04.12.2024
04.12.2024

Народны каляндар на снежань

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Снежань зіму пачынае, а год канчае.

Снежань сцюжны з зімою дружны.

Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве.

Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета.

Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова «снег». Старабеларускае найменне яго –прасінець (у значэнні «прасвет у воблаках»).

Здавён у гэтым месяцы асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі гарэла лучына ў пасвеце ці на лучніку. Мужчыны займаліся дробным рамяством, рамонтам. Жанчыны ж пасля сядзення за грэбенем ці прасніцаю браліся ткаць кросны. Раней яны стаялі амаль у кожнай хаце. Добра быў развіты прагноз надвор`я, стан будучай вясны па зімовых прыкметах. Народныя веды замацоўваліся ў прыказках і прымаўках.

Снежань жыў чаканнем калядных свят.

да зместу

1 снежня 

Гэты дзень лічылі паказальнікам зімы, то бок які дзень сёння, такая і ўся зіма будзе. Так і казалі: «Платон ды Раман кажуць зіму нам».

Былі такія прыкметы: калі з раніцы цёпла – значыць, быць адлізе напачатку зімы; холад ды віхура апоўдні – такая будзе і сярэдзіна зімы; а калі пад вечар закруціць завея, то сыдзе ад нас зіма неахвотна.

2 снежня

Раней у народзе лічылі, што ў гэты дзень на двары нячыстая сіла шалее. Таму здзяйснялі ахавальны абрад: стукалі абухом сякеры па аконных рамах і дзвярных вушаках – лічылася, што гэта абароніць дом.

Была такая прыкмета: вербы на Аўдзея плачуць – да завеяў.

3 снежня

У гэты дзень не чакалі карысці ад дарогі, таму ў народзе раілі «сядзець у хаце і рамантаваць збрую». Таксама на Прокла існаваў звычай праклінаць усякую поскудзь, таму знахары, бабкі-шаптухі былі нарасхват.

Была такая прыкмета: калі 3 снежня ішоў снег, то 3 чэрвеня пойдзе дождж.

4 снежня

Казалі: «Барбара ноч урвала, а дзень падтачыла». Гэта значыць, штораз цямнела ўсё раней і раней. У праваслаўных – Уводзіны Багародзіцы ў храм. У народнай інтэрпрэтацыі «ўвядзенне» асацыявалася з пачаткам сапраўднай зімы (яе ўводзінамі ў прыродзе).

Нашы продкі казалі: «Увядзенне прыйшло – зіму прывяло», «на Увядзенне – тоўстае лядзенне» (гэта значыць, былі ўжо такія маразы, што лёд на рэках і азёрах станавіўся вельмі моцным).

Надвор'е ў ранейшыя часы дазваляла катацца на санках, адбываліся першыя зімовыя кірмашы.

Снежань. Народны каляндар

да зместу

5 снежня

У гэты дзень нашы продкі звычайна ўсёй вёскай выходзілі на вуліцу, каб растаўляць тычкі ўздоўж дарог. Гэта было патрэбна, каб у завею і снегапад падарожнікі маглі лягчэй знайсці шлях.

Каля жылля разграбалі сцежкі. Лічылася, што менавіта з Пракопа ўсталёўваецца добрае снежнае покрыва, каб ездзіць на санках.

Была такая прыкмета: колькі сёння снегу, столькі вясной травы будзе.

6 снежня

Лічылася, што ў гэты зімні дзень нельга прасці. У некаторых мясцінах дзяўчаты вечарам варажылі.

Былі такія прыкметы: калі цурчанне ў рацэ ледзь чутнае, зіма будзе роўнай, а калі чуваць выразна – быць маразам, завеям; калі 6 снежня ішоў снег і вецер з поўначы, то 6 чэрвеня будзе вецер з поўначы і невялікі дождж.

7 снежня

Кацярынін дзень. Звычайна ў гэты дзень у Беларусі варажылі, праводзілі гулянні, каталіся на санках. Таму яго яшчэ называлі Кацярына­ Санніца.

Продкі верылі, што сёння кожнаму абавязкова трэба было скаціцца на санках з гары, каб вызваліцца ад душэўнага цяжару, здабыць спакой. У народзе так і казалі: «Кацярынін дзень прыйшоў, катанне прывёў». Вечарам дзяўчаты пяклі праснакі на адной солі і з'ядалі іх, перад тым як легчы спаць, каб у сне суджаны падаў вады напіцца.

Была такая прыкмета: калі надвор'е будзе цёплым па мерках зімы, то добра ўрадзіцца лён.

да зместу

8 снежня

8 снежня па народным календары – Клім халодны.

Нашы продкі заўважылі, што ў гэты дзень часта здараюцца моцныя маразы, таму такая назва. У даўнейшыя часы жанчыны 8 снежня сядалі ля вакна прасці. У хаце было вельмі светла ад снегу за вакном, таму можна было займацца гэтай справай цэлы дзень.

Была такая прыкмета: калі на дрэвах іней, то будзе добры ўраджай ільну.

9 снежня

У нашых продкаў гэта быў Юр'я Зімовы (Юр'еў дзень), які лічыўся апекуном свойскай і лясной жывёлы. У гэты дзень гаспадары аглядалі кароў, падстрыгалі грывы і хвасты коням, а таксама аднімалі ад кабыл жарабят, якіх да вясны ставілі ў асобныя хлявы. Раней лічылася, што 9 снежня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну, бо «Юр'я ўжо дае ваўкам свабоду», таму жывёл нельга было выпускаць на вуліцу.

Была такая прыкмета: якое надвор'е сёння, такім яно будзе роўна праз паўгады.

да зместу

10 снежня

Нашы продкі прыкмецілі, што ў гэты час рыба рыхтуецца да зімоўкі – хаваецца ў зімавальных ямах і вірах. На нераст ідуць мянтуз, сіг і рапушка. З гэтага дня пачыналася падлёдная лоўля снятка (корушкі).

Была такая прыкмета: калі стаіць марознае надвор'е, то такое яно будзе аж да 18 студзеня.

11 снежня

У гэты дзень нашы продкі шанавалі соек. Лічылася, што калі гэтая птушка падасць нейкі знак, то трэба ісці за ёй, бо сойкі «будучыню прыадчыняюць і клапоцяцца пра шчасце».

Былі такія прыкметы: калі птушкі сядзяць вельмі нізка на галінах дрэў, то зіма пачне цяплець; калі сёння галалёдзіца, то бліжэйшае надвор'е будзе вельмі сырым.

12 снежня

Раней гэты дзень называлі Парамон Зорнік. На Парамона нашы продкі звычайна выходзілі глядзець ранішнюю зару: барвовая зара – да сцюдзёных вятроў, зара чырвоная – быць дню яснаму, калі зара снежная – быць завеям. Яшчэ ў даўнейшыя часы казалі, што ў гэты дзень «ходзіць зіма ў мядзведжым футры, па стрэхах стукае, бабам уставаць загадвае тапіць печ».

Былі такія прыкметы: калі на дварэ мала снегу, то хлеб урадзіцца слаба; калі снег глыбокі, то год будзе добры.

да зместу

13 снежня

Лічыўся гэты дзень дзявочым святам, таму народная традыцыя захавала нямала абрадаў, гульняў і прыкмет на гэты дзень. Напрыклад, дзяўчаты варажылі на бліны, крычалі ў калодзеж, бегалі пад вокны слухаць, пра што гавораць у хаце, каб зразумець, як складзецца іхны лёс.

У даўнія часы старыя людзі ў гэты дзень хадзілі слухаць ваду ў студнях: «Ціхая вада – да добрай зімы, шумная – да сцюжы і завеяў».

14 снежня

Нашы продкі ў даўнейшыя часы імкнуліся з гэтага дня вучыць грамаце дзяцей. З гэтым лічыліся і вясковыя школы. Казалі, што «Навум наставіць на вум, розуму навучыць». Лічылася, што дзякуючы Навуму дзеці хутчэй і лепш засвояць навуку.

Былі такія прыкметы: калі на небе шмат зор, будзе завея; калі вецер дзьме з поўначы, то ў бліжэйшыя дні будзе вельмі халоднае надвор'е.

да зместу

15 снежня

Нашы продкі лічылі гэты дзень нешчаслівым, таму не ўскладалі на яго надзеі, не пачыналі нічога важнага.

Былі такія прыкметы на 15 снежня: калі шмат снегу, то будзе багаты сенакос налета; калі дзень непагодлівы, то падобнае надвор'е пратрымаецца да 30 студзеня.

16 снежня

Раней гэты дзень называлі Іван Маўчальнік – нашы продкі верылі, што той, хто будзе нешматслоўным у гэты дзень, абавязкова стане паспяховым у бліжэйшы час. Дарэчы, імкнуліся не толькі менш казаць, але і менш пісаць. Словам у гэты дзень не злоўжывалі.

Была такая прыкмета: калі ідзе мокры снег і адразу растае, то ўраджай у новым годзе будзе кепскім.

17 снежня

У гэты дзень пастухі збіралі «варваршчыну» – традыцыйную плату за сваю працу. Жанчыны ў гэты дзень не пралі. Каб лепш пладзілася жывёла, у некаторых мясцінах ляпілі з цеста галовы, рогі, капыты, вушы і кармілі гэтым скаціну.

Былая такая прыкмета: цёплае надвор'е на Варвару – добры ўраджай ільну на лета.

18 снежня

Гэты дзень, як і Варварын, лічыўся «бабскім». Таму на Саву не пралі, а таўклі проса, ячмень на куццю, жыта малолі. Казалі так: «Варвара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Мікола прыбівае» – маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў.

Была такая прыкмета: калі з коміну ідзе дым уверх роўным слупам, то будзе мароз, а калі віецца ў розныя бакі, то будзе моцны вецер.

да зместу

19 снежня

19 снежня па народным календары – Мікола-­зімовы. У народзе лічылі, што менавіта Мікола выступае пачынальнікам сапраўднай зімы: «да Міколы няма зімы ніколі».

Некалі ў гэты дзень праводзілі Мікольшчыну – свята свечкі. Гаспадар, які меў мікольскую свечку, частаваў «братчыкаў» півам і брагай. Затым запаленую свечку пераносілі ў іншую хату, дзе яна захоўвалася да наступнага года.

да зместу

20 снежня

Лічылі, што гэты дзень падводзіць рысу пад усімі святамі гэтага года. У гэты дзень дзяўчаты садзіліся за шыццё, рыхтавалі рэчы на будучыню.

Была такая прыкмета: калі сёння ідзе мокры снег, то лета будзе прахалодным і дажджлівым; калі снег сухі, то летам можа быць засуха.

21 снежня

Раней гэты дзень называлі Анфіса-майстрыха, Анфіса-рукадзельніца. У даўнія часы ў гэты дзень дзяўчаты варажылі на жаніхоў (суджаных, нарачоных). Адбывалася гэта не ноччу, а пры дзённым святле падчас вышывання, прадзення ці ткання. У некаторых мясцінах стараліся гэта рабіць у поўнай адзіноце, каб ніхто не сурочыў. Прыгаворвалі так: «Іголка-­сястрычка, пакажы мне суджанага тварык! Перад кім з'яўлюся не ў палатняным, а ў сасватаным?».

Былі такія прыкметы: калі цэлы дзень ідзе снег, то лета будзе дажджлівым; калі дзень марозны, але сонечны, то зіма будзе цёплай.

да зместу

22 снежня

Раней гэты дзень называлі Ганна Зімовая. Лічылася, што ў гэты дзень сонца памірае, а 25 снежня, калі дзень пачынае павялічвацца, яно нараджаецца зноў. У некаторых рэгіёнах Беларусі выконвалі абрад «пераварочвання»: абыходзілі хлявы, каб кожную жывёліну павярнуць галавой да выхаду, пераварочвалі кожную рэч у пунях і свірнах, перамешвалі зерне. Каб перавярнуць сваю гаспадарку на новы год – «на лета і да росту». З астранамічнага пункту гледжання 21 і 22 снежня – дні зімовага сонцастаяння, калі ноч самая доўгая ў годзе.

Былі такія прыкметы: калі дзень сонечны, то на Новы год будзе сонца і мароз; калі дзень пахмурны, то на Новы год будзе цёпла; калі на дрэвах шмат інею, то ўраджай будзе добры.

да зместу

23 снежня

У народзе ў гэты дзень чыталі замовы супраць начніцы, якая па павер'ях пужала дзяцей. Для таго, каб абараніць дзіця ад начніцы, таксама саджалі на акно ляльку, якая павінна была перацягнуць увагу нячысціка на сябе.

Калі 23 снежня ясна, варта чакаць маразоў. Ветранае і сухое надвор'е прадракае засушлівае лета.

24 снежня

Звычайна ў Ніканаў дзень распальвалі вогнішчы, бо хацелі праславіць сонца. Але без асаблівай неабходнасці з дому не выходзілі і спаць клаліся крыху раней. У беларусаў-каталікоў – Посная куцця. Пачатак Каляд. Дзяўчаты варажылі пра замужжа. Насілі з песнямі «звязду». «Прыйшлі Калядкі – гаспадарам парадкі», «Калядкі – добрыя святкі: бліны ды аладкі».

Былі такія прыкметы: калі вароны вядуць сябе неспакойна, то будзе завіруха; калі на небе шмат аблокаў, то хутка пахаладае.

 

да зместу

25 снежня

Раней гэты дзень называлі Спірыдон Сонцаварот. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень адбывалася сімвалічнае нараджэнне новага дня і новага года.

У даўнейшыя часы людзі казалі: «Пасля сонцавароту хоць на курыны крок, ды прыбудзе дзень». Быў такі звычай: у гонар сонца адкладалі па адным палене дроў, калі збіралася 12 пален, імі тапілі печ на Святы вечар – 6 студзеня. На Спірыдона гаспадыні прыкормлівалі грэчкай курэй, каб яны лепш несліся. 25 снежня забаранялася працаваць.

Былі такія прыкметы: калі кірунак ветру рэзка памяняўся, то надвор'е таксама хутка зменіцца; калі дзень ясны і бязвоблачны, то на Новы год будзе мароз.

да зместу

26 снежня

Раней у гэты дзень выконвалі абрад, які быў накіраваны на абарону хаты ад бяды і няшчасцяў: гаспадыня павінна была ўторкнуць серп, а гаспадар – сякеру ў парог хаты.

Былі такія прыкметы: з гэтага дня назіралі за надвор'ем 12 содняў (сутак) – лічылі, што кожны дзень пакажа надвор'е аднаго месяца наступнага года.

27 снежня

У некаторых мясцінах верылі, што ў гэты дзень нячысцікі ходзяць па дварах і шкодзяць людзям. Але ад гэтага абаронены добрыя гаспадары, таму трэба было наводзіць парадак у доме і ля яго.

Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень снежна і халодна, то будзе добры ўраджай; якое надвор'е сёння, такім яно будзе і ў другім месяцы новага года.

28 снежня

Гэты дзень раней называлі Прачыстая, Гаспажа, Спажа, Зельна. Казалі так: «Да Прачыстай поле мусіць быць чыстым». Свята завяршэння ўборкі ўраджаю – Дажынкі.

Было шмат абрадаў і павер'яў на гэты дзень. Паўсюдна было ў звычаі пакідаць на паласе жменю нязжатых каласоў, якія завязвалі вузлом – «заломлівалі бараду», гэты апошні снапок асвячалі і з яго потым пачыналі засеўкі.

29 снежня

Нашы продкі ў даўнія часы мелі такую прыкмету: калі ў гэты дзень моцны мароз, то ён прастаіць да Вадохрышча (Хрышчэнне). Народ лічыў: які Агей, такі і красавік будзе.

У некаторых мясцінах верылі: хто будзе сварыцца ў гэты дзень, той у наступным годзе можа стаць адзінокім.

да зместу

30 снежня

У народзе гэты дзень называлі Данііл Зімапаказальнік. Таксама па надвор'і ў гэты дзень прадказвалі, якім будзе май.

Калі 30 снежня была завіруха, гэта значыла, што наступным летам пчолы будуць добра раіцца і прынясуць багаты ўраджай мёду.

Шэрань на галінках дрэў сведчыла пра адлігу, якая будзе праз тыдзень.

31 снежня

31 снежня па народным календары быў Мадэст – заступнік жывёлы. У гэты дзень назіралі за прыродай: якое надвор'е перад Новым годам – такое будзе і перад Пятром. Светлае неба азначала, што год будзе вясёлы. Шмат снегу – да добрага ўраджаю.

Пад Новы год у нашых продкаў быў такі звычай: калі сям'я збіралася разам за сталом, то перш, чым бацька скажа ўрачыстае слова, дзеці лезлі пад стол і па сонцы апляталі ножкі стала лыкавай вяроўкай. Так злучалі сям'ю, каб у будучым годзе ўсе за сталом сабраліся ізноў у поўным складзе і ў добрым здароўі.

Народны каляндар на студзень

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"