будзе цёпла.

Была такая прыкмета: «Калі Сяргей снегам пакрыецца, то з Матроны (22 лістапада) зіма ўстане на ногі».

21 кастрычніка

«Трыфан футра латае, Пелагея рукавічкі шые». Так казалі ў старыя часы, бо нашы продкі ў гэты дзень пачыналі рыхтаваць вопратку да хуткай зімы.

Былі такія прыкметы: калі ў лесе шмат грыбоў, то зіма будзе працяглай і марознай; калі на бярозе ўсё яшчэ ёсць лісце, то снег выпадзе няхутка; калі дзяцел дзяўбе дрэва ўнізе, то зіма будзе цёплай, калі ля самай верхавіны, то зіма будзе суровай.

22 кастрычніка

Нашы продкі гэты дзень называлі «дрэвапілец», таму стараліся нарыхтаваць як мага болей дроў на зіму. Таксама ў гэты дзень асаблівую ўвагу надавалі авечкам.

Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень пойдзе дождж, то снег сёлета выпадзе рана.

23 кастрычніка

У гэты дзень па месяцы варажылі пра надвор'е. Рогі месяца на поўнач – быць хуткай зіме. Калі на поўдзень – хуткай зімы не чакай, будзе бруд ды слізотаж.

Была такая прыкмета: калі сёння дзень без маразоў, то яшчэ месяц іх не будзе.

24 кастрычніка

Раней сяляне ў гэты дзень адвозілі на млын збожжа, каб намалоць з яго муку або крупу.

Таксама ў гэтую ноч нашы продкі назіралі за зоркамі і спрабавалі прадказаць з іх дапамогай надвор'е і ўраджай: міргаюць – да змены надвор'я, палаюць – да вятроў і сухога году. Шмат яркіх зорак на небе – да ўраджаю наступнага году.

25 кастрычніка

У даўнешыя часы лічыўся Днём Марціна. Быў звычай рэзаць гусей ды адзначаць свята рознымі стравамі, асабліва печанай (ці смажанай) гуссю – «птушкай Марціна». З гэтай нагоды была прыказка: «Марцін святы – губіцель гагаты».

Былі такія прыкметы: яркія зоры на начным небе – пацяплее, цьмяныя – будзе халадаць; шмат яркіх зор на начным небе – будзе добры ўраджай гароху налета.

26 кастрычніка

Сяляне рыхтавалі месцы для вясновых пасадак. Ладзілі лазневы дзень, каб пазбавіцца ад хвароб і ўмацаваць здароўе, што і дазваляла перажыць зіму.

На гэты дзень у старыя часы была прыкмета: «Певень заспяваў раней за дзявятую гадзіну вечара – заўтра будзе дождж».

27 кастрычніка

У старыя часы гэты дзень людзі называлі Параскева Гразнуха або Параскева Трапальніца. Казалі так: «На Гразнуху не бывае суха», бо прыкмецілі, што гэты дзень адзначаўся няўстойлівым надвор'ем, брудам і халепай.

Былі такія прыкметы: калі на дарогах шмат бруду, то роўна праз чатыры тыдні стукнуць сапраўдныя маразы; калі на рабіне шмат ягад, то лістапад будзе вельмі мокры.

28 кастрычніка

У гэты дзень працягвалі мяць і церабіць лён. А вось шыць і праць нельга было – гэта магло прывесці да няшчасця.

Былі такія прыкметы: калі сёння раптам выпадзе снег, то налета будзе вельмі добры ўраджай зерня; калі котка п'е шмат вады, то надвор'е бліжэйшымі днямі стане горш.

29 кастрычніка

Сяляне 29-га стараліся дастаць зімовую вопратку з куфраў, каб прагрэць яе на апошнім сонцы і выветрыць на першым марозе. Верылі, што гэта дапаможа прадухіліць хваробы.

Прыкмецілі: вецер пераменлівы ў гэты дзень – зіма будзе з частымі адлігамі.

да зместу

30 кастрычніка

З гэтага дня прыбіралі з двароў калёсы, пераходзілі на санкі, што азначала канец летняга шляху.

Былі такія прыкметы: калі месяц на небе з белым адлівам, то будзе пахаладанне, калі з жоўтым – сонечнае надвор'е; калі котка спіць цэлы дзень, то хутка пацяплее.

31 кастрычніка

Раней на дзень Лукі паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша – дзеўка наша».

Была такая прыкмета: бледны і каламутны месяц 31 кастрычніка – чакай дажджу або снегу, магчымыя таксама маразы.

Народны каляндар на лістапад

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.